Читать книгу Ланцуг (зборнік) - Андрэй Федарэнка - Страница 11

Ланцуг
X

Оглавление

Сюды, у Вяснянку, Васіль, які за два гады пасля ўніверсітэта стаміўся цягацца па чужых людзях, перабраўся не так даўно, і перабраўся з вялікай радасцю. За кватэру трэба было плаціць большую частку яго карэктарскай зарплаты, затое – адзін, сам сабе гаспадар. Да таго ж у іх з Мілаю яшчэ пры жыцці Стэльмаха было вырашана, што ўвосень, калі Міла паступіць вучыцца, яны пажэняцца і ён пераедзе да Стэльмахаў (цяпер, пасля смерці Івана Змітравіча, гэтая жаніцьба, вядома, на пэўны час адкладвалася).

Кватэра была двухпакаёвая, і Васіль плаціў за яе як за двухпакаёвую, хоць на самай справе адзін пакой быў зачынены на ключ – там захоўваліся рэчы і мэбля гаспадароў. У другім, дзе ён жыў, абстаноўка была спартанская: ложак, два чамаданы ў адным кутку, звязкі кніжак, папкі з паперамі – у другім. Пісаў Васіль на падлозе, лежачы на жываце, альбо на кухні, дзе быў столік і табурэт. Сябры, калі заходзілі ў госці, хвалілі яго і называлі такую абстаноўку «нармальнай творчай», затое Міла заўсёды жахалася і кожны раз упрошвала яго забраць ад іх і перавезці сюды хоць бы стары стол, які, разабраны, ляжаў у Стэльмахаў на балконе – яго трэба было толькі трошкі падрамантаваць. Васіль, смеючыся, адмахваўся, казаў, што на падлозе лепш пішацца…

Ланцуг (зборнік)

Подняться наверх