Читать книгу Час чумы (зборнік) - Уладзімір Арлоў - Страница 6
Аповесьці
Дзень, калі ўпала страла
5
ОглавлениеА трэцяй гадзіне ад усходу сонца Валодша і ваявода Віславус прымалі ў княжай палаце паслоў з Герцыкі.
Колькі гадоў таму, здабыўшы бліжэйшы ад Рыгі Куканос, біскуп Альберт на чале вялікага войска падступіў да Герцыкі, дзе сядзеў Усевалад з роду Рагвалодавічаў. Крыжакі прыйшлі помсціць за вернасць Полацку, за тое, што Усеваладава дружына няраз шкуматала Лівонію. У набегі князь хадзіў зазвычай разам з лiтоўцамi, бо іхні магутны кунігас Даўгерут даводзіўся яму цесцем. У Рызе ваяўнічага памежнага князя пабойваліся, а Герцыка ды Полацк любілі яго – не толькі за адвагу ў бітве, але і за часты шанцунак, за тое, што свяціла яму з неба шчаслівая зорка.
То ягоныя ваяры знянацку з’явяцца пад самымі рыжскімі мурамі, захопяць гарадскі статак і двух лацінскіх святароў у прыдачу і беспакарана вернуцца ў свой удзел. То, надзеўшы нямецкія панцыры, без бою ўвойдуць у замак і палоняць тузін рыцараў і самога комтура. То як быццам ні з чога ні з якога загарацца сярод ночы нямецкія караблі ў завані…
Відаць, і тады Усевалад верыў у сваю зорку, бо не зачыніўся ў замку, каб трываць аблогу, а вырашыў біцца ў полі. Аднак людзей у Альберта было болей, а паміж Усеваладавых ваяроў не кожны нават меў кальчугу. Разы са два герцыкскія ратнікі наляцелі на немцаў, ды адпалі, як выжлы ад мядзведзя, і кінуліся бегчы назад да брамы. Услед за імі крыжакі ўварваліся ў горад і пачалі сеяць смерць. Праўда, князь з дружынаю і многімі мужамі прабіўся да стругаў і ўратаваўся за Дзвіной, але жанкі і дзеці трапілі ў палон.
Два дні крыжакі рабавалі Герцыку, выганялі з хлявоў худобу, зносілі да княжага хорама золата, срэбра і пурпур. На трэці дзень, утапіўшы царкоўныя званы і пасекшы мячамі абразы, немцы падпалілі горад і берагам пагналі палон у Рыгу. Прывязаная да калёсаў са скарбам, басанож ішла разам з усімі і проставалосая Усеваладава жонка Альдона з дачкою на руках.
У чоўне-аднадрэўцы пераплыў раку адпушчаны палонны. Усевалад, ашчаперыўшы голаў, сядзеў на краі берагавога ўрвішча і моўчкі гайдаўся з боку ў бок. Пушчанік перадаў словы біскупа Альберта. Калі князь хоча вярнуць жонку з дзіцем і палон, няхай адзін едзе ў Рыгу. Усевалад кінуўся на вестуна з мячом, ледзьве не ўчыніўшы смертазабойства.
Але лютага каня аброць стрымае, а хуткі гнеў розумам утаймуецца. Праз сядміцу князь паехаў у варожае кубло. Перад рыцарамі, клірыкамі і купцамі ён назваў Альберта бацькам і перадаў яму Герцыку з зямлёй і вотчынамі, паабяцаўшы быць верным лацінскай царкве і не хадзіць з літоўцамі ў набегі. Зняважаны Усевалад ішоў адбудоўваць горад не толькі з вернутым палонам, але і з трыма прынятымі ад біскупа чужынскімі сцягамі.
Князь Валодша будзе гэта памятаць давеку. Таму і гаворку з людзьмі з Герцыкі пачаў сувора, хоць у душы і хаваў радасць. Яго цешыла, што не памыліўся, калі не адправіў паслоў да Усевалада. Валодша быў пэўны, што герцыкскі ўладар дачуецца пра паход ад літоўцаў і рана ці позна, наступіўшы на горла ўласнаму гонару, адзавецца сам. Князь ведаў: хай сабе і схіліў Усевалад шыю перад рыжскім пугачом, але ніколі ён не паставіць дружыну ў варожы шыхт, не ўчыніць крывіцкім мячам такой нязбыўнай ганьбы.
У княжую палату, дзе ў вясёлыя вечары збіралася бяседа на сто чараў, зазірала сонца. Яно запальвала агнём медныя бляхі на каваных шчытах, што віселі па сценах, чаргуючыся з раскідзістымі рагамі аленяў і ласёў. Адсюль, з другога паверха, была відаць мураваная царква пад свінцовым крыццём і выцягнутыя ўсцяж частаколу дахі жылых клецяў, на якіх падчас аблогі стаялі абаронцы. Сям-там на дахах зелянеў мох, а на ўгрэве паспела распусціцца залацістая багатка. I ад прыходу паслоў, і ад такой яснай раніцы князь чуў сябе надзіва ўпэўненым і дужым.
– Ну, распавядайце, ці добра жывецца пад нагой у біскупа, – пачаў Валодша. На ім ладна сядзела сіняя світа з чырвонаю аблямоўкай і залатымі закаўрашамі, на нагах былі расшытыя срэбрам боты з чырвонага юхту.
Людзей ад Усевалада прыйшло двое: кульгавы ваявода Збыслаў – невысокі, увесь жылаваты і моцны, як смаловы корч, і старэйшы Усеваладаў сын Васілька, яшчэ падлетак, з дзіцячым румянцам на бязвусым і безбародым твары, але ўжо з шырокімі па-мужчынску плячамі, якім было цеснавата ў зялёным аксамітавым каптане. Разам з імі быў руды веснушкаваты волат – літоўскі ваяр Рудзіс.
Князь чакаў адказу і міжволі параўноўваў свайго старэйшага сына з Васількам. «Такі, калі давядзецца, можа з бацькавых рук меч прыняць», – зайздросцячы Усеваладу, думаў ён.
У палаце запанавала ціша. Было чуваць, як недзе далёка на прыдзвінскім поплаве клякоча бусел.
– Дык чаму не хваліцеся, як вас новы гаспадар шануе? – парушыў гэтае маўчанне Валодша. – Ці смачнейшы стаў ваш хлеб, ці саладзейшы мёд?
Васілька ад пякучай крыўды закусіў губу. На скроні ў ваяводы Збыслава набракла крывёю жыла.
– Не такія мы словы чуць хацелі, – глуха сказаў стары ваяка.
– Не льюць міра духмянае ў паганы посуд. – Сярод кніг, а іх у хораме было шмат, Валодша найбольш гарнуўся да «Пчалы» і «Ізборнікаў», любіў уплесці ў гаворку чытаныя там словы святых айцоў і свецкіх філосафаў. – Можа, гэта не ваш князь рыжскага біскупа за роднага бацьку прызнаў? Можа, не ваш Усевалад прысягаў адкрываць Рызе ўсе намеры і палачан і літоўцаў? Ёсць таму самавідцы.
– Ты, князь, не сядзеў на тым рубяжы. Твае жонка і дзіця не паміралі ад голаду, і немцы не кідалі ім, акі псам, скарынкі на зямлю. Але і ты падпісаў з біскупам вечны мір.
– Які гэта мір, ты, кульгач, ведаеш, – сказаў Віславус, стараючыся патрапіць у лад князю. – На той сядміцы двух нямчынаў-выведнікаў на гасціны да вадзяніка выправілі…
– Дай мне мовіць, – спыніў яго Валодша і падняўся. – Мір мірам, а лацінцаў братамі не зваў і, пакуль жывы, не назаву! – Ён секануў рукою паветра.
Пасланы біскупам клірык і яго схіляў некалі прыняць новую веру. «Асвяці душу і розум ісцінным законам Божым, – пранікнёна казаў красамоўны рыжанін, – і Бог прыспорыць табе і твайму каралеўству велічы і моцы».
Пасля новага хрышчэння, абяцаў клірык, вучоны святар Генрых, што піша Лівонскі летапіс, праславіць імя полацкага караля на ўвесь хрысціянскі свет. Валодша ўспомніў, як адказаў тады. Адказаў гожа: «Ад Адама і Евы да патопу, ад царства Саламонавага да Аўгуста, ад страсці да ўваскрэсення – пра ўсё я ведаю і вучэння ад вас не прыму. Дасць Бог, здабуду славу ад іншага чыну».
Тое мільганула цяпер у памяці, як пошуг бліскавіцы.
– Не лацінец мой бацька! – усхапіўся з лавы Васілька. – Па-старому моліцца! Рымская царква ўпусце стаіць! Вокны каменнем пабілі, а лацінскі поп у Рыгу ўцёк.
– Любіш бацьку, – пахваліў Валодша. – Толькі, княжыч, вокны ў пустой царкве біць – вычын невялікі.
– Дазволь слова сказаць, княжа, – устаў кульгавы Збыслаў.
Валодша ў згодзе нахіліў голаў. Ён ведаў, пра што скажа стары ваявода, і чакаў ягоных слоў, бо час ужо быў пакідаць папрокі і кпіны і прыступацца да галоўнага.
– Як князь Усевалад біскупа слухае, ты чуў. – Кульгач абапёрся на стол звітымі з жылаў рукамі. На дзясніцы не ставала сярэдняга пальца. – Ад той самай пары ў Альберта не быў і на граматкі ягоныя не адпісваў. Ты пра вялікі пажар у Рызе ведаеш. Нашы людзі з літоўцамі чырвонага пеўня пусцілі. Згарэла царква лацінскае Багародзіцы, згарэў дом біскупаў, згарэла царква братоў-рытараў…
– Агню пад вугал пакласці – няхітры чын, – бадай, ужо супраць волі, аднак сарваліся яшчэ з Валодшавых вуснаў насмешлівыя словы.
Але разумны Збыслаў, адчуўшы ў князю перамену, пусціў іх міма вушэй.
– I летась добра паслужыла Герцыка біскупу, калі пабілі рытараў з Куканоса.
Валодша і Віславус заківалі. Сапраўды, летась герцыкскія кметы няблага адмыліся ад ганьбы ў чужынскай крыві, а за дзесяць знаных нямчынаў Рыга пасылала на караблях багаты выкуп.
– Кажы, што князь Усевалад перадаваў! – загадаў Валодша старому ваяводу.
– Перадаваў: жадалі і жадаем быці з Полацкам. А другі раз у Рыгу хочам з табой схадзіць. Ад Герцыкі пойдуць твае стругі купна з нашымі.
– Добра мовіў. – Валодша, зусім адтаяўшы, гладзіў далоняй мякчэйшую і святлейшую, чым валасы на галаве, бараду.
– А пад якімі сцягамі ў паход пойдзеце? – са смехам у сініх вачах запытаўся Віславус. – Пад тымі, што біскуп даў?
– Пад полацкімі! – апярэдзіў кульгавага ваяводу Васілька. На круглявым твары ў падлетка з’явілася першая, трохі вінаватая ўсмешка.
Літоўскі ваяр Рудзіс за ўсю размову не вымавіў ані слова. Але слухаў ён з чуйнаю ўвагай, і, хоць крыўдныя князевы словы абміналі яго, як абмінаюць стрэлы загавораны панцыр, відаць было, што руды волат спагадае сваім спадарожнікам.
– Затчэна[7] карчага ды маўклівы чалавек – невядома, што ў іх ёсць, – павярнуўся князь да лiтоўца. – Якія весці прынёс?
– Тры леты мінула, як крыжакі схапілі кунігаса Даўгерута. – Рудзіс някепска гаварыў па-крыўску. – Мы будзем помсціць, пакуль помнім яго імя.
I Усеваладавы паслы, і полацкі князь з ваяводам добра ведалі, як Даўгерут паехаў на перамовы з ноўгарадцамі і на зваротным шляху трапіў у палон да мечаносцаў. Звыклага да лясных разлогаў кунігаса пасадзілі ў каменную цэлю з кратамі заместа столі. Яму днямі не давалі вады, а калі ён засынаў, вартавы калоў яго зверху дзідай. Сам ордэнскі магістр Волквін падпальваў Даўгеруту ў розных месцах валасы і бараду. Вольналюбівы Усеваладаў цесць не стрываў здзекаў і забіў сябе.
– Мы аддаём нябожчыкаў агню, а немцы закапалі нашага князя, як сабаку. – Голас літоўца зазвінеў. – Даўгерут не трапіў на неба і нябачна блукае па нашай зямлі. Ён дае слабым сілу, а моцных робіць яшчэ мацнейшымі. Яны, – Рудзіс выцягнуў перад сабою.
– Летась было, па Дзвіне сплыло. Што ты скажаш цяпер?
– Нашы людзi прыйдуць да нямецкіх замкаў. Мы кінулі дзіду ў раку. Гэта – вайна. Мы дамо столькі сотняў войска, колькі пальцаў на руках у цябе з тваім ваяводам і ў мяне.
– Які знак паслаць вам, калі я пайду ў паход? – таймуючы радаснае хваляванне, спытаўся Валодша.
– Будзем сачыць твае караблі на Дзвіне.
Князь абняў літоўца і, удыхнуўшы кіслявы пах ягонай аўчыннай безрукаўкі, краем вока перахапіў раўнівыя позіркі кульгавага Збыслава і Васількі. Выпусціўшы з абдымкаў Рудзіса, ён гэтаксама моцна абняў Усеваладавых паслоў. Падлетак ажно па-дзіцячаму войкнуў.
– Стольніка з чашнікам сюды! – загрымеў князь.
– Грэх сёння бочку трайняку не разбіць!
7
Заторкнутая. даўгія рабаціністыя рукі, – летась забралі жыццё сямі рытараў.