Читать книгу 1939 год і Беларусь. Забытая вайна - Анатоль Трафімчык - Страница 10

Раздзел II. Шлях да верасня 1939 года: Беларусь і суседзі паміж дзвюма сусветнымі войнамі
Крочачы да новай вайны: савецка-германскія адносіны на фоне еўрапейскай палітыкі

Оглавление

Пасля мірнай стабілізацыі ў свеце ішлі свае працэсы, на фоне якіх беларуская і нават польская карты мелі значэнне ў пэўным сэнсе другараднае. Аднак глабальны кантэкст падзей моцна ўплываў на лёсы ўсіх народаў Усходняй Еўропы, якія з розным поспехам дамагаліся дзяржаўнага суверэнітэту. Змаглі вырвацца з чэпкіх абдымкаў Расіі Фінляндыя, Польшча і нават больш слабыя Літва, Латвія і Эстонія. Нягледзячы на спробы стаць самастойнымі, Беларусь і Украіна засталіся ў арбіце ўсходняга суседа, праўда, значныя іх часткі (у Беларусі ўвогуле блізу паловы) былі аддадзены Польшчы.

Вынікі Першай сусветнай вайны не задаволілі Германію і Савецкую Расію, якія, нягледзячы на сваё паслабленне, не збіраліся сыходзіць з вялікай геапалітычнай арэны. Цалкам наадварот, яны мелі ў сваіх далёкасяжных планах значнае павелічэнне сваёй магутнасці і адпаведнае пашырэнне ўплываў на міжнароднай арэне. Стаўшы свайго роду ізгоямі, абедзве дзяржавы вымушаны былі нанова выбудоўваць не толькі ўнутраную палітыку, але і дачыненні з усім астатнім светам, у якім дамінавалі вядучыя дзяржавы-пераможцы – ЗША, Англія і Францыя.

Выходзіць са сваіх тупікоў Масква і Берлін вырашылі разам, дакладней кажучы, за кошт адзін аднаго. Па слушных меркаваннях Леніна ў канцы 1920 г.,«Германия – самая передовая страна, за исключением Америки. <…> И вот, эта страна, связанная Версальским договором, находится в условиях невозможных для существования. И при таком положении Германия, естественно, толкается на союз с Россией».

16 красавіка 1922 г. паміж Германіяй і Расіяй была падпісана Рапальская дамова. Па сутнасці, яна мела эканамічны характар, але сам яе факт меў важкасць палітычную – азначаў прарыў міжнароднай ізаляцыі абодвух падпісантаў. Дамова прадугледжвала аднаўленне ў поўным аб’ёме дыпламатычных зносін паміж РСФСР і Германіяй. Бакі ўзаемна адмаўляліся ад прэтэнзій на кампенсацыі з прычыны ваенных выдаткаў і неваенных страт і дамаўляліся аб парадку ўрэгулявання рознагалоссяў паміж сабой.

Сімптаматычна, што фармулёўкі дагавора дазвалялі выйсці па-за яго эканамічны сэнс у напрамку супрацоўніцтва ў ваеннай сферы. Зрэшты, свае намеры адзін перад адным дзяржавы не хавалі доўга. Ужо 11 жніўня 1922 г. паміж Райхсверам і Чырвонай Арміяй было заключана сакрэтнае пагадненне аб ваенным і ваенна-тэхнічным супрацоўніцтве. Варта дадаць, што кантакты паміж Чырвонай Арміяй і Райхсверам былі наладжаны яшчэ зімою 1920–1921 гг. і заставаліся ў таямніцы да 1926 г.

У чым заключалася выгада для абодвух бакоў? У палітычным сэнсе большае значэнне дамова мела для бальшавікоў. Калі Германію вядучыя капіталістычныя краіны бачылі ў сваім шэрагу, хоць і на другасных ролях, дык маладой Краіне Саветаў пакуль не давалі права нават на існаванне. Шляхам падпісання Рапальскай дамовы Крэмль не толькі выходзіў з міжнароднай ізаляцыі, але і вырываў з варожага лагера дзяржаву, якая хоць і не была на той момант ва ўсіх сэнсах моцнай, але з патэнцыялам, які мог бы прынесці (і ўрэшце прынёс) карысць бальшавікам. Быў пакладзены пачатак падрыву «Версальскага» праекта па новым светаўладкаванні.

У эканамічным аспекце супрацоўніцтва было скіравана на аздараўленне гаспадарак абедзвюх краін праз развіццё ўзаемавыгаднага гандлю. Важнае месца меў ваенны аспект супрацоўніцтва. Германіі дазволілі арганізацыю ў Расіі аб’ектаў для выпрабавання забароненай Версальскай дамовай ваеннай тэхнікі і навучання ваенных кадраў. Нямецкае кіраўніцтва, у сваю чаргу, абяцала садзейнічаць экспарту нямецкага тэхнічнага вопыту для развіцця абарончай прамысловасці СССР. Савецкі бок атрымліваў права на ўдзел у выпрабаваннях нямецкай ваеннай тэхнікі, у тым ліку найноўшых узораў самалётаў, танкаў, хімічнай зброі.

Як жа аднесліся да Рапальскага пагаднення вядучыя заходнія дзяржавы? Найбольш устрывожылася з гэтай прычыны Францыя. Але праблемы пасляваеннага аднаўлення эканомікі, існаванне супярэчнасцей паміж краінамі-пераможцамі, у тым ліку і ў пытаннях стаўлення да Германіі, не дазволілі прадпрыняць рашучых захадаў дзеля мінімізацыі непрыемных наступстваў савецка-германскага дыялогу.

Гледзячы з адлегласці часу, можна па-рознаму адносіцца да факта заключэння Рапальскай дамовы. Але неабходна прызнаць, што яна стала лагічным вынікам палітычнага размеркавання сіл на міжнароднай арэне. Іншая справа, што супрацоўніцтва Германіі і СССР не абмежавалася эканамічнай сферай і дыпламатычнымі кантактамі, – яно было скіравана галоўным чынам на ваенныя мэты. А паколькі ў кожнай дзяржавы яны былі свае, гэта абумовіла стаўленне да Рапальскай дамовы як да часовага і тактычнага пагаднення. Атрымалася, што фармальна яна стала адпраўной кропкай на шляху да Другой сусветнай вайны – прататыпам пакта Молатава – Рыбентропа. Але наўрад ці хтосьці гэта мог прадбачыць у першай палове 1920‐х гг.

Урэшце і англасаксонскія пераможцы павярнуліся тварам да пераможанай краіны. З канца 1923 г. стала паступаць падтрымка грашыма Германіі, дзе панаваў глыбокі крызіс, з боку ЗША і Англіі ў выглядзе крэдытаў; тады ж была падпісана і першая амерыкана-нямецкая гандлёвая дамова.

Дапамога – фактычна з абодвух бакоў – прывяла да выхаду Германіі з гаспадарчага крызісу і вывела яе зноў у лік моцных краін. Але неўзабаве ў 1929 г. выбухнуў сусветны эканамічны крызіс. Ён стаў галоўным фактарам, які ўгнаіў глебу для прыходу да ўлады адной з самых харызматычных і разам з тым адыёзных асоб у ХХ ст. – Адольфа Гітлера.

Нямецкая нацыя лічыла сябе не толькі пакрыўджанай па выніках Першай сусветнай вайны (гэта было б яшчэ паўбяды, бо ў вайне былі вінаваты перадусім самі немцы), але і прыцесненай у выніку пасляваеннага светаўладкавання. Узмацніць сярод немцаў рэваншысцкія настроі было нескладана: яны і так існавалі, але не былі найважнейшымі, бо краіна патанала ва ўнутраных праблемах. Паказальнымі з’яўляліся набываючыя сілу сімпатыі нямецкага насельніцтва да крайніх палітычных рухаў – правых (будучых нацыстаў) і левых (камуністаў). Гэта дало падставы казаць пра Германію, якую ў перыяд 1919–1933 гг. называлі Веймарскай, як пра «дэмакратыю без дэмакратаў». Пасляваеннае развіццё Германіі сведчыла, што краіна шукала нацыянальнага лідара і нават, калі хочаце, дыктатара. Прынцыпова памыляюцца тыя, хто не бачыць заканамернасці ў прыходзе да вярхоўнай улады А. Гітлера, мяркуючы, што ён узняўся перадусім дзякуючы свайму палітычнаму таленту.

Ізноў-такі паказальнымі з’яўляюцца сумесныя планы агрэсіі супраць Польшчы, якія распрацоўваліся супольна Савецкім Саюзам і Германіяй. Яшчэ ў верасні 1920 г. (фактычна адразу пасля катастрафічнага паражэння ад палякаў) Ленін даў упэўненую ўстаноўку:

«Приближение нашей армии к Варшаве неоспоримо доказало, что где-то близко к ней лежит центр всей системы мирового империализма, покоящейся на Версальском договоре. Польша, последний оплот против большевиков, находящийся всецело в руках Антанты, является настолько могущественным фактором этой системы, что, когда Красная Армия поставила этот оплот под угрозу, заколебалась вся система».

З улікам таго, што ў Германіі ўвесь гэты час ішло супрацьстаянне двух радыкальных палітычных лагераў – нацыянал-сацыялістаў і камуністаў, Крамлю можна было спадзявацца на пажаданы для яго паварот унутры нямецкай краіны, які вынес бы польскае пытанне на парадак дня. Як даказвае вядомы польскі гісторык Войцех Матэрскі, германа-савецкі саюз, скіраваны супраць Польскай Рэспублікі, меў абрысы рэальнасці ўжо ад пачатку 1919 г. У 1923 г. існаваў план хаўрусніцтва СССР з яшчэ слабой Германіяй для выступлення супраць Польскай Рэспублікі. Свае разважанні на гэты конт у Берліна меліся і ў сярэдзіне 1920-х гг., а трохі пазней, у 1932 г., М. Тухачэўскі, запрошаны на манеўры германскай арміі, абмяркоўваў патэнцыяльныя сумесныя дзеянні Чырвонай Арміі і Райхсвера супраць Польшчы, хоць для рэалізацыі такой задумы яшчэ не склаліся перадумовы як міжнароднага, так і ўнутрыпалітычнага характару.

Калі польскія працы з такімі звесткамі яшчэ можна западозрыць у тэндэнцыйнасці, дык аналагічнай інфармацыі з работ расійскіх даследчыкаў варта давяраць больш. Вось што піша прафесар Аляксандр Пронін:

«Интересно, что и советское руководство, заключив мирный договор с Польшей в 1921 г. и тем формально признав восточную польскую границу, неизменно подчеркивало свое недовольство сложившейся ситуацией. Так, посол Германии в СССР в 20-х – начале 30-х гг. фон Дирксен 17 октября 1931 г. писал из Москвы о своей встрече с Ворошиловым, утверждая, что границы с Польшей Ворошилов считает, как это он подчеркивал в разговоре с начальником Генерального штаба рейхсвера Адамом, «неокончательными», а проводимые в то время СССР переговоры с Польшей и Францией нарком обороны СССР характеризует как «явление чисто политического характера, которое диктуется разумом». <…> 12 декабря 1931 г. Ворошиловым в беседе с фон Дирксеном были сказаны следующие слова: “ни при каких обстоятельствах, разумеется, не может быть и речи о какой-либо гарантии польской западной границы; советское правительство – принципиальный противник Версальского договора».

Аднак у 1933 г. наступае згортванне германа-савецкага супрацоўніцтва. Прынята лічыць, што галоўным чыннікам тут стаў прыход да ўлады А. Гітлера – зацятага антыкамуніста. Не выключаючы гэты аспект, нагадаем, што германа-савецкія стасункі, будучы заснаванымі на ўзаемнай выгадзе, не планаваліся кожным з бакоў на далёкую перспектыву. Як выказаўся расійскі гісторык Сяргей Круглоў, гэта быў «шлюб па разліку». Супрацоўніцтва скончылася, калі перастала быць выгадным. Да таго ж сапраўды, у 1930-я гг. планы кожнай з дзяржаў выйшлі на шляхі, дзе сяброўства не прадугледжвалася. Гітлер разлічваў на жыццёвую прастору на ўсходзе, а Сталін, убачыўшы бесперспектыўнасць наступлення пралетарскай рэвалюцыі ў гітлераўскай Германіі, хацеў яе патэнцыяльную агрэсію павярнуць на захад. Савецкая палітыка паслядоўна працягвала ісці ў рэчышчы, тэарэтычна абгрунтаваным Леніным, які планаваў распаўсюдзіць рэвалюцыю пры дапамозе чарговай сусветнай вайны.

Аднак спачатку Германіі трэба было аднавіць свой ваенны патэнцыял, прычым зрабіць гэта на сваёй тэрыторыі. Мілітарны прагрэс у такім выпадку рабіўся б відавочным і перастаў бы быць таямніцай. Паводле Версальскай дамовы, яе дзяржавы-гаранты мелі права стрымаць выхад за дамоўленыя рамкі ваенных магутнасцей Германіі. Аднак рашыцца на гэта яны былі няздольныя, што фюрэр выдатна разумеў. Пачынаючы з 1935 г. Берлін скідвае з сябе шырму, за якою хаваліся грубейшыя парушэнні Версальскай дамовы.

Як жа гэта адбывалася? Прасочым хроніку падзей. 18 сакавіка 1935 г. Германія афіцыйна ў аднабаковым парадку дэнансавала Версальскую дамову. У тым жа годзе шляхам рэферэндуму (з неадэкватна высокімі паказчыкамі – больш за 90 %) з-пад юрысдыкцыі Лігі Нацый была вернута гістарычная вобласць Саар. У 1936 г. адбылася мілітарызацыя Рэйнскай вобласці. Нягледзячы на тое, што пералічаныя падзеі стваралі прамую пагрозу для Францыі і яе саюзнікаў, істотных контрзахадаў не наступіла. 25 лістапада 1936 г. Германія і Японія падпісваюць антыкамінтэрнаўскі пакт. Гэтым разам палітычны крок Берліна меў выразны антысавецкі характар, стаўшы штуршком да антыфашысцкай прапаганды ў СССР. У сакавіку 1938 г. (таксама шляхам рэферэндуму з непраўдападобна высокім працэнтам падтрымкі) ажыццяўляецца далучэнне Аўстрыі.

Восенню 1938 г. Германія далучае Судэцкую вобласць, якая належала Чэхаславакіі. Гэта падзея выклікала больш істотную рэакцыю ў іншых краін. У прыватнасці, Савецкі Саюз прапанаваў Чэхаславакіі ваенную дапамогу (у рамках выканання савецка-французскай дамовы ад 2 мая 1935 г. і савецка-чэхаславацкай дамовы ад 16 мая 1935 г.). Аднак польскае кіраўніцтва заявіла, што не прапусціць Чырвоную Армію праз сваю тэрыторыю, баючыся непажаданых для сябе наступстваў. Заходнія палітыкі пайшлі з Гітлерам на кампраміс і шляхам падпісання Мюнхенскага пагаднення (30 верасня 1938 г.) задаволілі фюрэра. Яны нават не хавалі, што бачаць у такім развіцці падзей большую пагрозу для СССР, прадстаўнікоў якога ў Мюнхен свядома не запрасілі. Відавочна, што заходнія палітыкі былі не супраць далейшых саступак Германіі, таму на скорае парушэнне Гітлерам і Мюнхенскага пагаднення паглядзелі праз пальцы.

Сапраўды, анексія Судэтаў паклала пачатак расчлянення ўсёй Чэхаславакіі. Так, аддзялілася і пайшла пад пратэктарат Германіі Славакія. Адшчыкнуць кавалак тэрыторыі пажадалі Венгрыя і Польшча. Апошняя, выявіўшы прэтэнзіі на Цешынскую вобласць, увяла туды войскі адразу за германскім заняццем Судэтаў (2 кастрычніка 1938 г.). Кіраўніцтва Польскай Рэспублікі бачыла рост ваеннай магутнасці заходняга суседа. Аднак анексія Аўстрыі і Чэхіі абнадзейвала тым, што германская агрэсія будзе скіравана ў бок Балкан.

Польскія гісторыкі ў сваёй большасці сканструявалі вобраз даваеннай Польшчы як ахвяры Мюнхенскай змовы. Гэта рабілася на той падставе, што наступствы Мюнхена прывялі неўзабаве да агрэсіі супраць самой Польшчы. А між іншым, агрэсіўныя захады Польскай Рэспублікі ў другой палове 1930-х гг. зусім не былі выпадковыя. У сакавіку 1938 г. (што цікава – адразу пасля анексіі Аўстрыі Германіяй!) польскія дыпламаты прад’явілі ўльтыматум Літве, каб апошняя змяніла канстытуцыйнае палажэнне аб Вільні як сваёй сталіцы. Інакш Польшча пагражала акупацыяй.

Гітлер гатовы быў прызнаць такое развіццё падзей – таксама, як праз паўгода пагадзіўся з падзелам Чэхіі. Аднак тады за Літву заступіўся (хоць і толькі праз дыпламатычныя каналы) Савецкі Саюз. Сітуацыя магла даць яму магчымасць увесці войскі не толькі на тэрыторыю Літвы, але і, аказваючы дапамогу, на тэрыторыю Польскай Рэспублікі, якая пры адсутнасці нейкіх абяцанняў з боку Англіі рэалізаваць акупацыю не рашылася (тым больш што ўльтыматум Літва ўсё-такі прызнала, чым прадоўжыла сваю незалежнасць яшчэ на два гады).

Да сакавіка 1939 г. Чэхія страціла незалежнасць. Захад такое разгортванне падзей – скорае парушэнне Мюнхенскага ўкладу – прыняў як факт. Толькі ўрад СССР, якога пакінулі па-за Мюнхенам, 19 сакавіка прад’явіў ноту Германіі аб непрызнанні нямецкай акупацыі часткі тэрыторыі Чэхаславакіі. Крэмль бачыў, як імкліва рухаўся на ўсход Гітлер, і, натуральна, трывожыўся.

Тады ж адбыўся аншлюс Германіяй Клайпеды (Мемеля) – стратэгічна важнага пункта на балтыйскім узбярэжжы Літвы.

На шляху задавальнення гітлераўскіх апетытаў на ўсходнім кірунку апошнім бар’ерам стаяла Польшча. У якасці зачэпкі да яе паслужыла праблема Гданьска (Данцыга), які паводле мандата Лігі Нацый меў статус «вольнага горада». Германія пачала прапаноўваць Польшчы варыянт за варыянтам, з цягам часу павялічваючы катэгарычнасць і ўльтыматыўнасць тону.

Варшава наадрэз адмовілася ўдзельнічаць у саюзе з Берлінам супраць Масквы (таксама як і раней не захацела паспрыяць дзеянням супраць Германіі). Кіраўнікі Польскай Рэспублікі добра разумелі, што такім чынам ставіцца пад пагрозу дзяржаўнасць і незалежнасць краіны. Яны спадзяваліся на дапамогу Англіі і Францыі, але ці пагадзіліся б апошнія рэальна абараняць Польшчу, было пад пытаннем.

Такім чынам, існавалі падставы лічыць, што гітлераўскія планы ажыццявяцца: нямецкі фюрэр абвясціў славянскія тэрыторыі жыццёвай прасторай для Германіі, у той жа час лічачы магчымым і пры пэўных варунках пажаданым саюз з Англіяй і Францыяй; за кароткі час Германія і СССР сталі ворагамі, прынамсі на ідэалагічным узроўні; Гітлер распачаў упэўненае пашырэнне ІІІ Райха на ўсход і, як было відаць, не збіраўся змяняць гэты вектар. Перашкодай па-ранейшаму заставалася Польская Рэспубліка, да якой належала немалая частка беларускіх зямель.

1939 год і Беларусь. Забытая вайна

Подняться наверх