Читать книгу Мы з Санькам – артылерысты - Іван Сяркоў - Страница 5
Генералы ўсё могуць
ОглавлениеЦі мала кім можна стаць у жыцці. Хіба на артылерыі свет клінам сышоўся? Бацьку, напрыклад, нават больш падабаецца машыніст паравоза. Залез сабе ў паравозную будку, націснуў што трэба, павярнуў рычаг, даў гудок – паравоз пабег па рэйках, а ты сядзі і куры. Праўда, перад станцыяй ужо асцерагайся, тут глядзі, семафор адкрыты ці не. Калі адкрыты – шуруй сабе далей, ні на што не звяртай увагі, а закрыты – стой і пыхкай парай. Бацьку адзін знаёмы машыніст катаў на паравозе яшчэ да вайны, таму ён усё гэта і ведае. I мундзіры ў іх зараз не горшыя за афіцэрскія, толькі чорныя. Вядома ж, людзі больш каля вугалю. I пайкі ў іх, кажуць, па вайсковай норме. I грошы ім даюць добрыя. Чым не лацвей? А той знаёмы машыніст, калі яго папрасіць, дапаможа мне ўладкавацца ў іх школу – павучуся і буду таксама ездзіць на паравозе ды з акенца паплёўваць. Бацька напяваў мне гэта, пакуль і спаць не палеглі.
– А не хочаш – глядзі сам, – заключыў ён у рэшце рэшт і дзьмухнуў на лямпу.
Ляжу я, а вочы хоць выкалі – не спіцца, усё думаю, куды мне дзецца. Яно і настаўнікам было б нядрэнна, раней мне хацелася ім быць, і ў школе агітавалі, але тут, мабыць, нічога не атрымаецца. Не будзе рэшата бобу, як звычайна гаворыць бабуля. У тэхнікуме, кажуць, стыпендыя такая, што за адзін дзень можна праесці. Гэта, каб тэхнікум быў недалёка ад хаты, дык прыбег ды паабедаў, хоць нішчымніцай. Ды і з вопраткай туга – далей няма куды. Чуў я, як бацька перад сном уздыхнуў:
– Гэта ж цяпер, старая, нам на штаны хлопцу трэба разжывацца, ды і світку нейкую на зіму не шкодзіла б. Парсюка збыць, ці што?
Словам, нарабіў клопату той дыктант і мне і бацьку. Але няхай ён не вельмі журыцца – я і сам сабе зараблю. Падумаю добра і пайду ў прычэпшчыкі. Яны часта змяняюцца. Кажуць, што цяжка. Нічога, перажыву. На плузе за трактарам ездзіць – не пешкі хадзіць. Канешне, зямлі пад’ясі болей, чым хлеба, затое заробкі пастаянныя.
А лепш за ўсё – у конюхі, памагатым да Пецькі Чыжыка. Ён жа мой аднагодак, дык што я з табуном не спраўлюся? Праўда, з Пецькам даглядае коней і дзед Каўрач, але там таго дзеда столькі – адзін кашаль застаўся. Як на луг табун гнаць, дык на каня трэба падсаджваць, быццам на печ. Вось я на яго месца і стану. Таксама што ні дзень, дык працадзень, а то і паўтара.
– Ну калі тое і будзе, то хіба па восені, як снапы звязуць і бульбу пакапаюць, – сказаў раніцай бацька, пачуўшы пра мае намеры пайсці ў конюхі,– а пакуль што паставіць цябе брыгадзірка хутчэй за ўсё на маё месца – снапы вазіць, а мяне, відаць, пашле на малатарню, бо мужыкоў там мала, ды і тыя калекі.
А бабулі мае конныя задумы прыйшліся не па душы:
– Табе на кані гарцаваць, а мне штаны латаць? Дзе гэта я намеюся тых латак ды нітак?
– Там яно яшчэ відаць будзе, – супакоіў яе бацька, і мы пайшлі на калгасны двор, пайшлі ўсёй сям’ёй: наперадзе бацька з бабуляй, за імі я і Глыжка з пугай цераз плячо.
Нінка-брыгадзірка, чорная ад сонца, нібы галавешка, убачыўшы мяне, узрадавалася, як роднаму сыну.
– Вось малайчына, што вярнуўся ў брыгаду, – затараторыла яна, па-мужчынску здароўкаючыся са мной, а потым разанула сябе рукой па шыі,– мне мужыкі во як трэба.
Пакуль што ніхто з мяне не смяецца: мужчыны кураць пад кузняй, жанчыны гамоняць сваім гуртам. Нікому я не ў галаве. Дарма толькі ўчора, вяртаючыся з вучылішча, хаваўся ад людзей, нібы бадзяга з Сахаліна.
Але ў хлапечым гурце мяне сустрэлі зусім інакш.
– Здароў, афіцэр! – весела павітаўся са мной Косцік Скок, наш балалаечнік, і ўсе хлопцы рагатнулі, а Скачок – ён з тых, што дзеля прыгожага слоўца бацькі не пашкадуе, – пачаў клоуна з сябе строіць.
– Калі б вы бачылі, хлопцы, як ён на апошнія пагулянкі прыходзіў! – I пайшоў перад усімі вылузвацца: грудзі выгнуў дугой, нос задраў на неба, губы закапыліў і давай віхляць худым задам у дзіравых штанах. Усе так і пакаціліся ад смеху, нават гэты парсюк Глыжка засакатаў. Чые тут нервы вытрымаюць? Кінуўся я з кулакамі – і пачалася заваруха, і пакаціліся мы па мурагу. Але хлопцы не далі душу адвесці, наваліліся гуртам і разбаранілі. Клопат такі – адзін на адзін дзе-небудзь сквітаюся. Аднак калі тое яшчэ будзе, а мянушка ўжо да мяне прыліпла – Афіцэр. У вочы і за вочы. Давялося змірыцца – што ты зробіш? На ўсіх з кулакамі кідацца не будзеш – сам зубоў не напасешся. Ды і мянушка не такая ўжо крыўдная. Вунь аднаго хлопца з хутара Кастагрызам дражняць, і то прывык.
I вось пачалі разбіраць са стайні коней. Дарослыя дзядзькі выводзяць больш дужых і спакойных. Іх запрагаюць у жняяркі-лабагрэйкі – ёсць такія дзве на ўвесь калгас і ў іх абы-каго не запражэш, не кожны конь можа жаць. Іншага ў лабагрэйцы не ўтрымаеш ніякімі цуглямі, калі яна застракоча нажамі, нібы кулямёт, ды замахае зубатымі крыламі. У коней таксама нервы ёсць, як гаворыць Чыжык.
Больш маладых ды кідкіх разбіраюць хлопцы, што возяць снапы. Пайшлі і мы з Глыжкам выводзіць свайго Стрыгунка. Як будучы конюх, я пільна да ўсяго прыглядаюся: ці ёсць тут хоць які парадак. Здаецца, што ёсць. Стайня, праўда, нікудышняя. Да вайны дык была з бярвення, але яна згарэла, калі праходзіў фронт. А гэтую зляпілі на жывую нітку: толькі слупы драўляныя, а сцены – пляцень з лазы, абмазаны глінай. Многа дзе гліна абсыпалася, і скрозь дзіркі відаць вуліца. Трэба будзе пасля жніва сказаць Нінцы, каб хоць воз гліны прывезлі, ды ўсё замазаць – зімой дзьмуць будзе.
А ўсярэдзіне – мірыцца можна. На кожнага каня станок, на кожным станку таблічка, на таблічках надпісы хімічным алоўкам: «Буланы», «Слепка», «Таптун», «Адольф», «Стрыгунок». Праўда, напісана карава і з памылкамі, але я сам потым перапішу, у мяне почырк добры.
Хамуты таксама развешаны па парадку – кожнаму каню свой. Вось гэта правільна, чужы хамут шыю табе намуляе да крыві, і не ўгледзіш калі. А што сядзёлкі і дугі абы-дзе – гэта недагляд, гэтак, прабачце, у гаспадароў не робіцца, мой дзед Мікалай не пахваліў бы. Калі я прыйду сюды, кожны конь не толькі хамут, а будзе мець усё сваё, асабістае; я вазьмуся і за Пецьку, і за Каўрача, бо толку не будзе.
Стрыгунок сустрэў мяне і Глыжку радасным іржаннем, аж затанцаваў у станку. Разумнік мой, не забыўся. Не заездзілі яго тут без мяне? Не, не заездзілі. Чысты, гладкі, бакі крутыя, крыж надвое колецца. I хто б мог падумаць, што з таго карослівага, ледзь жывога з голаду жарабяці, знойдзенага намі з Санькам на лузе, вырасце такі прыгажун, што хоць ты яго – на карцінку ды ў рамачку? А можа, гэта толькі мне так здаецца? Не, і Глыжка згодзен, што можна ў рамачку.
Весела бяжыць наш Стрыгунок, распусціўшы хвост і грыву па ветры, ногі лёгкія, крок шырокі, бяжыць, аж калёсы грукацяць, падскокваючы на няроўнай дарозе. I пуга яму не трэба.
Добра ён цягне і воз са снапамі жыта, толькі гужы рыпяць. I чыста ўсё разумее: па роўнаму ідзе спакойна, а перад узгоркам сам бярэ разгон, як быццам хто яго навучыў, што так лягчэй. Глыжка перакананы, што Стрыгунок, калі мы што-небудзь пра яго гаворым, таксама ўсё цяміць. Нездарма ж ён у той час вушы натапырвае.
За працай на душы палягчэла, пакрыху пачало забывацца маё крушэнне на экзаменах у вучылішчы, быццам было гэта ўжо не дзень назад, а летась-пазалетась. Дзесяць вазоў мы з Глыжкам да вечара прывезлі, столькі, колькі і бацька рабіў. Пасля вячэры хацелася хутчэй упасці і заснуць. Баляць мае рукі-ногі, а спіна, што ў старога дзеда – не сагнуць. Але варта мне было толькі легчы, як зноў розныя думкі ў галаве, адкуль толькі і ўзяліся. Цікава, а што там Санька сёння дзень рабіў, мабыць, ужо і мундзір атрымаў, новыя чаравікі, ходзіць там і казырае. Ну, і няхай казырае. А я нікому казыраць не буду, я – птушка вольная. Шчасце вялікае – цягнуцца перад кожным у струну.
Затое я бульбай з кіслымі гуркамі павячэраў, а ён, можа, нават макаронамі. За ўсё жыццё мне адзін раз толькі давялося іх пакаштаваць, гэта тады, як у вайну ў нашай вёсцы італьянцы стаялі, дык іхні повар дазволіў кацёл падшкрэбці. Ой, і смачна было, увесь век еў бы!
Затым розныя клопаты па стайні мяне адолелі. Не прыдумаю, дзе ўзяць фанеры на новыя таблічкі коням, дзе хімічным алоўкам разжыцца. I вось яшчэ – ці варта ад дзеда Каўрача пазбаўляцца? Хто тады настроіць хамут, хто аброць сшые, калі яна парвецца? Гэтага, мабыць і Чыжык не ўмее. Задумаешся тут. Хаця мяне, можа, яшчэ і не паставяць конюхам, старшыня ці хто іншы ўпрэцца.
А на вуліцы ўжо цёмна. Недзе затрынкала балалайка, дзявочы смех рассыпаўся пад вокнамі звонкім гарохам. Каля Скокавай хаты пачынаюцца танцы. Крутануўся я на другі бок, быццам прыпякло: хоць вы ў зараз медныя трубы зайграйце – не выйду.
I раптам каля самай нашай хаты дзяўчаты заспявалі прыпеўку, ды так гучна – хто каго перакрычыць, ды са смехам:
Запляту я ў косы бант,
А мой мілёнак – лейтэнант.
А як будзе капітан,
Ён мне купіць сарафан!
Мяне нібы варам абдалі. Каб вам скулле ў глотку – а калі бацька не спіць? Вось гадзюкі, вось кобры праклятыя, дня не мінула – паспелі прыдумаць. Вось зараз выскачу ды спушчу Жука з ланцуга, але што толку, калі ён, чорт, не куслівы.
Я думаў, што на гэтым усё і скончыцца, а яны зноў:
Ой, дзяўчатачкі, я скора
Падчаплю сабе маёра,
Буду есць салодкі торт,
Буду ездзіць на курорт!
Відаць-такі, бацька не спаў, а можа, спаў ды прачнуўся, толькі з яго ложка раптам пачуўся не смех, а нейкае прыглушанае кудахтанне, быццам трохі і з плачам:
– Кху-кху-кху, каб вы скіслі, верціхвосткі. Глядзі ты на іх – і ў чынах разбіраюцца, і ў акладах.
I бабка са свайго кутка адгукнулася:
– Ідзі ты ўжо патрусіся трохі пад іх балабайку-хварабайку, а то будуць шчадраваць усю ноч, як пад Новы год.
Хутчэй жа іх балалайку шашаль паточыць, чым я пайду на тыя танцулькі пасля такіх прыпевак. Ды і Алёшка ж Скачок там будзе, з якім я не расквітаўся яшчэ за ранішні цырк. Не, няхай танцуюць цяпер самі, без мяне, хоць да ўпаду. А я, як толькі прыдбаюць мне новыя штаны, буду хадзіць танцаваць на Хутар. Там – гармонік з бубнам, а не задрыпаная балалайка.
I за прыпеўкі таксама разлічуся. Я ведаю, хто іх складае – Надзька Сіпакова. Яна яшчэ толькі школу канчае, а ўжо прыбілася да дзяўчат з нашага гурту, і не толькі прыбілася – пачала імі верхаводзіць, яны ўсе ёй у рот глядзяць. А было б там на што глядзець – нізенькая, кругленькая, нос піпкай і такая ўжо смяшлівая, быццам яе ўвесь час нехта казыча. I яшчэ – калі ў маёй Каці вяснушкі толькі на носе і дзе-нідзе на шчоках і толькі вясной, дык у гэтай рагатухі – круглы год ад вуха і да вуха, быццам яе хто знарок цагляным пылам напудрыў. Ёй скажаш:
– Ух, рыжая! А яна:
– Ха-ха, што рыжэй, то даражэй!
Вось за гэта за ўсё ў яе і мянушка такая – Гарбуза.
З гэтай самай Гарбузой мне і трэба разлічыцца за прыпеўкі. Яны ў яе самі з языка скачуць. Яна жыва не будзе, калі за вечар не прыдумае іх дзве-тры. I пра што хочаш, на што вока кіне. Вось каб і мне самому пра яе скласці што-небудзь смешнае. Хаця б так:
Ах ты, рудая Гарбуза…
А цяпер само просіцца – каза, просіцца, а не клеіцца. Хіба вось так:
Ах ты, рудая Гарбуза,
Як сідарава каза,
Ты ў мяне паскачаш
I горка заплачаш.
Так я і заснуў, больш нічога лепшага не прыдумаўшы. Калі б Санька – той змог бы, галавы не ламаючы, якую хочаш казу да гарбуза прыляпіць.
Яшчэ два дні я вазіў потым з Глыжкам снапы, яшчэ два вечары Надзька-Гарбуза дапякала мяне ўсё новымі прыпеўкамі, а бабуля – яхіднымі парадамі.
– Выйдзі ўжо, калі прысушыў дзеўку.
А на трэці дзень надвячоркам адбылося такое, што і ахнуць мала. Толькі селі мы сям’ёй вячэраць, вярнуўшыся з поля, а на парог – дзядзька Калдоба, наш участковы міліцыянер, пры поўным, як гаворыцца, парадзе. Госць ён у нас рэдкі і сваім нечаканым прыходам усіх нас азадачыў. Я нават разгубіўся, ці не па маю душу ён прыйшоў з-за той бойкі са Скачком на калгасным двары, ці па Глыжку, які сёння ўкраў у калгасным садзе з дзесятак антонавак. За суседскія – нічога, а за калгасныя могуць і засудзіць ці бацьку штраф прыпаяць – народнае дабро. Закон цяпер наконт гэтага суровы.
Але Калдоба ні мяне, ні Глыжку не арыштаваў.
– Мой Юрка, – сказаў ён, прывітаўшыся, – прыходзіў сёння з вучылішча, хацеў пабачыць вашага Івана, ды не знайшоў. Дык вось ён пераказаў: няхай заўтра ідзе – яго як быццам іхні генерал выклікае.
Усе за сталом так і анямелі, а я збянтэжыўся і перапалохаўся яшчэ больш, як тады, калі думаў, што мне за бойку нагарыць. Гэта ж у галаве не змяшчаецца – сам генерал! Усе на мяне глядзяць, нібы ніколі да гэтага не бачылі. Сам генерал – падумаць толькі!
– Вось і пакет яму, – дабіў нас зусім Калдоба, з усмешкай падаючы мне нейкую шэрую паперку. – Каб па пошце доўга не ішоў, вось мой Юрка за кур’ера і даставіў.
Бацька пераняў з маіх рук «пакет» – звычайную паштоўку без маркі,– прабег вачыма напісанае сам, а потым ужо вярнуў мне. А там усяго некалькі слоў: прыбыць у вучылішча 25 жніўня, а чаму і для чаго – ні гу-гу.
Калі Юркаў бацька, пажадаўшы ўсяго найлепшага, пайшоў з хаты, бабуля кінулася ў паніку. У яе свае трывогі: чалавека кліча генерал, а ў чым да яго пойдзе гэты чалавек? Да генералаў, мабыць жа, у такіх штанах не ходзяць. Ці даўно яна іх латала – перад першым паходам у вучылішча, а я на снапах іх зноў падраў, на мне ўсё гарыць – не напасешся. I я супакоіў старую:
– Не перажывай, нікуды я не пайду!
Але гэта ўстрывожыла бацьку: як гэта я не пайду? Генерал жа дарма клікаць не будзе, а калі кліча, значыць, справу да мяне мае. Можа, ён дактарам там даў наганяй і загадаў прыняць мяне і з маім бракам, калі ён у мяне ёсць. Генералы ўсё могуць, на тое яны і генералы. Ён, мой бацька, у арміі паслужыў, дзякуй богу, і да вайны, і на вайне, і сам камандзір – усё ж такі сяржант, што таксама немалы чын пры трох класах адукацыі,– і генералаў добра ведае: гэта народ сур’ёзны, і грэбаваць імі не варта.
Ды хто ж гэта сказаў, што я, Іван, грэбую генераламі? Мне проста, між намі кажучы, боязна з непрывычкі і сапраўды сорамна з-за сваіх штаноў. Ды і адкуль бацька ведае, што мне можа зрабіць генерал? А ён можа мне загадаць нанава перапісаць дыктант, і, калі зноў правалюся, тады ўжо хлуснёй пра медкамісію не адбаярышся, тады ўжо і зусім хоць дамоў не вяртайся.
Мне супраць бацькі крыць няма чым і таму хапаюся за бабульчыны трывогі пра маю вопратку:
– А як я ў гэтым пайду? Што я скажу?
А ў бацькі і тут свае козыры. Па-першае, генерал не з неба ўпаў і павінен разумець цяперашнія нашы дастаткі. А па-другое, размаўляць з ім не трэба. Яны гэтага не любяць. Гэта бацька на сваёй скуры спазнаў. Яны любяць, каб ім толькі рапартавалі.
I тут бацька вылез з-за стала і паказаў, як гэта робіцца. А робіцца вельмі проста. Вось падыходзіш ты да генерала – руку да скроні і еш яго поедам вачыма, а сам у той жа час, не шкадуючы голасу, крычы: «Таварыш генерал! Іван Сырцоў з’явіўся!» I баяцца іх няма чаго. Бацька на фронце сутыкнуўся аднойчы нават з маршалам, і той яго не ўкусіў. А тут усяго генерал, ды яшчэ, мабыць, не самы важны, калі паставілі над такімі, як мы з Санькам.
А бабуля мяне з другога боку цярэбіць:
– Бяжы на возера ды хоць трохі памыйся, бо, калі па-добраму, дык цябе і адмочваць трэба.
Затым на Глыжку наляцела:
– Кідай сваю бульбу – не з галоднага краю, цэлая яна будзе, потым увамнеш.
Толькі брат вылез з-за стала – яна яму змылак у рукі і рагожу:
– Спіну патры не лянуючыся. Ды змылак не ўтапі, ідал бязрукі, я ўжо год яго берагу!
Увесь вечар у хаце было столькі тлуму, быццам на пажары. Не паспеў я з Глыжкам прыйсці з возера, вымыты дзеля заўтрашняга візіту да генерала чысцей за шкло, бабка похапкам пачала зашываць штаны, а потым пабегла іх праць на раўчак. Пакуль сонца сядзе, дык яшчэ высахнуць. А бацька знайшоў шавецкую лапу і ўзяўся падбіваць падэшвы на салдацкіх чаравіках, якія пачалі ўжо прасіць кашы. Затым ён наваксіў чаравікі дзёгцем, каб не былі такія каляныя і рудыя.
Вось ужо на вуліцы дзяўчаты і прыпеўкі пра лейтэнанта з маёрам заспявалі, мабыць, да іх яшчэ не дайшло, што мяне выклікае генерал. Але ў хаце да іх ніхто не прыслухоўваецца, яшчэ ўсім нам няма ўгамону. Бацька цяпер за цырульніка. Пасадзіўшы мяне пад самую лямпу, ён кароціць мне віхор. Я прашу, каб ён зрабіў «пад польку», а ён просіць, каб я не круціў галавой, а то зробіць «пад Катоўскага».
А бабуля тым часам гыркае на стале качалкай-рубчаткай – прасуе мае штаны, бо пасля мыцця іх нібы карова пажавала. З-за гэтага самага гыркання і прыпевак з балалайкай з вуліцы не чуваць.
У рэшце рэшт бабуля прышыла да каўняра кашулі замест згубленага армейскі гузік ад зношанай ушчэнт бацькавай гімнасцёркі і хукнула на лямпу. Усе ўгаманіліся і ляглі спаць. Вось як яно бывае, калі цябе знянацку пакліча генерал.
Ды яно і раніцай яшчэ адзін раз генерала ўспомнілі. Выйшлі мы, паснедаўшы, з двара. Бацька, бабуля і Глыжка, каб ісці ў калгас, а я – у вучылішча. Тут сустрэлася наша суседка, цётка Пёкла, паглядзела, што такі прыбраны і нават у чаравіках, быццам у сваты сабраўся, і спытала ў бабкі:
– Хіба ваш хлопец не ў калгас?
– Ат, – зняважліва махнула старая рукой і не то пахвалілася, не то паскардзілася, – маўчы, мая тайка, генерал жа во заве.
Атрымалася ў яе так, быццам гэта для нас звычайная рэч і ўжо знадаелі ёй гэтыя генеральскія перазовы горш за горкую рэдзьку.
Мы развіталіся, мне пажадалі ўдачы, і я з кволай надзеяй у душы адправіўся ў дарогу. Што яно будзе і як яно будзе – цёмная ноч. Добра было б, каб я спадабаўся генералу.