Читать книгу Сонечны чалавек (зборнік) - Андрэй Дзічэнка - Страница 3

Еўропа

Оглавление

Дзеці знаходзіліся ў вучэбным класе. Гэта быў самы звычайны пакой з абадранай чорнай дошкай для пісання. А яшчэ тут не было вокнаў і некалькі слабых лямпачак ледзь асвятлялі памяшканне. Звычайны чалавек у такой абстаноўцы вельмі хутка стамляўся.

З-за цьмянага асвятлення твары вучняў выглядалі злёгку пачырванелымі, нібыта кожны з іх згарэў на паўдзённым санцапёку і так з’явіўся на ўрок.

Дзеці былі незвычайныя. Яны не бегалі па радах паміж партамі, уздымаючы клубы пылу. Не крычалі адно на аднаго і не спісвалі ні парты, ні дошку рэвалюцыйнымі прамовамі на тэму полавых вычварэнняў.

Клас нагадваў закінуты будыйскі храм будучыні, дзе манахамі раптам сталі вучоныя людзі. А паслушнікі – самымі дысцыплінаванымі курсантамі вучылішчаў ваеннага тыпу.

Уваходныя дзверы адчыніліся, і ў клас увайшоў Настаўнік. Ніхто з дзяцей не ўзняўся. Усе толькі моўчкі сачылі за гэтым высокім, атлетычна складзеным мужчынам, якому вельмі пасавалі восеньскія паліто і дзіўныя капелюшы з шырокімі палямі.

– Добры дзень, мае дарагія вучні!

Пачуўшы ў адказ сказанае хорам «добры дзень», Настаўнік адсунуў крэсла і сеў за стол.

– Такім чынам, мае незвычайныя дзеці, пералічваць вас няма сэнсу. Вас тут сямёра, як заўсёды. І сёння ў мяне для вас надзвычай асаблівае заданне…

Настаўнік казаў голасам вельмі сур'ёзным, нібыта ў наступную хвіліну адправіць ўсіх сваіх слухачоў на верную смерць. Зрэшты, яны б пайшлі і на гэта, бо былі асаблівымі і зусім не ведалі, што такое самазахаванне і для чаго патрэбна жыццё чалавеку.

– Сёння кожны з вашай сямёркі, мае маленькія сябры, павінен будзе расказаць…

– Што такое Еўропа! – перапыніла Настаўніка бялявая дзяўчынка Алеся. Яна ўмела чытаць думкі, а таму часта размаўляла ўрыўкамі не зразумелых ёй сказаў. За гэта Алесю час ад часу білі, прымушалі прамаўляць усялякую пахабшчыну і пырскалі ў твар пярцовым балончыкам, каб потым запісаць з яе вуснаў плыні несвядомага. У новай школе дзяўчынцы падабалася, таму што тут на яе ступнях і шыі больш не будзе сінякоў.

– Правільна! – сказаў Настаўнік і ўсміхнуўся. – Ну, раз ты, Алеся, першая пачала казаць, тады распавядзі нам усім, што ж такое Еўропа.

З працяглым скрыпам адсунуўшы крэсла, Алеся ўстала і пачала свой аповед.

«Еўропа – гэта спляценне прыгожых асоб і думак, якія нібыта накіраваныя ў будучыню. І гэта прытым, што чалавек на яе тэрыторыі бязмэтна перасоўваецца і шмат думае. Затым ён дасягае аблокаў і п'е іх, як адтопленае малако. Пасля гэтага спатыкаецца і пачынае плакацца. Але не ўсім запар, а толькі далёкім птушкам, якія кружаць над ім і чакаюць, як бы ім падзяўбсці Еўропу. Калі сабраць усе думкі гэтай тэрыторыі ў адзіны сказ, то там зусім не будзе косак. Для ўсіх слоў не хопіць радкоў, а літары змяшаюцца ў вялікі і нясмачны кактэйль, які нам усім калі-небудзь прыйдзецца распіць і падзякаваць невядомаму кухару.

Часам Еўропа пачынае надзімацца ў велізарны шар, напоўнены агнём. Тады нам усім трэба бегчы. Я адзін раз бачыла гэты шар. Ён цалкам складаўся з мікраскапічных вочных яблыкаў, працятых чорнымі сасудамі з атрутнай вадкасцю, пасля якой няма жыцця і тым больш карцін свету. Мне стала вельмі страшна, і з тых часоў думкі мае былі накіраваныя толькі ў квадраты. Там, дзе ёсць квадраты, няма месца Еўропе».

Сказаўшы сваю прамову, Алеся выйшла з класа, каб аддыхацца.

– Ну што, Сяргей, надышла твая чарга!

Сяргей быў бландзінам з мускулістым, зусім безвалосым целам. Голас яго гучаў нязлосна, а ў вачах зіхацелі маланкі татальнага знішчэння. Сяргей харчаваўся выключна чалавечым мясам, а пасля выў на сустрэчных людзей. Той, хто трапляў у дыяпазон працяжных гукаў Сяргея, імгненна вылечваўся ад усіх хвароб і ззяў ад шчасця.

«Еўропа – яна на смак салодкая. Па выхадных смярдзіць дохлымі сабакамі, па буднях лётае на тытанавай мятле вакол планеты Зямля. Еўропа жарэ планету Зямля. Еўропа жарэ ўсё. Яна белая, як шчыльны метастаз. Узяўшы ў далоні Еўропу, ты зразумееш, што яе ніяк не сціснуць. Металічныя прэсы ламаюцца, перш чым прыступіць да ціску. Фактычна Еўропа – гэта і ёсць ціск на ўсё вакол. Калі раптам яе прыбраць, то аснова разляціцца, як чэрап, у які трапіў зарад свінцовага шроту».

Сяргей уцягнуў ноздрамі сырое паветра аўдыторыі. Інстынкты цягнулі яго ў сталовую. Сяргей устаў на карачкі і, як афрыканскі браняносец, папоўз з класа.

Чарга падышла да Філосафа. Здаецца, пры нараджэнні яго назвалі Аляксеем, але пасля дванаццаці гадоў гэтае стварэнне абклалася тоўстымі кнігамі і падпаліла сябе. З попелу Аляксея адрадзіўся Філосаф.

«Еўропа. Як каземат. Як жывёла, у якой бурчыць. Ніякай Еўропы навобмацак няма. Гэта толькі… Фантазія!»

Філосаф хацеў сказаць нешта яшчэ, але раптам заснуў. Настаўнік не стаў яго будзіць. Кожны раз, калі Філосаф спаў, некалькі салдат на КПП бралі пластыкавыя шарыкавыя ручкі і пісалі зводы напышлівых слоў. Пасля ўсё гэта чыталі людзі з адмысловай службы кансервацыі розуму. Падклаўшы Філосафу пад галаву чорны вязаны шалік, Настаўнік паглядзеў на наступнага вучня.

Дзяўчынка Іра больш за ўсё любіла маляваць. Раней яна брала ў рукі аловак і графітам пэцкала стальніцы і белыя дыванкі ў пад'ездах. Потым у яе пачалася дэпрэсія, і яна забылася на сваё захапленне. Зараз жа з ёй быў Настаўнік, а таму твар Іры мог станавіцца сінім, потым чырвоным, а часам і зусім празрыстым. Скрозь яе людзі бачылі рэальную карціну свету.

«Чорны б'е белага. Жоўты ірве чырвонага. Сіні спіць з зялёным. Фіялетавы на ўсіх глядзіць пагардліва. Вясёлка становіцца ніткай ДНК усялякіх кветак наогул. Яе прачытаць лёгка. Але зрабіць гэта лепш у Еўропе. Таму што ва ўсіх астатніх месцах за такое мардуюць голадам і забіваюць, запаляючы лёгкія».

Іра дастала аркушык і пачала маляваць кветкі. Калі Іра шмат думала і крыўдзілася, яна заўсёды малявала кветкі. Настаўнік вырашыў больш не турбаваць яе пытаннямі. Калі Іра нешта захоча дадаць, яна пераб'е каго заўгодна.

– Цяпер ты, Уладзік. Што ты думаеш пра нашу бягучую тэму?

«М-м-м-м-м. В-в-в-в-в-в. Г-а-а-а-а-а-а-а-а».

Набраўшы ў рот вады са шклянкі, якую ён заўсёды насіў з сабой, Уладзік забулькатаў. Праз пяць хвілін бурлькатання праглынуў ваду і працягнуў: «Еўропа не стала першапачатковай крыніцай усяго жывога. Ёй была вада. Але вада з'явілася не ў Еўропе. У тым месцы, пра якое вы нам распавядаеце, Настаўнік, ваду толькі псуюць. Злыя людзі псуюць».

Уладзік плюнуў на падлогу і расцёр далонькай плявок. Фрагмент дошкі, пафарбаванай у паглынальны чорны колер, заблішчаў.

«Вы не бачыце ў лакіраванай паверхні майго адлюстравання. Я не бачу ў Еўропе чагосьці, што здольнае паглынаць».

Уладзік сціснуў вусны і прыклаў да іх указальны палец. Настаўнік з разуменнем кіўнуў галавой. Уладзік умеў настройваць. Настаўнік жа хацеў трымаць дысцыпліну ў класе, таму быў не супраць маўчання выхаванца.

Побач з Уладзікам сядзела Лена. Вусны яе былі створаны для пацалункаў, а голас – для звонкіх песень. Лена не стала чакаць, калі Настаўнік выкліча яе, і пачала казаць сама.

«Калі я думаю пра тое, што вы мне кажаце, маю на ўвазе песню. Калі я спяваю, энергіі хапае, каб ствараць звышновыя. У Еўропы не атрымаецца стаць звышновай, таму што такая ўжо ёсць крыху на захад і ў некаторым родзе яна ад гэтай часткі свету залежыць. Вы мяне зразумелі?»

Настаўнік згодна кіўнуў. Застаўся апошні вучань, які ўвесь гэты час адседжваўся.

Кудлаты Міша надзьмуў шчокі. Ён паклаў перад сабой сшытак і, з усяе моцы націснуўшы грыфелем алоўка на паперу, нешта вымалёўваў, укладваючы ў гэты працэс не ўменне, а толькі эмоцыі.

– Міша, мой дарагі хлопчык, што такое Еўропа? – ветліва запытаўся Настаўнік.

Міша толькі злосна фыркнуў, нібы ў нос яму засунулі порах, і працягнуў драпаць лісты ў клетачку. Настаўнік падышоў да яго бліжэй і ўбачыў, што Міша малюе свастыкі, крыжы з мерцвякамі і свяцілы, прабітыя дзвюма маланкамі адразу.

Скончыўшы выводзіць апошні востраканечны калаўрот, які азначае татальнае зацьменне, хлопчык пачаў схематычна адлюстроўваць гару з прабітых чалавечых чэрапаў.

Настрой у Настаўніка зусім сапсаваўся. Справа ў тым, што Міша бачыў будучыню, а таму і без пытання ведаў, што будзе з усімі вучнямі. І ўжо тым больш з Еўропай.

Сонечны чалавек (зборнік)

Подняться наверх