Читать книгу Ланцуг (зборнік) - Андрэй Федарэнка - Страница 5

Ланцуг
IV

Оглавление

Назаўтра зноў з самай ночы ўсю раніцу ішоў дождж. Вінярскі, ужо адзін, стаяў каля адчыненай форткі ў кабінеце, курыў, пазіраў на мокрыя клёны, але сёння ў яго вачах ужо не было ўчарашняй нуды. Нешта зусім іншае свяцілася ў іх. Ён раптам заўважыў, што курыць і міжволі кратае пальцамі ніжні шпінгалет на раме, спалохаўся нечага і адышоў ад акна.

Зрэшты, увесь ранак ён потым быў узбуджаны, вясёлы, нават спрабаваў жартаваць з хворымі – аднаму, з нагою ў гіпсе, сказаў: «Добра, што нага, а не шыя», – але ніхто не засмяяўся; а загадчык аддзялення Сцяпанаў чамусьці здзіўлена падняў вочы на маладога доктара. У абед Вінярскі пайшоў у другі корпус, спусціўся ў сталоўку, зазірнуў у маленькія паўпадвальныя вокны. Выйшаў на лесвічны марш і падняўся да апошняга, пятага паверха. Ні са сталовай, ні з паверхаў не было відаць не тое што акна іхняга кабінета, а і сам іхні корпус амаль увесь быў закрыты клёнамі. Ён вярнуўся ў кабінет. Стэльмах так і не прыходзіў. Вінярскі агледзеўся яшчэ раз. Ну, так: іхняе акно можна ўбачыць толькі з вуліцы і ніадкуль з бальнічных карпусоў. Пад акном, паміж сцяною і кусцікамі паўз тратуар— чыстая паласа асфальту з паўметра шырынёю. I гэта варта запомніць… На мокрым асфальце слядоў жа не застаецца…

Вінярскі ўзяўся за аконную ручку, моцна пацягнуў на сябе. Шпінгалеты і ўверсе і ўнізе сядзелі ў сваіх дзірках-гнёздах як улітыя. Але гэта былі ўжо дэталі.

Цяпер Вінярскі маліў Бога толькі аб тым, каб Іван Змітравіч не прыйшоў да канца рабочага дня.

Стэльмаха не было ў пяць, не было ў палове шостай, і без дваццаці шэсць Вінярскі, не могучы больш трываць, не зачыняючы дзверы ў кабінет («калі зойдзе хто-небудзь, скажу, што пакасілася рама, папраўляю»), дастаў з кішэні падрыхтаваную яшчэ дома веласіпедную адвёртку, падняў ніжні шпінгалет і хутка, каб адрэзаць шляхі да адступлення, вывернуў адвёрткаю гняздо. Трэснулі сухія бялілы, адкалоліся разам з трэскаю, лёгка вывернулася гняздо разам з іржавымі шурупчыкамі… I тады яго як аглушыла – ды што ж я раблю?! Хто ж, лезучы з вуліцы, будзе ламаць шпінгалеты на палавінках з пакоя?! Ламаць будуць толькі з двара, а потым проста стануць на падаконнік, прасунуць у фортку руку…

З адчаю ён ударыў далоняй па знадворнай раме, дзе сыходзіліся палавінкі – і здалося, гэты гук, трымценне шкла, пачула ўся клініка, уся вуліца, што Стэльмах ці яшчэ нехта нячутна зайшоў і стаіць за спіною. Але Вінярскі нават не азірнуўся. З мясам павыкалупваў з гнілаватай рамы гнёзды, апусціў назад шпінгалеты… Нечакана ўся яго выдумка здалася яму страшэнна арыгінальнай і праўдападобнай, выцягнулася ўся ў ланцужок – ён аж засмяяўся, закурыў, тады толькі агледзеўся, прыслухаўся. Нідзе нікога, звычайныя гукі бальніцы. «Проста націснулі на створкі з двара, створкі падаліся, трошкі адышлі, тады падсунулі знізу, у шчылінку, звычайную адвёртку, вывернулі гняздо, тое ж зрабілі зверху, залезлі на падаконнік… не, не залезлі, а, стоячы знізу, нечым выламалі і ніжні шпінгалет унутраных палавінак… А потым схамянуліся, што фортка адчыненая і можна рукою дастаць… Тады залезлі на падаконнік – і ўсё. Чаго сюды лезлі? Гэта трэба пытацца ў тых, хто лез. Ці не думаеце вы, што гэта я зрабіў? Калі б я хацеў нешта тут украсці, я зрабіў бы гэта, не ламаючы рамы!..»

Самае дзіўнае, што гэты доказ – калі б ён, Вінярскі, краў, дык не ламаў бы рамы – здаваўся яму ў той момант абсалютна пераканаўчым.

Не стаў чапаць больш створкі («хай будуць прычыненыя, наўрад ці той, хто вылез бы праз акно, клапаціўся б зачыняць іх»), хуценька замкнуў дзверы, стаў на крэсла, выцягнуў з-пад папак «дыпламат» і толькі калі саскочыў на падлогу і паклаў яго на стол, падумаў: «А што, калі б яго не было тут? Вельмі проста, сто разоў Стэльмах учора мог бы забраць…» Але «дыпламат» быў, вось ён, ляжыць на стале. Вінярскі паспрабаваў адчыніць яго – нічога не выйшла. Божа мой – код!.. Ен зачынены на код! Ліхаманкава, дрыготкімі пальцамі Вінярскі пачаў круціць узад-уперад гранёныя круглікі пад ручкаю, пакуль не зразумеў, што проста марнуе час. Ні з таго ні з сяго ён ударыў раптам з усяе сілы адвёрткаю ў бок «дыпламата» і прабіў дзірку, потым апамятаўся і пачаў хапатліва заціраць яе рукою, але толькі падрапаў аб востры пластык далонь. Нейкі час ён стаяў і залізваў кроў, тады паставіў «дыпламат» пад стол Івана Змітравіча, доўга тыцкаўся ключом у замок. Выглянуў у калідор. Нікога не было.

Трэба было вяртацца і забіраць грошы. Прайсці па трох даўжэзных калідорах трох карпусоў, каля сталовай, праз вестыбюль з «дыпламатам», якіх ён зроду не насіў. Але рабіць не было чаго: Вінярскі вярнуўся, узяў «дыпламат» і, сабраўшы ўсю рашучасць, пайшоў. Ногі былі ватныя, а ўсярэдзіне ўсё трымцела. Калі б яго зараз паклікалі, ён, напэўна, выпусціў бы «дыпламат» з рукі. Але на калідоры нібы ўсё вымерла. Вось пачатак тэрапеўтычнага аддзялення, вось дзверы ў падвал. Нібы нехта падштурхнуў яго ў спіну – Вінярскі паслухмяна павярнуўся, спусціўся ў падвал… Вось дзверы на двор – і хоць бы дзе адзін чалавек! (Успамінаючы пасля той дзень, Вінярскі думаў, што чалавеку даволі ўсяго толькі захацець зрабіць якуюсьці гадасць, а там чорт сам давядзе ўсё да канца. Не магло ж так шэнціць яму тады само па сабе!)

Ужо на двары, ідучы паўз сваё акно, скасіў вочы. З дарожкі з адлегласці трох метраў не было відаць нічога падазронага. Хіба калі ўжо добра прыгледзецца, маленькая шчылінка…

Ён ехаў дамоў тралейбусам і думаў, што каля фінскай запраўкі яго ўжо чакаюць, каб арыштаваць, і трэба, як расказваў Стэльмах, ці пераехаць, ці недаехаць. Але сіл ужо не было ніякіх. Ніхто яго, вядома, не чакаў.

Дома ён запіхнуў нагою «дыпламат» пад ложак і бухнуўся ў любімае крэсла. Ён адчуваў сябе цяпер самым большым у свеце дурнем. Божа мой, ды нават калі дапусціць самае шчаслівае, самае неверагоднае – што ўсё абыдзецца: заўтра ён прыходзіць на працу, Стэльмаха не было і яшчэ няма, прыбіральшчыца ўжо выклікала міліцыю («забыў паставіць на месца крэсла! забыў зачыніць дзверцы антрэсоляў!»), тут прыходзіць Стэльмах, расказвае пра грошы, паказвае на Вінярскага; ён, Вінярскі, і слухаць не хоча – і яму вераць, што гэта не ён украў, а Стэльмаху не вераць – адкуль у цябе столькі грошай? Хто твае грошы бачыў? Чаму хаваў у кабінеце, а не ў банку, не дома? А калі хаваў, нашто расказаў пра гэта Вінярскаму, потым спакойна аставіў столькі грошай і пайшоў?..

Дык вось, калі нават дапусціць гэтае самае шчаслівае – дык будуць жа і допыты, і павесткі, завядзецца справа, узнікнуць следчыя, пачнуцца вочныя стаўкі, вобыск… За ім пачнуць сачыць. А галоўнае, хіба ён не ведае нашай міліцыі?! Не чытаў кніг, не глядзеў фільмаў? Ды ім варта толькі захацець, і яны дакажуць, што ён не толькі злодзей, а і забойца, маньяк, і так дакажуць, што ён сам паверыць і прызнаецца!

Галава проста трашчала, свярбелі скроні і шыя. Ён устаў, выйшаў у залю – бацькі толькі што павячэралі і глядзелі тэлевізар, – дастаў з аптэчкі ўпакоўку мепрабамата, вярнуўся і выпіў таблетку, пасядзеў трохі і выпіў другую. Каб лепш падзейнічала, пачаў чытаць на ўпакоўцы: «Здымае пачуццё страху, трывогі, супакойвае… Рэкамендуецца перад аперацыямі…»

«Дачцэ Стэльмаха патрэбна аперацыя», – падумаў ён і пачаў лічыць – марудна, заплюшчыўшы вочы: раз… два… Далічыў да 60, глянуў на гадзіннік – адна хвіліна прайшла. Такіх 60, і будзе гадзіна. А ўсіх гадзін – дваццаць чатыры. 60 памножыць на 24…

Раптам ясна падумалася, што ніколі не выбрацца яму ні за якую мяжу, а будзе ён проста хадзіць і ездзіць з дня ў дзень, з месяца ў месяц у сваю клініку, будзе не любіць сваіх пацыентаў і ўсіх вакол, слухаць Стэльмаха і злавацца на яго, будзе да канца жыцця марыць пра свой домік, гарадок з чарапічнымі дахамі, клумбы з ружамі, з часам зробіцца такім, як Стэльмах… Але вось жа! Цяпер такая перспектыва не толькі не спалохала яго, а здалася раптам проста шчасцем – ціхім, спакойным…

Ланцуг (зборнік)

Подняться наверх