Читать книгу Мы з Санькам – артылерысты - Іван Сяркоў - Страница 4

Вось табе i пагоны ў кішэні!

Оглавление

Да экзаменаў заставаўся ўсяго адзіны дзень. Бацька з Глыжкам з раніцы пайшлі ў калгас вазіць на ток снапы, а следам, упораўшыся ля печы, майнула і бабуля з сярпом. Мы з Санькам, сышоўшыся ў нашай хаце, селі за геаметрыю асвяжаць у галаве тэарэмы. У хаце было ціха, і нам ніхто не перашкаджаў, апрача знадаедлівых мух. Вось калі мы пачалі каяцца ў мінулых школьных грахах! Вучылі, называецца, абы помніць да вечара, абы Бісектрысу вакол пальца абвесці. Цяпер цяжка тое асвяжаць, што ў галаве толькі пераначавала. А трэба ж, калі сабраліся з калгаса ў артылерыю! I мы так стараліся, што калі нашы прыйшлі на абед, у нас з Санькам у галовах была ўжо каша: вострыя вуглы пераблыталіся з тупымі, градусы з радыусамі і халера з хваробай. Да вечара мы наогул пачмурэлі. У мяне нават пачалі перасякацца паралельныя прамыя лініі, з якімі, калі верыць падручніку, яшчэ ніколі такога не здаралася.

А ноччу мне нават саснілася бісектрыса. Не, не наша настаўніца па матэматыцы, не Мар’я Антонаўна, якую мы між сабой у класе так называлі з-за яе высокага росту і худзізны, а самая натуральная бісектрыса – прамая лінія з геаметрыі, якую і хлебам не кармі, а дай толькі падзяліць вугал надвае. Ляжу гэта я сабе на печы, а яна і заходзіць у хату – ні чалавек, ні звер, ні машына, а штосьці такое, як лінейка ці вяроўка, падзеленая на сантыметры і міліметры. I даўжынёй з качаргу. Я адразу скеміў: бісектрыса, хто ж яшчэ. Дзверы за ёй, нібы ў казцы, самі зачыніліся, і яна пытае ліслівым голасам:

– Дзе ў вашай хаце вуглы?

Мне каб спалохацца, а я – ні грама, але сэрцам чую, штосьці яна нядобрае задумала, і пачынаю грубіць:

– А табе нашто?

– Дзяліць, – кажа, – буду.

I вось бярэ яна сваё дзяліла, падобнае на брыгадзірскую казу, якой мераюць поле, і пачынае з кута. Раз адмерала, два, тут мяне і зусім злосць узяла. Ах жа ты, думаю, хлудзіна няшчасная, цябе ж не прасілі, не звалі. Знайшлася гаспадыня на чужыя вуглы! I як закрычу ўголас:

– Не дам дзяліць, бацьку скажу!

А яна мяне як штурхне ў плячо сваёй казой і бабульчыным голасам пытае:

– Што гэта ты дзяліць сабраўся?

А я толкам яшчэ не прачнуўся і мармычу:

– Вуглы дзяліць не дам!

– А хто іх збіраецца дзяліць? – здзівілася бабуля. – Здаецца ж, мірна жывём, бацька яшчэ не ажаніўся, мачыхі яшчэ вам не прывёў. А там бог святы ведае. Можа, яшчэ і давядзецца, – перавяла старая на сваё і ўздыхнула. А калі даведалася, што гэта ў мяне быў такі сон, і прадракла:

– Давучышся ты са сваёй анцілерыяй, што і не тое падзеліш. З дому мы з Санькам у той дзень выйшлі на досвітку і ў вучылішча прыйшлі рана – баяліся спазніцца. Ды і клопат у нас быў важны: сесці там, дзе не будзе той змяі ў акулярах, трапіць да спагадлівага маёра. Можа ж, хоць адным вокам што падгледзім, калі будзем гінуць.

Але то ўсё былі летуценні. Хто ў нас там пытаў, дзе каму хочацца сесці. Пастроілі групамі, як мы былі запісаны ў спісах, зрабілі пераклічку, і пайшлі шпакі, наступаючы адзін другому на пяткі, па класных пакоях – што нам з Санькам удалося зрабіць пры такой строгасці, дык хоць сесці за адзін стол. Усё ж такі, калі таварыш побач, спакайней. А на стале ўжо кожнаму па два аркушы паперы са сшыткаў у клетачку, а на паперы пячатка і нумар. Не пераменіш, не схітруеш. А калі ў клас зайшлі экзаменатары, не ведаю, як Санька, я ж проста абвяў увесь. Яна! Чорная і ў акулярах! Гэта ж каму не шанцуе, таго і бацька лупцуе. А з ёй яшчэ і лысаваты капітан у падмогу. Добры маёр камусьці іншаму дастаўся.

I што яны прыдумалі, змяя з капітанам? На дзвюх дошках напісалі розныя задачы, а потым паказалі, якому раду якую з іх рашаць. Ну і колькі той карысці, што селі мы з Санькам побач? У яго капітанская задача, а ў мяне – змяіная, у яго – на тупыя вуглы, а ў мяне – на вострыя. Тут не падгледзіш і не падкажаш, выграбайся сам як можаш. Ды і яны між сталамі шастаюць, нібы заведзеныя, боязна нават вокам скасавурыцца, не тое што галаву павярнуць. Правільна казаў Юрка: тут толькі трымайся.

Але, на наша здзіўленне, задачкі аказаліся лёгкімі. Рашылі мы іх не самыя першыя, але і не апошнія. Першы я паклаў ручку і пацёр далонь аб далонь ад задавальнення, а потым і Санька следам за дзедам. Калі мы, паклаўшы на экзаменатарскі стол свае рашэнні, выходзілі з класа, там яшчэ чалавек з дзесяць сядзела хто як: хто грыз ручку, хто ў глыбокай задуменнасці трымаўся рукой за галаву, хто шкроб у патыліцы. А яны кажуць – сяло!

На экзамене па алгебры нашы рады парадзелі, там-сям за сталамі ўжо сядзела па адным, але мы з Санькам ужо не так калаціліся, хоць зноў быў і той жа клас, і тыя ж парадкі, і тыя ж экзаменатары. Па чацвёрцы за геаметрыю ў нас было ўжо ў кішэні. Не такая яна і лютая тая чорная ў акулярах, як мы наслухаліся. Гэта хто двойку атрымаў, хто ўжо за парогам, для таго – канешне.

Пасля алгебры мы хадзілі па вучылішчы як свае, не ведаючы яшчэ і адзнакі. Гэта Юрка надаў нам упэўненасці. Прыбегшы ў вучэбны корпус, калі мы ўжо выйшлі з класа ў калідор, ён сам перарашаў нашы задачкі і сказаў, што ўсё ў нас правільна, менш як па чацвёрцы не будзе, калі мы чаго там не нахамуталі. А пасля гэтага павёў нас і ў сталоўку, дзе ён быў на той дзень дзяжурны. Праўда, там ужо ўсё паелі, але знайшлося і нам па поўным алюмініевым карцы кампоту і лусце добрага, сапраўднага хлеба, а не такога, як мы ядзім дома, у якім палавіна бульбы і рознай іншай мешані, каб мука так не разыходзілася. Словам, пасля алгебры мы ішлі з Санькам дахаты амаль шчаслівыя і сытыя. Я, праўда, быў менш сыты за Саньку. Са сваёй лусты я нёс палавіну дамоў на пачастунак Глыжку.

Па фізіцы было вуснае апытанне. Трымцелі ўсе, як цюцькі на марозе! А са мной здарылася такое, што я ледзь не пасівеў. Той самы капітан, што быў і на матэматыцы, загадаў мне рашыць на дошцы задачу. Задача як задача – нічога мудрага, мы ў школе спраўляліся і не з такімі. Перамножыўшы кілаграмы на метры, я, хуценька знайшоў адказ і бадзёра далажыў:

– Атрымалася дзве конскія сілы, таварыш капітан!

I тут у класе як зарагочуць! Не ўсе, праўда, а толькі двое з тых культурных гогаляў, і асабліва ў рабым летніку. У мяне і сэрца спынілася, вушы заняліся агнём: усё – праваліўся. Канец свету. Гляджу на дошку нібы на новыя вароты, і нічога не разумею, рука з мелам трасецца, не іначай у ліхаманцы. I раптам вушам сваім не веру.

– Малайчына. «Пяць»! – сказаў капітан і, звяртаючыся да веселуноў, дадаў: – Розніцы няма, што конскія, што лашадзіныя. Ён беларус. Фізіка на ўсіх мовах – фізіка, і смяецца той, хто смяецца апошні. Вось вы, – паказаў ён пальцам на рабы летнік, – ідзіце-тка да дошкі і пакажыце нам, ці ёсць у вас падставы рагатаць.

А я, толькі выйшаўшы за дзверы, нарэшце добра ўцяміў, чаму мяне паднялі на смех. А капітан! Не, гэта не капітан, а родны бацька. Хоць бы ён даў таму шляхціцу што-небудзь такое, каб той праваліўся. Яшчэ пабачым, як яно будзе. Мяне такі мае конскія сілы вывезлі, паглядзім, як ён выедзе на сваіх лашадзіных.

Мы з Санькам не ішлі дамоў, а таўкліся пад дзвярыма класа, каб дачакацца, як выйдзе той рагатун. Таўкліся і яго сябры.

I вось ён выйшаў, чырвоны і збянтэжаны. Таварышы акружылі яго цесным гуртам, трывожна зашапталіся. Падчулі і мы – тройка. Гэта нас вельмі расчаравала. Тройка яшчэ не значыць, што ён праваліўся. Вось калі б кол, было б добра – толькі б яго тады і бачылі ў вучылішчы. Але і так маё самалюбства было ўсцешана. Няхай нос не дзярэ. Сталіца мне знайшлася.

I вось надышоў дзень, калі мы здалі апошні экзамен – напісалі рускі дыктант. Адзнак мы яшчэ не ведаем, іх вывесяць на дошцы аб’яў толькі заўтра, але Санька так упэўнены, што нам пашанцуе і з дыктантам, быццам гэта і не экзамен, а семачкі. Хто ж яго тады і напіша, як не мы – лепшыя грамацеі сёмага «А»? Вось чаму мы на крылах ляцім дамоў і пасвістваем.

I як нам не свістаць, калі на нашым шляху да запаветнай мэты не засталося ніводнай перашкоды? Праўда, будзе яшчэ медыцынская камісія, але ж мы не зломкі якія, каб яе баяцца. Рукі і ногі на месцы, галава варыць, вочы і вушы, нібы ў добрага ката, усё бачаць і чуюць за пяць вёрст. Дык што нам камісія? Таму і дома яшчэ з парога я ўсім сваім пахваліўся, што мае пагоны ў шапцы.

…Прыйшоў вечар, мабыць, апошні для нас з Санькам вечар у роднай вёсцы. Адмыкалі на вуліцы каровы, вяртаючыся з лугу. Угаманіліся на вербах вераб’і, сытыя пасля дзённых налётаў на проса. Улёгся пыл пасля коней, якіх пагналі на луг у начное. I каля Скокавага двара абазвалася балалайка. З-за экзаменаў мы з Санькам не былі на пагулянках чорт ведае колькі – сходзім у апошні раз. Там, у нашай артылерыі, мабыць, такой волі не будзе. I, кажучы па сакрэту, хацелася крыху і пакрасавацца перад падлюбскімі шпакамі – Смыкам, Косцікам-балалаечнікам і Чыжыкам, калі ён не ў начным, – хоць мы ў гэтым сабе і не прызнаваліся. Ды і Каця з Сонькай-Кучараўкай няхай паглядзяць, задавакі мы няшчасныя ці не.

Але на пагулянцы нас чакала расчараванне. Каці і Сонькі не было. Дзяўчаты сказалі, што яны таксама нацэліліся ў навуку, хочуць паступіць у тэхнікум і таму сядзяць вечарамі ў Глёкаў і дзяўбуць граматыку. Гэта добра. Значыць, не ходзяць без нас гуляць.

На пагулянцы адразу зрабілася нецікава. Для прыстойнасці мы крыху пастаялі, перакінуліся слоўцам-другім з хлопцамі і пайшлі, так з ніводнай і не станцаваўшы. Хацелася непрыкметна змыцца, але наўздагон нам паляцела ўсё ж дзявочая насмешачка:

– Ох-ох, ваша высакароддзе, камандзіры!

Ахвота была з імі звязвацца. Мы з Санькам вышэй за гэта, нават не азірнуліся і, не змаўляючыся між сабой, пашыбавалі да Глёкавай хаты.

У адным з акон было святло. З-за фіранкі чуваць ціхая дзявочая гамонка. Яны, Каця з Сонькай. Зубраць. Тут мы з Санькам і пачалі шпацыраваць міма акон туды і назад пад свой любімы марш. Санька вядомы свістун, а тут перасвістаў самога сябе. Як мог, дапамагаў я. Раз за разам, праходзячы пад самымі вокнамі, мы на момант сціхалі і прыслухоўваліся, якое атрымоўваецца ўражанне. Ага, у хаце стала ціха – пачулі. Бачым, фіранка калышацца – падглядваюць. А потым дружна гэтак:

– Хі-хі-хі!

I больш нічога. Колькі мы пасля ні тапталіся, колькі ні маршыравалі, за акном – нібы вымерлі. А потым і лямпа патухла. Не выйшлі.

Тут Санька не на жарт раззлаваўся, а я дык і зусім разгневаўся. Падумаеш – цацы! Бачылі мы такіх. Ды мы, можа, там, у сябе ў артылерыі, і не такіх паненак знойдзем. Пойдзем у звальненне ў горад і пазнаёмімся. З намі тады любая пойдзе. А яны няхай хіхікаюць. I ад уяўлення таго, як гэтыя зубрылкі будуць румзаць і кусаць сабе локці, калі мы пад крэндзель будзем гуляць з гарадскімі, адразу зрабілася лягчэй на душы. Але крыўда ўсё ж засталася. З ёй мы і разышліся па хатах.

А раніцай усё гэта забылася. Мы былі ўжо ў вучылішчы, калі яно яшчэ толькі паснедала і строем з песнямі ішло ад сталоўкі, нам карцела хутчэй даведацца, ці прынялі нас.

Мы думалі, што будзем першыя, але ў спартыўным зале была ўжо процьма іншагародніх, якія жывуць у казармах, ды і мясцовых – хоць гаць гаці. Яны ўюцца каля сцяны, дзе вывешаны паперы, быццам мошкі мак таўкуць: адны падыходзяць, другія адыходзяць, трэція зноў вяртаюцца, вачам сваім не вераць, хто смяецца, хто руку сябру паціскае, а хто і стаіць моўчкі, апусціўшы галаву, або здзіўлена пазірае па баках – няўжо гэта праўда, што мяне не залічылі?

Санька ў спісе прынятых знайшоў сябе адразу і балюча пляснуў мяне па плячы:

– Ёсць!

А ў мяне – нібы вочы завязаны. Усе прозвішчы на сваю літару прачытаў і зверху ўніз, і знізу ўверх – няма. Сэрца – нібы ў калодзеж упала, і ногі ледзь стаяць.

– Не можа таго быць! – расхваляваўся і Санька. – Глядзі, каб куды так не ўціснулі, не па алфавіту. Не святыя ж яны, могуць і памыліцца.

Прайшліся мы з ім у дзве пары вачэй па ўсім даўжэзным спісе ад нейкага Анікеева да якогась Яцука – ніхто мяне нікуды не ўціснуў, няма мяне сярод тых, каго прынялі. Крыўдна да болю, я ледзь не плачу. Я ж так стараўся, так зжыўся з марай пра вучылішча, пра артылерыю, што лічыў ужо сябе без пяці мінут там, у казармах, у страі са звонкай песняй, каля гармат, і вось – на табе, як абухом па цемю. Кінуліся мы да другой паперы – адзнакі па дыктанту. Тут усё і высветлілася: Саньку – тры, мне – два. Вось дзе я спатыкнуўся, вось дзе пагібель мая.

Цяпер і Санька свайму святу не рады, ён таксама нібы апушчаны ў ваду, але спрабуе мяне суцешыць, маўляў, не ўсё тое і святло ў акне, што вучылішча. Жывуць жа людзі і без яго, не паміраюць. Ён сапраўдны сябра і дзеля мяне гатовы на ўсё:

– Хочаш, і я забяру свае дакументы? Пайшлі яны свіней пасвіць, каб я вучыўся ў іх без цябе.

I я веру, што гэта не проста прыгожае слоўца. Ён можа, ён такі. Але што мне з таго толку – сам не гам і другому не дам? Ён пад гарачку забярэ, а потым усё жыццё каяцца будзе, а я застануся вінаваты. Не хачу я, няхай вучыцца з богам. А мне заставацца вечным шпаком.

Тут адкуль ні ўзяўся Юрка, прыбег даведацца пра нашы поспехі і, даведаўшыся, толькі свіснуў:

– Ну і ну-у, і як ты, Іван, умудрыўся?

А чорт жа мяне ведае, вось умудрыўся ж. Пра што і не думаў, на тым спатыкнуўся. У школе менш чацвёркі ніколі не было, а тут як насланнё нейкае.

Але неўзабаве ўсё высветлілася. Юрка схадзіў у прыймовую камісію, кагосьці там папрасіў і вярнуўся з маім дыктантам.

Выйшлі мы з шумнага спартыўнага зала далей ад цікаўных вачэй, селі на лавачку пад сасной і пачалі разглядваць, на чым я спёкся. А вось на чым – на падвоеных літарах. I памылкі ў асноўным зроблены ў адным сказе, дзе гаварылася, што нейкі прафесар ехаў пасажырскім аўтобусам па нейкай там трасе. Вось гэты самы прафесар са сваёй паездкай мяне і падвёў пад манастыр, каб ён назад не вярнуўся. Усё я напісаў з адной літарай «с»: і прафесар, і пасажырскі, і траса. Проста з галавы вылецела, што па-руску трэба з дзвюма. А там яшчэ і па дробязі назбіралася: недзе проста літару прамінуў, дзве-тры коскі паскупіўся паставіць – і бывай, вучылішча! I ўсё з-за той мымры, што нам дыктавала, – не магла крыху на падвоеных пасіпець, як сіпела наша падлюбская русіца.

I вось я вяртаюся дахаты адзін, без Санькі. Яго паставілі ўжо ў строй і павялі ў сталоўку есці артылерыйскі паёк, а мне і яшчэ такім жа недарэкам вярнулі пасведчанне аб адукацыі, сказалі суцяшальнае слова, што наша яшчэ ўсё наперадзе, і адправілі прэч з вачэй.

Я іду не з вучылішча, я іду з хаўтураў, пахаваўшы сваю артылерыю, сваё афіцэрства. Што дома бацьку сказаць, які грошы, пазычаныя ў дзеда мне на новыя штаны, вярнуў ужо назад? А крый божа сустрэнецца хто з настаўнікаў, да якіх таксама дайшла слава пра нашы з Санькам поспехі,– скрозь зямлю мала праваліцца, згарэць можна ад сораму. I хто нас прасіў трубіць: пагоны ў шапцы, пагоны ў кішэні? Саньку пашанцавала, а мая шапка аказалася дзіравая. Вось табе і гарадскія паненкі пад крэндзель. Тут да сваіх цяпер носа не паказвай.

Спачатку я хацеў пераседзець дзе-небудзь за ваколіцай вёскі да цёмнага, каб потым прашмыгнуць, нібы мыш, у свой двор, не сустрэўшы на вуліцы нікога з аднавяскоўцаў, але перадумаў. А ці не лепей зараз, пакуль усе на працы? Толькі не трэба ісці па вуліцы, а па-за гародамі, а потым цераз платы, цераз парканы, дзе дабрачынныя людзі і не ходзяць, а толькі зладзеі ды ўцекачы. Сабак я не баюся. Сабака пабрэша, самае страшнае – за лытку грызне, а пытаць жа не будзе, здаў я экзамены ці не. Значыць, і славы не разнясе.

Наша хата на замку – яшчэ ўсе ў калгасе, і мяне сустрэў толькі Жук, завіляў хвастом, пачаў лашчыцца, за што і атрымаў добрага выспятка. Не лез бы ўжо хоць ён са сваімі пяшчотамі. Сабака зашыўся ў будку і, пакуль я адмыкаў хату, пакрыўджана паглядваў адтуль на мяне, быццам пытаючы: чым ён тут вінаваты?

Хоць і лета, я залез на печ і пакутую, і суцяшаю сам сябе: трэба яно мне, тое вучылішча-мучылішча, шчасце вялікае – строем хадзіць ды кожнаму казыраць. Не вялікі страх і ў калгасе парабіць да салдатаў, толькі вось хлопцы мянушку якую-небудзь прылепяць – гэта ўжо абавязкова. Ну, што ж – пражыву і з мянушкай.

Калі бабуля прыйшла з калгаса, я ўсё яшчэ перажываў.

– Чаго ты там стогнеш? – спытала яна, сеўшы на ўслон перахліпнуць з дарогі.– Захварэў, ці што?

Няпраўда, я не стагнаў, гэта я так уздыхаў, нібы кавальскі мех. А наконт хваробы бабуля добрую думку падала. Цяпер я ведаю, што сказаць бацьку: медыцынскую камісію не прайшоў – «зарэзала»! Дактары праклятыя! Медкамісія – гэта вам не двойка за дыктант. Я ж невінаваты, што здароўя няма.

Так я яму і сказаў за вячэрай, нават вокам не міргнуў. Трэба ж як-небудзь пасля ранейшай пахвальбы свой гонар ратаваць. I бацька толькі рукамі развёў – ну і ну, Саньку-замухрышку прапусцілі, а мяне, такога дзябёлага і вышэйшага за яго на галаву, – забракавалі. Тут у самы акурат заступілася за мяне бабуля:

– Чаго ты прычапіўся да чалавека? Санька не валяўся ўсю зімачку з сыпняком, а гэты ледзь выкараскаўся з таго свету. Думаеш, усё гэта бокам не выйшла?

I бацька паверыў.

Пазней за ўсіх заявіўся дахаты Глыжка. Яны з бацькам сёння з апошнім возам снапоў прыпазніліся, дык давялося хлопцу самому на луг каня ў табун адганяць. Убачыўшы мяне, брат кінуўся да стала:

– Ну што, Іван, узялі? Бабка яго хуценька астудзіла:

– Ідзі памыйся, нячысцік мурзаты! Не бачыш, у чалавека гора – дахтары зарэзалі.

Нячысцік стаіць і вачыма лыпае – зарэзалі, а я жывы.

Мы з Санькам – артылерысты

Подняться наверх