Читать книгу Play.by - Адам Глобус - Страница 15

І. Меркаванні
Эссе і апавяданні
14. Лямпачка

Оглавление

Рознакаляровыя лямпачкі паўсюль. Каляды, Новы год, Стары Новы год. Як жа без аблямпленых ёлак? Што за ёлка без зіхатлівых зашклёных агеньчыкаў? Маністы з лямпачак у кожнай крамнай вітрыне, у кожным бары, у вакне кожнай установы, у кожнай рэстарацыі…

Выходжу на пляц Незалежнасці і ледзь не слепну ад стракатага ды мігатлівага святла святочных лямпачак. Гэта я для тэатральнага эфекту сказаў «ледзь не слепну». Загаварыўся. Падумалася, што такое ззянне-зіхаценне крыху раздражняе. У такім непераборлівым выкарыстанні лямпачак бачыцца безгустоўнасць, але аслепнуць ад іх не аслепнеш. Аслепнуць можна ў жніўні ад італьян-скага сонца. Ад яго мае вочы так балелі, нібыта ў іх пяску панасыпалі. У гарадку Гаета я зайшоў у аптэку, зняў акуляры і нічога не сказаў. Маладзенькая прадавачка без слоў усё зразумела і дала мне кроплі. Там жа ж, у невялічкай аптэцы, я прамыў вочы, і мне зрабілася значна лягчэй, і свет стаў не такі пякучы ды жорсткі.

Я гуляў па сонечнай Гаеце і спыніўся каля закінутай царквы. Яе вокны былі пазабіваныя дошкамі, а на дзвярах вісеў іржавы замок. Ганак зарос травою. Я зрабіў невялічкі малюнак нікому не патрэбнай царквы і, перайшоўшы вуліцу, спыніўся каля касцёлу. З бакавых дзвярэй выйшла старая ў чорным і пачала жэстамі запрашаць мяне зайсці ў вялікі сабор. Адмовіцца не выпадала. Пасля сляпучага сонца ў касцёле было змрочна. Старая правяла мяне да алтара, прапанавала спыніцца, а сама знікла. Я разглядаў гіпсавую Дзеву Марыю з драцяным німбам. Тут і здарылася дзіва – у німбе запаліліся маленечкія жвава-жоўценькія лямпачкі. Старая папрасіла мяне намаляваць Дзеву Марыю з лямпачкамі ў німбе. Яна, пэўна, бачыла, як я маляваў пакінутую царкву, і вырашыла прапанаваць для замалёўвання свой цудоўны аб’ект. Марыю я намаляваў. Старая ўсцешылася, і я сышоў з касцёльнай паўцемры.

Ідучы па Гаеце, я згадваў іншы горад, іншы касцёл і зусім іншую лямпачку. Згадваў Мсціслаўль, касцёл Успення Дзевы Марыі і блакітнацелую лямпу, што вісела пасярэдзіне забранага ў рыштаванні халоднага памяшкання. Вулічная, ліхтарная лямпа залівала касцёл прахалодна-белым святлом. І ў гэтым святле, калі да яго дадаць яшчэ і святло простай лямпачкі, можна было спакойна, не напружваючы вачэй, капіяваць насценныя роспісы, чым я там і займаўся. Толькі ў вялікай лямпы была адна загана: праз гадзіны дзве пасля запальвання яна пачынала зьвінець. Хвіліну-другую лямпа спявала сваю мярзотную бясслоўную песню, а потым гасла. Яна гасла каб астыць, а потым зноўку запаліцца. Варта было змірыцца і прыняць яе рытм працы, але замест гэтага я ўзяў кавалак цэглы і разбіў дарагую лямпу. Учынак мой справядліва асудзілі, такая нястрыманасць недаравальная ў касцёле, але я не прыняў асуджэнняў тады, не прымаю я іх і цяпер. Не прымаю, бо святло той лямпы было мёртвае, а зундзенне-зьвіненне невыноснае, яно знішчала музыку, што гучала ўва мне.

Пазней я заўважу, што ў большасці мастакоў цёмна ўнутры. І ў іх карцінах таксама змрочна, а калі й не цёмна, дык гарыць там такая вось мёртва-святловая лямпачка. Ад такіх лямпачак хочацца адвярнуцца, хочацца выйсці, хай сабе і ў суцэльную цемру. Часам у мяне атрымліваецца выйсці з цемрадзі да святла. А потым зноўку надыходзіць цемра, і я пачынаю разумець Дыягена, які ўдзень з агнём шукаў чалавека. Дыяген у светлы дзень блукаў па горадзе з запаленай лямпаю… «Што ты шукаеш, Дыяген?»– «Чалавека!» Ці знайшоў Дыяген чалавека? Ці не дарма ў ягонай руцэ гарэла лямпа? Такія пытанні я задаю сабе на пляцы Незалежнасці, дзе зіхацяць і міргаюць мірыяды рознакаляровых лямпачак. Я задаю сабе пытанні і згадваю Дыягена Менскага. Так-так, быў і такі Дыяген, бо кожны вялікі горад не абыходзіцца без свайго Дыягена. Тутэйшы Дыяген у сваім вакне выставіў самую танную лямпачку. Тая лямпачка гарэла і ўночы і ўдзень, яна гарэла на святы і ў будзённыя дні, яна ніколі не гасла… Ніколі.

Play.by

Подняться наверх