Читать книгу Мы з Санькам – артылерысты - Іван Сяркоў - Страница 6
Баця i маятнік
ОглавлениеЯ ніколі ў жыцці яшчэ не бачыў сваіх генералаў. Нямецкага ў вайну – давялося, дык і то здалёк. Праўда, гэта я зараз думаю, што то быў генерал, а можа, гэта і не ён, можа, якая іншая важная шышка ў пагонах пляцёнкай. Помню толькі, што бегалі перад ім немцы нібы апантаныя, цягнуліся ў струну, ляскалі абцасамі, а калі садзіўся ў легкавушку, нават дзверцы яму салдат адчыніў. Сам, бачыце, не мог – пан вялікі. А свае генералы нашу вёску чамусьці абміналі, хоць рознага войска цераз яе ішло і нямала, ці, можа, і заязджаў каторы, ды не трапіўся мне на вочы. Канешне, я разумею, што свой генерал – гэта свой, але ўсё ж такі і не са звычайнага поля ягада – начальства вялікае, не калгасная брыгадзірка цётка Нінка. А мне ж не толькі на яго глядзець, мабыць, і размаўляць давядзецца, штосьці ж ён у мяне пытаць будзе. Добра, калі дагаджу адказам, а калі, крый божа, язык праглыну ці буду мямліць сваё «ыгы»? Тут трэба набрацца смеласці. I ўсю дарогу я то набіраўся яе, то зноў губляў, і чым бліжэй да вучылішча, тым меней яе заставалася.
На маё шчасце, адразу на КПП сустрэў Юрка, як заўсёды, увесь адпрасаваны і начышчаны. Ён, аказваецца, даўно мяне тут пільнуе, каб зноў не прычапіліся якія-небудзь салагі. Юрка сам мяне правядзе ледзь не да генеральскага парога, каб я не бадзяўся абы-дзе, а своечасова быў на месцы як штык. Дзеля гэтага ён нават змыўся ад свайго старшыны, за што, вядома, можа і нагарэць, калі той схамянецца. Ну, скажыце, як такога таварыша не любіць? Гэта ж не Юрка, а – родны брат. З такім, як кажуць, і ў разведку можна ісці. А калісьці я думаў, што ён самахвал, – там, на нашых вясковых танцах.
– Ты генерала не бойся, не будзь мямляй, – быццам заглянуўшы ў маю душу, падбадзёрвае мяне Юрка дарогай, – у нас Баця справядлівы. Праўда, і строгі, але стружку здымае больш з афіцэраў.
Маім вушам не верылася: генерал і – Баця. Я гэтаму вельмі здзівіўся і абрадаваўся, душа крыху супакоілася, пачала вяртацца мая адвага. Калі б ён яшчэ і стружкі не здымаў, можна было б і зусім асмялець. Толькі ж чаго мяне кліча той Баця?
– А недабор, – растлумачыў Юрка. – Прыймовая камісія перастаралася, многа адсеяла.
Цяпер я ў душы злараднічаў: так ім і трэба, а то пераборлівыя вельмі – той ім не падыходзіць, гэты ім не падабаецца, падавай ім адных выдатнікаў. Гэта ж добра, што Баця-генерал справядлівы, мабыць, ён паказаў той камісіі, дзе ракі зімуюць, каб не грэбавалі такімі, як я.
У доўгім калідоры, пад дзвярыма генеральскага кабінета, якія абабіты чорнай цыратай, з надпісам на шкляной таблічцы: «Начальнік вучылішча» таўклося адсеяных душ з пятнаццаць. I ў мяне ўжо каторы раз за сённяшні дзень зноў спынілася сэрца. Па тварах хлопцаў я здагадаўся, што паперка ў маёй руцэ – гэта яшчэ не ўсё, што казаць «гоп» яшчэ рана. Напэўна, генерал сам высеўкі перасявае. I як у ваду глядзеў!
Нас пачалі выклікаць у кабінет па адным. Першыя двое выскачылі з кабінета праз адну-дзве хвіліны з усмешкай на ўсе зубы – залічаны. А ў іх жа таксама адзнакі на экзамены былі не золата. Народ пад дзвярыма павесялеў, а з народам – і я. Прарвёмся!
А трэці быў там з паўгадзіны. Што там генерал з ім робіць, чаму так доўга трымае? Смялейшыя спрабавалі нават падгледзець у замочную шчыліну – ні хваробы не відаць. Хлопцы затрывожыліся – і нездарма: выйшаў ён адтуль чырвоны, разгублены, нічога нам не сказаў, толькі ў роспачы махнуў рукой і падаўся моўчкі на вуліцу. А што тут гаварыць – не прынялі.
Пасля гэтага выклікалі мяне. Я пераступіў генеральскі парог нібы ў сне, пераступіў і адразу разгубіўся, бо зразумеў, што гэпаць па генеральскай падлозе маімі чаравікамі, як вучыў нас с Санькам той салага пры першым нашым з’яўленні ў вучылішчы, мабыць, нельга: падлога тут далікатная – не з дошак, а нейкіх клёпак у елку, – таму па бацькавай навуцы і пачаў рапартаваць з самага парога:
– Таварыш генерал!
I не пазнаў свайго голасу, быццам я свісток праглынуў, такі ён аказаўся тонкі. А мне ж трэба быць бойкім, смелым хлопцам. I, збіўшыся, я залямантаваў яшчэ гучней:
– Таварыш генерал! – і зусім заблытаўся. – З’явіўся… прыбыў… Сырцоў… па вашаму загаду… не – выкліку!..
Атрымаўся не рапарт, а гора, і будзе дзіва, калі мяне адсюль не вытураць за такі рапарт.
Генерала я пазнаў адразу, хоць за сталом сядзела трое: ён зусім сівы і старэйшы за астатніх, зусім не такі, як мне ўяўлялася. Я чамусьці думаў, што ў яго павінна быць пуза, як у туза, бо генералаў жа, мабыць, нішчымнай бульбай не кормяць, мабыць, ім і сала неўпоед, а ён сядзіць худоба худобінай, на шчоках глыбокія барозны зверху ўніз, адно што мундзір і залатыя пагоны, а так і не сказаў бы, што генерал. Афіцэры, што былі з ім побач, моўчкі ўсміхаліся, гледзячы на мяне, а сам ён – ні-ні, сур’ёзны, толькі сказаў:
– Не ўмееш і не трэба. Падыдзі бліжэй.
Тут і пасыпалася, нібы з мяшка: адкуль я, хто бацька, ваяваў ён ці не, хто яшчэ ў сям’і ёсць. Гэта ўсё цікавіліся афіцэры, і я адбіваўся ад іх як мог: дзе бойка адказваў, а дзе злятала з языка адно «ыгы». А генерал тым часам маўчаў, разглядваў нейкія паперы. Хоць бы ён спыніў іх, а то я ўжо і потам пакрыўся. Нарэшце абазваўся і ён:
– Па матэматыцы ў яго даволі прыстойна, нават пяцёрка ёсць…
I ў мяне камень зваліўся з душы: значыць, Баця за мяне. Правільна Юрка казаў, што ён справядлівы, а гэтыя прычапіліся як сляпы да плота – хто, ды што, ды адкуль?
– А вось што будзем з двойкай рабіць па дыктанту, а? – гэта ўжо генерал звяртаўся да мяне. – Што скажаш, хлопча?
А што я скажу? Сказаць мне няма чаго, я толькі стаю і сам сабе думаю: будзь ты чалавекам, генерал, паглядзі на мяне – я ж харошы. Ну, з кім не бывае? Але да яго мае думкі не даходзяць, ён разгаварыўся не на жарты. Яму не трэба невукі. Што такое афіцэр, ды яшчэ артылерыйскі? Ён павінен быць пісьменным, і не проста пісьменным, а шырока адукаваным чалавекам, каб разбірацца не толькі ў гарматах, ён павінен быць, нібы дома, і ў літаратуры, і ў мастацтве, і, калі хочаце, у музыцы. Афіцэр – гэта свецкі чалавек, а не салдафон з пустой галавой, за яго не павінна быць сорамна, калі ён выйдзе на людзі, каб на яго не паказвалі пальцам і не гаварылі: а яшчэ афіцэр! Ён павінен быць узорам для сваіх салдат, якіх яму давядзецца вучыць і выхоўваць, і наогул – для ўсіх. Афіцэрства не ў залатых пагонах, не ў зорках на плячах, а ў высокай культуры.
I чым больш генерал гаворыць, тым менш у мяне надзеі: няма ў мяне ні такой культуры, ні свецкасці, якой яму хочацца, адно што нос ужо рукавом не выціраю. Ну, і ў музыцы крыху петру – «Сербіянку» ад «Страдання» адрозніць магу.
Але ўсяго таго, чаго ён ужо нагаварыў, яму яшчэ мала. Афіцэр павінен валодаць і замежнай мовай, а тут, калі ласка, – і ў сваёй, нібы ў цёмным лесе.
– Ты зразумеў, хлопча? – спытаў, нарэшце, мяне генерал.
Я ўсё зразумеў, апрача аднаго – прымаюць мяне ці выганяюць, – і на ўсялякі выпадак хацеў сказаць «так точно», а атрымалася зноў праклятае «ыгы».
– Ну, калі «ыгы», – падвёў вынік генерал, – то запішам мы цябе ў другую батарэю да падпалкоўніка Асташэўскага. А за рускую мову, хлопча, вазьміся як след!
– Благадар-ру! – адчаканіў я тут жа чыста па-руску і з паперкай у руцэ, якую мне даў афіцэр, што сядзеў побач з Бацем, выпырхнуў з кабінета, ледзь дзверы лбом не высадзіў ад радасці.
– Прынялі! – выпаліў я хлопцам, што пакутавалі яшчэ пад генеральскімі дзвярыма, і яны зноў павесялелі.
– Прынялі! – радасна сказаў я Юрку, які чакаў мяне на двары, каб не мазоліць вачэй начальству каля генеральскага кабінета. Юрка таксама абрадаваўся, моцна паціснуў мне руку, але, прачытаўшы паперку, што мне далі ў генерала, чамусьці расчаравана прысвіснуў:
– Да Асташэўскага?
Я ўстрывожыўся: што такое, чым яму не падабаецца падпалкоўнік Асташэўскі?
– Маятнік? Гэта ж самы занудлівы камбат…
– А чаму – Маятнік?
– Сам убачыш, – загадкава ўсміхнуўся мой апякун.
Але маю радасць нішто не магло зацьміць. Я ўжо – не шпак, мяне прынялі ў вучылішча, я генерала не спалохаўся, дык што мне цяпер нейкі Маятнік? Ён жа мяне не з’есць. Вядома, было б лепей трапіць да маёра Барданоса, якога так нахвальвае Юрка, той быццам свой у дошку, але ж тут ужо капрызіць не будзеш, не дома, каб строіць гіморы.
Нарэшце мы з Юркам развіталіся, ён пайшоў у сваю казарму, а я ўжо – у сваю. На лесвіцы, што вяла на другі паверх, праверыў, ці ўсё маё на сваім месцы. Здаецца, усё: кепка на макушцы, каўнер кашулі зашпілены на вайсковы гузік, адно што раменьчык на штанах трэба падцягнуць на апошнюю дзірачку – падвяло жывот. Толькі вось бацькавым чаравікам нічога не зробіш. На дзёгаць, якім іх наваксілі дзеля чарнаты, наліпла столькі пылу, што не відаць ні чорнага, ні рудога. Тут ужо чысці іх хоць трэсні, а блішчаць яны не будуць. I толькі прывёўшы сябе ў поўны парадак, я ўзяўся за клямку высачэзных і цяжкіх дзвярэй. Якая яна там, казарма?
Першы мне трапіўся на вочы новаспечаны салага. Стрыжаны «пад Катоўскага», у новай вайсковай адзежы, якая тапырылася на ім лубам, ён, нібы каменны, стаяў ля сцяны калідора побач з тумбачкай і глядзеў на мяне, як пралетарый на буржуя – падазрона і сурова. Я зразумеў, што ён касцьмі ляжа, а чужынца не прапусціць. Пранізаўшы мяне пільным позіркам, ён ледзь-ледзь усміхнуўся пагардлівай усмешкай. Зразумела – на яго стрыжанай галаве пілотка з зоркай, на плячах пагоны, пояс з меднай бляхай, а на мне з вайсковай амуніцыі ўсяго бацькаў гузік ды скараходы. Толькі пляваў я на яго ўсмешку.
– Падпалкоўніку ад генерала!
Вось гэта я яго агрэў! Куды і важнасць падзелася, разгубіўся хлопец, не ведае, што рабіць, бо сам зялёны. Ён спачатку быў памкнуўся з маёй паперкай кудысьці бегчы, а потым схамянуўся і зноў да тумбачкі прырос, вярнуў мне яе назад. Можна падумаць, што ў той тумбачцы золата і яе нельга пакінуць без нагляду. Я хачу ісці ў дзверы, а ён мяне не пускае – стой. Ну і стаім адзін супраць аднаго, нібы казлы, сустрэўшыся на кладцы. Ён, бачыце, днявальны і пастаўлены тут, каб не пускаць пабочных асоб. Што гэта за чын такі, я дагэтуль і не чуў, але думаю, што невялікі. У мяне генеральская папера, і днявальны мне не перашкода: выбраў момант, калі ён даў зяўка, і – з калідора ў казарму.
Дык вось яна якая – гумно ў калгасе меншае! Справа і злева ўздоўж сцен з вялізнымі вокнамі даўжэзныя рады ложкаў. Між імі мітусіцца абмундзіраваны, стрыжаны народ – галовы, быццам качаны. Што робяць хлопцы, не разумею: ці то яны прыбіраюць, ці то сцелюць пасцелі. Адзін побач са мной, прыгнуўшыся да спінкі ложка, цэліцца, нібы з ружжа, і рукой махае то туды, то сюды, а іншыя па яго камандзе раўняюць спінкі ложкаў, каб было, быццам пад лінейку. Сярэдзіна казармы ложкамі не застаўлена – вуліца вуліцай. Па ёй туды-сюды шпацыруе афіцэр, назіраючы за хлапечай мітуснёй. Дзіўна мне, вясковаму, на ўсё гэта глядзець, хаця я па бацькавых расказах прыблізна так сабе казарму і ўяўляў.
Але вось афіцэр спыніўся. Высокі, крыху ў жываце паўнаваты – і пачаў на месцы ківацца. Заклаўшы вялікія пальцы рук за сваю папругу, ён то падымаецца на насках, то ападае на абцасы і ўсім тулавам хістаецца – наперад-назад, назад-наперад, – а сам арліным позіркам паглядае вакол сябе. Дык гэта ж і ёсць Маятнік – падпалкоўнік Асташэўскі.
I тут ужо я падлогі не пашкадаваў – не з далікатных клёпак – і добра такі тупнуў разы са тры, падыходзячы да яго. Памойму, падпалкоўнік вельмі здзівіўся майму нечаканаму з’яўленню, ён нават перастаў ківацца і здзіўлена спытаў:
– А гэта яшчэ што за з’яўленне Хрыста народу?
Я лыпаю вачыма, не магу даўмецца, якое дачыненне мае да мяне Хрыстос, а ўсім, хто гэта пачуў, смешна. Генеральскую паперку падпалкоўнік прачытаў уважліва, нават глянуў на адваротны чысты бок, ці не напісана і там чаго. А затым – мала мне было ў Баці – свой пачаў допыт:
– Як здаў геаметрыю?
– Чатыры, – буркнуў я пад нос.
– Не чую!
Мала таго, што Маятнік, дык ён яшчэ і глухі.
– Чатыр-ры! – бадзёра паўтарыў я яму.
– А фізіку? – не супакоіўся ён.
– А фізіку – на «пяць», – з годнасцю і з разлікам на яго недачуванне гучна адказаў я.
Чую, што паласкавеў:
– Глядзі, які Ньютан! Малайчына!
Думалася, што пасля гэтага ён адчэпіцца, не – зноў цягне жылы:
– А дыктант?
Памятаючы бацькоўскі наказ, да гэтага пытання я еў падпалкоўніка вачыма, так ужо глядзеў яму ў твар, як наш заўсёды галодны Жук на кавалак хлеба, адно хвастом не віляў, дык толькі таму, што ў мяне няма, а тут апусціў галаву і прашаптаў, ледзь сам сябе пачуў:
– Двойка.
Не, не такі ён ужо і глухі, пра двойку дык і шэпт пачуў. Яго нібы ўкусілі ці варам аблілі:
– Што? Двойка! Выганю!
З сёмага неба, на якім я ўжо быў пасля размовы пра фізіку, я паляцеў у апраметную. Уся казарма прыціхла, быццам у ёй не было ні душы. Няма чаго і казаць, што калі б было можна ў гэты момант мне куды-небудзь знікнуць, зашыцца ў якую-небудзь шчыліну ці вераб’ём выпырхнуць у фортку, то я не чакаў бы і хвіліны. Але я не мыш і не верабей – нікуды не зашыўся і не выпырхнуў, а стаю ёлупнем і, як гаворыцца, – ні мур-мур. Праўда, я не зусім гэтаму Маятніку веру, не такі я ўжо і прасцяк: калі сам генерал з маёй двойкай змірыўся, дык куды ён дзенецца – усяго падпалкоўнік.
Але ўсё адно страшна.
– Выганю! – грозна паўтарыў ён яшчэ раз мне ў макушку і больш спакойна дадаў: – Калі ў першай чвэрці не выправіш на чатыры. Будзеш потым хадзіць невукам па горадзе і чытаць шыльды па складах, дзярэўня-матухна.
I я зразумеў, што навальніца мінула, нікуды ён мяне не выганіць, што мяне хутка абмундзіруюць, як і ўсіх, паставяць, нарэшце, на катлавое забеспячэнне і буду я есці армейскі паёк і вучыцца. А за двойку няхай падпалкоўнік вельмі не хвалюецца: за чвэрць можна чорту рогі абламаць, не тое што вывучыць граматыку. Не буду я чытаць шыльды па складах, няхай не грозіць.
Асмялеўшы, я падняў галаву і зноў пачаў есці яго вачыма на поўныя зрэнкі. I тут краем вока ў самым дальнім куце казармы заўважыў Саньку – галава голая, нібы гаршчок, вушы лапухамі. Ён радасна мне ўсміхаецца і падміргвае. Жывём, дружа!