Читать книгу Ніякай літасьці Альгерду Б. - Альгерд Бахаревич, Ольгерд Бахаревич - Страница 7
Тры акорды
ОглавлениеХтосьці ня любіць вараную цыбулю, іншыя не чыталі Арнольда Ф. Пімбэра (і не зьбіраюцца, і не прачытаюць, бо я толькі што яго выдумаў) – а я вось ніколі не разумеў, што такое бардаўская песьня і ў чым сэнс яе існаваньня. Іншымі словамі, калі чалавек у душы сокал – дык чаму ён абавязкова яшчэ і завоюш пад гітару? Бардаўская песьня – гукі, якія ніяк ня робяцца музыкай, і словы, якія ніяк ня стануцца літаратурай. І калі гэта ўсё-ткі літаратура – навошта ёй тыя тры акорды-падпоркі? Добра, часам пяць: але калі і гэта ўжо музыка – што тады такое Бартак і Стравінскі? Нашто харошаму вершу ўбогі матыў і струнны перабор – калі ён сам па сабе мỳзыка? І нашто тым тром акордам выкшталцоная паэзія? Аem, deem, eem, як казалі ў старажытным Рыме, а там слоў на вецер не кідалі.
Можна, вядома, сказаць, што яна, бардаўская песьня – адмысловы жанр і наагул фэномэн. Паўвекавой даўнасьці. Тут не паспрачаешся. І тое, і другое, і, напэўна, яшчэ нешта трэцяе. Але ж хай адкажуць Вялес, Сварог і іншыя кісламалочныя багі, чаму ж так с-у-у-у-мна іх усіх слухаць…
Калі б Морысан або Ігі Поп сьпявалі свае песьні пад гітару – яны б яшчэ ня сталі бардамі. А вось калі Зьмітрок Аглаблёвы сьпявае – бард, ды яшчэ які. Наш, родны. Выбірай, а то прайграеш.
Беларускі бард задушэўны. У тым сэнсе, што вакол яго заўсёды задуха замілаваньня. Чалавек з гітарай – сам па сабе сымбаль, нават калі ён яшчэ не завыў. Шмат хто мае ў дзіцячым альбоме фота з гітарай: зробленае ў тыя блаславёныя часы, калі пальчыкі яшчэ матузкі завязваць не навучыліся. Маленькі гітарыст вырасьце і засьпявае. Хаця божанька яго па іншай часьці прадугледзеў. Хочаш быць бардам – будзь ім. Божаньку ніхто не праверыць.
Беларускі бард засяроджаны. Ён закочвае вочы, як самнамбула. Пагладжваючы ліру, ён расказвае пра свае Троі, чацьвяргі і пятніцы. Барда часта хочацца паторгаць за бараду – нават калі ён жанчына сярэдніх гадоў, маці траіх дзяцей. Паторгаць і сказаць: можна, я пакурыць выйду? Можна, ня буду сёньня абдымаць жоўты выгін? Апатэоз бардаўскай песьні – расейскі рок, русскій рог, які вырас на галаве ў кожнага, хто нарадзіўся ў сямідзясятыя. Хтосьці пасталеў і скінуў – хтосьці так і ходзіць.
Уся Беларусь – гэта такая доўгая і рамантычная бардаўская песьня. Харошы верш на дрэнную музыку. Ці наадварот.
Калі стары парк з выглядам на возера дзесьці ў мястэчку – дык абавязкова з двухмэтровым бронзавым партызанам у паліто ад Кардэна.
Калі дзіцячая кніжка па-беларуску з цудоўнымі малюнкамі – дык тэкст у ёй такі, што хочацца скупіць увесь наклад, разьвесьці вогнішча і спаліць на ім аўтара.
Калі на любімай цяністай вуліцы здымаюць кіно – дык гэта абавязкова нейкі тупы маскоўскі сэрыял.
Калі гаворыш зь людзьмі трасянкай – скажуць, каб ня “порціў наш красівы беларускі язык”.
Загаворыш “на красівам” – перайдуць ад страху на расейскую.
Калі добры пісьменьнік, якога паказаць ня сорамна – дык мёртвы і забыты.
Калі яшчэ ня мёртвы – дык абзываецца вясковымі і нявысьпелымі. Ёсьць чэмпіёнства па колькасьці выдадзеных шэнгенскіх візаў – і гэткае самае па колькасьці стэрэатыпаў наконт Эўропы.
Чэмпіянат па гакеі лямантуе пра гістарычныя аналёгіі – і яго чакаюць, нецярпліва, як сьвята апакаліпсысу.
Архітэктура тут настаялася, як віно; яшчэ трохі, і можна будзе палюбіць усю гэтую сталінска-хрушчоўскую каменную флёру, яшчэ нейкае дзесяцігодзьдзе, і геніюс лёцы ўваскрэсьне – і тут прыходзіць загад “абнавіць і расчысьціць”.
Калі менская някідкасьць робіцца прыгожай – трэба ўсё зрабіць па-багатаму.
Калі ты абаронены тут – значыць, бяспраўны.
Барду заўсёды чагось не хапае: густу, гітары, меры… Але ў шансону заўсёды будзе больш шанцаў, чым у Шамісо.
Беспакойная бардаўская душа беларуса хоча трох акордаў. Інакш неяк не па-сапраўднаму. Проста вершы ці проста музыка не пасуюць чэмпіёнам. А чэмпіёнамі хочацца быць ва ўсім. Хочацца, каб верш стаўся песьняй. Ніхто не прызнае праўды: напрыклад, што беларускі ўнёсак у сусьветную літаратуру роўны альбанскаму. Барда пакрыўдзіць кожны зможа, а вось грошай даць…
У Беларусі бардаў болей, чым пазначана на афішах. Сканцэнтравацца на чымсьці адным – значыць, прызнаць паразу. Людзі ў сорак гадоў ня ведаюць, чаго яны хочуць: вершаў або музыкі, яны кідаюцца на тое, і на другое, і на трэцяе, і на пятае – нібы ў іхнага настаўніка па профарыентацыі быў дыягназ “профнепрыдатнасьць”. У выніку, “шлях зямны прайшоўшы да паловы”, чалавек жадае быць адначасова паэтам і бізнэсоўцам, рамантыкам і рэалістам, палітычна граматным і пры гэтым вольным, хоча быць эўрапейцам і азіятам, хоча немагчымага, неспалучальнага, і невядома, чаго больш – хоча, каб усё было пад гітару. І ў выніку працуе кантралёрам на богам забытым аўтобусным маршруце. Добрыя адміністратары пішуць раманы, раманісты працуюць начнымі вартаўнікамі, няздарнасьці выдаюць часопісы, кантралёры кіруюць дзяржавай. Хочацца ўсяго адразу і каб пляскалі. Бардаўская песьня жыцьця. Сярод маіх знаёмых дастаткова людзей, якія ненавідзяць сваю працу. А спытай: а кім ты хацеў бы быць? Чаго хочаш? Ну так, зямлі-волі, хлеба, солі, ня быць скотам… Міхалок ды Купала. Барды беларускія. Трэба ж некаму верыць.
На пытаньне “у што верыш?” можна адказаць па-рознаму. У трыццаць восем гадоў у галаву прыходзіць вось гэты адказ, джонленанаўскі:
I just believe in me Yoko and me And that's reality.
У Ёка і ў сябе.
А на ўсё астатняе можна пакласьці. Ці пакласьці на тры акорды. Слухач усё роўна знойдзецца. На тое яны й барды. Гусьляры свабоды.