Читать книгу Ланцуг (зборнік) - Андрэй Федарэнка - Страница 7

Ланцуг
VI

Оглавление

Вінярскі выцягнуў «дыпламат», глядзеў на яго, гладзіў прабіты бок, і слёзы цяклі ў яго па шчоках. Потым апрануў плашч, не забыў парасон, ціхенька выслізнуў з кватэры, прытрымаўшы замок, і подбегам кінуўся з двароў на вуліцу, да запраўкі. «Дыпламат» ён захапіў з сабою.

Таксіст, нахабны, як і ўсе яны начным часам, назваў проста неверагодна вялікую суму. Вінярскі моўчкі адлічыў грошы і адразу расплаціўся.

Толькі б ніхто не заўважыў! Толькі б не прыйшоў у клініку сённяшнім вечарам Стэльмах! Цяпер Вінярскі добра разумеў, што адзіны яго ратунак, калі нікога няма, – паставіць назад «дыпламат», выправіць шпінгалеты, нават пераначаваць у кабінеце, на кушэтцы. А там, раніцаю, усё выдумаецца. Галоўнае, грошы будуць цэлыя. Няхай Стэльмах пра ўсё здагадаецца – ну і што? Сорам вочы не выесць. Затое ён, Вінярскі, зможа зноў жыць, як і жыў.

Ён стрымліваў сябе, прасіў сябе не расслабляцца раней часу – мала што там цяпер можа быць у кабінеце! – але ў душы ўсё расла, усё шырылася няўрымслівая радасць ад таго, што ўсё скончана. Яму не здавалася ўжо ні дурной, ні смешнаю сама сітуацыя: столькі сіл было патрачана, каб грошы ўкрасці, і ўсё для таго, каб усімі сіламі старацца вярнуць іх назад…

Каля бальніцы ён выскачыў з машыны і хутка пайшоў у двор. Падняў галаву, спатыкнуўся і не паверыў сваім вачам – здалося, што той жывы, страшны сваёй будзённасцю сон працягваецца. У кабінеце гарэла святло.

У нейкім атупенні ён стаяў, глядзеў на светлае акно, на клёны, кусты, якія холадна свяціліся сваімі зялёнымі лістамі ў святле бальнічных ліхтароў. Падумаў чамусьці: «А што, калі я зусім не грошы ўкраў, я ж не паглядзеў нават». Трэба было неяк канчаць усё гэта. Трэба было ісці здавацца. Як здавацца, што казаць? Што знайшоў «дыпламат» у двары? Усё – дурнота, глупства… Хто яму паверыць?

Ледзь перастаўляючы ногі, Вінярскі пацёгся назад, на вуліцу, падняўся на ганак галоўнага корпуса і пазваніў. Адразу ж за ледзь асветленымі шклянымі дзвярыма праплыла постаць вахцёркі.

I вы прыехалі? – расчыніўшы дзверы і прапускаючы яго, сказала яна і ўздыхнула.

Што значыць – і вы?.. А хто… яшчэ прыехаў? – прамармытаў Вінярскі, заходзячы ў вестыбюль і азіраючыся.

Вахцёрка замкнула дзверы, зайшла следам і стала перад ім, гледзячы знізу ўверх, сцягваючы на грудзях накінутую на плечы хустку, – маленькая і нязграбная, як чарапаха.

Дык хто прыехаў? – стараючыся быць развязным, паўтарыў Вінярскі. – Міліцыя… ці хто?

Пры чым тут міліцыя? Жонцы трэба званіць, – строга сказала вахцёрка.

Чыёй?

Стэльмахавай.

А… што такое?

– Іван Змітравіч у рэанімацыі цяпер. З сэрцам кепска. Я думала, вы таму і прыехалі…

Не верачы раптоўнай здагадцы, ад якой перахапіла дыханне і застукала ў скронях, баючыся распытваць далей, Вінярскі як быў – з «дыпламатам» у руцэ – павярнуўся, каб бегчы ў свой корпус.

– У кабінеце схапіла, – сказала яму ў спіну вахцёрка. – Прыйшоў сюды гадзін у сем, такі рады – а чаго прыйшоў?..

Дзверы ў кабінет былі адчыненыя. У дзвярах Вінярскі сутыкнуўся з медсястрою – яна саступіла, прапускаючы яго. Ён, задыханы, спыніўся ў парозе, аббег вачыма кабінет, стараючыся за раз не прапусціць нічога, усё зразумець з гэтага агляду. Кушэтка стаяла пасярод кабінета; барадаты тэрапеўт з суседняга аддзялення ў кутку мыў рукі і нават не зірнуў на Вінярскага, затое Сцяпанаў, які сядзеў за сталом Стэльмаха і нешта напаўголаса гаварыў, убачыўшы Вінярскага, змоўк і ўтаропіўся ў яго. Акрамя гэтых двух і сястры, што выйшла, не было нікога. Моцна пахла спіртам.

– А дзе… – прамовіў Вінярскі, паказваючы на кушэтку.

Сцяпанаў страсянуў галавою і перастаў глядзець так дзіўна.

У рэанімацыі, наверсе, – адказаў ён.

Ёсць надзея?

Мала. Доўга ляжаў тут, позна знайшлі… Інфаркт!

Нічога дзіўнага, з такой камплекцыяй, – адазваўся тэрапеўт, павярнуўшыся і выціраючы рукі аб кішэні халата.

Вінярскі прайшоў да акна – палавінкі былі прачынены, як ён і пакідаў. «Бачыў хто, ці не, што шпінгалеты зламаныя?! Сказаць зараз пра гэта? Ці зрабіць выгляд, што нічога не заўважаю і проста хачу прычыніць акно?..» Ён узяўся за ручку.

Не трэба, – пачуўся ззаду голас Сцяпанава. – Хай праветрыцца.

Я падымуся наверх, – сказаў тэрапеўт, – пазваню, калі што.

Сцяпанаў правёў яго да парога і ў парозе зноў пагаварыў з ім пра нешта; калі тэрапеўт пайшоў, павярнуўся да Вінярскага:

– А ты як тут сярод ночы?

Выпадкова ехаў на таксі, з Жанаю… Убачыў з вуліцы, што святло гарыць… Жана, сяброўка, жыве ў Вяснянцы, можаце праверыць…

Па мне – хоць у Серабранцы! – усміхнуўся Сцяпанаў. – Я проста гляджу – ты з чамаданчыкам.

– А, гэта так, браў з сабою, – Вінярскі асцярожна паклаў «дыпламат» на стол дзіркаю ўніз. – Але як тут Стэльмах апынуўся? Уночы… У яго ж адпачынак з учарашняга дня.

Мала што. Забыў нешта, прыйшоў забраць.

А як яго знайшлі?

З суседняга корпуса ўбачылі, што святло гарыць.

Адтуль жа не відаць нашага акна.

Вінярскі ведаў, што так гаварыць нельга, але спыніцца не мог.

Ізноў здзівіўся Сцяпанаў:

Удзень, можа, і не відаць, а ўночы ўсё тут свеціцца… Ды і бачылі яго. Зайшоў – і няма, і няма.

Ён… – Вінярскі сабраўся з духам, – нічога не казаў?

Якое казаў. Сіні ўвесь. Вось страшная, дурная смерць – доктара ў бальніцы!

Ды якая смерць? Нічога невядома яшчэ! Пакуль у рэанімацыі – нічога яшчэ невядома!

Сцяпанаў памаўчаў, сказаў:

– Я ў сябе буду, – і пайшоў.

Калі за ім зачыніліся дзверы, Вінярскі зноў, на гэты раз добра, уважліва агледзеў кабінет. Дзверцы антрэсоляў у шафе былі зачынены, крэсла каля шафы не стаяла. Але гэтага не магло быць! Ну, няхай крэсла ў мітусні, у беганіне маглі адсунуць, але каму трэба было зачыняць дзверцы, да якіх не дацягнуцца з падлогі рукою нават высокаму чалавеку?! Няўжо…

Вінярскаму ўявілася, як прыходзіць шчаслівы Іван Змітравіч, блізарукі, нават не заўважае, што з акном нешта не тое, становіцца на крэсла, корпаецца пад папкамі… Пуста! Яму робіцца блага. Ён злазіць ці мо нават падае з крэсла… Не, не падае! У тым і справа, што ён адразу здагадаўся, хто злодзей! I, не жадаючы «падстаўляць» яго, злодзея Вінярскага, зачыняе дзверцы, знаходзіць сілы злезці, адсунуць ад шафы крэсла і толькі тады валіцца на кушэтку… Калі б ён пакінуў расчыненымі дзверцы ды крэсла каля шафы – маглі б западозрыць, што яму стала кепска пасля таго, як ён нешта ўбачыў – там, у шафе… Ці павінен быў убачыць і не ўбачыў… Пачаліся б разборкі, і рана ці позна выйшлі б на Вінярскага…

Выходзіла, што стары доктар свядома, смерцю сваёй ратаваў Вінярскаму жыццё.

«Ды што за смерцю?! – жахнуўся раптам Вінярскі. – А калі выжыве?! А калі нават памрэ, перад тым, як памерці, тысячу разоў усё расказаць можа!»

Ён сяк-так паправіў шпінгалеты, закрыў акно – хоць у вочы не так кідаецца, схапіў невядома чаму «дыпламат» і пабег да Сцяпанава.

Калі ён зайшоў, Сцяпанаў клаў на апарат тэлефонную трубку. Вінярскі глянуў яму ў вочы і ўсё зразумеў.

– Трэба жонцы званіць… – ціха сказаў Сцяпанаў.

Вінярскі прысеў на крэсла каля парога. У вісках у яго тахкала: «Гэта я – забойца, я – забойца, я – забойца…»

Ланцуг (зборнік)

Подняться наверх