Читать книгу Ланцуг (зборнік) - Андрэй Федарэнка - Страница 9

Ланцуг
VIII

Оглавление

– З кім маю гонар сядзець за адным столікам? – з той жа строгай важнасцю, быццам кожнае яго слова мела надзвычайную вагу, спытаў мужчына, калі Вінярскі прысеў.

З хірургам… Доктарам, – адказаў Вінярскі, здзіўлены і такім высокім стылем, ды і ўвогуле беларускай мовай, якую яму нязвыкла было чуць з вуснаў звычайных людзей. Ён спадцішка агледзеў мужчыну. Яшчэ з парога, калі мужчына паклікаў Васіля, ён падаўся Вінярскаму маладым – недзе сваім аднагодкам, ну, можа, гадоў пад трыццаць; цяпер ён бачыў, што мужчыну, бадай, удвая больш. На ім быў паношаны касцюмчык, кашуля ў блакітны гарошак, расшпіленая на два верхнія гузікі; і шыя, і худыя далоні з доўгімі пальцамі, у якіх Сымон круціў пустую шклянку, і круглы, змаршчыністы, бы спечаны яблык, твар былі пакрыты цёмна-бурым загарам, быццам стары толькі што вярнуўся з паўднёвых пляжаў.

Што ж, прыемна, калі і медыцына далучаецца да такой важнай справы, як культурны адпачынак, – пажартаваў Сымон і шчоўкнуў пальцам па вострым загарэлым кадыку – акурат як Васіль нядаўна, на могілках.

На стале стаяла пустая шклянка і ляжаў акрайчык хлеба, а на сурвэтцы – шчопаць солі. Сымон перахапіў позірк Вінярскага, уздыхнуў:

– Не ў пашане цяпер пісьменнікі… А калісь і я гудзеў. На адзін ганарар мог купіць паўмашыны або паўкватэры. А цяпер – паў-шклянкі гэтай вось гадасці, – ён падманіў Вінярскага пальцам, і, калі той нагнуўся, прашаптаў яму ў вуха, дыхаючы гарэлкаю, паказваючы на бялявага, які каля стойкі гаварыў з барменам: – Васіль – во хто! Талент на мяжы з геніяльнасцю. Во хто верне нашай роднай літаратуры яе былую пашану і веліч! Я хоць намнога старэйшы, але я яму самы блізкі сябар…

Вінярскаму ўспомніўся нябожчык Стэльмах, які таксама яго, маладзейшага за сябе, лічыў самым блізкім сябрам, і на душы зрабілася неяк нудна, абыякава; захацелася хутчэй аддаць бяляваму гэтыя грошы і сысці адсюль…

Васіль між тым вярнуўся, паставіў на стол графін з гарэлкаю, талерку бутэрбродаў, пабег зноў, прынёс шклянкі, колу, мінералку… Стары хуценька ўхапіўся памагаць: разліў па шклянках гарэлку, расклаў перад кожным бутэрброд на сурвэтцы… Вочы ў яго адразу ж засвяціліся.

Прапаную тост! – сказаў ён, высока падняўшы руку са шклянкаю, з захапленнем гледзячы на Васіля. – За будучы гонар нашай роднай літаратуры!..

Перастань, – Васіль прафесійна выпіў, дастаў з пачкі цыгарэту і закурыў; цыгарэты навучаны Вінярскі адразу ж, як сеў, выклаў перад сабою на стол.

Сціпласць – адзнака таленту, – сказаў стары, выцадзіў сваю порцыю паволі, урачыста; тады скалануўся ўвесь, уздыхнуў, узяў з бутэр-брода кавалачак салёнага агурка і з асалодай пачаў жаваць. Закусіўшы, звярнуўся зноў да Васіля:

– Як твая другая кніжка?

Бялявы скрывіўся і пацягнуў бокам рота паветра, быццам яму балеў зуб. Відаць, стары закрануў штосьці не вельмі прыемнае, але важнае для іх. Дакурыўшы, Васіль прытушыў аб сподак недакурак і пачаў гаварыць старому – хутка, так, што Вінярскі не разбіраў і палавіны слоў – нешта пра паперу, мільёны, тыражы… Стары з усім згаджаўся.

Вінярскі глядзеў на іх і слухаў, ледзь не раскрыўшы рот. Гарэлка адразу расслабіла яго, усё вакол успрымалася як нейкая нерэальнасць; вельмі ўжо хутка і нечакана ён патрапіў з карабля на баль – з могілак у гэтае кафэ, у кампанію дзіўных людзей, якія – Вінярскі ўпершыню ў жыцці сутыкаўся з гэтым – і ў побыце, і ў час выпіўкі, і, відаць, паўсюль і заўсёды гаварылі па-беларуску. На яго вялікае здзіўленне, гэтая мова і людзі, што на ёй размаўлялі, ніколькі не раздражнялі яго. Ён прыслухоўваўся да свайго ўнутранага голасу, звыкла чакаў, калі голас скажа яму, што гэтыя людзі – «ніжэйшая раса», такія ж, як і любыя п’яніцы, і імі трэба пагарджаць; але нечакана голас сказаў яму, што людзі гэтыя – на дзесяць галоў вышэйшыя за яго, супермэна, чыстаплюя Вінярскага, што ёсць у іх за душою нешта такое, пра што Вінярскаму і не здагадацца, каля чаго ён не стаяў і блізка, і не пагарджаць яму імі трэба, а, самае разумнае, рабіць тое, што ён і робіць: слухаць, раскрыўшы рот, і старацца нешта зразумець.

Васіль з Сымонам замаўчалі. Яшчэ выпілі. Вінярскаму яшчэ больш паспакайнела.

Васіль, а дзе можна прачытаць тваі… праізведзенія? – упершыню ў жыцці па-беларуску, з натугай падбіраючы словы, спытаў Вінярскі. ён не пазнаў свайго голасу – быццам нехта чужы спытаўся.

Зайдзі ў любую кнігарню, стаіць кніжка, – неахвотна адказаў Васіль.

Сымон хіхікнуў, але ў той жа момант сагнаў усмешку, сказаў з прытворным жалем, уздыхнуўшы:

Народ не цэніць сваіх прарокаў. Мала купляецца беларускіх кніжак!

Дык ты ўспомніў мяне? – павярнуўся Васіль да Вінярскага, гледзячы на яго сваімі дзявоча-сінімі п’янаватымі вачыма; цяпер валасы ў яго абсохлі і ўжо не былі падобныя на буклі, а ляжалі акуратнай «футбольнай» прычоскай, зачэсаныя з ілба назад і з бакоў і з патыліцы падрэзаныя роўным «гаршком».

Вінярскі кіўнуў; ён адчуў, што зараз пачнецца тое, для чаго бялявы яго сюды і прывёў.

Сымон, відаць, ад таго, што так захацелася Васілю, таксама адразу ж пераключыўся на Вінярскага.

Сябра твой, Васіль? – спытаў ён тым строгім, спаважным голасам, якім чамусьці лічыў патрэбным гаварыць кожны раз, калі звяртаўся да Вінярскага.

Сябра. Блізкі. А ведаеш, Сымон, як мы пасябравалі? (Далей бялявы расказваў толькі Сымону і знарок ні разу не глянуў на Вінярскага.) Год назад, Сымон, у Мінску быў май месяц. Уяві сабе ціхі, цёплы, густы вечар канца мая, «шарую гадзіну», як піша Адамчык, зялёнае Завакзалле, бэз цвіце, і грушы, і вішні, уяві маладога чалавека, які нядаўна здаў апошні экзамен універсітэта, знайшоў сабе працу карэктара ў газеце, што давала яму магчымасць застацца ў любімым горадзе, наняў танна пакойчык у адной з хат у тым самым Завакзаллі… Акно нізкае, адчыняецца ў агарод, з агарода пахне расою, травой, бэзам, верабей у кусце бэзу шчабеча, жаба скача ў роснай траве пад самым акном… Столік, на якім стос белых, чыстых аркушыкаў, аловак, пачак цыгарэт; а за акном, за агародам, недзе далёка ў горадзе, у адным з інтэрнатаў чакае дзяўчынка-першакурсніца… Карацей, я палез, сарваўся з балкона і зламаў нагу. Апамятаўся толькі ў машыне, што везла мяне вось да іх, да гэтага Вінярскага… Да ночы праляжаў у прыёмным пакоі – то не маглі знайсці рэнтгенолага, то не было каму накласці гіпс, – але ўрэшце сяк-так наклалі, прывезлі ў палату, скінулі, як калоду, на ложак. I дзверы зачыніліся. Ні ўколу, ні таблеткі, і каго зваць, каго прасіць?.. Боль люты, вачэй не самкнуў да самай раніцы, трэсла ўсяго, як малярыйнага. Пад раніцу прачынаецца палата, – акрамя мяне, яшчэ сем чалавек, хто на выцяжках, хто трохі з мыліцамі соўгаецца. У палаце смурод, бруд, усе кураць. Заходзіць санітарка – маленькая, неахайная жанчынка гадоў пад семдзесят (пасля даведаўся, што ёй трыццаць), вітаецца: «Што, забулдыгі, прачнуліся?» Ёй адказваюць радасна: «Ага! Прынесла?» Прынесла. Літровую пляшку спірту. Тут жа адзін устае, клыпае да ўмывальніка, з-пад крана разбаўляе спірт, тут жа разам з санітаркаю пахмяляюцца, падносяць тым, хто ляжыць… Закурваюць і сядаюць гуляць у карты. Карты ляпаюць, спірт булькае, дым плыве, рогат стаіць – а я ляжу, галаву пад падушку. Перад абходам трохі прыбраліся, выкінулі «бычкі», схавалі шклянкі, леглі ў ложкі. Заходзіць вось гэты, з касічкаю, Вінярскі. Моўчкі запісвае нешта ў сшытак і паварочваецца ісці. Крычу ўслед: «Доктар, колькі мне ляжаць?!» – «Сколько нужно». Я рвуся, ледзь не падаю з ложка, каб хоць на секунду затрымаць: «Я не спаў ноч, дайце, калі ласка, укол!..» – «Папрасіце сястру». Дзе яна, тая сястра, хоць бы пабачыць яе!.. Не столькі хачу ўколу, колькі таго, каб чалавек з касічкаю хоць на міг прысеў побач, зразумеў, што яшчэ ўчора быў вечар і бэз пад акном, стос белых лістоў і пахі расы – а сёння смурод ад невынесеных суднаў, страшная санітарка, спірт… Толькі б гэта неяк зразумеў чалавек у белым халаце і сказаў бы пару слоў: «Усё мінецца, праз дзень, ці праз тыдзень, ці праз месяц зноў будзе ў цябе і вечар, і бэз пад акном…» Але не прысеў, не сказаў – і след прастыў чалавека ў белым халаце, з касічкаю… Ажыўляецца палата. Скідваюць грошы. З’яўляецца санітарка: «Вот, б…, мая любімая палата!» Абед – і разводзіцца спірт пад кранам, карты, цыгарэты… Увечары ўпершыню ўбачыў сястру, прыйшла рабіць мне ўкол – злая, хамка, як і ўсе яны ў той клініцы; буркнула: «Больше уколов не будет» – «А як быць, я спаць не магу…» – «Ну и что?! Пусть родственники приносят уколы!» – «Скажыце, а хто можа судна вынесці?» – «У нас санитарок не хватает, приходят родственники и выносят!» I каму сказаць, што дзе ўзяць гэтых «родственников», калі іх проста няма ў Мінску?.. Толькі прыплюснуў вочы, задрамаў на міг – бух! праляцела мыліца, стукнула ў сцяну над галавою… Крыкнуў голас: «Нож, нож схавай…» – валтузня, крыкі… Нечага не падзялілі карцёжнікі. Але вось супакоіліся, памірыліся, заспявалі песню. Нехта ўпаў – загрымелі мыліцы… Другая бяссонная ноч. Другая раніца – з санітаркаю, пахмелкай спіртам, другі абход, Вінярскі – з касічкаю, у бялюткім халаце, чаравікі блішчаць, малады, свежы, недаступны… Ізноў ледзь не кідаюся з ложка, бо ізноў Вінярскі, ледзь спатыкнуўшыся на парог, паварочваецца сыходзіць, – прашу: «Доктар, пазваніце на працу, скажыце там, дзе я!» Просьба разбіваецца аб зачыненыя дзверы… Мною пачынаюць цікавіцца: чаму з імі не п’ю? Падсаджваецца да мяне на ложак сусед – былы зэк, цяпер бомж, ляжыць тут паўгода. Адседзеў пятнаццаць гадоў за згвалтаванне і забойства. Нажом забіў чалавека. Гэтая палата для яго, відаць, – камера, і ён тут – «пахан». Гэта на яго ўчора крычалі «схавай нож». Вось і нож, ляжыць зверху на тумбачцы. Шклянка разбаўленага спірту, прыкрытая лустачкай хлеба, стаіць побач, каля нажа. Жыві не хачу. «Будуць выпісваць, дык я сам сабе ўсе косці паламаю, – кажа мой сусед. – Начорта мне выпісвацца, што мне там, на вуліцы рабіць, зноў у турму сядаць?» Вечар, карты, санітарка прывяла сяброўку, ціскаюць іх, качаюць па ложку, перакулілі судна – смурод… Вінярскі, вось мы з табою сядзім, выпіваем, звычайныя, роўныя людзі. Вось цяпер скажы мне: няўжо табе цяжка было даць мне таблетку дымедролу? Пазваніць да мяне на працу? Няўжо гэта так цяжка?

Вінярскі маўчаў, сядзеў як аглушаны. Усё, што гаварыў бялявы, была праўда, але Вінярскі не чакаў, што гэтую праўду можна так падаць.

Прабач, Васіль!.. – ледзь выціснуў ён з сябе.

Ды што – я адходлівы. Усё перакіпела. А тады ратаваўся тым, што ляжаў і ўяўляў, як забіваю цябе, таплю ў прыбіральні, цаглінаю перабіваю табе нагу і кладу на сваё месца… Трохі памагала. Не ведаю, чым бы ўсё скончылася, – пасля трох бяссонных начэй я быў на мяжы вар’яцтва (Вінярскі ўспомніў пра свае бяссонныя ночы і ўздрыгнуў) – калі б, на маё шчасце, не вярнуўся з адпачынку Стэльмах. Што ён убачыў у маіх вачах – не ведаю, бо я не казаў ані слова, ляжаў, да ўсяго атупелы, але мяне раптам перавялі ў палату на два месцы, прыбегла сястра, зрабіла ўкол, я праспаў цэлыя суткі, а тады, пад вечар, прыехалі хлопцы таксоўкаю і завезлі мяне дамоў. Гэта Стэльмах глянуў на запіс, зроблены ў прыёмным пакоі, даведаўся тэлефон рэдакцыі і пазваніў. Усяго толькі, Вінярскі, усе праблемы… Дома, я помню, хадзіць не мог, поўзаў па падлозе, як дзіця, але ніколі ў жыцці, здаецца, не быў больш шчаслівы, чым калі вырваўся ад вас.

Скажы, Вінярскі, – зноў спытаў Васіль, – дык якія павінны быць дактары? Ды які б я ні быў: п’яны, дурны, несімпатычны табе – я ж перш за ўсё хворы, бездапаможны, аддаюся пад тваю ўладу! Ты ж даваў нейкую клятву Гіпакрата! Ды хоць зірні ты інакш, скажы хоць адно добрае слова, абнадзей – гэта будзе ў сто разоў лепш за любыя лекі. Я магу зразумець жорсткасць наглядчыкаў у турме, але жорсткасць, нелюдзімасць урачоў – вышэй усялякага разумення. Вашая клініка – гэта ж зона, турма, у якой няшчасныя людзі мучаюцца, самі не ведаючы за што, а вы – наглядчыкі – спакойна ходзіце па вуліцах, глядзіце тэлевізары, спакойна ядзіце, п’яце…

Прабач, – паўтарыў Вінярскі, не падымаючы вачэй.

Што ты апраўдваешся? Я ж сказаў, перакіпела. Я вось сяджу, выпіваю з табою, а сотні выпісаных з вашай клінікі так ніколі і не сустрэнуцца з Вінярскім, і не скажуць яму, што хацелі б сказаць, – як і тыя, што ляжаць у вас цяпер, на якіх ты ўвагі не звяртаеш…

Васіль памаўчаў, разліў па шклянках рэштку гарэлкі:

– Прапаную выпіць за светлую памяць Івана Змітравіча Стэльмаха. Якога толькі што пахавалі, – сказаў ён, гледзячы ў стол, ці то Сымону, ці то проста так, сам сабе. Усе ўтрох усталі і выпілі.

«Ён не ведае! Нічога не ведае пра грошы! – падумаў Вінярскі. – Ён зацягнуў мяне сюды, толькі каб выгаварыцца!»

Ланцуг (зборнік)

Подняться наверх