Читать книгу Мы – хлопцы жывучыя - Іван Сяркоў - Страница 3
Добра ж мне, што я Іван
ОглавлениеПраз тыдзень-два пасля таго, як мы з Санькам прывялі ў наш двор стрыгунка, фронт пачаў сціхаць. Толькі начамі яшчэ гудуць самалёты і недзе далёка-далёка цяжка вухкаюць бомбы. Наш кульгавы сусед Захар Маляўка, ці, як завуць яго ўсе падлюбцы, дзядзька Скок, гаворыць, што фронт спыніўся на Дняпры і, напэўна, будзе там зімаваць. А дзядзьку Скоку можна верыць: у яго мужчынскі розум. Калі б такі розум нашай бабцы, яна б і бяды не ведала, хутка б знайшла на мяне з Глыжкам управу.
I не так па Глыжку, як па мне сумуе бацькава папруга. Дзень пры дні я прападаю на поплаве за сваім агародам, дзе размясцілася зенітная батарэя. Спачатку мы з Санькам памагалі дзяўчатам-зенітчыцам капаць акопы, а потым закочваць у іх гарматы. Мы ўсё думалі, што за гэта нам дадуць па разу стрэліць. Вось бы добра было! Усе б хлопцы ад зайздрасці паўміралі. Але дзяўчаты – народ несур’ёзны. Калі ўсчалася трывога, нас патурылі з батарэі як міленькіх.
– Во і добра, – пахваліла зенітчыц бабка. – А то я думала, што вы там наняліся, ці, можа, каторая прысушыла.
Часта на начлег у нашай хаце спыняюцца салдаты. Адны з фронту ідуць, другія – на фронт. На жалезнай грубцы яны заварваюць чай, гатуюць з канцэнтратаў суп або разаграваюць мясную тушонку – у каго што ёсць. Іншы раз і нам з Глыжкам перападае з іхняй вячэры то сухар, то скібка хлеба з маргарынам, то драбок мурзатага, выкачанага ў кішэні або рэчавым мяшку цукру-рафінаду, які заўсёды пахне тытунём. Часцей за ўсё шанцуе Глыжку і меншым нашай суседкі цёткі Пёклы. А на мяне яшчэ як паглядзяць: хлопец я ладны – магу і так абысціся.
Павячэраўшы, салдаты развешваюць вакол грубкі мокрыя анучы і ўпокат кладуцца спаць на падлозе. Пры гэтым часта жартуюць:
– Салдат, што ты пад бок паклаў?
– Шынель.
– А што пад галаву?
– Шынель.
– А чым укрыўся?
– Шынялём, цётка.
– Ды колькі ж у цябе шынялёў, сынок?
Мы з Глыжкам толькі дзівімся, якая ж цёмная тая цётка: не ведае нават, што ў салдата ўсяго адзін шынель. А бабка разумее гэта па-свойму. Яна ўносіць у хату некалькі снапоў саломы і адбірае ў нас з Глыжкам посцілку. На печы і так чэрці не схопяць.
Салдаты бываюць розныя. Адзін не паспее галаву пакласці і ўжо спіць, а другі ўсё варочаецца з боку на бок, курыць, уздыхае. Я болей люблю тых, хто доўга не можа заснуць. Тут толькі сам не спі – абавязкова пачуеш цікавую бывальшчыну. З салдацкіх размоў я ведаю пра вайну ўсё на свеце: як яно было ў абароне і як у наступленні; як яно, калі ідзеш у атаку, і як яно, калі цябе чыркне куляй. Ведаю, як акружылі немцаў пад Сталінградам і куды трэба цэліцца, калі на цябе ідзе іхні танк – «тыгр». Я ўсяго столькі ведаю, што бабка аж дзіву даецца, чаму мяне яшчэ на машыне не возяць. Усе ж разумнікі ездзяць, а толькі дурні пешкі ходзяць.
Многа ў нас перабыло салдатаў, але больш за ўсіх прыйшоўся нам па душы сяржант-танкіст.
Было яшчэ відно. Яшчэ і Санька не збіраўся дамоў, хоць мая бабка і хацела, каб ён згінуў з яе вачэй: ёй і без Санькі за дзень галаву натлумілі. I тут яны заходзяць. Сяржант і два радавыя.
– Можна пераначаваць, гаспадынька? – пытаюць, прывітаўшыся.
– Начуйце, людзі добрыя, – дазволіла бабка. – Начуйце. Толькі цесна ў нас. I пухавікоў няма.
Мы з Санькам вачэй не можам адарваць ад сяржанта. Сам высокі, бялявы, а на падбародку і шчацэ скура чырвоная-чырвоная і бліскучая. Такі твар і такія рукі ў аднаго нашага падлюбскага дзядзькі. Па-вясковаму завуць таго дзядзьку Гарэлым. Калісьці, яшчэ ў маладосці, ён на пажары людское дабро ратаваў. А каб зразумець, дзе гарэў сяржант, вялікім здагадзькам быць не трэба: у яго на пагонах маленькія танкі.
Калі вайскоўцы паставілі ў куток карабіны і знялі шынялі, мы з Санькам пераглянуліся. У сяржанта на ўсе грудзі медалёў. Так і звіняць, калі ён ходзіць па хаце.
Нам сяржант вельмі спадабаўся, а мы яму, напэўна, яшчэ больш.
– Ну як, хлопцы, ваюецца? – пацікавіўся ён, сядаючы побач з намі каля грубкі.– Га?
– Ды ваююць нячысцікі,– адказала за нас бабка. – Бацькоў дома няма, на вайне, дык ім воля. Я тут адна вось з гэтымі антыхрыстамі,– паказала яна на нас з Глыжкам, а потым і на Саньку, – а ў гэтага маці ёсць, дык яму і маці – не ўказ.
Сяржант, відаць, дзядзька свойскі. Бабцы ён спачувальна паківаў галавой, а калі яна адвярнулася, падміргнуў нам адным вокам. I мы зразумелі так, што ён за нас, ды толькі з бабкай адносін псаваць не хоча. Таму, відаць, і гаворку такую завёў:
– Не па-гвардзейску ў вас, хлопцы, выходзіць, калі так. Выходзіць, хлопцы, што вы свайго камандавання не слухаецеся. Не думаў я.
Тут нават мурзаты Глыжка заўсміхаўся. Наша бабка – камандаванне. Генерал у латанай спадніцы і зашмальцаваным фартусе. А нос у сажы. Спачатку рукамі бралася за чыгунок, потым – за нос.
– Павучы іх, павучы, чалавеча, – папрасіла бабка сяржанта. Яна вельмі любіць, калі салдаты вучаць нас добраму, і заўсёды іх просіць аб гэтым. А нядобраму, як яна лічыць, мы і самі навучымся.
– Разбяромся, – паабяцаў сяржант, сцягваючы з ног боты, і зноў падміргнуў нам, як сваім. На гімнасцёрцы ў яго некалькі чырвоных нашывак. Мы ўпершыню такія бачым. Мабыць, гэта за падбітыя танкі. Колькі танкаў падбіў, столькі нашывак.
– Не, хлопцы, – пакруціў сяржант галавой, – не ўгадалі. Гэта за раненні.
Мы з Санькам вачамі пералічылі тыя нашыўкі і паглядзелі адзін на аднаго. Шэсць штук. Ну і народ у нас! Жывучы. Месца на ім жывога няма, і хоць бы што.
Мне закарцела даведацца: ці гэта толькі вайскоўцам даюць такія нашыўкі, ці могуць і Саньку даць.
Сяржант недаверліва паглядзеў на майго прыяцеля.
– А яму за што?
– Як гэта за што? Няхай паглядзіць.
Санька з ахвотай задраў кашулю, і салдаты з павагай паглядзелі на яго худую спіну, на якой выпіраюць лапаткі і можна пералічыць усе рэбры і пазванкі. Сінявата-белая скура распісана агністымі рубцамі.
– Гэта ў яго пісталет на спіне, – растлумачыла салдатам бабка, але тыя нічога не зразумелі, і давялося ўмяшацца мне.
Ніякага пісталета ў Санькі на спіне няма. Гэта немцы яго так білі. Мы хацелі ісці ў партызаны, знайшлі тры гранаты, а пісталетаў нідзе знайсці не маглі. Тады Санька ўкраў адзін у афіцэра, які жыў у іхняй хаце. А яго злавілі.
– Адным словам, нарабіў бяды і сабе, і матцы, – перабіла мяне бабка. – Тая аж пасівела, бедная. Партызаны знайшліся!
Але, нягледзячы на бабульчыну зняважлівую заўвагу наконт нашай партызанскай вартасці, Санькаў аўтарытэт вырас на вачах. Яшчэ раз паглядзеўшы на голую спіну, сяржант сур’ёзна сказаў:
– А нашыўку могуць даць… Баявыя раны. I, крыху падумаўшы, дадаў:
– Э-э, ды што тут доўга чакаць! Назарэнка, у цябе там знойдзецца чырвоны шматок?
Той, каго назвалі Назарэнкам, даволі ўжо немалады і, відаць, руплівы дзядзька пачаў корпацца ў сваім рэчавым мяшку, перакладваючы з месца на месца мыла, дратву, новую пару ануч… Знайшоўся там і шматок чырвонай матэрыі. Назарэнка сам адрэзаў ад яго колькі трэба і на нашых вачах зрабіў нашыўку – цот у цот, як у сяржанта.
Санька засаромеўся, расчыванеўся і пачаў аднеквацца, маўляў, ён нічога не хоча, але, калі салдат паклікаў яго да сябе, усё ж такі падышоў.
– Ну во… Бачыш, як добра? – спытаў сяржант, калі Назарэнка перакусіў нітку і павярнуў Саньку тварам да хаты.
I нават бабка сказала:
– Дарагая рэч. Цяпер ёй цаны няма, – і цяжка ўздыхнула.
Бабка глядзела не на нашыўку, а на іголку, якую салдат збіраўся ўторкнуць у сваю шапку. I ўторкнуў бы, і схаваў бы, калі б бабка не ўздыхнула яшчэ раз. Не ўздыхнула, а ледзь не прастагнала. I іголка з зеленаватай салдацкай ніткай апынулася ў бабульчыных руках.
– На, гаспадынька, карыстайся, – велікадушна махнуў рукой Назарэнка, і бабка аж пасвятлела.
Цяпер усім добра: у Санькі – нашыўка, у бабкі – іголка. Адно мне крыўдна: сяджу – і нікому да мяне справы няма. Санькава доблесць усім зацьміла вочы.
I толькі калі Назарэнка сеў на сваё месца каля грубкі, сяржант звярнуў увагу і на мяне.
– А цябе як завуць? – пацікавіўся ён.
– Іван.
– Малайчына, – пахваліў сяржант, быццам гэта я сам сябе хрысціў.– Правільнае імя. Іван – гэта Іван. Сіла.
I хоць такая пахвала – не чырвоная нашыўка, у мяне крыху лягчэй стала на душы. Асабліва калі пайшлі розныя гісторыі. А з тых гісторый, якія салдаты расказваюць, перабіваючы адзін другога, выходзіць так, што куды ні кінь – Іван і больш цягавіты, і больш працавіты, і больш жывучы, і хітрэйшы, і разумнейшы за фрыца. Яго толькі раззлаваць цяжка, бо душа ў яго добрая, але калі ўжо раззлуецца, то дасць дык дасць. Не панясеш.
Салдата, які зрабіў Саньку нашыўку за раненне, завуць Васілём. Другога, нізенькага, падобнага на татарына, – Юсупам. Але абодва яны гавораць пра сябе, як пра Іванаў. А мне і прымазвацца не трэба: я сапраўды Іван! Гэта ж і я такі – і хітрэйшы, і разумнейшы, і больш жывучы… Ды і Санька жывучы. Бабка казала, як той кот.