Читать книгу 1939 год і Беларусь. Забытая вайна - Анатоль Трафімчык - Страница 6

Раздзел I. На парозе новай эпохі: свет і Беларусь пасля Першай сусветнай вайны
Першая спроба суверэнітэту: Беларуская Народная Рэспубліка

Оглавление

У свой час шляхам трох падзелаў Рэчы Паспалітай Расійская імперыя атрымала ў свой склад усе этнаграфічныя беларускія землі. Уздым нацыянальнага руху ў Еўропе падчас Першай сусветнай вайны абудзіў многія «падімперскія» народы, даўшы імпульс у кірунку да самавызначэння. Палякі ў сваіх дзеяннях кіраваліся ідэяй Рэчы Паспалітай узору 1772 г. – калі яе суседзі пачалі брутальна ўмешвацца ва ўнутранае жыццё дзяржавы.

Незалежніцкія тэндэнцыі, праяўленыя нацыянальнай беларускай элітай у 1918 г., мелі аніяк не меншыя падставы. Успомнім, што «Дэкларацыя правоў народаў Расіі» (ад 2 лістапада 1917 г. па ст. ст.) гарантавала нацыям права на вольнае самавызначэнне аж да аддзялення і ўтварэння самастойнай дзяржавы. Расійскае ўладарніцтва на беларускіх землях, якія калісьці з’яўляліся ядром Вялікага княства Літоўскага, de іure ліквідоўвалася, а за іх насельніцтвам прызнавалася права на вырашэнне сваёй долі. Дарэчы, яшчэ летам 1916 г. Ленін катэгарычна не згаджаўся з тымі, хто адмаўляў саспеласць украінскага і беларускага нацыянальных рухаў.

Выбар народаў былой Рэчы Паспалітай (палякаў, літоўцаў, украінцаў) быў зроблены на карысць самастойнага шляху дзяржаўнага будаўніцтва, што фактычна не пакідала альтэрнатывы беларусам у выпадку жадання самастойна вызначыць свой лёс. Як трапна выказаўся амерыканскі гісторык Тымаці Снайдэр,«у адным думкі польскіх і літоўскіх нацыяналістаў сыходзіліся: польска-літоўская Рэч Паспалітая памерла, і ўсе спробы ўтварыць шматнацыянальную федэрацыю – марныя».

Пачатак ХХ ст. зусім не прадвяшчаў стварэння беларускай дзяржавы. Адносны спакой, які панаваў у свеце, паралельнічаў балотнаму стану ў сацыяльна-палітычнай сферы на прасторах Беларусі – «Северо-Западного края». Названы «Адраджэннем» уздым беларускага нацыянальнага руху, выяўлены, прыкладам, у стварэнні першай палітычнай партыі (Беларуская рэвалюцыйная партыя, 1903 г.), выхадзе першай газеты («Наша доля», 1906 г.), з’яўленні цэлай групоўкі пісьменнікаў і да т. п, меў характар хутчэй культурна-асветны (значны хіба толькі для саміх беларусаў) і на палітычным полі не пагражаў істотнымі зменамі ў раскладзе сіл і тым больш у структурах улады.

Варушэнне пачалося падчас Першай сусветнай вайны. Ужо на яе другім годзе пачалі «ўсплываць» магчымыя варыянты новых дзяржаўных утварэнняў з беларускімі землямі ў іх складзе. Ужо з 1916 г. выкрышталізавалася перспектыва і суверэннай Беларусі. Але тады ніхто не мог сказаць, наколькі гэта рэальна і як хутка можа быць выканана. Тым не менш якасны скачок адбыўся яшчэ да завяршэння вайны. Адным з галоўных яго чыннікаў з’явіліся наступленні нямецкіх войск: першае – летам 1915 г., у выніку якога была акупавана чвэрць тэрыторыі Беларусі, і другое – у лютым 1918 г., калі пад акупацыю трапляе большая частка Беларусі, за выключэннем Віцебска і Смаленска. Нямецкая акупацыйная ўлада да нацыянальных рухаў адносілася даволі ліберальна. Гэта дало магчымасць абвясціць і затым адстаяць незалежнасць многім дзяржавам.

Апагеем палітычнага развіцця беларускага нацыянальнага руху стала скліканне Усебеларускага Кангрэса ў снежні 1917 г. Паводле сваёй рэзалюцыі, ён імкнуўся да«отстаивания цельности, неделимости Белоруссии и неотторжения ее от Российской Федеративной республики и всех остальных принципов демократического мира, провозглашенного Советом Рабочих, Солдатских и крестьянских Депутатов».

Размова старшыні Кангрэса з камісарам па нацыянальных справах бальшавіцкага ўраду І. Сталіным даўно апублікаваная. У ім адказ будучага «правадыра народаў» быў наступным:

«Никакого насильственного удержания народов в рамках какого бы то ни было государства… [ «Декларация советской делегации 28 1939 год і Беларусь: забытая вайна на первом пленарном заседании Мирной конференции в Брест-Литовске» от 9 декабря 1917 г. – А. Т.] народу обеспечивает права свободного самоопределения путем референдума. <…> По вопросу о Белоруссии могу сказать то же самое, что и обо всех прочих народах России, т. е. полное самоопределение вплоть до отделения».

Здавалася б, гэтыя словы можна расцэньваць як дазвол на дзяржаўніцкую самадзейнасць, тым больш у рамках федэратыўнай Савецкай Расіі. Але праз некалькі месяцаў Сталін ўдакладніў:

«Принцип на самоопределение должен быть средством борьбы за социализм».

Гэтым самым нацыянальнай палітыцы, у тым ліку і ў дачыненні да беларускага народа, адводзілася роля сродку, а не мэты. Таму, калі насамрэч запахла беларускім сепаратызмам, хай сабе і з савецка-сацыялістычным «ухілам», яго адразу паспрабавалі задушыць у зародку. Ніякай самастойнасці Беларусі ў святле меркаванняў бальшавіцкіх кіраўнікоў пасля прыходу да ўлады не прадбачылася. І калі стала ясна, што Усебеларускі Кангрэс пачаў схіляцца да суверэнітэту Беларусі, бальшавікі пайшлі на прымяненне сілы.

Разгон Усебеларускага Кангрэса прытармазіў палітычнае станаўленне беларускай нацыі, а неспрыяльныя міжнародныя падзеі ва Усходняй Еўропе прывялі да таго, што пытанне пра беларускую дзяржаўнасць, як і яе юрыдычнае афармленне 9 і 25 сакавіка 1918 г., атрымала працяг пазней, чым у паўночнага і паўднёвага суседа. Аднак гэтай прыпозненасці было дастаткова, каб дзяржава беларусаў аказалася лішняй для ўсіх, акрамя саміх беларускіх адраджэнцаў, паколькі за гэты час быў заключаны шэраг міжнародных дамоваў, якія не прадугледжвалі самастойнасці Беларусі (што нават прывяло да правядзення па краіне літоўска-ўкраінскай мяжы, праўда, толькі на карце). Для Беларусі самай значнай сярод іх быў Брэсцкая мірная дамова 1918 г.

Але ў канцы 1918 г., пасля рэвалюцыі ў Германіі, бальшавіцкая Расія гэтую дамову дэнансавала. Для дзеячаў БНР, асабліва з улікам прынятых бальшавікамі актаў адносна дзяржаўнага самавызначэння народаў, склалася спрыяльная прававая сітуацыя. 29 лістапада 1918 г., калі на пераважнай частцы Беларусі не было аніякай улады, яны прынялі IV Устаўную грамату БНР, якая паўторна дэкларавала незалежнасць і самастойнасць беларускай дзяржавы. Аднак бальшавікі нават не звярнулі ўвагі на не падмацаваны ваеннай сілай голас маладой рэспублікі.

Тым не менш у канчатковым выніку БНР прымушала лічыцца з сабою ўсіх суседзяў. У першую чаргу гэта датычыцца панскай Польшчы і бальшавіцкай Расіі, якія фактычна прызналі БНР у 1918 г. Аб гэтым згадваў старшыня польскай дэлегацыі ў сваёй заяве на пасяджэнні Галоўнай камісіі мірнай канферэнцыі 4 кастрычніка 1920 г.:

«Польская Республика, не ожидая шагов со стороны России, признала независимость Литвы, Украины и Белоруссии».

У дэкларацыі расійскай дэлегацыі на той жа канферэнцыі ад 24 лістапада 1920 г. казалася пра прызнанне Расіяй незалежнасці Беларусі яшчэ ў 1918 г. Ёсць і юрыдычныя дакументы, якія сведчаць аб прызнанні ўрадам РСФСР на прававым узроўні прадстаўнікоў БНР. Паводле беларускага гісторыка Анатоля Грыцкевіча, бальшавікі ў Маскве вымушаны былі лічыцца з трэцяй Устаўной Граматай да народаў Беларусі, а ў лістападзе 1918 г. урад Леніна нават спрабаваў дамовіцца з тагачасным урадам БНР на чале з Антонам Луцкевічам, але потым спыніў перамовы.

Урад Украінскай Народнай Рэспублікі прызнаваў Беларусь фактычна, але адмовіўся прызнаць яе дзяржаўнасць de iure, спасылаючыся на ўмовы Брэсцкай мірнай дамовы. Сапраўды, украінскія палітыкі глядзелі на нас найбольш раўнапраўна. Логіка зразумелая: пры прызнанні суверэнітэту больш слабой краіны (а такой з’яўлялася БНР у параўнанні з украінскімі дзяржаўніцкімі праектамі) мацнейшай суседцы было лягчэй адстаяць уласную дзяржаўнасць. Іншымі словамі, без суверэнітэту Беларусі быў немагчымы і аналагічны дзяржаўны фармат Украіны.

Вясной 1918 г. прадстаўнікі БНР і Украінскай Народнай Рэспублікі нават селі за стол перамоў, каб абмеркаваць агульную мяжу. Праўда, украінцы імкнуліся далучыць ледзь не ўсё Беларускае Палессе. Ключ да вытлумачэння тагачаснай украінскай пазіцыі адшукваецца ў першакрыніцах – пратаколах беларуска-ўкраінскіх перамоў, падчас якіх старшыня дэлегацыі УНР Анастас Ліхнякевіч патлумачыў прычыну катэгарычных прэтэнзій Украіны на Палессе ад Брэста да Гомеля:

«Лінія чыгункі Пінск—Гомель можа быць украінскай – гэта з пункту погляду геаграфічнага. Вядомая кожнаму справа, што ні Польшча, ні Маскоўшчына ніколі не зракуцца сваёй імперыялістычнай экспансіі на Беларусь. Калі б Украіна ведала, што яе суседам навечна будзе Беларусь, мы, можа, сказалі б нешта іншае».

Такім чынам, існуе шэраг фактычных прызнанняў БНР з боку непасрэдных суседзяў, з якіх – будзем аб’ектыўнымі – не ўсе былі зацікаўленыя ў падобных кроках, але вымушаны былі на іх пайсці з прычыны высокай вартасці беларускай палітычнай карты. Іншая справа, што прызнанні тыя былі вельмі асцярожнымі, двухстандартнымі ці нават прыхаванымі.

1918 г. не стаў для беларусаў годам аднаўлення дзяржаўнасці. У адрозненне ад Польшчы і Літвы, не хапіла ўнутранага патэнцыялу і знешняй падтрымкі. Сілы беларускага адраджэння на той гістарычны момант не маглі супрацьстаяць неспрыяльнаму развіццю міжнародных падзей па аб’ектыўных прычынах: разгром бальшавікамі ў канцы 1917 г. Усебеларускага Кангрэса стварыў сітуацыю, у якой нацыянальныя сілы Літвы і Украіны апынуліся ў больш спрыяльным становішчы. Гэта, у сваю чаргу, прымусіла звярнуць увагу ваюючых бакоў на праблему самавызначэння менавіта гэтых усходнееўрапейскіх народаў.

Аднак галоўнае значэнне Беларускай Народнай Рэспублікі, яе гістарычная вага заключаецца ў канчатковым сцвярджэнні ідэі дзяржаўнасці яшчэ аднаго еўрапейскага народа. Прычым гэта было зроблена ў плоскасці канцэптуальнай – як па форме, так і па змесце, прымусіўшы знешнія сілы (перадусім Расію і Польшчу) выкарыстоўваць элементы будаўніцтва беларускай дзяржаўнасці, няхай і ў якасці сродка. У любым выпадку гэта азначала шпаркую нацыянальную эвалюцыю беларусаў.

1939 год і Беларусь. Забытая вайна

Подняться наверх