Читать книгу 1939 год і Беларусь. Забытая вайна - Анатоль Трафімчык - Страница 3

Раздзел I. На парозе новай эпохі: свет і Беларусь пасля Першай сусветнай вайны
Першая сусветная вайна і новая канфігурацыя сіл у свеце

Оглавление

1914–1918 гг. былі азмрочаны для чалавецтва вайною, у якой прынялі ўдзел вядучыя дзяржавы свету, уцягнуўшы ў бурхлівы вір і многія невялікія народы. Лідар бальшавікоў Уладзімір Ленін пасля першага года вайны справядліва выказаўся:

«это есть война между двумя группами разбойнических великих держав из-за дележа колоний, из-за порабощения других наций, из-за выгод и привилегий на мировом рынке».

Галоўнай прычынай вайны стала імкненне перадусім Германскай імперыі, якая ўтварылася толькі ў 1870 г., да перадзелу свету, у прыватнасці, заморскіх калоній. Зразумела, ні Вялікабрытанія, ні Францыя, ні іншыя краіны не жадалі страчваць набытыя рознымі шляхамі землі на глобусе, які з пачатку ХХ ст. пачаў увачавідкі цяснець.

Расійская імперыя таксама разраслася. Аднак у адрозненне ад іншых вялікіх дзяржаў, якія павялічвалі свае плошчы за кошт заморскіх уладанняў, Расія ад ХVІ да ХІХ ст. узбуйнілася на еўразійскім мацерыку: з’яўляючыся спачатку Маскоўскім княствам, абвясціла сама сябе царствам. Яна ўвесь час захоплівала землі суседзяў, а затым, пры Пятры І, ператварылася ў Расійскую імперыю і з поспехам паднявольвала тэрыторыі, дзе дзяржаўнасць:

• толькі зараджалася, – напрыклад, у Сібіры;

• мела старажытны характар, хоць агульны культурны ўзровень заставаўся параўнаўча адсталым (лепей сказаць, спецыфічным), – краіны Сярэдняй Азіі;

• узнікла раней, чым на землях паўночна-ўсходняй Русі, і мясцовыя народы паспелі далучыцца да еўрапейскай цывілізацыі, – сённяшнія Беларусь і Украіна, а таксама прыбалтыйскія краіны.

Апетыты заходніх каланіяльных дзяржаў за ХІХ ст. трохі зменшыліся, бо больш ужо не было куды разрастацца. А ў Расіі наадварот – выспела дактрына «вызвалення» славянскіх братоў на Балканах і Канстанцінопаля як галоўнага праваслаўнага цэнтра, які ўжо некалькі стагоддзяў знаходзіўся ў складзе Асманскай імперыі (Турцыі). Мара пра Басфор і Дарданелы – пралівы па шляху з Чорнага ў Міжземнае мора – зрабілася навязлівай у галовах расійскіх цароў, палітыкаў і генералаў. Яшчэ адным падобным трызненнем стала фантастычная ідэя «памыць боты» ў Індыйскім акіяне.

У заключнай трэці XIX ст. у Еўропе паўсталі дзве амбітныя дзяржавы – Германія і Італія – з магутным інтэлектуальным патэнцыялам і глабальнымі каланізатарскімі замашкамі. Да Першай сусветнай вайны на міжнароднай арэне ўтварылася наступная расстаноўка сіл: з аднаго боку паўстаў Чацвяртны саюз у складзе Германскай, Аўстра-Венгерскай і Асманскай імперый, а таксама Балгарыі, з другога ўтварылася Антанта, дзе рэй вялі Вялікабрытанія (Англія), Францыя, Расія.

Усяго ў вайне прынялі ўдзел 38 (з 55 існуючых) дзяржаў з насельніцтвам 1,5 млрд чалавек (87 % ад усяго насельніцтва зямлі), у войскі было мабілізавана каля 75 млн чалавек (так, на Беларусі ў расійскую армію быў рэкрутаваны кожны другі мужчына).

Лічбы ахвяр уражваюць: больш за 10 млн забітых і памерлых ад ран салдат, каля 12 млн мірных жыхароў былі забіты ці памерлі ад эпідэмій і голаду, не менш за 20 млн было паранена альбо пакалечана. У розных крыніцах лічбы могуць адрознівацца. Але іх маштаб паўсюль аднолькавы: лік ішоў на дзясяткі мільёнаў!

Першая сусветная вайна, як прынята лічыць, закончылася 11 лістапада 1918 г. Па яе выніках Германія прайграла і моцна абмяжоўвалася, перадусім у ваенным патэнцыяле. Аўстра-Венгерская і Асманская імперыі зусім распадаліся.

Адбыўся своеасаблівы «парад суверэнітэтаў» – дзяржаўнасць атрымалі многія малыя народы Еўропы. Дастаткова ўспомніць суседзяў Беларусі: Польшчу, Літву, Латвію, Эстонію. Але не ва ўсіх спраўдзілася спроба здабыцця незалежнасці ў канцы Першай сусветнай вайны: не стала паўнавартаснай дзяржавай Беларуская Народная Рэспубліка, дый Украіна не ўтрымалася як незалежная дзяржава – і гэта нягледзячы на мацнейшую нацыянальную самасвядомасць насельніцтва і мабілізацыю баяздольных узброеных сіл, а таксама знешнюю падтрымку.

Калі кажуць, што па выніках Першай сусветнай вайны распалася і Расійская імперыя, гэта, мякка кажучы, не адпавядае рэчаіснасці. Бальшавікі, якія на працягу 1917 г. змаглі змяніць царскую ўладу і Часовы ўрад, захавалі нядаўнюю «турму народаў» (па трапным выказванні У. Леніна), утрымаўшы ў яе лоне не толькі Беларусь і Украіну, але і каўказскія і сярэднеазіяцкія народы. Стратамі аказаліся Фінляндыя, Польшча, Прыбалтыка. Аднак і гэтыя аддзяленні Крамлём разглядаліся як тактычныя і, адпаведна, часовыя. А створаны самімі бальшавікамі міф пра распад Расійскай імперыі быў ім выгадны: пасля знішчэння «турмы народаў» («стары парадак мы зруйнуем») на яе расчышчаным месцы мела паўстаць светлая камуністычная будучыня («і свет на новы лад збудуем» – вядомыя словы з камуністычнага гімна «Інтэрнацыянал»).

Геапалітычная сістэма пасляваеннай светабудовы атрымала назву Версальска-Вашынгтонскай – ад гарадоў, дзе на працягу 1919 г. былі ўкладзены асноўныя дамоўленасці. Тым не менш, адзін з французскіх генералаў публічна заявіў, што насамрэч вайна не скончана – наступіў толькі перапынак у баявых дзеяннях. Час паказаў рацыю вайскоўца.

Галоўнай прычынай адтэрміноўкі заканчэння Першай сусветнай вайны сталі надзвычай умелыя, эфектныя – як у тактыцы, так і на перспектыву – палітычныя дзеянні бальшавікоў. Бальшавіцкая партыя на чале з Леніным змагла дамовіцца з Берлінам аб вялікіх субсідыях на дэстабілізацыю абстаноўкі ўнутры Расіі шляхам рэвалюцыі і забеспячэнні яе далейшага выхаду з вайны. Германія ваявала на два франты, што вяло яе да паражэння, а добраахвотны выхад з вайны Расіі ліквідаваў бы адзін фронт, нават больш таго – узмацніў бы нямецкую эканоміку і армію рэпарацыямі. З іншага боку, бальшавікі адпусцілі ў незалежнае жыццё некалькі краін з Расійскай імперыі, не столькі з-за сваёй дабрыні і дэмакратычнасці, колькі з прычыны адсутнасці магчымасцей утрымаць фінаў і палякаў у лоне «турмы народаў» (а спробы ўтрымаць былі). На пачатковым этапе савецкай уладай ставілася задача замацавацца прынамсі на абмежаванай тэрыторыі і захаваць «ачаг» камуністычнай рэвалюцыі.

Бальшавікі глядзелі далей, чым кіраўніцтва заходніх краін, і тым больш, чым палітыкі новапаўсталых дзяржаўных утварэнняў. Галоўнай, канчатковай мэтай, якую бачыў Ленін, была сусветная рэвалюцыя, у тым ліку ў Германіі. Таму ён быў гатовы аддаваць (і тым больш абяцаць!) любыя матэрыяльныя багацці (грошы, каштоўнасці, землі), спадзеючыся, што скора ўсё вернецца пад іх уладу. Прывядзём словы лідара савецкай Расіі:

«Уступленными областями все равно владеть не будут, так как русская революция перекатится в ближайшее время не только в Германию, но и в другие воюющие государства».

Класічным стаў выраз пра адсутнасць сяброў у дзяржавы пры наяўнасці яе інтарэсаў. Але бальшавікі нават інтарэсы дзяржавы ставілі ніжэй вартасцей і мэтаў сваёй ідэалагічнай праграмы.

Яны добра разумелі, што толькі ўласнымі намаганнямі будзе цяжка распаўсюдзіць рэвалюцыю на Захадзе, таму спадзяваліся не толькі і нават не столькі на свае сілы. Ускладалася надзея на зацягванне вайны (менавіта гэты матыў абумовіў імкненне вывесці Расію з барацьбы супраць Германіі, каб апошняя свае сілы, якія былі на зыходзе, кінула на больш моцныя Англію і Францыю, да якіх далучыліся ў 1917 г. ЗША). Гэта б знясіліла Захад. Бальшавіцкая Расія, атрымаўшы перадышку, мелася аднавіць свой патэнцыял. Зацягнутая імперыялістычная вайна, па меркаванні бальшавіцкіх ідэолагаў (пра гэта адкрыта казаў Ленін), павінна была таксама распаліць сацыяльныя пачуцці (замест нацыянальных) у ваюючых народаў да такой ступені, каб зброя ў руках салдат была развернута на 180 градусаў – са знешняга ворага на ўнутранага, г. зн. на буржуазію і паноў у сваёй дзяржаве.

Бальшавіцкія планы, аднак, не рэалізоўваліся гладка. Хоць Чырвонай Арміі і ўдалося ўтрымаць уладу на большай частцы былой Расійскай імперыі, але з дзеяннямі па-за яе межамі атрымаўся пралік. Германія выйшла з Першай сусветнай вайны несвоечасова – з гледзішча стратэгіі бальшавікоў. Ленін жадаў бачыць гэты працэс вясной, самае позняе – у ліпені 1918 г.:

«Если бы германская революция вспыхнула и победила в ближайшие три-четыре месяца, тогда, может быть, тактика немедленной революционной войны не погубила бы нашей социалистической революции».

У Германіі ўспыхнула рэвалюцыя ў лістападзе 1918 г., і яна сапраўды прыспешыла капітуляцыю Чацвяртнога саюза. Здавалася, рэвалюцыйныя падзеі, згодна з планамі бальшавікоў, перакінуліся і на іншыя еўрапейскія краіны (акрамя Германіі, сацыялісты ўзялі ўладу на некаторы час у Венгрыі і Славакіі). Але Чырвоная Армія на той момант не магла аказаць дзейснай дапамогі, бо завязла ў барацьбе супраць унутраных контррэвалюцыйных і нацыянальна-вызваленчых сіл аж да 1921 г. Калі ўнутры Расіі бальшавікі атрымалі канчатковую перамогу, у Еўропе патэнцыяльныя асяродкі распальвання рэвалюцыі былі ліквідаваныя. Свет уступіў у фазу адносна стабільнага існавання. Народы былі стомленыя вайною, яе бедствамі і, натуральна, не хацелі працягу канфліктаў і эскалацыі палітычнай напружанасці.

У выніку на міжнароднай геапалітычнай арэне сфарміраваліся тры асяродкі:

• Англія, Францыя, ЗША. Гэтыя дзяржавы захавалі сваю магутнасць і ўплывы, а ЗША значна павялічыла сваё значэнне ў сусветнай палітыцы. Новая светабудова іх задавальняла, акрамя аднаго, даволі прынцыповага факта і фактара – Савецкай Расіі (з 1922 г. – СССР). Гэта быў ідэалагічны вораг і эканамічна нязручная краіна. Калі Захад і даваў ёй права на існаванне, дык толькі часовае (але яшчэ не меў пэўных стратэгій на будучыню, яны пачалі выкрышталізоўвацца недзе на пераломе 1920–1930-х гг. і мелі на мэце скіраванне германскіх апетытаў на ўсход, г. зн. на Савецкі Саюз).

• Германія і краіны, якія прайгралі ў Першай сусветнай вайне і сталі ў пэўным сэнсе ізгоямі. У іх адразу зарадзіліся ідэі рэваншызму. Сюды ж можна дадаць краіны, якія тым часам павялічвалі сваю магутнасць і сталі прэтэндаваць на большае значэнне ў геапалітычным кантэксце (Японія, Італія). Палітыкі гэтага шэрагу краін не былі задаволены існай раскладкай сіл у свеце. Але галоўны рэваншыст – Германія – пакуль быў моцна абмежаваны па ўмовах капітуляцыі.

• СССР. Краіна Саветаў вымушана была сцвярджаць сваё права на існаванне, прарываць палітычную і эканамічную блакаду. З-за камуністычнай дактрыны, якая пужала свет, СССР стаў яшчэ адным ізгоем і быў вымушаны пагадзіцца з існаваннем капіталістычнага акружэння. Але – як думаў спярша Ленін, а пасля і І. Сталін – пагадзіцца толькі часова. Стратэгія была нязменнай: у выніку новай сусветнай вайны, пасварыўшы вядучыя капіталістычныя краіны, аслабіць іх і распаўсюдзіць як мага шырэй сацыялістычны лад.

Дарэчы, менавіта Ленін адным з першых загаварыў пра магчымасць і верагоднасць Другой сусветнай вайны. Калі стала ясна, што распаўсюджванне сусветнай рэвалюцыі адкладваецца, у канцы 1920 г. ён заявіў:

«Мы кончили одну полосу войн, мы должны готовиться ко второй; но когда она придет, мы не знаем, и нужно сделать так, чтобы тогда, когда она придет, мы могли быть на высоте».

Такім чынам, перспектыву найбольш ясна бачылі бальшавікі. Астатнія два асяродкі мелі жаданні, але не канкрэтныя планы і раскладкі. Аморфная, ілюзорная ідэя «светлай будучыні» камуністаў не павінна ўводзіць у зман і ствараць уражанне іх адарванасці ад рэчаіснасці. Савецкія палітыкі глядзелі на свет вачыма рэалістаў, загадзя выпрацоўваючы тактыку і стратэгію дзеяння.

1939 год і Беларусь. Забытая вайна

Подняться наверх