Читать книгу Play.by - Адам Глобус - Страница 3

І. Меркаванні
Эссе і апавяданні
2. Каштан

Оглавление

Каштаны збіраюць па-рознаму: нехта шукае самы вялікі, хтосьці – найменшы, камусьці заманулася падняць выпадковы каштан і закінуць яго ў кішэнь без усялякай нагоды, а некаму спатрэбілася намаляваць каштан для энцыклапедыі, і ён сабраў іх цэлы мяшэчак для разглядання, параўнання і вывучэння.

Зазвычай каштаны збіраюць дзятва і тыя, хто гуляе па скверах з дзецьмі. Ніхто так не радуецца сабраным каштанам, як яны. Збіраючы каштаны, мы вяртаемся ў свет простых радасцяў і найпрасцейшых каштоўнасцяў. «Каштан» – такое салодкае шакаладнае слова. Мы не можам паверыць, што яны няўежныя. Мы ведаем: наш беларускі каштан і горкі, і даўкі, і нягодны для кулінарыі. Толькі адкуль мы тое ўсё ведаем дакладна? Ведаем, бо кожны з нас спрабаваў есці каштан, надкусваў, каштаваў і выплёўваў. Ну нельга стрымацца, каб не пакаштаваць каштан. Канешне, мы ўсе чулі пра каштаны смачныя і ўежныя, яны ёсць, і яны па-сапраўднаму салодкія і смачныя. Можна з’ездзіць у Парыж і купіць смажаных каштанаў, і з любімай жанчынаю сядзець у скверыку каля Сены і там частавацца каштанамі, падобнымі да нашых лясных арэхаў і непадобныя да нашых гладкіх, брунатна-бурштынавых, родных і надкусаных у дзяцінстве каштанаў.

А можна ў Парыж не ехаць, можна запрасіць любімую жанчыну ў кастрычніцкі парк збіраць каштаны. Што можа быць лепшым за збіранне каштанаў з каханай? Так… Пацалунак пад каштанам. Пацалунак будзе такі доўгі і такі п’янкі, што вы не заўважыце, як у парку сцямнее. Вы зойдзеце ў самы цёмны куток парку, жанчына прыхіліцца спінаю да каштана, вы, не распранаючыся, злюбіцеся. Вы будзеце любіць адно аднаго, а ў цемрадзі будуць падаць каштаны. Вярнуўшыся дамоў, кожны з вас знойдзе ў кішэні каштан і пакладзе яго на віднае месца, каб ён нагадваў пра каханне і пра восеньскую прахалодную любоў у начным парку.

А яшчэ каштан нагадае вам пра вясну, пра той ясны сонечны час, калі ў горадзе зацвітаюць каштаны. Чамусьці кветкі каштанаў у нас не вельмі любяць. Мо таму, што яны занадта высока, а мо таму, што мы традыцыйна любуемся красаваннем яблыні, грушы, слівы, вішні… Мы любуемся красаваннем садоў. Нас вучылі любавацца садамі і забыліся навучыць любавацца квеценню каштанаў. Але гэта ж выпраўляльна, і вясною можна пайсці да прырэчных каштанаў, да тых каштанаў, чые галіны апускаюцца да самай зямлі. Можна наблізіцца да вялікіх бела-ружовых кветак і пачуць: «А можна я пацалую кветку каштана?» Так запытаецца ў цябе каханая жанчына. Ты нават не падумаеш пра тое, нашто яна просіць дазвол на такую простую рэч, як пацалунак кветкі. Ты адразу адчуеш, што жанчына любіць цябе. І табе захочацца, каб яе каханне было доўгім-доўгім, і ты запросіш яе на наступнае спатканне да прырэчных каштанаў. Ты запросіш яе збіраць каштаны. Яна не здзівіцца, што ты вясною думаеш пра восень, бо ёй гэтаксама захочацца, каб вашае каханне было доўгім.

А ўвосень здарыцца дзіўная рэч, будзе стаяць цёплы верасень. Ён будзе такі цёплы і сонечны, што каштаны падмануцца, яны падумаюць пра вясну, яны павераць у тое, што разам з яснай сонечнасцю зноў надышла вясна, і яны зацвітуць. Так здараецца, што беларускія каштаны красуюць два разы на год. Усе гавораць пра цёплую восень, і мала хто думае пра закаханых, дзеля якіх красуе наш каштан два разы на год. Першы раз ён квітнее дзеля ўсіх закаханых, а другі раз ён красуе дзеля тых, хто кахае апошні раз. Ёсць людзі, якім і напрыканцы жыцця даецца каханне. Яны ведаюць, што каханне будзе зусім кароткае, але яно ёсць-ёсць, і кожнае ягонае імгненне каштоўнае і непараўнальнае. Заўтра яно знікне, заўтра… Ды ўсё, што ёсць у нашым зменлівым свеце, знікне бясследна. Але сягоння сонечны дзень, сягоння надзіва цёплы верасень, у якім красуюць каштаны. І трэба ісці да іх з каханым чалавекам і любавацца іх квеценню.

У нас ніхто не склаў ніякіх песень і казак пра каштан. У нас няма міфалагічнай істоты з імем Каштаннік, нашы мастакі, як і паэты, яшчэ не намалявалі каштан у квецені… Усё гэта яны зробяць заўтра, а сёння пра чароўную квецень каштанаў ведаюць адно закаханыя.

Play.by

Подняться наверх