Читать книгу Мы – хлопцы жывучыя - Іван Сяркоў - Страница 5
«Спеваніна»
ОглавлениеСанька так надакучыў маёй бабцы, што яна ў свет ад яго сышла б. Не паспеем паснедаць, як ён свішча пад вокнамі. А потым, калі я доўга не выходжу, і сам з’яўляецца на парозе:
– Добры дзень.
А бабка яму:
– Сюды, руды, – хлеба дам, а ты, рыжы, пастой там. Даўно бачыліся.
Санька не крыўдзіцца на такую сустрэчу: ён да ўсяго прывык.
Сёння мой прыяцель прыйшоў раней звычайнага і – яшчэ з парога можна бачыць – з нейкай навіной. Па-змоўніцку плюснуўшы вокам, ён паклікаў мяне за печ, і мы зашапталіся. Так і ёсць – Санька знайшоў нешта нябачанае. Яно – чорнае, бліскучае і іграе. На Брыдкавым агародзе за свінушнікам стаіць.
Цяпер мне сысці з хаты – раз плюнуць. Стрыгунок выручае. Прывесці мы яго прывялі, а сена кот наплакаў. Вось бабка і ганяе мяне з мяшком на луг да стагоў. А пакуль той луг, усё сяло аббяжыш.
Выскачыўшы на вуліцу, мы падаліся на Брыдкаў агарод, але на паўдарозе спыніліся паглядзець, як буксуюць вайсковыя грузавікі. Недзе там, каля лесу, цераз Сож наведзена пераправа, і ад той пераправы на лузе, міма гарадзішча, а потым па нашым сяле ідуць і ідуць цяжка гружаныя машыны, з гарматамі на прычэпе і без гармат.
Коні аж выпростваюцца ў вазах: дарогу размясілі на цеста. Цераз яе можна перайсці толькі раніцай, калі замаразкі пакрыюць лужыны рыпучым лядком, а гразь возьмецца на сухрапы.
Самая вялікая лужына каля Скокавай хаты. Шафёры пераязджаюць яе з апаскай, высоўваючыся з кабіны, каб заглянуць пад колы. Машыны стогнуць на поўным газу, брызгаюць паначаплянымі на колы ланцугамі, тонуць па самыя восі, і здаецца, што яны не едуць, а плывуць. З-пад радыятараў разбягаюцца ў бакі густыя хвалі бруднай мешаніны вады з ільдом.
Мы з Санькам стаім і радуемся: во колькі ў нашых машын, во колькі ў нашых усяго! Праўда, таго танка, пра які пры немцах расказваў Буслікаў Косцік, таго танка, у якім усярэдзіне схавана яшчэ штук дзесяць танкетак, мы пакуль што не бачылі. Дык па нашай дарозе ён, можа, і не пройдзе, угрузне ў балоце, а то і зусім праваліцца пад зямлю. Дзіва, ці што, калі ён, мабыць, тысячу тон важыць?
Мы стаім і ўглядаемся ў твары салдат: можа, майго ці Санькавага бацьку ўбачым, можа – камісара, якога хаваў ад немцаў нябожчык дзед Мірон. Усё можа быць.
А салдаты на нас глядзяць. I не так, відаць, на нас, як на Санькаву шапку. Сям-там прапаленая ля вогнішчаў, сям-там падраная і па жывому, яна мае маляўнічы выгляд – быццам стог, раскалашмачаны бурай. Гэты стог увесь час налазіць Саньку на вочы, а той нястомна раз-пораз адкідвае яго на патыліцу. I ўсё гэта таму, што маці астрыгла Саньку, і вялікая бацькава вушанка стала яму яшчэ большай. Вядома, ён не хацеў стрыгчыся, доўга адбрыкваўся і ўпінаўся. Тады цётка Марфешка раззлавалася і – чык, чык яго, як авечку. Атрымалася радкамі: дзе гола, а дзе і тырчыць пучок.
На тым беразе лужыны, пад вербамі, стаіць наш сусед дзядзька Скок у старым рудым кажушку, які яны носяць са Скачыхай і скачанятамі па чарзе. Кажушок дзядзьку кароткі і цесны, пад пахамі ён разышоўся па швах, і скрозь прарэхі тырчаць касмылі шэрай воўны. За вайну сусед зусім зблажэў. Па шчоках зверху ўніз пралеглі глыбокія барозны, а ў няголенай барадзе свецяцца белыя валасы. Праўда, Скок не прызнае сівізны. Па яго выходзіць, што ён масць змяніў: быў вараны, а стаў гняды.
Днямі дзядзьку паставілі за старшыню сельсавета, і мая бабка гаворыць, што цяпер да яго на непадмазанай брычцы і не пад’едзеш, а нос і грабільнам не дастанеш, так задзярэ. I не так Скок, як сама Скачыха. Учора яна прыходзіла да нас прасіць рэшата і ўсё хвалілася: «Мой чалавек… мой чалавек». Цаны яму не магла знайсці.
Але мы з Санькам не прывыклі яшчэ да таго, што Скок – высокае начальства, і пад’ехалі да яго без брычкі, пешкі абышлі лужыну і сказалі:
– Добры дзень.
– Здаровы былі, калі не жартуеце, – па-свойску адказаў ён і заскакаў на месцы, стукаючы ад холаду нагой па назе.
Калі дзядзьку абрыдла скакаць, ён наставіў ад ветру каўнер і даволі зычліва растлумачыў нам, што хутка міне кату масленіца, а нам з Санькам – дурніца. Калі нас не пасадзіць за кніжкі – вырасцем пні пнямі. I няхай мы не думаем, што і ён тут ловіць варон, як некаторыя разявы, – ён ловіць машыну, каб прывезці хоць некалькі жэрдак ад разбітага бомбай Ахонькавага гумна, пакуль іх не расцягнулі на дровы. Трэба ж хоць старую школу, былую воласць, прывесці ў нейкі парадак. Так дзядзьку Скоку загадана. Кім загадана, сусед не сказаў. Але мы і самі здагадаліся: яшчэ вышэйшым за яго начальствам.
I як толькі палутарка, ці «студабекер», прытарможвае перад лужынай, Скок жвава кульгае да кабіны і пачынае дудзець, нібы ў дудку:
– Таварыш камандзір, таварыш камандзір! Тут бы пару палак прывезці, мой татка. Страху на дзве мінуты.
Камандзірамі ён называе ўсіх, нягледзячы на тое, ёсць што на пагонах ці няма. Мы з Санькам пасмейваемся: старшыня сельсавета – і не можа адрозніць камандзіра ад радавога. А ён з нас дзіву даецца: выраслі, а розуму не вынеслі. Многа мы, ёлупні, разумеем – гэта ж для палітыкі.
Толькі і «палітыка» Скоку не памагае. Якія там палкі, калі машына гружана снарадамі? Нельга – і баста. Але Скок не такі чалавек, каб адразу адступіць:
– Ды што такое «нельга»? Нельга, мой татка, штаны цераз галаву надзець, а ўсё астатняе – абы захацеў.
Яму зноў кажуць:
– Не прасі, бацька, нельга.
Толькі тады сусед згаджаецца. Ён і сам добра разумее, што тут «такое дзела», але ж спроба – не хвароба, і разводзіць рукамі:
– Нельга дык нельга. Дайце хоць закурыць.
Дарога апусцела, і нам з Санькам стаяць ужо не цікава, тым больш што за Брыдкавым свінушнікам нас чакае нейкая чорная бліскучая скрыня. I мы пашыбавалі далей.
На ўсё нагледзеліся мы з Санькам за вайну – бачылі танкі, самалёты, гарматы розныя, кулямёты, а такой штукі бачыць не даводзілася. Стол – не стол, шафа – не шафа.
– Можа, гэта той самы, як яго? Раяль? – выказаў здагадку Санька.
Можа, і раяль.
А можа, і не раяль. Але ўсё роўна рэч цікавая.
Я кінуў мяшок, у якім яшчэ трэба было прынесці з лугу сена, змёў рукавом з бліскучага вечка снег і адчыніў. Вось дык яно!
– Пайграем? – спытаў Санька і, доўга не думаючы, з усяе сілы ўрэзаў па белых касцяных дошчачках пяцярнёй. Я ажно ўздрыгнуў, так гучна атрымалася.
– Блю-ю-м-м!
З панурай Брыдкавай вярбы зляцела спалоханая варона і падалася далей ад нас, на балота.
– Бля-я-м-м! – яшчэ мацней ударыў Санька другой рукой.
Хто яго ведае, адкуль узялося гэтае дзіва на агародах нашай амаль дашчэнту спаленай вёскі, на агародах, перакапаных і так і наўскасяк траншэямі, пакрытых варонкамі ад снарадаў і мін.
– Бом-м-м! – заракатала яно густым басам, нібы царкоўны звон.
Мы з Санькам думаем так, што ў бліндажы, дзе цяпер жывуць Брыдкі, або ў іхняй хаце, пакуль яна была цэлая, сядзела нейкая важная нямецкая шышка. Салдат такую аграмадзіну з сабою цягаць не будзе: на плячах яе не панясеш. Тая шышка, мабыць, любіла музыку і вазіла гэтую скрыню з сабой, каб было не сумна, каб, настраляўшыся, можна было і пайграць. А можа, думала зацягнуць яе ў сваю Германію, ды прыпякло – і адцуралася. Хопіць з іх, найграліся – цяпер пайграем мы з Санькам.
На самым версе адчыняецца яшчэ адно вечка. Во струн там дык струн! Не тое што на Косцікавай балалайцы. I тоўстыя, як драты, і крыху танчэйшыя, і зусім тоненькія. I па ўсіх гэтых струнах малоцяць невялікія малаточкі. Толькі ў адным месцы малаточкі не варушацца – там, дзе сценка прабіта асколкам.
Зноў ад пераправы пайшлі грузавікі, недзе ў хаце бабка, мабыць, ужо выпаліла ў печы і, зачыніўшы комін, разважае з пагарэльцамі пра жыццё, Глыжка заходзіцца ад кашлю. А мы тут іграем на раялі.
– Блім-блям, бом-бум!
Мы з Санькам не можам найграцца. Світка на мне расхрысталася, Санькава шапка спаўзае на вочы, а чорная, прабітая асколкамі скрыня то жаласліва стогне, то сярдзіта і грозна гудзе, то заліваецца тонкім голасам. Нам так радасна, што Санька аж заспяваў:
Фрыц на дзежцы сядзіць,
А дзежка з порахам!
Тут і мая душа не вытрымала, тут і я разышоўся на ўвесь Брыдкаў агарод:
Хутка дзежка ўзляціць,
Ды разам з ворагам!
У апошні час мы с Санькам нярэдка заводзім песні, і бабка кажа, што выходзіць у нас матыўна, толькі слухаць праціўна. А тут і зусім: мы спяваем сваё, а скрыня сваё. Нашы галасы глушыць густы бязладны звон. Гэты звон ляціць над панурымі голымі вербамі, над зямлянкамі і губляецца недзе ў туманнай, працятай сырасцю далечы.
– Блім-блям-бум-бом!
«Канцэрт» спыніла старая Брыдчыха. Яна выйшла з бліндажа і загрукала качаргой па накаце.
– От я вам пакажу, нягоднікі! От я вам дам!
Потым старая доўга ўглядалася падслепаватымі, слязлівымі вачамі, намагаючыся пазнаць, чые гэта такія музыкі. Не пазнала і разышлася зноў:
– Каб яны веку не дажылі, гітлеры праклятыя, як яны прыцягнулі сюды гэтую хваробу. Каб у іх і на тым свеце так у вушах званіла, як звоняць гэтыя басякі. Каб ім так сатана абедню правіў. Толькі адных адагнала, на табе – другія прыйшлі званары. Ну пасяку я яго! На трэскі пасяку!
I яна рашуча завярнулася ў бліндаж, мабыць, пайшла па сякеру. Яе агарод – яе і раяль. Пасячэ – і нічога не зробіш, хоць і вельмі шкада: такая бліскучая, такая акуратная рэч і так гучна іграе. Адзін ратунак – дзядзька Скок. Можа, ён і забароніць Брыдчысе рабіць з той скрыні трэскі. Усё-такі начальства.
Скок усё яшчэ тупаў пад вярбой. Але цяпер сусед быў не ў гуморы: болей гадзіны стыў на золкім ветры, а парожняй машыны не трапілася. I тут мы яшчэ прычапіліся са сваёй скрыняй.
– Ды няхай сячэ! – не вытрымаў Скок, а потым перадражніў: – Скрыня… скрыня…
Мы пачалі маляваць у паветры рукамі, якое яно, тое чорнае за Брыдкавым свінушнікам, расказваць, якія там касцяныя дошчачкі.
– Дык то ж піваніна ці спеваніна, як яго? – здагадаўся дзядзька і толькі цяпер схамянуўся: – Што? На трэскі?
Праз мінуту ён ужо стаяў каля вайсковай падводы і маліўся перад вусатым ездавым.
– Таварыш камандзір, а, таварыш камандзір, пасячэ дурная баба на трэскі. Ці ж яно есці просіць, мой татка? А мы яго мо ў школу б паставілі, а мо і клуб калі-небудзь у нас будзе. Вунь, бачыш, танцоры растуць.
I вусач паслухаўся. Ці тут памагла дзядзькава «палітыка», ці тое, што Скок сказаў, якое ён начальства, ці прысутнасць такіх танцораў, як мы, – завярнуў ездавы коней.
Пакуль мы прыехалі на Брыдкаў агарод, старая яшчэ не паспела пасеч скрыню. Праўда, яна ўжо стаяла з сякераю і пра нешта сама з сабою разважала. Скок, нягледзячы на сваю кульгавую нагу, проста выпырхнуў з калёс.
– Ну, чаму не сячэш? – са злосцю спытаў ён. Брыдчыха ўздыхнула.
– Рука не падымаецца, – адказала яна і кіўнула ў бок таго, што дзядзька называў «спеванінам». – Хоць і непатрэбшчына, а ты паглядзі, як зроблена. Грэх глуміць.
Здагадаўшыся, чаго на яе агарод прыехала вайсковая падвода, старая аж узрадавалася:
– Бярыце, бярыце, – велікадушна дазволіла яна, хоць у яе ніхто і не пытаў дазволу, – вязіце з вачэй далоў. Мне хоць ціха будзе. Хоць званары вось гэтыя перастануць званіць цэлымі днямі.
А калі пачалі грузіць на калёсы, дык ужо нібы і пашкадавала:
– Добрая ж такая рэч. Гэта ж каб умеў – такую шафку можна было б збіць або яшчэ што…
Мы з Санькам думалі, што піяніна павязуць у школу, але Скок сказаў, быццам гэта ўсё адно, што кінуць на вуліцы: ні акон там, ні дзвярэй. У суседавай жа хаце і без піяніна няма дзе павярнуцца. Давялося зацягнуць у дрывотнік. Мы з Санькам ужо так памагалі згружаць з калёс, што мне аж палец прышчаміла. А калі ўсё было гатова і мы выбеглі з двара, на поплаве ўдарыла зенітная батарэя. Цікава было б хоць здалёк паглядзець, як там вядуць агонь, ды трэба ісці на луг па сена. У хляве стаіць галодны Буянчык.