Читать книгу 1939 год і Беларусь. Забытая вайна - Анатоль Трафімчык - Страница 9

Раздзел I. На парозе новай эпохі: свет і Беларусь пасля Першай сусветнай вайны
Рыжская мірная дамова і падзел Беларусі: драма і надзеі

Оглавление

Савецка-польская вайна знясіліла абодва бакі. У кастрычніку 1920 г. яны пагадзіліся на заключэнне мірнай дамовы. У той час большая частка ССРБ знаходзілася пад польскай акупацыяй. Ніводную з дзвюх беларускіх дэлегацый (ад БНР і ССРБ) за стол перамоў не пусцілі. Паводле мандата ад Ваенна-рэвалюцыйнага камітэта ССРБ, яе інтарэсы прадстаўляла дэлегацыя РСФСР.

Пазіцыя апошняй адносна мяжы з Польшчай, як казалася вышэй, была няпэўнай. У Рызе бальшавіцкая беспрынцыповасць была чарговы раз прадэманстравана. Калі яшчэ летам 1920 г. Масква дамагалася правядзення савецка-польскай мяжы па «лініі Керзана» (зразумела, пасля адступлення), дык праз некалькі месяцаў яна была гатовая ахвяраваць усёй новастворанай Савецкай Беларуссю (чым фактычна выявіла сваё стаўленне да яе на міжнароднай арэне).

Больш таго, 23 верасня 1920 г. савецкі ўрад звярнуўся да кіраўніцтва Польшчы з прапановай адкінуць пытанні аб самавызначэнні народаў і абмежавацца ўсталяваннем усходняй мяжы Польшчы. Толькі і гэта яшчэ не ўсё. Масква аддавала ССРБ Польскай Рэспубліцы фактычна на ўмовах непрызнання гэтай тэрыторыі беларускай па сутнасці. Варта адзначыць, што такім чынам бальшавіцкі Крэмль манапалізоўваў права на стварэнне беларускай дзяржавы, якую, да таго ж, мусіла прызнаць Варшава.

Як даказвае Ю. Туронак, бальшавікі загадзя рыхтаваліся аддаць Польшчы частку беларускіх зямель – тую, што ўваходзіла ў склад ЛітБел. Яны хацелі маніпуляваць імі як тэрыторыяй з неакрэсленым дзяржаўным статусам, якая ў залежнасці ад канкрэтнага ваеннапалітычнага становішча магла быць перададзена ў сферу ўплыву Польшчы ці Расіі або падзелена паміж імі.

Масква была гатова саступіць Беларусь Польшчы яшчэ ў 1919 г. у якасці платы за мір, неабходны бальшавікам, каб засяродзіцца на франтах грамадзянскай вайны. А падчас заключэння мірнай дамовы ў Рызе ўжо ва ўступнай фазе перамоў кіраўнік савецкай дэлегацыі А. Іофе быў схільны аддаць Беларусь Польшчы наўзамен прызнання ёю Савецкай Украіны. Так выглядае яшчэ адзін бок разменнай манеты пад назвай «Беларусь»!

Дарэчы, у далейшым гэтую саступку савецкія ідэолагі і гісторыкі імкнуліся зарэтушаваць, заяўляючы, што бальшавікі не мелі ваенных рэсурсаў адстаяць больш беларускай тэрыторыі. Затое, па іх словах,«поляки пытались жульнически передвинуть пограничную линию на 30 км восточнее, чем это предусмотрено в мирном договоре».

Наадварот! Сёння ўведзеныя ў навуковы зварот матэрыялы (не толькі польскімі, але ўжо і беларускімі даследчыкамі) дэманструюць, якія камбінацыі – і на афіцыйным узроўні, і ў дыпламатычных кулуарах – канструяваліся бальшавіцкай дыпламатыяй у Рызе, каб толькі аддаць Польскай Рэспубліцы як мага больш беларускай зямлі.

Палякі не прынялі падарунка, і толькі 2/3 з адведзенай пад ССРБ тэрыторыі пасля рыжскіх перамоў апынуліся ў складзе Польскай Рэспублікі. Дарэчы, разважаючы пра магчымы тэрытарыяльны вобраз сучаснай Беларусі, можна, мусіць, пашкадаваць, што палякі ў 1921 г. адмовіліся ад усіх ім прапанаваных 18 паветаў разам з Мінскам. Крамлю давялося б арганізоўваць БССР на ўсходніх этнічных землях беларусаў, у тым ліку на тых, што зараз уваходзяць у склад Расіі. Для гэтага, акрамя Мінска, меліся «пра запас» яшчэ два патэнцыяльныя цэнтры – Магілёў і Смаленск (першы раз БССР, дарэчы, была абвешчана менавіта ў апошнім горадзе).

Да падобнага меркавання схіляюцца Р. Платонаў і М. Сташкевіч, кажучы, што ўключэнне ў склад РСФСР Магілёўскай і Віцебскай губерняў, калі б іншыя тэрыторыі ССРБ захапіла Польшча, у перспектыве стала б асновай адраджэння беларускай дзяржаўнасці. У такім выпадку трэба было б пераўзысці плошчай БССР плошчу этнічнай беларускай тэрыторыі, што апынулася пад Польшчай. Сёння Рэспубліка Беларусь у выніку магла б мець нашмат больш тэрыторыі.

Зразумела, гэта ўсяго толькі разважанні з вобласці альтэрнатыўнай гісторыі. Аднак у дадзеным выпадку на іх фоне больш выразна ўсведамляецца рэальнасць гістарычнага развіцця Беларусі ў міжваенны перыяд.

Такім чынам, Беларуская Рэспубліка была спляжана молатам (бальшавіцкай Расіяй) на кавадле (Польскай Рэспубліцы), што і было замацавана 18 сакавіка 1921 г. Рыжскай дамовай. Савецкая Беларусь у складзе шасці паветаў, як адзначае беларускі даследчык Язэп Юхо, хоць і абвяшчалася незалежнай, фактычна і юрыдычна з’яўлялася аўтаномнай вобласцю ў складзе РСФСР. Аб гэтым сведчыць і пастанова ІІІ з’езда Кампартыі Беларусі (лістапад 1920 г.):

«Белоруссия, являясь Социалистической Советской Республикой, одновременно является составной частью РСФСР, и все органы в области общих мероприятий должны быть подчинены соответствующим комиссариатам РСФСР, однако они должны иметь определенную свободу в области разрешения вопросов местной жизни».

Праўда, падпісаўшы прэлімінарную дамову з Польшчай, Масква пайшла на фармальныя саступкі і, як ужо было сказана, 16 студзеня 1921 г. заключыла з савецкім Мінскам дамову, у якой прызнаваўся суверэнітэт Савецкай Беларусі, што было пацверджана пры стварэнні СССР.

У Рызе быў скончаны першапачатковы этап станаўлення новай беларускай дзяржаўнасці. Так атрымалася, што ў гэты перыяд найбольшымі «ворагамі беларушчыны» (так сказаў Янка Купала) праявілі сябе бальшавікі (напачатку зусім не хаваючы гэтага – як бы не апраўдвалі іх пасля палітыкі і гісторыкі). Але менавіта Масква была вымушана не толькі прызнаць нацыянальныя памкненні беларускага народа, але і арганізаваць яму намінальную суверэннасць, кіруючыся, натуральна, меркантыльнымі інтарэсамі – не выпусціць гэты народ са сваёй палітычнай арбіты. Як гаркава-іранічна сказаў Янка Купала:

А нам чужы статут

Паднёс пяць паветаў, —

Жыві і ўладай тут!

Ну, дзякуй за гэта!..


Варыянтаў рашэння «беларускага пытання» на пачатку 1920-х гг. існавала шмат. Беларускі гісторык Тацяна Процька выдзяліла шэсць мадэляў:

«антибелорусская модель автономных областей (через Облисполкомзап), национальная автономия (через Белнацком), независимая советская социалистическая республика (БССР, первое объявление), независимая социалистическая республика-буфер (ССРБ) и образцовая коммунистическая республика БССР».

Варта дадаць, што да гэтага часу дэактуалізаваліся такія мадэлі магчымага развіцця беларускай дзяржаўнасці, як пратэктарат Германіі або Польшчы, федэрацыя з апошняй, літоўска-беларуская дзяржава (па-савецку ЛітБел), пражэкт Вацлава Ластоўскага часоў Першай сусветнай вайны ў выглядзе адроджанага ВКЛ, а таксама задума Антона Луцкевіча стварэння Чарнаморска-Балтыйскай канфедэрацыі ў складзе Літвы, Беларусі, Украіны, Польшчы (як самастойнымі суб’ектамі) і – самае галоўнае – адсутнасць беларускай дзяржаўнасці ў якой бы там ні было форме. Такім чынам, добры тузін.

Сёння відавочна, што палітыка бальшавікоў у дачыненні да праблемы самавызначэння беларускага народа была яўным фарысействам з самага пачатку яе ўзнікнення – з часоў Першай сусветнай вайны. Сучасны беларускі гісторык Уладзімір Снапкоўскі адзначыў:

«міждзяржаўныя адносіны паміж РСФСР і ССРБ складваліся на падставе “рэвалюцыйнай мэтазгоднасці” і сацыялістычнага права. Дакладнага вызначэння гэтым тэрмінам не было».

Можна канстатаваць, што рашэнне беларускага пытання ў выглядзе ССРБ не адпавядала мэтам ні бальшавікоў, прасякнутых ідэяй сусветнай рэвалюцыі, ні пілсудскай Польшчы з яе ідэаламі межаў 1772 г., ні Польшчы эндэкаўцаў (якая, як паказаў час, усё адно не змагла «пераварыць» нацменшасці), ні, тым больш, незалежніцкім памкненням нацыянальных беларускіх сіл, згуртаваных вакол ідэі БНР. Як слушна заўважыў у свой час М. Сташкевіч:

«масштаб действия классовых и социальных сил, логика политической борьбы предопределили поражение тех, кто пытался реализовать идею БНР. В этом противостоянии и родилась белорусская государственность на советской основе».

Але беларускі даследчык у сваім тлумачэнні правалу нацыянальных незалежнікаў праз іх слабасць у параўнанні з класава-сацыяльнымі сіламі не дадае, што савецкі варыянт паўстаў не з жадання бальшавікоў, а з логікі палітычнай барацьбы, у якой яны выкарыстоўвалі беларускую дзяржаўнасць цалкам у сваіх інтарэсах, зусім не звяртаючы ўвагі на ўласна гэтую дзяржаўнасць.

У сітуацыі з Беларуссю сам па сабе фактар БНР не быў вырашальным у справе надання бальшавікамі Заходняй вобласці фармальных прыкмет дзяржаўнасці. Савецкую Беларусь стварылі перадусім пад ціскам міжнародных абставін. Чыннік БНР тыя абставіны запачаткаваў і ўзмацняў, але бальшавікі не надавалі яму аператыўнай увагі: ні першае, ні другое абвяшчэнне Савецкай Беларусі не былі непасрэднай рэакцыяй на прэтэнзіі беларускіх нацыянальных сепаратыстаў. Роля буфера, якая адводзілася Савецкай Беларусі, магла быць ускладзена на Літву і Украіну, межы якіх можна было зрабіць агульнымі па беларускай тэрыторыі. Але і прыніжаць значэнне БНР нельга, бо бальшавікі стварэннем Савецкай Беларусі імкнуліся аслабіць беларускія нацыянальныя сілы з іх накіраванасцю на дзяржаўную самастойнасць, якія, да таго ж, маглі атрымаць пратэкцыю Захаду.

У той жа час ніводзін з бакоў не атрымаў і сакрушальнага паражэння ў барацьбе, якая пасля Рыгі не скончылася, а толькі прыпыніла сваю актыўную фазу, што сведчыла аб магчымым вырашэнні праблемы ў бліжэйшай будучыні.

У тым, што Беларусь не толькі не знікла з геаграфічнай мапы, але ў 1920-х гг. павялічыла свае адміністрацыйныя межы як Савецкая Рэспубліка, немалаважную ролю адыграла менавіта Рыжская дамова. Не было б яе, наўрад ці Крэмль пайшоў бы на павелічэнне тэрыторыі БССР. Не было б яе, беларуская эліта была б знішчана ў 1930-я гг. дашчэнту – дзякуючы ж падзелу краіны па заходні бок мяжы заставаўся значны палітычны і культурны асяродак беларускіх нацыянальных сіл. Не было б яе, ці атрымала б у рэшце рэшт сённяшняя Беларусь суверэннасць? Ці не была б яна паглынута Імперыяй, як Карэла-Фінская ССР, якая не выканала сваёй гістарычнай місіі ў распаўсюджванні сусветнай рэвалюцыі?

Развіваючы думку глыбей, можна зусім прыйсці да высновы, што падзел Беларусі ў 1921 г. стаў у пэўным сэнсе карысным для будучыні краіны, а Рыжская дамова наогул аказалася выратаваннем для яе. Па вялікім рахунку, Беларусь у новай і найноўшай сусветнай гісторыі паўстала як такая менавіта паміж дзвюх варожых сіл і нават у многім дзякуючы ім. Калі б адна з іх знікла, то верагоднасць знікнення – праз паглынанне / асіміляцыю – усёй Беларусі, відавочна, рэзка б узрасла. Да таго ж, як заўважыў выбітны знаўца гісторыі і культуры міжваеннай Заходняй Беларусі Арсень Ліс, падзел зусім не азначаў спынення кансалідацыі беларускага народа, нацыянальная ідэя працягвала эвалюцыянаваць.

Такім чынам, да Першай сусветнай вайны Беларусь акрэслівалася толькі ў этнічным і лінгвістычным плане. Ваенныя падзеі вынеслі паняцце Беларусі ў плоскасць палітычную. Аднак палітычнае акрэсленне на паперы (мапах) не азначала рэалізацыі гэтых тэорый у рэчаіснасці. А, па вялікім рахунку, усе папярэднія лакалізацыі Беларусі (да Рыжскай мірнай дамовы) заставаліся толькі тэарэтычнымі.

Пералічым іх:

• БНР (сакавік 1918 г.),

• БССР у першым абвяшчэнні з пяццю губернямі ў складзе (1 студзеня 1919 г.),

• БССР у першым абвяшчэнні з дзвюма губернямі ў складзе (16 студзеня 1919 г.),

• ССР ЛітБел (27 лютага 1919 г.),

• ССРБ / БССР (31 ліпеня 1920 г.).

Пераўладкаванне, якое адбылося ў выніку Першай сусветнай вайны, не толькі змяніла статус дзяржаў і нават невялікіх народаў, але і не пакінула ў баку ад падзей нікога ад Атлантыкі да Урала. Гэта азначала пачатак глабалізацыі. Сацыяльныя катаклізмы ў далейшым былі відавочныя – як у Еўропе, так і ў Беларусі. Заставаліся толькі пытанні – «як?» і «калі?». Пакуль жа, пасля вайны, наступаў адносна мірны перыяд.

1939 год і Беларусь. Забытая вайна

Подняться наверх