Читать книгу Play.by - Адам Глобус - Страница 8
І. Меркаванні
Эссе і апавяданні
7. Мора-мора-акiян
ОглавлениеНяма беларускага мора. Так склалася, што вада ў нашых краях прэсная – рачная ды азёрная, крынічная ды калодзежная… Толькі нам, як і ўсім астатнім, хочацца на мора. Чаму? Як той казаў: пра мора гавораць у Раі, а калі ты не быў на моры, пра што з табою гаварыць.
Ты збіраешся і едзеш на мора. Прыязджаеш у якую Клайпеду, ходзіш па дзюнах, глядзіш на плытка-шэрае мора і думаеш, што цябе падманулі, бо пра такое мора і гаварыць не варта. Таму наступнае падарожжа будзе ў Крым да самага Чорнага мора, але і там цябе падпільнуе раcчараванне. Не, не мора цябе раcчаруе, а людзі на беразе, людзі там будуць брутальныя, бедныя, злыя.
Ты вернешся дамоў, лета скончыцца і пачнецца восень, такая чырвоная і залатая, што ты забудзешся пра ўсе размовы, якія чакаюць у Раі, а будзеш жыць тут, будзеш жыць і радавацца, ажно пакуль не пойдуць доўгія дажджы. Яны пойдуць, і зробіцца табе сумна, і зноўку захочацца да мора і да прыморскіх жанчын. Не ведаю, чаму той не сказаў, што ў Раі гавораць пра жанчын. Ці мо пра жанчын гавораць толькі ў Пекле? Дажывем – пабачым. А пакуль ідуць халодныя дажджы, ты выправішся да цёплага Міжземнага мора. Ты пойдзеш у барселонскі порт і будзеш глядзець на караблі. Ты нагледзішся на караблі і завітаеш на вуліцу з легкадумнымі жанчынамі. Будзеш выбіраць-перабіраць, ды так і не выбераш жанчыну. Чаму? Хто цябе ведае…
З Барселоны ты паляціш у Амстэрдам, дзе жанчыны будуць сядзець у вітрынах. Ты будзеш басцяцца па кварталу Чырвоных ліхтароў, пакуль не выбераш вялікую мурынку ў панчохах-сетачцы. Тоўстая мурынка павядзе цябе ў маленькі пакой з вялізным, на ўсю сцяну, люстэркам, дзе вы й зоймецеся сэксам разам са сваімі адлюстраваннямі. Ты будзеш займацца сэксам і думаць пра мора, каб падчас размовы ў Раі згадаць не толькі мора, а і густое цела мурынкі і яе пругкія сцёгны ў чорнай сетачцы. Ваш сэкс будзе бліскучы і гарачы, такі бліскучы і такі гарачы, што, вярнуўшыся ў халодныя і цёмныя дажджы, ты цэлы месяц будзеш мець светлы настрой. Нават калі ты чытацьмеш прагноз надвор’я на тыдзень, а ў тым прагнозе зусім не будзе сонца, ты ўсё адно не замаркоцішся, бо ўспаміны пра караблі пад помнікам Калумбу, успаміны пра барселонскую вуліцу, напоўненую паўаголенымі і аголенымі жанчынамі, цябе развесяляць.
Але памяць мае адну ўласцівасць, яна паціху блякне, а таму табе зноў захочацца на мора, і не проста на мора, а ў далёкую краіну, дзе мала хто ведае пра тваю Беларусь, у якой зусім няма нічога марскога. Табе захочацца на бераг акіяна, і ты выбераш Індыйскі. Ты паляціш у Індакітай, у горад Бангкок, а з яго паедзеш на бераг Сіямскага заліву, у горад Патаю, дзе толькі на адной вуліцы пабачыш дзесяць тысяч вясёлых жанчын, кожная з якіх можа заняцца з табою паглыбленым вывучэннем Камасутры. Ты зойдзеш у стрып-бар, замовіш колу з лімонам і пачнеш разглядаць аголеных таек, якія танчаць на мокрым стале. З-пад гладзенькіх пятак мініятурных танцорак будуць разлятацца пырскі. Ты парадуешся, што замовіў толькі колу, бо піць колу з пырскамі ты, канешне, не станеш.
Ты нагледзішся тайскіх эратычных танцаў ды пойдзеш у бардэль. Там выбераш самую мініятурную жанчынку. Яна павядзе цябе ў вялікі пакой з ваннай, душам і квадратным ложкам. Яна памые цябе ўсяго-усяго, яна вытра цябе мяккім рушніком і зробіць масаж, а толькі пасля гэтага вы зоймецеся вывучэннем Камасутры. Твая мініятурная каханка будзе скакаць на табе, а ты зноўку задумаешся пра мора, пра мора-мора-акіян.
З бардэля ты пойдзеш на мора, ты будзеш доўга ісці ўздоўж Сіямскага заліву, будзеш доўга плаваць у ім, а калі вернешся ў гатэльны нумар, адчуеш млосць. Табе зробіцца страшэнна холадна, а потым цябе абалье пякучая гарачыня, трасца пачне цябе калаціць. Ты здагадаешся, што атрымаў сонечны ўдар. Давядзецца праляжаць у мокрых ад поту прасцінах цэлыя суткі, пакуль ты ачуняеш. У Беларусь ты вернешся стомлены, але з дакладнымі ведамі пра мора-мора-акіян. Цяпер ты зможаш падтрымліваць размову ў Раі пра мора і гутарку ў Пекле пра жанчын. Цяпер ты дакладна ведаеш, што і там, і там ніхто ў цябе не спытае ні пра мора, ні пра жанчын, бо калі хто пра што і запытаецца ў цябе пасля тваёй смерці, дык пытанне будзе пра нашыя крыніцы, калодзежы, рэчкі, азёры і пра нашых тутэйшых жанчын.