Читать книгу Ніякай літасьці Альгерду Б. - Альгерд Бахаревич, Ольгерд Бахаревич - Страница 4

Мара пра скураныя штонікі

Оглавление

Сярэднявечны вучоны ван Гельмант сьцьвярджаў, што жывых мышэй можна стварыць простым спалучэньнем старой шафы, жменькі пшаніцы і нямытай кашулі. І нават, здаецца, здолеў давесьці гэта экспэрымэнтальным шляхам. Формула сумнеўная, але прыгожая. Менавіта яна чамусьці прыгадваецца кожны раз, калі думаеш пра самую панылую рэч на сьвеце – пра сьціплую чароўнасьць беларускага нацызму. Ён, вядома, нікому не прызнаецца, што мама яго так назвала. Ён аддае перавагу псэўданімам. Яму падабаецца, калі яго клічуць “традыцыяналізмам”, “правым кансэрватызмам”, “сьвятым і абарончым пачаткам”, “сапраўдным патрыятызмам”, “агмянём беларушчыны”, “балцкай тэорыяй этнагенэзу”, рамантызмам, друвісам, сіверам і ўсялякімі іншымі харошымі словамі. І толькі застаўшыся на самоце, ён можа нарэшце стаць перад люстэркам і з палёгкаю выкінуць руку перад сабой, адчуваючы поўную гармонію з прыродай. Гайль Беларусь.

Дык адкуль жа ён узяўся?

Вельмі цяжка паверыць, што сучаснага беларускага нацыста ў гэты сьвет прынёс, напрыклад, бусел. Уяўляю сабе таго бусла са свастыкай на перапэцканых у нешта карычневае крылах – ці зь ярылавым крыжам: як ён юнкерсам пралятае над калгаснай капустай, выкідваючы ў яе свой каштоўны груз. Ніякіх там “мама-баба”. “Жыве вечна!” – вось што крычыць з капуснага капкану біялягічна чыстае немаўля, а бусел ужо імчыць да іншых палеткаў, больш падобны да штандартэнлебедзя з карціны Падуа, чым да нявіннага кур’ера.

Не, як для айчыннага нацызму, дык карціна выходзіць занадта прыгожая. Альхімія ягонага нараджэньня, на жаль, значна прасьцей. Балбатня пра балтаў, павага да паганства і пугі, сьмярдзючая спартовая заля, мокры ад фобіяў ложак ды аб’едкі чужых ідэяў пад ім – ну, вось і гатова. Нічога новага. Маленькія нацыкі пішчаць і разьбягаюцца па кутах, грызьці старыя шпалеры з архаічнымі лёзунгамі і змрочныя кніжкі ў мяккіх вокладках. Нацы-паэзія, нацы-проза, ісьцінна беларускі жывапіс і нават нацы-калюмністыка – ежы ў гэтай культурнай прасторы для іх няшмат, але цалкам хапае, каб жыць і пладзіцца. Пад псэўданімамі, вядома. Бо раптам хто пабачыць тую заганную зігу перад люстрам. Беларускім нацы ня хочацца праблем зь дзяржавай. У пэўным сэнсе, яны – самыя законапаслухмяныя грамадзяне. Бо што такое рыцар безь любві? І што такое нацы безь дзяржавы – нават такой?

Жыве вечна. Безь яўрэяў, мусульманаў і підараў! Але з расейцамі, паганцамі і лесбіянкамі. Расейцы – бо мову вучыць ня трэба, таму іх ненавідзець прасьцей і зручней. Паганства – бо гэта нашае, спрадвечнае, дубовае, гоблінскае. А лесбіянкі – яны ж ня підары, яны нармальныя, гэта сам прэзыдэнт сказаў. Хто ж адмовіцца паглядзець, як баба з бабай?..

Ван Гельмант лічыў, што ў выпадку з мышамі галоўны ўтваральны фэрмэнт – чалавечы пот. Што да нацызму, дык гэта, безумоўна – страх. Страх перад сьветам. Сьвет вялікі і можа надаваць па попе. Наша сакаліна сям’я вельмі яго баіцца. І найперш яна баіцца яго разнастайнасьці. Як усачыць за ўсімі гэтымі чорнымі, жоўтымі, блакітнымі – калі ты перакананы дальтонік; як разабрацца ў сугуччах – калі бог слыху ня даў. Як правіла, сьвет для беларускага нацыка сканчаецца на межах Рэспублікі Беларусь. Нацык жыве чужымі ўяўленьнямі пра Чужога. Уяўленьнямі, якія ён чэрпае зь перадач НТВ, РТР… ну, і інтэрнэту. У яго пошта на mail.ru, парывы душы на vershy.ru, а сам ён цалкам няблага пачуваецца “ў кантакце”. Яму цяжка паверыць, што сьвет можа быць розным і пры гэтым не трашчаць па швах. Са змрочным задавальненьнем ён назірае парыскія і лёнданскія закалоты. Па начах яму сьняцца підары, кітайцы ды п’яўкі. І блакітнавокія воі-бляндыны зь беларускімі пашпартамі. Яму сьняцца Леда і лебедзь. Леда зь Ліды, а лебедзь зь Лібану. Яму сьняцца кітайцы ў Смалявічах.

Дарэчы, ты для яго таксама – підар і кітаец. Запомні гэта. Бо ты пішаш – калі музы маўчаць. Бо пішаш словы – калі нацыі так патрэбная слава. Бо кажаш – калі трэба маліцца. Бо ты выраджэнец у краіне Адраджэньня. Пабочным прадуктам якога, на жаль, і ёсьць наш герой.

Так, страх. А яшчэ параза. Ён, наш сьціплы нацызм, выдае сябе за апошнюю выспу супраціву – але насамрэч ёсьць апошнім прытулкам аўтсайдэраў. Калі ты нічога ня здольны зрабіць зь пераможцамі – ты шукаеш сярод тых, з кім прайграў, каму зь іх ткнуць у пысу сваёй паходняй. Сапраўдны пераможца паблажліва глядзіць на ўсё гэта і не чапае ні адных, ні другіх. У яго і бяз нас справаў хапае.

Нацызм – гэта простыя адказы на складаныя пытаньні. Асобаў, якія кажуць, што ведаюць, хто ва ўсім вінаваты, прыстойнаму чалавеку наагул варта абыходзіць за кілямэтар. Нацызм – гэта адсутнасьць сумневаў. Таму ён нічога не стварае. Але нацызм – гэта яшчэ і эстэтыка. У свой час менавіта дзякуючы сваёй новай эстэтыцы нацызм перамог у Нямеччыне ваймарскіх валаводнікаў-дэмакратаў. І жыў, пакуль эстэтыка працавала.

Вядомая сэрыя фатаграфій Гітлера, зробленая ў сярэдзіне 20-х гадоў. На іх будучы фюрэр германскай нацыі зьняты ў шортах – такіх сабе баварскіх скураных штоніках трохі вышэй за калена. Сам Гітлер прызнаваўся, што “хадзіў у іх нават у дзесяціградусны мароз, адчуваючы неверагодную лёгкасьць і свабоду ў рухах”. А ніжэй надзетыя гольфы – белыя такія нявінныя гольфікі… Зразумела, што гэта нацыянальны касьцюм – але адчуваньне нейкае інфантыльнасьці, эфэкт дзіцячага садку настолькі моцныя, што на здымкі пазіраеш з усьмешкай. Нават ведаючы, што было далей. Беларускія нацы неахвотна глядзяць на такія выявы свайго куміра – галоўнага “кансэрватара і традыцыяналіста”. Ім здаецца, што з кароткіх штонікаў яны ўжо вырасьлі. Нават са скураных. Праўда, зірнуць уніз яны баяцца. Раптам ня ўсім гэта відаць? Раптам каленкі голыя? Раптам прыбяжыць мама і пагоніць адважных арыяў падмывацца? Беларускаму нацызму пазарэз патрэбныя падмацаваньне, правадыры і масоўка. А каго тут яшчэ прасіць у фюрэры, як не пісьменьнікаў? Хто яшчэ пашые штонікі нашым нацы?

Наша нацы-літаратура – гэта пазаўчорашнія аўтары, што спрабуюць пісаць пра пасьлязаўтра. Краўцы-добраахвотнікі, што шыюць штонікі для голенькай беларускай правіцы. І калі мне скажуць, што беларускага нацызму не існуе як зьявы, я магу адказаць, што проста штонікі яшчэ не пашытыя.

На шчасьце, з голых каленак нацызму і яго мараў пра штонікі ўсё яшчэ можна сьмяяцца. Ну не чытаць жа іх, далібог, калі адна п’еса не запрэжанага ў адраджэньне Паўла Пражко, расейскамоўнага аўтара, кажа пра Беларусь больш, чым усе іхныя раманы. Краіна зьмянілася. Скураныя штонікі ўжо ня ў модзе.

Дзе сканчаецца мой нацыяналізм і дзе пачынаецца іхны нацызм?

Калі ты разгортваеш кніжку і чытаеш там, што дзеля Беларусі аўтар гатовы на ўсё – ты чуеш яго. Бо “на ўсё” – гэта і ёсьць нацызм.

Калі табе нагадваюць, што ёсьць несвоечасовыя тэмы і сьвятыя мясьціны – ты гаворыш зь ім, пазнаеш яго вісклівы голас.

Калі ты хочаш на хвілінку выйсьці з ВКЛ і ня можаш, быццам нехта зачыніў звонку дзьверы – гэта справа яго дрыготкіх рук.

Калі ты ня хочаш шчыльнымі радамі, а табе кажуць, што трэба, што ты здраднік, што мусіш у крывавых муках – гэта яго стыль.

Калі з добрага старога пісьменьніка робяць Прарока і Апостала – гэта яго манера. Ён любіць вялікія літары, паховіны і маўзалеі. Зьезды, сходы, памінкі… І калі мой цудоўны бяскрайні сьвет кладуць у Беларусь, як у труну – гэта таксама ён. Наш няспраўджаны родны нацызм.

Нельга пражыць гісторыю за адзін дзень, няважна: у капусьце ці ў штоніках з варожае скуры. Перш чым сказаць: “жыве вечна”, няблага было трохі памучыцца пытаньнем, што такое вечнасьць і што такое жыцьцё. І не знайсьці адказу.

Ніякай літасьці Альгерду Б.

Подняться наверх