Читать книгу Мы з Санькам – артылерысты - Іван Сяркоў - Страница 2

Шпакі

Оглавление

Взвейтесь, соколы, орлами,

Полно горе горевать.

Даўняя салдацкая песня

– Ну, пішыце, – скончыў бацька развітанкі, паціснуў нам з Санькам рукі, як роўні, і, тузануўшы вожкі, крыкнуў на Стрыгунка: – Но-о! Развесіў вушы!

Парожнія калёсы лёгка пакаціліся прэч, узнімаючы густы пыл, а мы засталіся адны на дарозе ў жыце. I тут мне чамусьці ўспомнілася леташняе-пазалеташняе, тое, як бабка аднойчы сказала: «У, ідал, сэрца ў цябе каменнае». А навёў тады бабульку на такое адкрыццё наш парсючок Дзюнька. Такой скацініны, як ён, не бачыў свет. Худы і цыбаты, замурзаны да самых вушэй пасля бясконцых купанняў у лужыне, ён умеў бегаць так, што і сабака не дакажа. А кемлівы быў, а хітры, такога і сярод нас, хлопцаў, яшчэ трэба пашукаць. Усе дзіркі ў сваім плоце і ў суседскіх ён ведаў назубок. Ад гэтага Дзюнькі мой малодшы брат Глыжка выў воўкам: не дагнаць жа, сабаку, не пераняць, хоць на ланцугу трымай. I вось гэтай вясной не паспелі мы пасадзіць бульбу, як Дзюнька, прасачыўшы, што ўсе пайшлі абедаць, прабраўся ў гарод і пачаў яе капаць, не чакаючы ўраджаю. Ну і бегатня тады была па нашых пасевах, ну і аблава! Хто з чым, а я з хлудам, насіліся мы за нахабнікам да сёмага поту. Бабулька праклінала яго на чым свет стаіць: і каб ён здох, і каб апруцянеў, і каб яго пераехала, бо так ён можа загнаць каго хочаш у магілу. А парсюку – хоць бы што, у яго быццам вочы завязаны, ні варотцаў, знарок адчыненых для яго, ні сваіх дзірак у плоце не бачыць, гойсае сабе па градах уподбрыкі ды весела рохкае, задраўшы лыч угару. Дражніцца, халера. Вось і ўцэліў я тады яму хлудам па рэбрах, аж той заекатаў немым голасам. I ўмомант дзе і дзірка знайшлася на вуліцу, толькі плот затрашчаў! Вось тады, крыху аддыхаўшыся пасля бегатні, бабка і сказала: «У, ідал, сэрца ў цябе каменнае. А калі б самога так, соладка было б?»

Ды за што ж мяне? Што гэта – я зглуміў паўрада бульбы сваім лычам, я спаганіў грады? Сем пятніц у яе на тыдні: то – каб ён здох, то – у мяне сэрца каменнае. Я разгневаўся, кінуў-рынуў усё і пайшоў да Санькі гуляць. А Санька мяне супакоіў. Аказваецца, што каменнае сэрца – гэта не так і дрэнна, калі той камень – не проста дзічак, а крэмень. Крэмень – камень асаблівы: у ім жыве агонь. Нездарма ж, калі ўрэжаш па ім зломкам сталёвага рашпіля, дык снопам сыплюцца іскры. А чорны ён таму, што, мабыць, у агні нарадзіўся. У сапраўдных хлопцаў, калі яны – не цюхі-мацюхі, і павінны быць крамянёвыя сэрцы. Так суцяшаў Санька, і мне гэта нават спадабалася. Цяпер было зразумела, чаму мы з сябрам такія цвёрдыя. У нашай з ім цвёрдасці не раз маглі пераканацца і Глёкава Каця, і Сонька-Кучараўка, калі мы, вяртаючыся са школы, іншы раз штурхалі іх у крапіву, каб не былі такімі разумніцамі. Мы маглі па сто гадоў і не глядзець у іхні бок, калі яны адмаўляліся танцаваць з намі «Сербіянку» пад Косцікаву балалайку. I было з-за чаго ім нос задзіраць перад намі, з-за чаго дзьмуцца – з-за аднаго-двух хрушчоў, якіх мы дзеля смеху іншы раз кідалі ім за каўнерыкі кофтачак. Хіба толькі з імі мы так жартавалі? Дык іншыя ж не дзьмуліся, а то – цацы!

I вось цяпер, калі бацькаў воз усё болей і болей аддаляецца, калі зніклі нарэшце ў жытнёвых хвалях выцвілая ад сонца бацькава пілотка, а затым і дуга над стрыгунковай галавой, мне чамусьці зрабілася горка-горка на душы, быццам палыну туды кінулі. Быццам штосьці такое згубіў, без чаго і жыць на свеце нельга. I не знайсці яго больш, і не вярнуць.

Усё… Скончылася…

Як за плечы перакінуў…

I не будзе больш побач са мной бабкі, ніхто не назаве мяне цяпер ідалам і гайдамакам, ніхто больш не скажа, што ў мяне каменнае сэрца; не будзе больш побач і бацькі, з якім усе мы смелыя і разумныя; і брат не будзе чапляцца: то ў яго рагатка парвалася, то яму канёк з дроту зрабі. Не будзе нічога, што раней было: ні старой, драўлянай школы, ні возера з акунямі, ні пагулянак на суседавай прызбе. Словам, пакідаем мы з Санькам сваё дзяцінства – не наеліся ўдосталь хлеба, не навучыліся ў ахвоту, не набегаліся на паплавах, не нагарцаваліся на калгасных конях, не назбіраліся на балоце качыных яек, не налавіліся ў былых тарфяных кар’ерах і выгарах шчупянят і карасікаў, не наласаваліся яблыкамі з суседскіх садоў, не направодзіліся вечарамі дзяўчат пасля пагулянак дахаты. А не наеўся, як кажа бабка, – не наліжашся. Трэба ісці. Седзячы дома на печы, афіцэрам артылерыі не будзеш.

Наш прыяцель, сын участковага міліцыянера Юрка Калдоба, які разам з намі бавіў свой водпуск на полі, на лузе і на суседавай прызбе па вечарах, зусім даканаў нас расказамі пра сваё вучылішча, і мы з Санькам без артылерыі цяпер і дыхнуць не можам. Нам нават сняцца розныя там марціры і гаўбіцы. Кожны вечар, кладучыся спаць пасля нішчымнай вячэры, я ўпотай мару пра артылерыйскі паёк. Юрка кажа, што кормяць іх там добра: хлеба даюць пад завязку, і крупнік заўсёды з мясам. А галоўнае – будзем вучыцца як людзі: і кніжкі табе, і сшыткі, толькі чытай і пішы.

Мы ідзём не куды-небудзь проста ў людзі, а лічы, што ў армію, і таму прыбіраць нас асабліва не прыбіралі. Бабка шкадавала, што на мне яшчэ добрыя штаны, усяго раз ці два латаныя, мог бы яшчэ і Глыжка данасіць. Але былі яны ў мяне ўсяго адны, і горшыя выбраць няма з чаго. А іх жа там, відаць, забяруць, як будуць пераапранаць нас у камандзіры. Хто там будзе берагчы гэтыя абноскі. Забяруць і бацькавы салдацкія чаравікі, яшчэ даволітакі трывалыя. Вось іх дык і мне шкада. Я, можа, і не браў бы іх з сабой, ды бацька сам настояў. Ну, як я буду перад вайсковым начальствам з рэпанымі нагамі?

А пакуль што я перакінуў свае скараходы цераз плячо, Санька – матчыны разбітыя ўшчэнт боты, якія засталося на раз абуць, і мы пайшлі басанож, не аглядваючыся больш на вёску і дружна насвістваючы марш, які мы нядаўна перанялі ў Юркі: «Артиллеристы, Сталин дал приказ!» Мы ідзём па гарачым дарожным прысаку, ідзём па друзу ўздоўж чыгункі, па няроўнаму гарадскому бруку – няма нам перашкоды. Нагам вольна і лёгка, не тое што ў абутку з чужой, дарослай нагі. А прабіць падэшвы на які-небудзь гарэлы цвік ці калючы дрот мы не баімся, бо яны ў нас цвёрдыя, тоўстыя і трывалыя, як на салдацкіх нямецкіх ботах. Адно што без жалезных шыпоў.

Калі па-людску, то ў горадзе варта было б і абуцца, усё ж такі горад. А прыгледзеліся, дык мы тут і не белыя вароны. На базар вясковыя жанчыны клункі з зелянінай пруць басанож, не кажучы ўжо пра дзяўчат і такіх падшыванцаў, як мы. Нашы з Санькам гарадскія аднагодкі таксама не ў шчыблетах раскашуюць. А калі ўжо хто ў чобаты, а хоць у чаравікі ці ў што іншае абуты, дык той, мабыць, зарабляе кучу грошай ці ўжо занадта вялікі інтэлігент. Словам, і тут можна жыць босаму чалавеку. Тым больш што і сцежкі-дарожкі сцерпныя: варонкі ад бомб і снарадаў даўно пазасыпаны бітай цэглай з руін, даўно прытаптаны і прыкачаны, з-пад ног прыбраны сляды былых баёў і бамбёжак: завалы, дахавае жалеза, бітае шкло і іншы друз, з-за якога тут яшчэ нядаўна было ні прайсці ні праехаць.

Бяжыцца нам ходка, бяжыцца нам весела, асабліва па вуліцы з артылерыйскай назвай – Батарэйная. Хоць яна такая ж, як і ўсе ўскраінныя вуліцы горада, амаль цалкам драўляная, з пахіленымі паўразбуранымі платамі, з папялішчамі, што паспелі ўжо густа зарасці палыном, дзядоўнікам і розным іншым бадыллем, з разбітай пыльнай дарогай, але яна нам, як свая, самая родная вуліца ў горадзе. Што ні кажы, не якая-небудзь там Сялянская ці Палеская, а ўсё ж такі Батарэйная. I назвалі яе так, мабыць, не без прычыны. Магчыма, на ёй кватаравала калі-небудзь нейкая славутая батарэя, ці, можа, з тутэйшых хлопцаў многа служыць у артылерыі, ці з-за таго, што тут недалёка ўжо і да нашага вучылішча, ці проста па ёй часцей, чым па іншых вуліцах горада, любіць прагульвацца наш брат – батарэец. Але колькі мы ні прыглядаліся, колькі ні стралялі вачыма, ніводнага службоўца са свайго роду войск так і не сустрэлі, праехала толькі, грукаючы расхлябанымі бартамі і нарабіўшы смуроду, старая палутарка ды босая дзяўчына перайшла нам дарогу з поўным вядром.

– Эй, рыжая, дай напіцца! – раптам ветліва гэтак папрасіў яе Санька, і я ад нечаканасці аж спыніўся. Во як хлопец асмялеў, не паступіўшы яшчэ ў вучылішча, да гарадскіх дзевак чапляецца. А тая толькі грэбліва зірнула ў наш бок, нос – угору і пачасала сваёй дарогай. Добрая, відаць, фіфа.

А напіцца і сапраўды не шкодзіла б. Сонца ўжо добра прысмаліла – хутка поўдзень. Толькі дзе тут нап’ешся? Гэта табе не вёска, што падышоў да калодзежа, парыпеў журавом і хоць на галаву лі. Каля адзінай на ўсю Батарэйную калонкі стаіць ладная такі чарга з вёдрамі, а вада з крана ледзь-ледзь цурчыць тонкай ніткай, і трэба мець час і цярпенне, каб набраць поўнае вядро. У нас цярпення хапіла б, ды часу ў абрэз. Пераб’ёмся як-небудзь і так.

Мінулі мы вадзяную чаргу – трапілі на хлебную. Гэтая яшчэ мудрэй за тую. Народу тут, што і бог адступіўся б, калі б ён хлеба захацеў. А крыку тут, а гвалту! Асабліва хвалюецца чарга, калі дзверы невялічкага, з аблупленай тынкоўкай цаглянага магазінчыка бяруць штурмам інваліды. Чарга, як мы прыкмецілі з Санькам, паводзіць сябе розна: хто лаецца, хто заступаецца, а інваліды даказваюць, што яны маюць права. На іх баку і міліцыянер, хоць ён нічога не можа зрабіць з чаргой: не вельмі яго слухаюць.

Не лёгка прабіцца ў хлебны магазін, не лягчэй з яго і выбрацца. Вылазяць адтуль усе расхрыстаныя, ускудлачаныя, з абарванымі гузікамі і рукавамі, потныя – ледзь жывыя, але з хлебам. У каго цэлы бохан, у каго яшчэ і луста ў прыдачу.

Па праўдзе сказаць, усё гэта відовішча нас з Санькам не вельмі кранае. Проста цікава крыху – і ўсё. Калі б мы мелі нават вялікія грошы, хлеба нам тут не прададуць. Тут важней за грошы хлебныя карткі. А дзе іх нам з Санькам узяць, калі мы не гарадскія, нідзе тут не працуем і не служым?

А хлеб свежы. З магазіна пахне так, што галава кружыцца. I, відаць, смачны. Хлопец не большы за нас, які толькі што ледзь выбіўся з чаргі на волю, пакамечаны і расхрыстаны, прагна на нашых вачах з’еў усю дабаўку да бохана. Мы з Санькам пракаўтнулі сліну і пайшлі сваёй дарогай прэч ад спакусы. Нічога – паступім у вучылішча, дык, можа, яшчэ не такі хлеб есці будзем і не па столькі, а, як казаў Юрка, пад самую завязку.

За вуліцай Батарэйнай горад скончыўся. Да вучылішча цяпер рукой падаць. Вунь яны пад рэдкімі соснамі на ўзвышшы, цагляныя будынкі, дзе я калісьці паміраў ад сыпняку. Тады там быў шпіталь, а цяпер – вучылішча. Дарога знаёмая.

Сеўшы на мурог, мы ў рэшце рэшт абуліся. I не абы табе як, а яшчэ і паплявалі кожны на сваё колькі сліны было, анучкай пацерлі, спадзеючыся на бляск. Толькі многа трэба пляваць на Санькавы боты і на чаравікі майго бацькі, каб яны хоць крыху заблішчалі.

Усю дарогу мы храбрыліся: то бойка насвіствалі свой артылерыйскі марш, то ўслых марылі, як будуць зайздросціць нам хлопцы, калі прыйдзем у вёску на пабыўку ў вайсковай форме, як мы пойдзем у ёй на вячоркі, а тут, перад пафарбаванай у зялёнае будкай з надпісам КПП[1], адразу прыціхлі, сталі рахманымі. Не дайшоўшы да яе крокаў дзесяць, мы спыніліся. Сюды гэта ці не сюды? Пакуль што праз будку прайшоў толькі адзін капітан ды выйшаў старшына, а такога начальства, як мы, дык штосьці і не відаць. Чаго добрага, каб не патурылі нас адсюль з самага парога ды не паднялі на смех. Вось гэтага мы не любім да смерці. Хоць мы хлопцы і простыя, а свой гонар маем.

А яшчэ мы тут стаім у нерашучасці таму, што нас павінен быў сустрэць Юрка і паказаць, як ён абяцаў, усе хады і выхады. Ды вось жа няма ні Юркі, ні яго хадоў – вакол высокая драўляная агароджа ды вось гэта самае КПП перад намі і прыгожыя вароты з артылерыйскімі эмблемамі. Давядзецца самім прабівацца, як простым смяротным, у якіх няма ўплывовых землякоў і заступнікаў.

Але прабівацца было не трэба. На КПП Санька паказаў нашы паперкі-выклікі на экзамены і сказаў як адрэзаў:

– Паступаем на афіцэры.

Атрымалася гэта ў яго так проста, быццам для нас гэта – раз плюнуць, і не важна, што ў нас такі вясковы, зацюканы выгляд – мы не абы-хто. Сяржант з чырвонай павязкай на рукаве акінуў нас позіркам з макушак да абуўкі і неяк горка ўсміхнуўся:

– Ну-ну, шуруйце, панове афіцэры.

А на развітанне рукой да сваёй пілоткі крануўся. Чэсць аддаў! Санька на ўсе сто перакананы, што гэта ён нам чэсць аддаў. Гэта ж выдумае што-небудзь, дык хоць стой, хоць валіся. Можна падумаць, што сяржанту няма каму чэсці аддаваць, апрача нас. Можа, ён проста муху сагнаў. А Санька на сваім стаіць: чэсць – і годзе. Той сяржант наперад глядзіць: атрымаем званне – можам яго па стойцы «смірна» так паставіць, што – ого! Словам, ніхто на КПП нашага гонару не адкусіў, а ў Санькі яго яшчэ і прыбавілася.

Але як бы там ні было, мы ў вучылішчы. Асабіста ў мяне адчуванне не скажу, каб геройскае. Тут зойдзеш іншы раз у чужы двор і то, як стрыножаны, не ведаеш, куды ступіць, дзе прытуліцца, – усё не сваё, усё незнаёмае, усё не так, як дома. А гэта ж вайсковае вучылішча! Тут зусім іншае царства: вакол падмецена, прыбрана, дарожка, па якой мы ідзём, абапал абкладзена пад шнур цэглай, а цэгла яшчэ пабелена і крэйдай. Ступіць лішні крок страшна, плюнуць няма куды, так чыста. Гэта табе не нашы Падлюбічы і не вуліца Батарэйная. Нават паветра тут не такое: сосны хоць і рэдкія, а свой пах даюць.

А галоўнае – людзі. У цывільным тут рэдка каго і сустрэнеш, усё – вайскоўцы. I ніхто з іх не бяжыць, як у горадзе, на злом галавы, ніхто не ходзіць разявіўшы рот, як мы з Санькам, не ловіць варон. А калі хто ідзе, дык ідзе, адразу відаць, што па справе. Сустракаючыся, яны ўскідваюць руку да скроні і цвёрда гэпаюць па зямлі падэшвамі, бяруць пад казырок. I нам з Санькам у вочы кінулася, што той гучней гэпае і вышэй падкідае ногі, у каго меней зорак на пагонах, а ў каго зоркі большыя, той толькі рукой адмахнецца і – будзь здаровы.

I песні, аказваецца, тут у модзе. Дзе вы бачылі, каб людзі гуртам ішлі па вуліцы і на ўсё горла спявалі песню? Хіба што на вяселлі. А тут параўняўся з намі строй такіх, як Юрка, хлопцаў ды як грымне ўжо знаёмы нам марш. I так гэта ў іх гучна і дружна атрымлівалася, што нам з Санькам і самім хацелася заспяваць.

Не, што ні кажыце, а вайсковае вучылішча, ды яшчэ артылерыйскае – зусім іншы свет, не той, у якім мы жылі дагэтуль.

Ходзім мы гэта па новым для сябе свеце, шукаем, у каго спытаць, куды нам трэба, і раптам:

– Эй, шпакі! Ідзіце-тка сюды.

Азірнуліся, каго там клічуць, што тут за шпакі такія ёсць у артылерыстаў,– аказваецца, гэта нас з Санькам клічуць. Мы так заслухаліся песнямі, што не заўважылі на лавачцы пад сасной траіх, як сказала б наша геаграфічка, абарыгенаў. Па ношанай форме, якая добра сядзіць на іх, адразу відаць, што не навічкі. Напэўна, Юркавы аднагодкі. Хаця адзін з іх, мабыць, і жаўтароцік: гімнасцёрка сядзіць лубам, сам дробненькі.

Што зробіш, трэба ісці, каб непрыемнасці якой не было. Усё ж такі не на сваёй вуліцы. А можа, што добрае і скажуць: куды, напрыклад, нам падацца са сваімі выклікамі на экзамены, дзе тут нас павінны прымаць. Мы не кінуліся да іх рыссю, а падышлі нага за нагу, і Санька насцярожана спытаў:

– Ну?

I тут нам здалося, што мы з Санькам зрабілі бог ведае якую непрыстойнасць, скажам, самае малое – без штаноў на вуліцу выйшлі, бо старэйшы з тых траіх з адной лычкай на акаймаваных жоўтай істужкай пагонах аж за галаву ўзяўся.

– Не, вы толькі паглядзіце, таварышы, што робіцца? – з болем у голасе ўсклікнуў ён. – Вы толькі паглядзіце, як яны падыходзяць да камандзіра!

Яго таварышы з дакорам паківалі галовамі, асуджальна пацмокалі языкамі, маўляў, як нам не сорамна, як нам не ай-я-яй. I каб хто ўсміхнуўся. Здзекуюцца, паразіты. Мы з Санькам не лыкам шытыя, бачым, што здзекуюцца. Ці даўно самі чэрствай скарынцы былі рады, ці даўно паскідалі такія ж як і на нас, грэшных, рызманы, і ўжо строяць з сябе ваша высакароддзе. Камандзіры шалудзівыя. Калі б мы сустрэліся з імі ў нашай вёсцы ды на сваёй вуліцы, дык там бы яшчэ яно паказала, хто з нас шпак, а хто – арол. А тут наўрад ці пакажа: падмогі няма, і ўцякаць не ведаем куды, у свой двор не схаваешся – далёка.

Мы стаім слупамі, разгубленыя і раззлаваныя: ім тут жартачкі, а ў нас часу няма. Можа, нас там ужо дзе чакаюць і не могуць дачакацца, а гэтыя д’яблы тут прычапіліся, што не адчапіцца. I Юрку свінні з’елі. Не, каб прыйсці ды выручыць, пакуль да пабоішча не дайшло.

– Выхаванец Казлоў,– загадаў тым часам строгім голасам той, што строіў з сябе камандзіра, – пакажы гэтым шпакам, як трэба падыходзіць да начальніка!

Выхаванец Казлоў – нос аблуплены, бульбінкай, шыя, як і ў нас з Санькам, – дзве ў каўнер змесціпца, пілотка са стрыжанай галавы налазіць на адтапыраныя вушы – адбег крокаў на пяць, прыклаў руку да скроні і, высока ўскідваючы ногі, як пайшоў, адбіваючы крок, дык у нас з Санькам і сківіцы адвіслі ад здзіўлення. Артыст – і годзе! Ідзе, халера, як танцуе. Вось ён па-заліхвацку ляснуў абцасамі і, выцягнуўшыся перад сваім начальствам струной, высокім дзявочым голасам адрапартаваў:

– Таварыш камандзір! Выхаванец Казлоў па вашаму загаду прыбыў!

А мне тым часам падумалася: падшыванец ты, а не выхаванец, падліза ты няшчасны. З яго паслугача робяць, а ён рады старацца. Ды мы такіх падлізаў у школе лупцавалі як сідаравых коз. Не па душы нам гэты народ.

– Ну, а цяпер вы! – загадаў нам з Санькам самазваны камандзір. – Хто з вас смялейшы?

Ні я, ні Санька не крануліся з месца. Не на тых хлопцаў ён трапіў, каб трымцелі перад кожным ёлупнем, хоць ён і мацнейшы за нас. Санька яму так і адрэзаў:

– Не нукай, не запрог!

– Будзеш нашым камандзірам, тады – і камандуй, – падтрымаў Саньку і я, ужо гатовы да бойкі, якой, здавалася, не мінуць. Ды і Санька таксама напагатове. Няхай не думаюць, што мы вясковыя, дык з нас можна вяроўкі віць. Як кажуць, трапіла каса на камень. Яны стаяць, і мы стаім. Маўчым. Глядзім спадылба. Сапём раздзьмутымі ноздрамі. Нашы праціўнікі паглядваюць на свайго завадатара, мабыць, чакаюць сігналу.

Але завадатар сігналу не даў. Крыху падумаўшы, ён сказаў раптам амаль што мірна:

– Ну і не трэба, не аддавайце нам чэсці, толькі вучылішча вам не бачыць, як сваіх вушэй.

– А гэта ж чаму так? – яршыста спытаў Санька.

Здаецца-такі, мы адчапіліся ад гэтых нахабнікаў не зняважаныя.

– А таму, што скажу генералу, і не прымуць, – агарошыў нас «камандзір», а яго таварышы пры гэтым спачувальна ўздыхнулі, і выгляд у іх быў такі, быццам мы з Санькам беспаваротна асуджаны лёсам.

– У вучылішчы не трэба такія неслухі,– дабіваў нас тым часам праціўнік, прыкмеціўшы, што мы з Санькам абвялі,– тут трэба дысцыпліна, а такіх, як вы, і на гарматны стрэл сюды не пускаюць.

Мы з Санькам не ведаем, верыць яму ці не верыць. Няўжо яго генерал паслухае? А калі падумаць, дык чаму б і не. Можа, ён генеральскі любімчык, а можа, і зусім нейкі родзіч, а там, чаго добрага, – і сынок. Тады, пішы прапала наша артылерыя, і застанёмся мы проста задавакамі няшчаснымі, тады нам у вёску хоць не вяртайся – куры засмяюць. Дык ці да гонару тут? Яшчэ невядома, дзе яго згубіш, а дзе – знойдзеш. I мы здаліся.

Санька яшчэ мацней засоп носам, пачырванеў так, што і рыжоцця яго стала не відаць, моўчкі адышоў на тое месца, адкуль пачынаў падыход да «начальства» выхаванец Казлоў, выгнуў дугой свае, як у пеўня, грудзі і рушыў.

Не, што вы мне ні кажыце, а яшчэ ніхто і ніколі ні ў адной арміі свету так не вітаў самае высокае начальства, як Санька гэтых падшыванцаў у пагонах. Стараючыся трымаць ногі нягнуткімі кіямі, ён так таўчэ пляц падэшвамі парыжэлых матчыных ботаў, што толькі пыл курыць, а вакол мала не коціцца рэха. Ідзе ён, нібы драўляны, і мне здаецца, што ад такой хадзьбы ў яго вось-вось адваліцца галава. Вайсковы картуз, які Санька носіць з самай акупацыі, ссунуўся на яго строгія вочы, а рука, прыкладзеная лодачкай да сшытага суровай ніткай казырка, матляецца, не іначай нежывая. Карціна атрымалася нават больш уражлівая, чым у таго падлізы-выхаванца. Задаволеная ёю, ненавісная нам тройца рагатала ўпокат, асабліва – галоўны з іх. А калі яшчэ і я ўслед за Санькам затупаў бацькавымі чаравікамі – яны і зусім пасінелі, хоць вадой адлівай, адзін з іх толькі прастагнаў:

– Ой, не магу – цырк на дроце…

Пакуль яны заходзіліся ад смеху, мы з сябрам выбралі момант і – ходу. Але не тут яно было.

– Эй, шпакі! Стойце! – пераняў нас закапёршчык усёй гэтай валтузні.– А на КПП вас правяралі? Што вы несяце ў сумцы?

– Харч, – здзіўлена адказаў Санька, з гатоўнасцю адшпільваючы процівагазную сумку, у якой ляжаў праснак, спечаны бабуляй мне на дарогу з новага жыта, і з дзесятак Санькавых яблыкаў, прыпасеных ім загадзя для паходу ў вучылішча ў суседавым садзе.

– Правер, – загадаў свайму паслугачу той зануда з лычкай, і выхаванец Казлоў, які паказваў нам, як трэба хадзіць перад начальствам, заглянуўшы ў наш процівагаз, радасна ўсклікнуў:

– Яблыкі!

Не паспелі мы і вокам плюснуць, як яны ўжо гаспадараць без дазволу ў нашым хатулі, як хочуць: перабіраюць у тры рукі антонаўкі, валожкі, пуціўкі, глядзяць, дзе спялейшае ды каб не чарвівае. А грызуць яны з такім апетытам, так смачна хрумсцяць, што я аж засумняваўся, а ці такі ўжо і сытны артылерыйскі паёк, як нам распісваў Юрка. Хруст такі стаіць, нібы ў калгаснай стайні, калі коням дасі буракоў. Вось цяпер гэтыя хлопцы ў абмундзіраванні нечым падобныя і на нас – яны таксама яблыкі любяць, толькі садоў тут, відаць, няма. А каб і былі – у пагонах не палезеш: званне не дазваляе. Тут у каго хочаш апетыт разгуляецца. Ну, а нахабнасці ім не трэба пазычаць: самі ласуюцца і нам дазваляюць.

– Частуйцеся, не саромейцеся, – ветліва запрашаюць яны нас, калі з усёй садавіны засталася самая зеляніна ды чарвяточына.

Вось цяпер толькі, калі мы ўжо і не чакалі, і з’явіўся наш Юрка, адкуль – ніхто і не бачыў, нібы з неба ўпаў.

– Здароў, хлопцы, – радасна павітаўся ён са мной і з Санькам за руку і папракнуў: – Я іх шукаю па ўсім вучылішчы, а яны тут ужо знаёмых завялі.

Мы адразу павесялелі, абстаноўка ўмомант змянілася, цяпер у нас з тымі сілы роўныя. Цяпер, калі справа дойдзе да чаго такога, яшчэ паглядзім, хто каго. Ды і нашы так званыя знаёмыя гэта зразумелі. Яны перасталі хрумсцець яблыкамі, і іх важак, адразу перамяніўшы тон, спытаў у нашага збавіцеля:

– Землякі?

– Землякі,– пацвердзіў Юрка і, відаць, здагадаўшыся, што тут адбылося, важка дабавіў: – I калі вы іх яшчэ раз зачэпіце хоць пальцам – справу будзеце мець са мной.

Вось так яно ўсё павярнулася. А то – чэсць ім аддавай. Генералу ён, бачыце, скажа. Знайшоўся тут начальнік. Цяпер мы за Юркам, што за каменнай сцяной. Яго аўтарытэт і раней быў для нас высокі, а цяпер вырас вышэй за генеральскі.

Мы радасна крочым з ім па падмеценых і абкладзеных пабеленай цэглай дарожках і захапляемся, як ён хвацка вітае сустрэчных афіцэраў, стройны, падцягнуты, усё на ім як уліта, пілотка набакір, пагоны з фальговай акантоўкай ззяюць золатам, не пагоны – эпалеты.

Па дарозе ў прыймовую камісію, дзе, на думку Юркі, трэба праверыць, ці ёсць мы ў экзаменацыйным спісе, ён нас між справай крыху і адукаваў. Аказваецца, усё не так проста, як нам думалася. Аказваецца, што ўсе такія юнакі, як мы, дзеляцца на двое: на шпакоў і апаўцаў. Шпакі – гэта тыя, хто яшчэ толькі паступае ў вайсковае вучылішча, як мы, напрыклад, і тыя, хто і не збіраецца паступаць, словам – народ цывільны. Няма пагонаў – значыць, ты шпак. А шпак ён і ёсць шпак. Ён ні бум-бум у вайсковай службе, пра артылерыю – і гаварыць не варта. Для яго, скажам, простая рэч – гаўбіца ці марціра – цёмны лес. Ён толькі дзюбу, нічога не разумеючы, раскрые і слухае: у адно вуха заляцела, з другога – вылецела.

Мы з Санькам з захапленнем пераглянуліся і непрыкметна закрылі разяўленыя раты, якімі лавілі кожнае Юркава слова.

Апаўцы – людзі іншага гарту. Гэта такія, як Юрка. Слова гэта складзена з літар «А», «П» і «В», што значыць артылерыйскае падрыхтоўчае вучылішча. Але каб мець званне апаўца, трэба правучыцца не менш года. Па нашаму з Санькам разуменню, гэта без пяці мінут афіцэр. А першагоднік – гэта яшчэ не апавец, а салага, гэта ўсё адно, што рыба такая – салака супраць селядца. Тыя, што да нас прыставалі, таксама яшчэ, на Юркаву думку, салагі.

Хутчэй бы ўжо нам з Санькам здаць уступныя экзамены, хутчэй бы са шпакоў – ды ў салагі!

1

КПП – кантрольна-прапускны пункт.

Мы з Санькам – артылерысты

Подняться наверх