Читать книгу Play.by - Адам Глобус - Страница 4

І. Меркаванні
Эссе і апавяданні
3. Дрозд

Оглавление

Птушка – душа і крылы. Канешне, ёсць птахі з дзюбамі, кіпцямі і хвастамі, але іх мала хто называе птушкамі, яны патрабуюць увагі і павагі, яны ў нас арлы, буслы, пеліканы і альбатросы. А простая птушка… Ды і гэтыя альбатросы, чаплі, каршукі некалі былі птушанятамі, і некалі пра іх можна было, далібог, не памыліўшыся, сказаць: птушанё – душа і крылы.

Бярэш птушачку ў руку і баішся яе задушыць, баішся зламаць ёй крыло, баішся знішчыць палёт, пераймаешся, каб не забіць песню… Праўда. Я сягоння трымаў у руках маладзенькага пеўчага дразда. Раніцай выйшаў з дому, каб разам з жонкаю прабегчыся ў залатым захутаным у туман парку. Я расхінуў дзверы, а з ганку саскочыў дроздзік. Ён неяк нягегла скочыў на асфальт, з асфальта на жалезную накрыўку, што прыкрывае яміну з вакном у сутарэнні, а з накрыўкі дрозд уваліўся ў гэтую самую яміну.

Жонка мая – навуковец-біёлаг, яна любіць пташак. У яе «мерседэсе» заўсёды ляжыць кніжка «Вызначальнік птушак Еўропы». Яе захапленні птушкамі мне мала зразумелыя, бо я люблю людзей больш за пташак. Я люблю людзей больш за герояў і багоў. Мяне заўсёды цікавіў чалавек. Таму я не столькі дапамагаў ратаваць дразда, колькі дапамагаў уласнай жонцы. Я сцягнуў на асфальт цяжкую накрыўку і разагнуцца яшчэ не паспеў, як мая жонка была ўжо на дне ямы з драздом у руцэ. «Выцягвай мяне!!!» Я паспрабаваў выцягнуць яе за адну руку. Не атрымалася. Каля нас спыніліся дзве дзяўчыны ў спартовых строях. Яны ішлі ў парк займацца фізкультураю, а тут – жанчына ў ямі-не, вядома, спынішся. «Патрымайце птушку, а муж мяне выцягне…» – «Не-е-е… Мы баімся яе. Лепей хай ваш муж патрымае гэтую гадасць, а мы вас выцягнем…» Жонка перадала мне напалоханага і прыцішанага дразда. Дзяўчаты схапілі жонку за рукі і пачалі выцягваць. Яны амаль выцягнулі яе з ямы, але ў апошні момант не вытрывалі і адпусцілі рукі. Жонка звалілася на цэмент і там скурчылася. Дзяўчаткі адступіліся ад яміны, спалохана зіркнулі на мяне і пабеглі ў парк. Я скочыў у яму. «Як ты?» – «Бок баліць. Слабыя дзеўкі. З выгляду моцныя, а так – хліпкія…» – «Трымай свайго дроздзіка. Цяпер я цябе падсаджу, і ты вылезеш…» – «А ты?» – «Не перажывай ты за мяне, выберуся як-небудзь…» Я падсадзіў жонку, і яна такі вылезла наверх. А потым і я сам надзіва спрытна выкараскаўся з ямы і закрыў яе абабітай жалезам накрыўкаю.

У парку жонка пасадзіла дразда на развілку вялікай ліпы, і той у адно імгненне ператварыўся ў адно цэлае з дрэвам. Пеўчы дрозд любіць развілкі, а яшчэ ён любіць бясконцыя песні. Так-так, у пеўчага дразда песня бясконцая.

Жонка вярнулася дамоў, а я вырашыў не змяняць завядзёнкі і абабег парк. Жонку я знайшоў у ванным пакоі. Яна стаяла аголеная каля вялікага люстэрка і разглядала пабіты бок. «Сінякоў і драпінаў няма… Рэбры, здаецца, усе цэлыя… Тады што мне так моцна баліць? Паглядзі…» Я асцярожна абмацаў усе жончыны скабы і хрыбетнік, але відавочных пашкоджанняў так і не знайшоў. «Мо да доктара сходзіш?» – «Не хочацца да доктара…» Мы прынялі душ разам. «А праўда, ён прыгожы, гэты пеўчы дрозд?» – запыталася жонка, асцярожна выціраючы пабіты бок. Я сказаў «прыгожы», каб падтрымаць жонку, хоць дрозд мне зусім не спадабаўся. Гэта быў яшчэ зусім малады дроздзік – падлетак. Такія пакідаюць бацькоўскае гняздо, не ўмеючы лётаць. Чаму так? Загадка.

Зрэшты, прырода любіць рызыкаваць. Я дык рызыкую толькі ў выключных момантах, а жонка жыць без рызыкі не можа. Таму яна і паехала катацца на кані. З пабітым бокам і на кані… Рызыка. Бок разбалеўся так, што ёй давялося ісці ў бальніцу. Адтуль яна затэлефанавала мне: «Рабро я ўсё ж зламала. Зрабілі здымак, і на ім відаць, якое яно цяпер крывое. Ведаеш, я цяпер не буду спыняць «мерседэс», калі заўважу птушку на дарозе. Я буду давіць неабачлівых птушак, буду давіць і ўсё!!!» – «Даві!» – «Я тармажу, зварочваю, кідаю машыну ў бок з-за нейкай птушкі, так і забіцца можна! Бок баліць страшэнна…» – «І што трэба рабіць?» – «Піць абязбольваючае і рухацца асцярожна… А птушак я буду давіць…» – сказала яна праз слёзы. «Даві!» – сказаў я, цудоўна ведаючы, што не будзе яна нікога давіць, а будзе зноў і зноў скакаць у цэментовую яміну, каб выратаваць бясконцую песню птушаняці, якое яшчэ не навучылася лётаць.

Play.by

Подняться наверх