Читать книгу Ланцуг (зборнік) - Андрэй Федарэнка - Страница 4
Ланцуг
III
ОглавлениеА шостай гадзіне вечара Вінярскі, апрануўшы свой доўгі белы плашч, з парасонам пад пахай, праз галоўны корпус – так было бліжэй да прыпынку – выйшаў на вуліцу. Дождж перастаў, хмара сплывала за Мінск. Адна палавіна вуліцы, у тым баку, адкуль павінен пад’ехаць тралейбус, была асветленая нясмелым пакуль сонцам – так бывае позняй восенню, калі сонца то зырка блісне, то зусім схаваецца; але паступова паласа шырэла, святлела, набягала сюды, на прыпынак. Вось сонечны промень зіхнуў, адбіўся ад пярэдняга шкла тралейбуса, які выплыў з-за павароту… Вось тралейбус спыніўся, густа плюхнуўшы вадой з калюжыны на ногі тым, хто тоўпіўся блізка, вось натоўп паваліў у яго, аж затрашчалі дзверы, а сонечная паласа пабегла і пабегла сабе далей, заліваючы святлом паўгорада.
Вінярскі пастаяў, паглядзеў на тралейбус, уявіў, як яму будуць наступаць на ногі, запэцкаюць плашч, будуць дыхаць у твар, будзе пахнуць спяцоўкамі і прэлымі парасонамі, – павярнуўся і пайшоў пехатою, як рабіў не раз. Ісці было далекавата, праз увесь праспект, ажно ў Вяснянку, затое цалейшыя былі нервы і дарогаю добра думалася. Вінярскі расшпіліў плашч, дастаў цёмныя акуляры – мокры тратуар блішчэў пад сонцам, і пайшоў няспешна, трымаючыся далей ад краю тратуара.
На мосце праз Свіслач ён закурыў, перагнуўся, стараючыся не запэцкацца аб мокрыя чыгунныя парэнчы, папляваў уніз, цэлячы слінаю ў качку, якая плавала і нырала блізка каля моста. Пакуль стаяў, яго прамінулі двое п’яных; ішлі, хістаючыся, трымаючы пад рукі адзін аднога – і пранеслі за сабою свой адмысловы пах… Вінярскаму зрабілася гідка, ён павярнуўся, каб зірнуць ім услед, і ўбачыў, што і п’яныя спыніліся і глядзяць на яго. Ён абышоў іх – і зноў той жа пах…
Вінярскі не любіў людзей. I гэтых п’яных, і тых, каго ён цяпер абганяў, і тых, што яго абганялі, і тых, што панабівалі сабою, як селядцы бочкі, аўтобусы і тралейбусы і ездзілі ў іх туды-сюды па праспектах і вуліцах… Ва ўсіх вачах, што на яго глядзелі, ён чытаў толькі прасцейшыя жывёльныя інстынкты: убіцца, уплішчыцца ў тралейбус, дабрацца да ларка, да таннага, разбаўленага піва, «на-бухацца», атупець яшчэ больш – гэта ў мужчын; у жанчын, растаўсцелых да сарака гадоў, як пацукі на кармавых дражджах, – дапасці да нейкай чаргі, адстаяць, пасварыцца, схапіць урэшце ў руку чаканую сінюю палку крухмальнай варанай каўбасы, ад аднога выгляду якой нармальнага чалавека павінна зблажыць… Згадаліся раптам свае пацыенты – з загноенымі дзіркамі на руках і нагах, з пакрыўленымі, няправільна зрослымі пасля пераломаў касцямі, з апухлымі, перакошанымі рожаю тварамі, з выродлівымі, як шары, фурункуламі… I ў гэтых у вачах – тое ж жывёльнае: выратуй, пазбаў ад болю, выпусці гной, накладзі швы, здымі рожу… Каб зноў мы маглі піць сваё піва і стаяць у чэргах па сінюю каўбасу…
Вінярскаму прыйшло ў галаву, што з яго можа атрымацца добры хірург. Ён ніколі не пашкадаваў ніводнага свайго пацыента, заўсёды адчуваў да іх толькі агіду, яны былі для яго менавіта пацыенты, а не жывыя людзі. А гэта добра, усе вялікія ці проста добрыя хірургі, якіх ён ведаў ці пра якіх чуў у інстытуце на лекцыях, былі жорсткія. «Там мне гэта прыдасца, – падумаў ён, – а тут – трэба больш практыкавацца, набіваць руку».
Павярнуў на праспект – любімае сваё месца – шырокі, прыгожы, абсаджаны каштанамі, з кветкамі ў клумбах паўз тратуар. Вінярскі любіў гэты праспект яшчэ і таму, што тут хоць зрэдку, дзе-небудзь каля «Планеты» ці «Юбілейкі», можна было пачуць чужую мову і ўбачыць сапраўдных, свабодных, шчаслівых і багатых людзей. Ён ішоў паволі, пазіраючы вакол і прыслухоўваючыся, і сапраўды – раптам каля газетнага кіёска пачуў англійскую мову. Мужчына ў белых шортах, у белай кашулі і ў белым гальштуку, у цёмных акулярах, паказваў на нешта ў кіёску сваёй сяброўцы – маладой жанчыне, таксама ў шортах, з фотаапаратам у руцэ, – і абое смяяліся. I вочы ў жанчыны чыстыя, бестурботныя, і смех у абаіх дзіцячы і бестурботны. Вінярскага нібы працяло токам ад гэтага смеху. Ажыло раптам у душы таксама нешта чыстае і светлае, і захацелася абняць гэтых людзей, узяць пад руку жанчыну, ісці разам з імі некуды і ні аб чым не думаць. Але хутка ён апамятаўся, прыгорбіўся і пайшоў хутка, ні на кога ўжо не гледзячы.
«Толькі сярод такіх людзей я сам адчуваю сябе чалавекам, – значыць, мне і трэба быць увесь час сярод іх, – думаў ён. – Але гэта даўно было зразумела. Не тое, нешта не тое…»
I Вінярскі паспрабаваў адпусціць у сабе тую струну, якая з самай раніцы, пасля расказа Стэльмаха, звінела ў ім і ўсё накручвалася, і накручвала на сябе нейкія пабочныя думкі і пачуцці, перашкаджаючы думаць пра галоўнае. Паспрабаваў адпусціць гэтую струну – і ўдалося, і выплыла: Стэльмах – грошы – замежная клініка – дзве цагліны ў «дыпламаце».
Але што яму, Вінярскаму, да гэтага?! I ён зноў захацеў «закруціць струну», не думаць пра Стэльмаха, а марыць пра самае сваё запаветнае – чым жыў з дня ў дзень вось ужо колькі гадоў, яшчэ з інстытута. Не, гісторыя Стэльмаха вельмі цесна на гэтыя мары накладвалася. Вінярскі мусіў прызнацца сабе, што гэтая гісторыя ўсхвалявала яго, выбіла з душэўнай раўнавагі. Вядома, не сваёй таннай меладраматычнасцю, Вінярскі сапраўды не помніў ніякай Стэльмахавай дачкі, увогуле, не верыў ніводнаму слову Івана Змітравіча, – але ж грошы былі! Былі ж дзве «цагліны» даляраў! Гісторыя ўсхвалявала Вінярскага тым, што ў ёй праглядвала ўпартая мэтанакіраванасць чалавека, які ў нешта моцна верыць і любымі сіламі і сродкамі стараецца дабіцца гэтага «нечага». Вінярскі раптам зразумеў, што яго непакоіць – зайздрасць. Яму было зайздросна і крыўдна, што, акрамя яго, ёсць яшчэ людзі, якія нечага ад жыцця хочуць. А тым больш такія, як Стэльмах. Гэта была інстынктыўная крыўда і, урэшце, злосць маладога самца, што вынайшаў спосаб збіваць бананы з дрэва палкаю, і раўніва хаваў сваё вынаходніцтва, пакуль знянацку не ўбачыў, што і другі самец, слабы і ўжо непрыдатны для размнажэння, таксама карыстаецца такою ж палкаю.
Яшчэ ў час вучобы, некалькі гадоў назад, калі на адным з экзаменаў Вінярскаму ні за што паставілі тройку – толькі з-за асабістай непрыязнасці да яго выкладчыка, – ганарысты, крыўдлівы хлопец вырашыў, што жыць тут — гэта зажыва пахаваць сябе. Разумны, халодны, без комплексаў (такім лічыў сябе Вінярскі), ён мог праявіць сябе толькі там, дзе б яго паважалі і цанілі. Гэта была сапраўдная мэта, дзеля такой варта было жыць. I дзякаваць Богу, яна прыйшла яму ў галаву даволі маладому, калі быў яшчэ студэнтам. Час наперадзе ёсць. Некалькі гадоў – ды хоць дзесяць, і тады яму будзе толькі пад трыццаць – пажыць аскетам, назіраць усё, запамінаць, нікога не любіць – і збіраць грошы. Любымі спосабамі. Акўпіцца і апраўдаецца ўсё. Ен разумеў, вельмі добра разумеў Стэльмаха, калі той расказваў пра сябе!..
Сам Вінярскі збіраць грошы пачаў яшчэ ў інстытуце, рублямі: фарцаваў, ездзіў у Прыбалтыку, дзе скупляў падробленыя пад «фірму» красоўкі і джынсы, у Мінску перапрадаваў… Потым, калі закруцілася перабудова і «адкрылі» Польшчу, пайшло лягчэй. Ён пачаў цікавіцца палітыкаю, радаваўся, як яно ўсё нечакана паварочваецца, і адначасова трывожыўся, што такіх, як ён, становіцца ўсё больш. Усіх такіх, як сам, яму трэба было ненавідзець з-за канкурэнцыі. Але сёе-тое перападала і на яго долю. I вечарамі, зачыніўшыся ў сваім пакоі, Вінярскі падоўгу пералічваў рознакупюравую «зеляніну», даляры, разглядваючы на святло, разгладжваючы пальцамі кожную купюру. Ен складаў даляр да даляра, па сотцы, перацягваў гумкаю, пералічваў яшчэ раз пачкі і замыкаў у шуфлядку на ключ, ведаючы, што гадзін праз колькі, калі ён пачытае газеты і паглядзіць тэлевізар, ён зноў зачыніцца, і зноў пачнецца ўсё спачатку… Ен разумеў Стэльмаха.
З кожным месяцам, пасля кожнай удалай паездкі – а ў яго амаль усе былі ўдалыя, – купюраў большала, і большала яго радасць, гонар за сябе, за сваю кемлівасць, спрыт, – большала і нянавісць да некага, хто таксама збірае грошы і пра нешта марыць. Вінярскаму гэта было можна, ім – нельга. Для іх грошы былі адзенне, ежа, у лепшым выпадку машына ці кватэра, а для яго – толькі віза і замежны пашпарт. Куды? Хоць у Аўстралію, хоць куды – толькі б далей ад усяго, што вакол, далей ад хамства, тупасці, жабрацтва… Проста не чапайце мяне, дайце спакойна купіць білет на самалёт ці на цягнік; я паеду ў любы еўрапейскі, амерыканскі, аўстралійскі горад, у любое Богам забытае мястэчка (калі там ёсць такія). Я гатовы працаваць грузчыкам, парабкам, мыць посуд, падмятаць вуліцы, прыбіраць туалеты – і рана ці позна я дачакаюся свайго, дакажу, што я люблю і ўмею працаваць, напомню пра свой дыплом урача і пра свой вопыт… Хай мне даюць выпрабоўчы тэрмін – я ахвотна пайду санітарам, асістэнтам, прыбіральшчыкам, дакажу сваю адданасць, і мяне ацэняць. А там – свой домік, сад, прыслуга, машына. Больш нічога не трэба. Нідзе не трэба кідацца ў вочы. Мне і гэтага хопіць на ўсё жыццё. Галоўнае – будзе акуратны гарадок, дахі з чырвонай чарапіцы, клумбы з ружамі, чыстыя вуліцы, ціхі вечар і людзі, якія ўмеюць радасна смяяцца – як гэтыя, каля кіёска, – не баючыся, што на іх будуць азірацца і круціць пальцамі каля скроняў.
Яму нікога і нічога не шкада будзе тут пакідаць. Бацькі? Бедныя, затурканыя маралісты, маці, без пары ссівелая, напаўсляпая ад вечнага чытання чужых сшыткаў, з акладам настаўніцы, які больш нагадвае жабрацкую міластыню, чым плату за такую катаржную працу; бацька – будаўнік, які ўсё жыццё ляпіў тыпавыя, падобныя адна на адну, як васковыя ромбы ў сотах, цёмныя цесныя клеткі – так званыя «кватэры»… Што яны бачылі, што ведаюць? Для іх вяршыняй шчасця было тое, што ён скончыў медыцынскі інстытут, а найбольшая мара – каб ён гадоў да пяцідзесяці дабіўся таго, што ёсць цяпер Стэльмах… Але яны нават не здагадваюцца, якая старасць іх чакае! Вядома, ён забярэ іх адсюль, за імі будзе дагляд, лепшая медыцынская дапамога, лепшыя курорты, спакой, хоць пад канец жыцця яны павінны ўбачыць, што свет намнога шырэйшы і святлейшы за трохпакаёвую клетку панельнага дома ў Вяснянцы…
Вінярскі падумаў пра Жану. Не, і Жану шкада пакідаць тут. Шкада нават не столькі Жаны, колькі таго ўспаміну, што з ёю звязаны, – як яна, голая, выціралася ручніком у ванным пакоі, паставіўшы нагу на край ванны, нагнуўшыся…
Часта бывае, асабліва на гарадскіх людных вуліцах, што пра каго падумаеш, таго хутка і сустрэнеш. I неяк інтуітыўна Вінярскі пачаў пазіраць на сустрэчных дзяўчат: вось прайшла з такімі ж доўгімі, прыгожымі нагамі, але белая, а Жана чарнявая… Вось дзве чарнявыя, і такія ж высокія, з такімі ж нагамі, але ў адной – тонкія вусны, другая – зусім маладая, відаць, школьніца; а ў Жаны вялікі рот, поўныя вусны, і менш дваццаці гадоў ніяк не дасі…
Каля «Юбілейкі» ён спусціўся ў пераход, выйшаў на другім баку вуліцы, якраз на прыпынак, – і знянацку ўбачыў Жану. Яна сядала ў чырвоную «Мазду», каля якой стаялі мужчыны і курылі.
Кроў кінулася яму ў галаву. Але разам з тым яго ахапіла цікаўнасць, жаданне паглядзець, што ж будзе далей, – нібы ён атрымаў магчымасць паглядзець у шчылінку ў пакой, дзе паслалі маладым пасля вяселля. Ён спыніўся сярод людзей на прыпынку і пачаў назіраць за машынаю. Мужчыны курылі, пазіралі на другі бок вуліцы. Хутка з пераходу выйшлі дзве тыя самыя чарнявыя і высокія, і адна, падобная на школьніцу, праходзячы каля Вінярскага, сказала рэзка:
– Не магу, я так…
I далей не пачулася, але разанула па вушах і па нервах. Дзяўчаты селі ў «Мазду», якая адразу ж крануўлася і паехала, мужчыны прайшлі трохі ўперад, дзе каля тратуара стаяла яшчэ адна новенькая машына.
А ты не ведаў, што Жана – прастытутка, папытаў у сябе Вінярскі. Не, пакідаць яе тут нельга. Ён адпомсціць ёй. Калі ўсё наладзіцца, ён выпіша яе туды, да сябе, выкарыстае да апошняга, а тады проста выкіне на вуліцу, у яе родную стыхію…
Пад’ехаў тралейбус, Вінярскі механічна зайшоў у яго і неўзабаве ўжо сыходзіў на сваім прыпынку, каля фінскай запраўкі. Дома ён скінуў плашч, але пераапранацца не стаў, не стаў і есці, нават не зайшоў на кухню. Сеў у сваім пакоі ў крэсла і выдаўжыў ногі. Пастукала матка, зайшла.
Будзеш есці на кухні ці прынесці сюды?
Не, прынясі лепш кавы.
Што-небудзь здарылася?
Нічога, толькі галава баліць.
– Можа, не пі кавы? – яна падышла і пагладзіла сына па галаве, патрымала ў руцэ касу. Спытала проста так, ведаючы, што ён усё адно зробіць па-свойму.
…Доўга сядзеў, піў каву і ўсё пра нешта думаў у той вечар Вінярскі.