Читать книгу Сонечны чалавек (зборнік) - Андрэй Дзічэнка - Страница 7

Меліціна

Оглавление

Меліціна жыла ў горадзе, які здаваўся ёй практычна родным. Так жа і айчым – амаль родны чалавек. Тым не менш яна ніколі не называла яго татам, а ён не павышаў на яе голас (нават калі быў моцна п'яны).

Прыёмны бацька паважаў выбар дачкі, а іншы раз нават захапляўся ёю. Не кожная жанчына так свята шануе памяць пра свайго мужчыну, які пайшоў у лепшы свет. Часам яны размаўлялі, седзячы за кухонным сталом. Меліціна ўспамінала сваю вёску, што за сотню кіламетраў ад Белграда. Айчым распавядаў, як прымаў удзел у аблозе Сараева, а калі рускія сыходзілі з Югаславіі, узяў яе маці з сабой. Зразумела, пакінуць на тлеючых вугалях маленькую дзяўчынку ў брудных абносках ён не мог.

– Ты тады быў робатам, а не чалавекам! – успамінае Меліціна.

У першы дзень вучобы ў школе Меліціна села за адну парту з балбатлівым рускім хлапчуком, які тут жа прызнаўся ёй у каханні. Ён гаварыў вельмі смешнымі словамі. Здаецца, асобныя з іх яна магла разумець, але ў цэлым гаворка была нейкая варожая і зусім невядомая. Меліціна тады падумала, што такімі словамі, напэўна, вельмі складана пісаць вершы.

Зрэшты, яе першая настаўніца чытала нейкія мудрагелістыя рыфмы, ад якіх дзеці ў класе смяяліся. Меліціна таксама смяялася, але хутчэй па інерцыі, таму што смяяцца дома ў апошнія дні існавання Югаславіі было проста невыносна.

Кожны раз, калі нехта смяяўся, яна ўспамінала стары тэлевізар і вялікую залу, а яшчэ гасцей, якія сядзелі на канапах і крэслах з кубкамі моцнай гарбаты. Потым госці кудысьці падзеліся. Замест іх з'явіліся дзядзькі ў ваеннай форме і з мініяцюрнымі цацачнымі аўтаматамі, ствалы якіх часта наводзілі на дзяцей і рабілі «бах-трах-бах». Адзін з іх прынёс дадому абпаленую галаву яе роднага бацькі. З заплюшчанымі вачыма.

Калі маці ад страху страціла прытомнасць, маленькая дзяўчынка глядзела на гэтую галаву, як на канструктар, дэталі якога ўмелы майстар ідэальна завастрыў. А калі знайсці астатнія часткі цела, можна будзе вярнуць галаву назад і тата зноў загаворыць? Не такой грубай мовай, як гэтыя дзеці, і не так гучна, як робаты.

Татава галава маўчала. Нават калі вакол было шмат дыму, а па-за домам гучалі страшныя фразы на роднай мове, Меліціна глядзела на нямую галаву з сінякамі і ўзорамі ад трэснутых капіляраў.

Потым прачнулася маці, а вакол быў толькі дым, і раптам з’явіліся робаты ў чорных лускаватых майках. Яна ведала, што яны прыйдуць, але баялася сказаць тату і маці. Цяпер ужо позна.

– У вас галовы, як у драпежных рыб, – гаварыла Меліціна, калі страшны робат узяў яе на рукі і кудысьці пабег, бразгаючы металічнымі прадметамі і разрыхляючы гарачую зямлю цяжкімі чаравікамі на высокай шнуроўцы.

Супраціў дарэмны. Здавайцеся ў палон. Супраціў дарэмны!

Гэта такія далёкія водгукі знаёмых галасоў. Здаецца, яны размаўляюць так жа, але прыносяць галовы бацькоў у фірменных спартыўных торбах. Торбы яны скралі, а галовы забралі, каб дочкі сталі іх уласнасцю. Ды дзе там! Падаспелі робаты.

Меліціна крочыць няўпэўнена ножкамі па халоднай зямлі і спрабуе зразумець, адкуль даносяцца галасы сваіх, якія сталі злымі, чужымі і смяротнымі.

Робат здымае маску і кладзе цацку на зямлю. Ён такі брудны, што дзяўчынка цягнецца да яго мокрымі ручкамі. Далонямі па шчаках – і будзе, як на ранішніку. Чысценька. Радасна. Цацка толькі ўся аплавілася – але яе можна любіць і такой. Чаму ж не любіць? Робат смяецца. Пахне ў яго з рота так, быццам сілкаваўся ён сырой дунайскай рыбай. Спадабаецца толькі кату. Не маленькай дзяўчынцы.

Страшныя выбухі, праз якія карані дрэў ператвараюцца ў трэскі і асядаюць на калючым лапніку. Не назбіраеш шышак! Маленькую Меліціну зноў бярэ на рукі робат і кладзе ў брызентавую калыску. Ён як маці з малодшым брацікам. Маці таксама побач, але цяпер шыпіць замест слоў. А браціка пакінулі разам з нямой галавой таты ў доміку, раствораным у дыме. Ён быў такі спакойны, што хоць тыкай у яго бруднай палкай – не зварухнецца. Спакайней, чым у сне, хоць і спаў ён заўсёды дрэнна. Хварэў.

Цяпер, у школе, Меліціна слухае рускага хлопчыка, і ён размаўляе сапраўды так, як айчым, толькі хутка і не так яўна.

– Мой тата робат. Яго немагчыма забіць. Толькі лазерамі! – але ён нічога не разумее, гэты юнак. Толькі малюе сэрцайкі на парце, азіраючыся па баках. Не бачыў ён робатаў сапраўдных, у якіх замест лазераў аўтаматы рускага інжынера Калашнікава. Гэта ён, інжынер, змагаўся разам з прышлымі механізмамі за цэласнасць чужой краіны. Ён.

Меліціна забірае аловак і каля сэрцайка малюе маланкі. Маўляў, толькі так паміраюць робаты. Ад перападаў электрычнасці і ў поўнай цемры.

Хлопчык зусім нічога не разумее і чамусьці кажа, што яго завуць Аляксей. Меліціну смяшыць гэтае імя. Але, ледзь усміхнуўшыся, яна ўспамінае зялёныя машыны смерці і людзей з роднымі галасамі.

Вось ідзе яе айчым. Праз плячо нясе цацку, з якой брат часта бегаў за суседскімі козамі. Ён вельмі асцярожны і неверагодна ціхі. А там – свае. Яны спяць. Робат будзе іх забіваць сваімі металічнымі рукамі. Яшчэ вочы. Яны апускаюць у сон. Меліціна доўга глядзела на іх, а ўжо праз некалькі хвілін засынала і бачыла тату, які чамусьці станавіўся каменным і халодным.

Каменны тата хадзіў па лясах, і свае стралялі ў яго, але дарэмна. Кулі, як іскры, адскоквалі і гаслі. Тата моцнымі рукамі хапаў сваіх і сутыкаў ілбамі, каб тыя рассыпаліся. Твару ў таты больш не было. А ўсё таму, што свае выкралі яго і схавалі ў торбу.

Тата шукае свой твар.

Маленькая Меліціна злавалася, калі маці прыносіла робатам кацёл з гарачай і нясмачнай кашай. Яна адмаўлялася есці і нават лаялася на магічнай дзіцячай мове. Робаты давалі ёй патрымаць зброю, і яна адчувала, як становіцца іх часткай. Потым яна змерзла, і адзін з іх закруціў яе ў сцяг зрынутай рэспублікі.

Далей – высокая тэмпература і жаданне сагрэцца як мага хутчэй.

– Мы сыходзім з Югаславіі назаўсёды! – ён гэта маме крыкнуў на сваёй мове, але не быў сваім, таму што не страляў па татах дзяўчынак. Мама пайшла з ім і ўзяла Меліціну.

У новым горадзе, дзе было шмат машын, яна таксама думала, што ўбачыць такіх жа чорных і зялёных чалавечкаў без пачуццяў. Але дарэмна: гэта быў практычна Бялград (нават з падобнымі тварамі), але абсалютна ціхі.

– Тут не паляць хат і жывуць людзі, – казала маці Меліціне, падбадзёрваючы яе да новага жыцця. Дзяўчынка з цікаўнасцю аглядала шыі тысяч новых людзей і ўяўляла, як трэба іх роўненька абезгалоўліваць, каб не атрымалася ірваная папера. Неахайная ірваная папера, якую хочацца камячыць.

На шыю Аляксея яна таксама доўга глядзела, а потым узяла і правяла пальцам. Яму стала казотна, і ён пачырванеў. Настаўніца сказала строга некалькі слоў, і ў тую ж секунду дзеці пачалі глядзець у сшыткі і вельмі рэдка – адзін на аднаго. Меліціна закахалася ў яго шыю.

Яшчэ праз 10 гадоў яна ўпершыню заснула з маладым чалавекам і папрасіла не сціскаць яе горла, калі ён рабіў ёй добра. Раніцай яна доўга плакала і прасіла прабачэння ў свайго роднага таты, які да гэтага моманту ўжо быў у адной лодцы з айчымам.

Сонечны чалавек (зборнік)

Подняться наверх