Читать книгу 1939 год і Беларусь. Забытая вайна - Анатоль Трафімчык - Страница 8

Раздзел I. На парозе новай эпохі: свет і Беларусь пасля Першай сусветнай вайны
Другое абвяшчэнне БССР у 1920 г.: in abstracto

Оглавление

Вясною 1920 г. на польскім фронце сілы бальшавікоў пачалі мацнець, што, натуральна, зрабіла рэальнымі планы наступлення. У іх святле, як потым (пасля правалу пахода на Варшаву) прызнаўся Ленін, лёс зямель паміж Польшчай і Расіяй выглядаў няпэўна. Будучыня краіны залежала ад вынікаў барацьбы знешніх сіл.

Пасля выгнання палякаў з Беларусі перад другім абвяшчэннем БССР (паралельна існавала – на афіцыйным узроўні – і назва ССРБ, Савецкая Сацыялістычная Рэспубліка Беларусь) летам 1920 г. праціўнікі такога абвяшчэння, кіраўнікі Заходняй вобласці Рычард Пікель і Ісаак Рэйнгольд, даслалі ў ЦК КП(б) ЛіБ тэзісы «Да пытання аб стварэнні Беларускай Савецкай Рэспублікі».

У гэтых тэзісах, як адзначаюць Р. Платонаў і М. Сташкевіч, беларускаму народу фактычна адмаўлялася ў праве на самавызначэнне і стварэнне сваёй нацыянальнае дзяржаўнасці з наступным падагульненнем:

«Сучасныя міжнародныя абставіны і рэальныя суадносіны сіл між Савецкай Расіяй і капіталістычнымі краінамі Захаду зусім іншыя, чым у перыяд акупацыі Беларусі ў канцы 1918 г. У сувязі з гэтым пастаноўка пытання аб Савецкай Беларусі павінна быць іншай. <…> У перыяд рэакупацыі 1918 г. стварэнне Беларускай рэспублікі апраўдвалася ў першую чаргу неабходнасцю мець буферную дзяржаву між савецкай Расіяй і белагвардзейскай Польшчай, на выпадак засцярогі Савецкай Расіі ад нечаканага ўдару з боку белай Польшчы. Матывы этнаграфічнага, эканамічнага і культурнага характару выконвалі пры стварэнні савецкай рэспублікі пабочную ролю. <…> Цяпер барацьба Савецкай Расіі з белай Польшчай не патрабуе ніякіх скрытых форм. Разгром яе, стварэнне ў ёй Савецкай Рэспублікі – чарговая задача сусветнай рэвалюцыі. Адсюль неабходнасць стварэння Беларускай Савецкай Рэспублікі павінна быць абгрунтавана іншымі аргументамі, чым стварэнне такой у 1918 г. Імі могуць быць – этнаграфічныя, эканамічныя і культурныя перадумовы. <…> Беларусы – не асобная нацыянальнасць або народнасць. Іх мова, рэлігія, культура нічым не адрозніваюцца ад вялікарускай. Беларускі нацыяналізм – чыста інтэлігенцкі мяшчанскі рух (і то нязначная частка), які не мае ніякай падтрымкі сярод працоўных мас».

Вельмі паказальна адлюстраваны адносіны бальшавікоў да беларускай дзяржаўнасці ў дакуменце пад назвай «Записка И.Т. Смилги относительно провозглашения Белорусской Республики и войны с Польшей», накіраваным 14 ліпеня 1920 г. у ЦК РКП(б):

«Предлагаю:

• Провозгласить Белорусскую республику (пока in abstracto).

• Войны с Польшей не кончать, пока не добьемся Советской Польши или же в крайнем случае достаточных гарантий прочности мира.

• Пройти к германской границе кратчайшим путем через Литву».

Ключавым тут з’яўляецца лацінскі выраз, пазначаны ў дужках – in abstracto, што ў перакладзе азначае «наогул, адцягнута». Для лепшага разумення прывядзём яго дыпламатычны антонім: in concreto – у сапраўднасці, у рэчаіснасці, у пэўным выпадку. У сваю чаргу, Ленін, азнаёміўшыся з гэтым дакументам у кантэксце прапаноў пра перамір’е ў сувязі з надыходзячымі перамовамі з Польшчай, робіць памету «Nota bene», г. зн. акцэнтуе ўвагу менавіта на такім варыянце лёсу Беларусі.

Увогуле, у 1920 г. адносна беларускага пытання бальшавікі вагаліся найбольш: сваю тактыку ЦК РКП(б) будаваў тут з улікам прасоўвання на захад Чырвонай Арміі, а яе поспехі былі пераменлівымі (нават цягам аднаго летняга сезона). Як толькі наступ аказваўся няўдалым, адразу паўставалі структуры для фармальнага замацавання прасавецкае Беларусі і наадварот.

Бальшавікі працягвалі гандлявацца беларускай зямлёй спярша з незалежнай Літвой, а пазней – з Польшчай. Абвяшчэнне ССРБ 31 ліпеня 1920 г. падчас наступлення Чырвонай Арміі з’яўлялася чыста фармальным актам (і, верагодна, з улікам сітуацыі ў Польшчы, рэкламна-прапагандысцкім). Вось чаму нацыянальныя сілы (у першую чаргу даволі папулярныя тады эсэры) пад ім не падпісаліся.

Неабходна адзначыць і ўкраінскі фактар: у маі 1920 г. польска-ўкраінскія войскі адбілі ў Чырвонай Арміі Кіеў, што, у сваю чаргу, актывізавала дзеянні лідараў беларускага нацыянальнага руху. І хаця паралельна з ССРБ рыхтаваўся праект «поўнага зліцця» Беларусі «ва ўсіх адносінах з Савецкай Расіяй» (прыводзім словы вышэй працытаваных Р. Пікеля і І. Рэйнгольда), аднак з наступленнем войск Пілсудскага і пагрозай адрыву беларускіх зямель ад савецкай краіны такія планы, відавочна, страцілі актуальнасць.

Па словах польскага гісторыка Юрыя Туронка, фіктыўнасць юрыдычнага статусу БССР падкрэсліваў факт стварэння ў 1920 г. не ўраду рэспублікі, а Ваенна-рэвалюцыйнага камітэта з кампетэнцыямі губернскага органа ўлады. Гэта сведчыла аб ваганні і няўпэўненасці кіруючых органаў РСФСР у беларускім пытанні. У канцы 1920 г. Аляксандр Чарвякоў нагадаў пра крайне ненармальнае становішча ў сувязі з неўрэгуляванасцю дзяржаўных стасункаў Беларусі і РСФСР. Перамовы скончыліся падпісаннем 16 студзеня 1921 г. «саюзнай рабоча-сялянскай дамовы» паміж імі. Але і гэтая дамова, з’яўляючыся хутчэй фікцыяй раўнапраўя, не вызначала канчаткова сутнасць беларуска-расійскіх адносін, пакідаючы Маскве шырокае поле для маніпуляцый Беларуссю.

Пад канец лета 1920 г. (у сувязі з паспешлівым адступленнем Чырвонай Арміі на савецка-польскім фронце) ідэя буфернасці Беларусі чарговы раз актуалізавалася. Гэтым разам планавалася аддаць пад Савецкую Беларусь 18 паветаў. Ізноў было катэгарычна адмоўлена ўлучыць сюды ўсходнюю частку этнічна беларускіх земляў уключна з Віцебскам, Смаленскам і Магілёвам на той падставе, што нібыта там няма ніякіх беларусаў, як заявіў В. Кнорын.

А ў «Дэкларацыі пра абвяшчэнне незалежнасці ССРБ» ад 31 ліпеня 1920 г. было ж чорным па белым напісана, што межы рэспублікі з Савецкай Расіяй і Украінай вызначаюцца «вольным выражэннем беларускага народа на павятовых і губернскіх з’ездах Саветаў у поўнай згодзе з урадам РСФСР і ССРУ». Быццам нехта ў таго народа пытаў!

1939 год і Беларусь. Забытая вайна

Подняться наверх