Читать книгу 1939 год і Беларусь. Забытая вайна - Анатоль Трафімчык - Страница 5

Раздзел I. На парозе новай эпохі: свет і Беларусь пасля Першай сусветнай вайны
Погляды гісторыкаў на савецка-польскую вайну: бракуе беларусацэнтрычнасці

Оглавление

У гістарычнай навуцы па сённяшні дзень праблема савецка-польскай вайны і яе вынікаў застаецца адной з найвастрэйшых. А беларускія аспекты даследаваны яшчэ горш.

Савецкая гістарыяграфія стварала міф пра тое, што абяздолены беларускі народ толькі дзякуючы Кастрычніцкай рэвалюцыі займеў паўнавартасную дзяржаўнасць, а віна за катастрофу Рыжскім падзелам беларускага народа цалкам ускладвалася на «белапалякаў» ды іх памагатых. Савецкія гісторыкі праводзілі даследаванні ў рэчышчы марксізму-ленінізму, а яго падыходамі далёка не ўсё можна патлумачыць. З іншага боку, вялікая доля факталагічнага матэрыялу – нязручнага для існаваўшай дактрыны – не ўводзілася ў навуковы зварот. Вялікая частка архіваў была недаступнай савецкім гісторыкам. А калі яны што і знаходзілі, дык трымаліся традыйных ідэалагічных рамак або гэта за іх рабіла цэнзура. Гістарычнай навукай кіравала дзяржаўная палітыка, і рознагалоссяў быць не магло.

Паралельна існавалі ледзь не цалкам адваротныя савецкім меркаванні беларускіх эмігрантаў: маўляў, БССР – гэта бальшавіцкая акупацыя (на Заходняй Беларусі, адпаведна, польская). Аднак за рамантызмам і эмоцыямі тыя навуковыя даследаванні нярэдка гублялі сваю вартасць, таксама ідэалагізаваліся. Тэма заставалася слаба даследаванай, тым больш што яе глыбока вывучаць было практычна немагчыма, паколькі неабходныя архівы знаходзіліся ў СССР ці падсавецкай Польшчы.

Гістарыяграфіі сучасных Польшчы і Расіі цалкам лагічна і вытлумачальна трактуюць беларускую праблематыку з рацыі ўласных нацыянальных і дзяржаўных інтарэсаў, таму беларускія сюжэты, аспекты, лініі прысутнічаюць у польскіх і расійскіх даследаваннях толькі па меры неабходнасці для тлумачэння ўласных канцэпцый.

Сучасная гістарычная навука Беларусі адносна гэтай праблемы, як і многіх іншых, мае пэўныя здабыткі, якія, аднак, вельмі часта характарызуюцца прынцыповымі супярэчнасцямі. З аднаго боку, захоўваецца залежнасць ад традыцый савецкай гістарыяграфіі. З іншага – патрэбы стварэння нацыянальнай карціны мінулага за чвэрць стагоддзя спарадзілі нямала даследаванняў на тэму савецка-польскай вайны і Рыжскай дамовы, якімі ўведзена ў навуковы зварот шмат новых матэрыялаў і на іх аснове распрацавана нямала новых аспектаў па тэме. Назіраецца паступовая эвалюцыя навуковай думкі.

Тым не менш стасоўна перыяду развіцця Беларусі 1917–1921 гг. нярэдка даходзіць да парадоксаў: зробленыя канчатковыя высновы могуць канцэптуальна пярэчыць фактам і праведзенаму аналізу. Беларуская гістарычная навука нярэдка далікатнічае, даючы, прыкладам, ацэнку адносінам савецкага кіраўніцтва да станаўлення беларускай дзяржаўнасці як дзеянням цалкам канструктыўным. Гэтую далікатнасць трэба адкінуць – мы маем права на ўласныя падыходы і меркаванні, асабістае асэнсаванне і беларусацэнтрычныя высновы.

1939 год і Беларусь. Забытая вайна

Подняться наверх