Читать книгу Сонечны чалавек (зборнік) - Андрэй Дзічэнка - Страница 4
Манеўры Таццяны
ОглавлениеТаццяна была паэтэсай. Таму кожны раз, знаходзячыся ў адзіноце, яна марыла, што ў адзін цудоўны дзень людзі пачнуць пазнаваць яе на вуліцы і прасіць паставіць росчырк на аркушы паперы. Яшчэ ў дзяцінстве дзяўчынка паверыла ў словы, якія вымаўляла сваім голасам. Зараджаныя магічнай энергіяй, яны змогуць тварыць цуды з успрыманнем незнаёмых ёй людзей. Але зласлівыя двухногія вырадкі з дэфармаванымі эвалюцыяй тварамі адчувалі да Тані толькі пагарду. Часцяком яна даходзіла да абсалютнай нянавісці.
Кожны дзень з васьмі раніцы да пяці вечара Таццяна перабірала мноства папер. У іх хаваліся лічбы і вельмі складаныя сказы, спрэс пазбаўленыя паэтыкі. Напэўна, праз гэта яна не бачыла сэнсу ў працоўным часе. Вечарамі дзяўчына прыходзіла ва ўтульныя цёмныя памяшканні, дзе пахла кавай, чарвякамі і кніжнай цвіллю. Акрамя ўсяго, там бавілі час непрызнаныя людзі. Іх цяжка было слухаць, але можна было завесці знаёмства і нават даверыць якую-небудзь інтымную таямніцу.
– Добры вечар! Мяне завуць Таццяна, і я паэтэса, – казала яна кожнаму мужчыну, які ўваходзіў у пакой, у старым гарнітуры і з вачыма, напоўненымі святлом мёртвых недасягальных зорак. Яна ўяўляла, як схаваная ў снягах рабатызаваная кулямётная кропка ператварае ўзводы гэтых клонаў у скрываўленае мяса. Аўтаномнасць смерці сагравала.
Людзі стараліся не глядзець на Таццяну, аддаючы перавагу разгляду цёмных расколін паміж фарбаванымі дошкамі. Пры выпадку яны з задавальненнем спалі з ёй у старым доміку і нават казалі некалькі добрых слоў напрыканцы, запомніўшы на ўсё жыццё яе другое імя. Хоць яго не мог захаваць ніводзін чалавечы алфавіт.
Таццяна марыла пачуць, як староннія галасы чытаюць ёй вершы, якія нябачнай ніткай праніжуць бесперапынны разумовы струмень. Напэўна, ад мужчын ёй патрэбныя былі глоткі і гартані, здольныя агучваць страшнае.
У адзін момант паэтэса вырашыла, што прычына такога спажывецкага стаўлення да сябе – адсутнасць запісаных слоў на аркушах паперы. Зачыніўшыся ў цесным пакоі і ўключыўшы залішне яркую медыцынскую лямпу, Таццяна пачала пісаць.
Але нешта пайшло не так.
Замест прыгожых строф і вытанчаных слупкоў на аркушы ў клетачку з'яўляліся толькі шасцёркі і кляксы. Зліваючыся ў іншым вымярэнні, яны ператвараліся ў чарцей. Тры шасцёркі. Пяць кляксаў. Калі шасцёрак і чарцей стала роўна па трынаццаць на ўсёй прасторы аркуша, Таццяна сур'ёзна задумалася аб прасторавай несумяшчальнасці з навакольным светам.
– Буду пісаць першага кастрычніка! – вырашыла паэтэса і, скамячыўшы аркуш, скарміла яго козачцы Агаф'і з суседняга двара. Здаецца, Таццяна калісьці чула, што ў коз ад паперы ў клетачку баліць жывот, але злосць з-за шасцёрак і кляксаў не дазволіла ёй зрабіць інакш.
Бабуля вучыла Таццяну, што зло можна толькі пераварыць, а есці самой паперу з чарцямі зусім не хацелася.
За дзень да прызначанай даты дзяўчыне раптам стала зразумела, што трыумф наўрад ці адбудзецца і што прызначаць напісанне радкоў, што натхняюць, на першае кастрычніка было найгрубейшай памылкай. Калі б яна зразумела гэта пазней, то здарылася б і зусім непапраўнае. А так – можна проста мадыфікаваць стужку часу.
– Як жа я знайду выхад з сітуацыі? – з гэтым пытаннем Таццяна звярталася да неахайных мужчын, звар'яцелых ад часопісных вабнотаў дзяўчат і ненавіснікаў усяго вакол старых, пачарнелых праз пажаданні смерці ад ананімных сацыяльных работнікаў.
Усе яны, нібы змовіўшыся, нічога выразнага не адказвалі, а апошнія дык і зусім пагражалі жорсткай расправай. У выніку Таццяна вырашыла, што зробіць бінарны манеўр, а значыць, лік адзін у дзясятым месяцы года ператворыцца ў лік адзінаццаць.
Адзінаццатага кастрычніка яна возьме сшытак і напіша тэксты. Яны дазволяць не думаць пра кошт кавы ў цёплых установах вялікіх гарадоў.
Але з надыходам прызначанага дня паўтарылася тая ж гісторыя: шасцёркі больш чым раней лезлі на паперу, а чэрці наогул афарбоўвалі цэлыя ўчасткі густой чорнай непранікальнай безвыходнасцю. Металічны стрыжань драпаў паперу, запаўняючы таямнічай лічбай усю прастору і ўсяляючы ў розум Таццяны думкі пра непазбежнасць трагічнага лёсу.
Калі не засталося больш свабодных клетачак, дзе не красавалася б спехам выведзеная шасцёрка, Таццяна разарвала аркуш і пачала стрыжнем рэзаць свой твар. «Дадзена мне джала ў плоць, анёл сатаны, прыгнятаць сябе, каб я не ўзносіўся», – казала яна, утыкаючы дзіду аўтаручкі сабе ў шчокі, вусны, лоб, паласуючы скуру наводмаш і адрываючы ад яе вялікія кавалкі. Як толькі пісьмовы стол пакрыўся сузор'ямі чырвоных крывавых плям, паэтэса спынілася, глыбока ўздыхнула і пачала абмацваць раны. Ёй было жудасна балюча праводзіць пальцамі па глыбокіх парэзах, якія вільготна пульсавалі, нібы ротавыя адтуліны малюскаў. Пасля дзяўчына заматала твар бінтамі, выпіла тузін болесуцішальных таблетак і пайшла спаць.
Пачынаючы з 11 кастрычніка Таццяна стала сакральным напаўбоскім аб'ектам сярод найбольш актыўных прадстаўнікоў натоўпу. Пенсіянеры яе шкадавалі, школьнікі патрабавалі наказу, а мужчыны спрабавалі пазнацьу ёй уяўных дачок. У любым выпадку за гэтай сублімацыяй хаваўся банальны спалох Таццянінай натуры. Магчыма, таму яна перастала цягнуцца да людзей, так і не ажыццявіўшы мару ўсяго неіснуючага мінулага часу.