Читать книгу Мы з Санькам – артылерысты - Іван Сяркоў - Страница 3

Напярэдадні штурму

Оглавление

Мы з Санькам – дзеравеншчына. Вось пражылі свой хлапечы век і нічога яшчэ толкам не бачылі, апрача немцаў, пажараў, бульбы-гнілушкі. Толькі таго і свету было, што сямігодка, поле, луг ды гарадскі рынак, дзе мы прадавалі шчаўе, каб купіць сабе сшыткі і кніжкі. I не дзіва, што цяпер мы ходзім па вучылішчы, і многае нам у навіну. Прывёў Юрка ў спартыўны зал – раты разявілі: вялізны ж, як гумно, а вокны пад самай столлю. Хваробу ты праз іх што-небудзь на вуліцы ўбачыш. Адна сцяна наогул не наша, Юрка кажа – шведская. На ёй ад столі да падлогі драўляная рашотка. Нейкія рэйкі ў кутку стаяць на жалезных нагах з нікеляванымі круцёлкамі. Гэта нібыта спартыўныя брусы. А для чаго яны, бог святы знае.

А народу тут, як у вулеі, і ўсё – шпакі. Гэта ж іх столькі рвецца ў афіцэры! А ўсіх жа, мабыць, не возьмуць. Значыць, і мы з Санькам можам праляцець міма. I ў нас павіслі насы.

– Ну, будзе штурм! – пацвердзіў нашу боязь і Юрка, але, заўважыўшы наш кіслы выгляд, тут жа і падбадзёрыў: – Трымайце хвост пісталетам – прарвёмся.

Узяўшы нашы «выклікі», ён знік у шумным, устрывожаным хлапечым натоўпе, а мы засталіся адны, без павадыра. Адчуванне такое, быццам нас кінулі ў ваду, а мы не ўмеем плаваць. Куды тут сам паткнешся, у каго спытаеш, што і калі будзе? Вакол такі ж разгублены, нястрыжаны і зануджаны народ. I толькі зусім нямногія, чалавек гэтак пяць ці шэсць, ходзяць гогалямі. Яны і пастрыжаны па-гарадскому, і апрануты, і абуты чысцей і багацей за астатніх. Адзін нават парыцца ў летніку, такі ён важны. Ходзяць гэтыя гогалі сваім гуртам, трымаюцца ўпэўнена, фанабэрыста і размаўляюць ужо так культурна, што нам, вясковым, далёка да іх скакаць. Гэтак размаўляла ў нашай школе толькі Ала Бобрыкава, ці прасцей – Бабрыха, дачка калгаснага бухгалтара, які прыехаў да нас аднекуль з далёкага горада. Дык мы ёй за гэта праходу не давалі, як сустрэнем, так і падкусім: «Моя мама городская, говорит на букву «гэ»: Гриша, гад, гони гребенку, гниды голову гризут!» А яна не заставалася ў даўгу і абзывала нас замурзанай дзярэўняй. Так гэта цягнулася, пакуль з-за яе не пачаў рабіць нам паскудствы малады кінамеханік, які прыязджаў па нядзелях у вёску са сваёй перасоўкай. Ён перастаў нас пускаць у кіно, а яе – калі ласка, і без білета. Мусілі мы прыкусіць языкі.

Шуміць, хвалюецца спартзал. У некаторых у руках падручнікі: у каго геаметрыя, у каго алгебра, а адзін, бачым, з хіміяй прахаджваецца. Тут у нас з Санькам і сэрцы пад лёд. Няўжо і хімію здаваць трэба? Хоць Юрка і гаварыў, што толькі рускую мову і матэматыку, але ж начальства магло і перадумаць, бо калі раскінуць мазгамі, дык артылерысту без хіміі нельга. Павінен жа ён ведаць, як ды з чаго робяць порах і тол. Без пораху і толу не стрэліш і не ўзарвеш. А мы з Санькам хімікі нікудышныя, хіба што ваду ад малака і можам адрозніць.

Па-мойму, яе і нашы падлюбскія настаўнікі гэтак жа разумеюць. У нас, у школе, пакуль што няма яшчэ ні сапраўднага хіміка, ні хімічкі. Выкладалі нам гэты прадмет то Бісектрыса, настаўніца па матэматыцы, то сам дырэктар. Хімічылі мы з імі да выпускных іспытаў і цвёрда ўразумелі толькі адно – формулу вады. Дык яна ж такая простая, што і каню можна ў галаву ўбіць, не тое што нам. Мудрасці там: «аш» два і «о». Словам, калі ўзяць дзве вадародзіны – гэтыя самыя «аш», ды адну кіслародзіну – тое ж самае «о», а затым старанна ўсё гэта перамяшаць у якой-небудзь пасудзіне, хоць і ў карцы, – вось табе і вада. Да практычных доследаў справа, праўда, у нас не дайшла, таму што ў Падлюбічах няма дзе ўзяць чыстага вадароду і кіслароду, усё даўно само перамяшалася ў калодзежах, у раўчаку і возеры. Для чаго толькі формула прыгадзілася, дык гэта Саньку скласці верш пра свае боты:

Мае боты, брат, таво —

Прапускаюць аш два о —


што значыць: дзіравыя і цякуць.

Але неўзабаве прыйшоў Юрка, і нашы хімічныя пакуты скончыліся. Ён зноў пацвердзіў, што хімія – гэта выдумкі, затое матэматыку будуць патрабаваць – толькі трымайся, таму што ў артылерыі без яе нельга і кроку ступіць. Хто не ўмее лічыць, таго тут і трымаць небяспечна: яшчэ, крый божа, умажа па сваіх, што і касцей не збярэш.

Але нас з Санькам ім баяцца не варта, усё ж такі ў школе нас Бісектрыса хваліла і ставіла пяцёркі. Мабыць, у нас ёсць шанцы.

– Шанцы шанцамі,– сказаў на гэта Юрка, – а ўсё адно будзьце гатовы, бо на адно месца два ахвотнікі. Так што будзе вялікі штурм, – паўтарыў ён зноў сваё.

I тут хлопцы, што гаманілі між сабой побач з намі, раптам прыціхлі і хуценька некуды падаліся. Правялі мы іх вачыма, а там, ля дальняй сцяны спартзала, шпакі нешта ўжо штурмуюць: шумяць, базараць, штурхаюцца, піхаюцца, заднія мала на галовы пярэднім не лезуць. Аказваецца, пакуль мы тут варон лавілі, там нехта павесіў расклад экзаменаў і яшчэ нейкія паперы. Ну што ж – штурм дык штурм. Кінуліся і мы з Санькам, паспрабавалі локцямі пратачыцца ў натоўп, але куды там – палец не лезе. Пачалі шыі выцягваць і падымацца на дыбачкі – нічога не відаць. А Юрка падышоў і толькі падаў голас – ану, пастараніцеся – і перад ім дарога. Вось што значыць вайсковая форма, вось што значыць бліскучыя пагоны. Мы следам ідзём, а на нас глядзяць і, мабыць, зайздросцяць. Зразумела, што кожны хацеў бы мець такога заступніка. Нават тыя гарадскія гогалі пазіраюць на нас з павагай.

Чытаем мы разам з Юркам, што там у паперах на сцяне напісана, і радуемся – першы экзамен толькі паслязаўтра – можна яшчэ д’яблу рогі абламаць, не толькі падрыхтавацца. Мы з Санькам запісаны ў адну групу – выручым адзін аднаго, калі што. Словам, вешаць носа сапраўды не варта. Будзем трымаць хвост пісталетам.

Прачытаўшы ўсё, што нам было трэба, мы так жа, без перашкоды, спакойна і важна выйшлі з хлапечага акружэння ўслед за Юркам, нібы ад’ютанты за генералам.

I тут яго апякунства над намі на гэты дзень, на вялікі жаль, скончылася. Ён пачаў з намі развітвацца, бо служба – не дружба: яму трэба ісці ў казарму і рыхтавацца да нейкага там дзяжурства. Ён і нам раіў не губляць часу, а бегчы дахаты ды сесці за падручнікі, каб асвяжыць у памяці формулы. Але мы крыху забарыліся. Іншыя ж не разыходзяцца, а чагосьці чакаюць, дык чаго ж мы пабяжым? Што ў нас, дома коз воз ці дзяцей загарадзь, дык галодныя сядзяць? А тут яшчэ што-небудзь, глядзіш, і разведаем.

Ходзім мы з Санькам па залу, то да аднаго гурту прысуседзімся, то прытулімся да другога, і ўсё прыслухоўваемся, пра што гаворка. А гаворка ідзе карысная, людзі ўсё ведаюць. На матэматыцы, напрыклад, лепш не трапляцца да жанчыны. Ёсць тут, у вучылішчы, такая выкладчыца, чорная, у акулярах – ну і змяя! Варухнуцца не дае, не тое што шпаргалку перапісаць. А вось маёр ёсць у іх – той добры. Так што нам з Санькам – кроў з носа – трэба трапляць да маёра.

А ў прыймовай камісіі, кажуць, сам генерал – жудасць!

А ў каго слабы зрок, таго медыцынская камісія «зарэжа». Мы з Санькам на вочы не скардзімся, а там – хто ж яго ведае. Можа, пакажуць такое, што пад мікраскопам не ўбачыш.

I чым больш, тым страшней. Адно нас толькі крыху суцяшае – сірот будуць браць у першую чаргу. А мы з Санькам усё ж сіроты, хоць і не круглыя: у яго няма бацькі, а ў мяне – маткі. Можа ж, яны хоць трошкі ўлічаць гэта.

Стаім мы з сябрам, памяркоўна гэтак раздумваем, і раптам нехта з парога як крыкне:

– Выхадзі строіцца!

Вось як яно бывае. Гэта ж шчасце, што мы Юрку не паслухаліся і не змыліся адсюль. Выходзіць, і ён не ўсё наперад ведае. Ідзіце дамоў, а тут сама служба пачынаецца. Вось потым кусалі б локці.

Строіліся мы доўга: спачатку ўсе мітусліва тоўпіліся табуном, штурхаючыся, наступаючы адзін аднаму на ногі, як быццам на пляцы не хапала прасторы. А нам з Санькам і зусім не знаходзіцца месца ў страі: куды ні кінемся – ужо занята, адусюль выпіхваюць, ледзь прыляпіліся ў самым хвасце. Стаім. Хвалюемся. Ну, думаю, правільна бабуля журылася пра мае штаны, не вернемся мы ўжо сёння ў Падлюбічы, не давядзецца іх даношваць Глыжку. Вось зараз скамандуюць: «Шагам марш!» – і павядуць у сталоўку ці яшчэ куды. Можа, і пераапранаць. Мы ж не ведаем іх парадкаў. Але немалады ўжо старшына, ні даць ні ўзяць – вясковы дзядзька, толькі ў абмундзіраванні, у картузе з казырком-лапатай, які доўга, цярпліва назіраў за пастраеннем, з першых слоў паставіў нас у тупік:

– Тут усе іншагароднія? Штосьці вас, гаўрыкі, многа.

Мы з Санькам, адчуўшы нядобрае, закруціліся: а мы – хто, іншагароднія ці якія?

– Гамяльчанам выйсці са строю! – скамандаваў старшына.

Многа выйшла, чалавек з дваццаць. Я таксама памкнуўся быў пакінуць строй, але Санька ўтрымаў мяне за рукаў.

– Ты што – з Гомеля? – насмешліва спытаў ён, і ў гэтай насмешцы была ўпэўненасць, што нас з ім каманда старшыні не датычыцца.

I добра, што я не выйшаў. Аказваецца, нас сапраўды павядуць зараз у казарму ўладкоўваць на начлег і возьмуць на часовае катлавое забеспячэнне. А гамяльчане няхай сабе шуруюць дамоў і ходзяць потым здаваць экзамены па раскладу. Гэта іншагароднім няма куды дзецца, а ў іх бацькі не за гарамі. Але і наша з Санькам свята было нядоўгім. Яго хапіла якраз на столькі, колькі спатрэбілася часу старшыне, каб праверыць усіх па спісу. Якіх там прозвішчаў толькі не было: і Кузняцоў і Гецьман, і Сіманян… Былі такія, што з першага разу і не прачытаеш, а вось нашых, звычайных, вясковых прозвішчаў старшына так і не выгукнуў. Стаім мы, разгубленыя, збянтэжаныя, і не ведаем, што рабіць, ці самім выходзіць, ці чакаць, пакуль не вытураць. Нарэшце Санька адважыўся і падаў голас:

– А Макавей?

– Макавей? – перапытаў старшына і моўчкі ўтаропіўся ў паперы, а ўвесь строй павярнуў на нас галовы і пачаў разглядваць хто з цікаўнасцю, а хто з усмешкай, мы аж пачырванелі. Надзеі ўжо не было ніякай.

– А які горад? – зацікавіўся старшына, нічога не вычытаўшы ў сваіх спісах. I зноў усе ў наш бок галовы – круць. Некаторым не відаць, дык аж шыі выцягваюць. Хоць пад зямлю праваліся.

– Дык не горад жа, а сяло Падлюбічы, – зрабіў я нясмелую спробу ўтлумачыць някемліваму старшыне, хто мы такія, а ён мне на гэта і секануў:

– Не паложана! Тут толькі далёкія, а вы мясцовыя. Выходзь!

Мы з Санькам выйшлі, як пабітыя, а нам у спіну нейкі жаргаўнік яшчэ і кінуў:

– Ну і сяло-о!

Зыркнуў я цераз плячо – а гэта той самы гарадскі гогаль у рабым суконным летніку. Яшчэ стаіць і хмыліцца. Вялікі герой. Нездарма кажуць, бачна пана па халявах. Правільна старшына на яго цыкнуў:

– Разгаворы ў страі!

Іншагародніх павялі ў казармы, а мы з Санькам, пакрыўджаныя і раззлаваныя, узялі кірунак на радзіму. Няма праўды на свеце: яны, бачыце, далёкія, а мы на сваіх дваіх пятнаццаць вёрст сюды адмахалі, ды цяпер столькі ж трэба, каб дома быць. А ўжо і сонца на захадзе.

Хаця, калі падумаць, трэба было паслухаць Юрку, дык ужо і дома былі б, і не трапілі б у гісторыю. А то захацелі разумнейшымі быць. Катлавое забеспячэнне нам падавай, а можа, яны на нас і не гатавалі. Што ж, абыдземся і каржом з новага жыта, яшчэ і яблыкам загрызём, што застаўся ад тых салагаў.

Мінуўшы КПП, мы зноў разуліся, перакінулі абутак цераз плячо і дзе крокам, дзе подбегам прыпусцілі па Батарэйнай. Крыўда паціху ўнялася, цяпер у нас на языках толькі матэматыка: катэты, гіпатэнузы, вуглы, градусы і паралельныя прамыя, якія ніколі не перасякаюцца, хоць ты іх вядзі ўсё жыццё.

Там паглядзім, хто з нас – сяло, а хто – сталіца.

Мы з Санькам – артылерысты

Подняться наверх