Читать книгу Ціша (зборнік) - Андрэй Федарэнка - Страница 10

Ціша
Аповесць
9

Оглавление

З таго часу, як пайшоў у школу, Петрык толькі і чуў: ты ўжо вялікі, ты ўжо вялікі. – Ты ўжо школьнік, вялікі, – сказала маці. – Хопіць табе мыцца ў балеі. Будзем ездзіць да дзядзькі Стаха ў мікрараён, у ванну. І яны пачалі ездзіць да дзядзькі Стаха. Звычайна па пятніцах, увечары пасля працы. Маці напакоўвала сумку буракоў, морквы, бульбы, гуркоў, памідораў.

– Ты прывыкай, і яны хай да цябе прывыкаюць, – вучыла маці. – Мо з настаўнікам паможа… А мо кватэру на цябе перапішуць… Ды прыглядвайся да яго, вучыся! Не глядзі, што ён такі. Гэта ён на людзях прыдурваецца, а сам жыць умее, не тое, што твой бацька…

Петрыка заўсёды ўражваў гэты хуткі пераход ад слабадской цішы да горада. Некалькі прыпынкаў – і вось ты ўжо ў мікрараёне, як на іншай планеце. Дзіцячы сад, чужая школа. Гастраном. Знаёмы двор – прамакутнік, па два дамы з тарцоў, па тры – уздоўж. Усё замкнута. Пасярод двара дзіцячая пляцоўка, арэлі, грыб-мухамор у пясочніцы. Лавачкі ля пад’ездаў.

Дзядзька Стах з жонкай цёткай Таняй жылі ў трохпакаёўцы. Адзіная іх дачка Лена вучылася ў Мінску на доктара. Для яе бацька будаваў яшчэ адну такую ж трохпакаёвую кааператыўную кватэру, але ўжо ў “цэнтры” (як для слабадчан чароўным словам было “мікрараён”, так для жыхароў мікрараёна – “цэнтр”). А пакуль жылі ў сваёй шыкоўнай, прасторнай кватэры ўтрох: дзядзька Стах, цётка Таня і Ціша, сучачка з гладкай поўсткай, крывымі лапкамі, лупаценькая, з вусікамі. Спала яна на канапцы, куды, растаўсцелая, не магла ўзабрацца, тады азіралася, просячы дапамогі, і яе падсаджвалі. Ела з асобнай міскі, а то і з гаспадарскай, за сталом, калі дзядзька Стах браў яе на калені. Выгульвалі яе мала, у асноўным яна сядзела на падаконніку, пазірала ў вакно і тапырыла вусікі.

Маці вучыла Петрыка прыглядацца, запамінаць – а што тут было прыглядацца? Толькі пазіраць і зайздросціць. Прыбіральня, ванна, балкон, кухня – усё ў адным памяшканні, і разам з тым ізаляванае. На падлозе дываны, на сценах дываны. Чысціня, ахайнасць. Мора вольнага часу – сядзі сабе за сталом і нічога не рабі. Цуд, а не гарадское жыццё!

Багатыя Стах і цётка Таня заўсёды прымалі бедных сваякоў – Петрыка з маці – гасцінна, але з паблажлівасцю.

– Ну, што новага? Хто памёр? – яшчэ з парога кожны раз пытаў Стах.

– Пакуль ніхто, – адказвала маці як бы крыху вінавата.

Цётка Таня працавала ў бальніцы медсястрою. І хоць цяпер, дома, ад яе нічым не пахла, Петрыку заўсёды чамусьці здавалася, што ўсё ж такі яна крыху пахне бальніцай, хлёркай і крухмальнай пасцельнай бялізнай. Цётка абдымала Петрыка, пры гэтым абмацваючы, – так, што дрыжыкі бегалі па скуры і рабілася шлакотна, уздыхала: – Пусценькі… Не ўеты.

Яна ацэньвала чалавека не па адзенні, не па розуме, а па тым, наколькі ён тоўсты; ёй падабаліся людзі мажныя, поўныя, толькі па гэтым яна меркавала і пра цяперашні дабрабыт чалавека, і пра яго будучыню.

Дзядзька Стах таксама мацаў Петрыку жывот, а потым, задзіраючы майку, паказваў для параўнання свой, які ён называў “мамончык”.

– Во які мамон трэба каб быў! – і ляпаў сябе па жываце.

Цётка Таня напаўняла ванну. Петрык распранаўся, сцінаючы плечыкі, папіскваючы, нібы не ў гарачую ваду трэба было ўваходзіць, а ў халодную, увальваўся ў глыбокую ванну з галавой. Якая блакітная вада! Якая прыемная расслабленасць ва ўсім целе! Ён мог тут ныраць, мог ляжаць на спіне, не дастаючы дна, мог адштурхоўвацца нагамі ад аднаго краю, а рукамі ад другога – і так плаваць узад-уперад. А далей была яшчэ большая прыемнасць, калі маці захутвала яго і выцірала калючым махровым ручніком, ад чаго цела рабілася лёгкім, чыстым, пругкім…

Потым сядалі за стол. І тут у Петрыка вочы разбягаліся. Вэнджаная рыба з белым слоем тлушчу – з Латвіі прысылаў цёткі Танін брат; катлеты, і каўбаса, і галубцы, і з прывезенай імі свежай гародніны – вінегрэт і салаты… І гэта ў будні дзень, без аніякага свята. Дзядзька Стах наліваў сабе віна, перад тым, як выпіць, пытаў у Петрыка: – Ты ведаеш, колькі тут калорый? Больш, чым у катлеце!

Цішу ён трымаў на каленях. Яна лезла мордачкай ва ўсе міскі, да якіх магла дацягнуцца, ніхто на яе не гыркаў, ёй дазвалялася за сталом тое, што і людзям.

– Ну, бачыш, як я жыву? У мяне ўсё! А ў кулака?

– Бачу, Стахвейка… Такія харомы… Каму яны застануцца? Лена замуж выйдзе, пабудуеш каператыў… А тут? Кватэра вялізная… Мо на сваю Цішу перапішаш? – няўмела жартавала маці. – А мо і майму Петрыку, твайму роднаму пляменніку, перападзе на долю…

На што цётка Таня адказвала: – Ат, тыя кватэры… Абы голаду не было. Без кватэры можна пражыць, а не паеўшы – не пражывеш.

А дзядзька Стах казаў: – Ах ты мая Ціша! Ах, ха, ха, – або, каб перавесці гутарку з кватэрнага пытання, проста тыркаў пальцам у тэлевізар. – Ясір Арафат! Цалавацца ў Маскву прыехаў! Я ж вас пацалую…

У кожным пакоі ў іх стаяў тэлевізар, і яшчэ адзін – маленькі – на кухні. Гэты куханны не выключаўся ніколі, і чамусьці заўсёды, у які б час Пятрок з маці не прыехалі, па ім паказвалі адно й тое ж: Палесціна, арабы ў сваіх стракатых хустках і без хустак, яўрэі ў ярмолках і з пейсамі і без ярмолак і без пейсаў; аб’ядноўвала іх тое, што і арабы, і яўрэі заўсёды былі аднолькава ўзбуджаныя, крычалі і махалі рукамі.

– Ніяк не супакояцца, – здзіўлялася цётка Таня. – І за што яны ўсё ваююць? – За мір у Еўропе, – патлумачыў Стах. – Ты яшчэ не гаварыў з настаўнікам? – нагадала маці. – Пра Петрыка? – яна хацела выцыганіць у багатага дзевера хоць нешта практычнае. – Памятаеш, ты казаў, настаўніка ведаеш.

– Хто? Я? Ды я яго яшчэ такога, як Петрык, памятаю, як аблупленага ведаю! Гэта ж мае суседзі! На адной лесвічнай пляцоўцы…

Петрык ужо бачыў тыя дэрмацінам абабітыя дзверы, за якімі жыў яго будучы настаўнік. Ведаў, што настаўніка завуць Леанід Міхайлавіч (Стах казаў проста – Лёнька, або Лейба), у яго жонка Лена, у іх дзяўчынка-немаўля. Яшчэ там жылі бацькі настаўніка: дзядзька Міша (Стах казаў – Мейша) – мяснік у гастраноме, і цётка Броня, хворая. Цётка Таня часта хадзіла мераць ёй ціск.

– Ты абяцаў з настаўнікам пагаварыць…

– З Лёнькам? Абяцаў – пагавару. Маё слова – браня. Не цяпер толькі, а гадоў праз пяць. Ён жа з пятага класа вучыць, фізіку… Ён, Лёнька, такі – ён паможа! Алене маёй памог, і Петрыку, пляменніку майму, паможа.

– А вы як з імі, добра жывяце? Не сварыцеся?

– Мы? З імі?! Ды душа ў душу! Яны мяне паважаюць – ты што! Броня хворая, ціск мераць трэба, Таню завуць… А так яны такія ж, як мы! Таксама хварэюць, працуюць, у гастраном ходзяць…

– Можа, ім прывезці што? Бульбачкі, яек, грыбоў… Дык перадаваць жа сорамна…

– Чаго? Прывязі – Таня перадасць. Толькі мяса не вязі – у іх хапае.

– А гуся?

– Ну, гуся можна. – Вы ж хаця з імі не сварыцеся, жывіце дружна…

– А каго яны будуць зваць ціск мераць? – лагічна заўважыў Стах. – У нас дружба – ты што! – вадой не разліць! Я іду ў гастраном: “Міша, мне лапатку!” Ён выбера ўжо… Да грама адсячэ! Ён мяне навучыў мяса выбіраць, па пражылках: калі белыя – маладое, сінія – брак. У лазню разам ходзім – яны таксама ў лазню, як і мы, ходзяць – там, у лазні, і пазнаёміліся. А да таго жылі – і не ведалі, што суседзі. Неяк у лазні, у буфеце, я каньяк бяру, гляджу – Міша з гастранома! Я крычу на ўвесь буфет: “Міша!” Ён таксама п’е, як і ўсе. Ну, выпілі, ён пытае: “Вы яўрэй?” Я кажу – чаму, я нармальны чалавек.

Дзядзька Стах схапіў Цішу на рукі, прыціснуўся шчакой да мордачкі: – Ах, ха, ха. Я, скажы, Ціша, нагмальная…

Смяяўся дзядзька Стах. Смяялася недалёкая цётка Таня. Пасміхалася, ківаючы галавою, прымушана і неяк нават як бы зусім нявесела, маці. А сама больш, сама шчыра смяяўся Петрык, уяўляючы, як Ціша гаўкае: “Наг! – мальная!” Цётка Таня паглядзела на гадзіннік: – Ціша на вулку хоча? Гуляць пара Цішы?

Гэта быў ветлівы знак, што гасцям трэба варушыцца. Дзядзька Стах таксама сабраўся, каб заадно выгуляць Цішу і правесці гасцей. Калі выйшлі, Петрык яшчэ раз паглядзеў на суседнія, у ромбах, дзверы. Уявіў за імі хворую Броню, яе мужа-мясніка – вялізнага дзядзьку ў брудна-белым, з крывавымі плямамі фартуху, са шчарбатай сякераю ў руцэ… Бацька-мяснік трывала пераплёўся з сынам-фізікам, а гэта ўсё разам стварала даволі-такі страшнаваценькую карціну Петрыкавай будучыні.

Пятнаццатага лістапада Петрыку спаўнялася восем гадоў. Напярэдадні, за дзень, маці вырашыла з ім з’ездзіць да Стаха ўжо не ў ванну, а проста ў госці.

– Скажам, што дзень нараджэння заўтра… Мо зробяць падарунак, ці грошай дадуць… Бо ты ж ужо вялікі.

Да гэтага ніякія яго дні нараджэння не адзначаліся, ды так і не казаў ніхто – “дзень нараджэння”, а казалі – імяніны. Петрык нават не памятаў дакладны дзень гэтых сваіх імянін, ведаў толькі, што яны позняй восенню, калі дэсэафаўцы перастаюць ездзіць на аэрадром і скакаць з парашутамі, грыбнікі знікаюць, калі неба імжыць дажджамі, а то і ранішнім прымаразкам аббівае лісце, – толькі адзінокі трактар вуркоча на полі, і нявядома, што ён там робіць, бо ўсё даўно зжата і прыбрана.

Маці зноў напакавала сумку, на гэты раз з разлікам на Стахавых суседзяў. Дзеля такога выпадку закалолі гусака, баба Домна абскубла, абсмаліла і палову акуратна ўкруціла ў чыстую марлю.

Дзверы адчыніў Стах. Ён пахістваўся, і ад яго несла віном. На Петрыкава з маці “добры дзень” адказаў: – Чулі, Броню “хуткая” забрала?

На пытанне, дзе жонка, ён зноў адказаў пра Броню: – Баяцца, што спералізуе. Я ж вас спералізую!..

– Дзе Таня, я пытаю?

Высветлілася, што Таня сёння ў начную змену. Распрануліся, сумку распакавалі. Нязвыкла было бачыць голы стол, на якім толькі пляшка віна і шклянка. Пакуль Петрык забаўляўся з Цішаю, якая хадзіла на задніх лапках, маці пачала заварваць гарбату, а дзядзька Стах сеў за стол і выпіў віна. – Хто ў вас памёр? – Усе жывуць, – стомлена сказала маці. – Вось восем гадоў хлопцу заўтра…

– Заўтра?!

Стах імгненна стаў сур’ёзны. Апусціў галаву, задумаўся. Потым сказаў: – Годы сваё бяруць, – яшчэ падумаў крыху і паўтарыў: – Усё цячэ, усё змяняецца… Ах, ты мая Ціша. – Малы… падарунка чакае.

– А я яго ў лазню, у парылку зваджу. – Куды яго ў парылку, сэрца лопне, ён жа малы!

Маці з Петрыкам селі піць гарбату. Дзядзька Стах быў зусім развезены і нязвыкла маўклівы. Потым ні з таго ні з сяго ўспомніў пра “кулака” – брата Стэфана, і ўзарваўся: – Ты сама бачыш, як я жыву! А ён?! – Бачу, бачу – багата жывеш.

– А ён хваліцца, што ў яго зямля! Ды ў яго, як у латыша – хрэн ды душа! – Паехалі, сынок…

Маці з Петрыкам ўжо сабраліся, апрануліся, стаялі з пустой сумкай у парозе, а Стах, хістаючыся, з Цішаю на руках, усё не мог супакоіцца, і паўтараў, што ў Стэфана “як у латыша”. Потым пусціў Цішу, пайшоў у пакой. Вярнуўся з гітараю ў руцэ.

– На! Табе падарунак. На дзень нараджэння. Будзеш скрыпачом. Лена некалі іграла…

У Петрыка сэрца зайшлося ад радасці. Ён і марыць не мог пра гітару! Гітара была хоць не новая, але ад таго здавалася яшчэ лепшай, як чытаная-перачытаная кніга здаецца лепшай, цікавейшай за новую. На двары, на вуліцы, і потым, калі стаялі на прыпынку, хаваючыся ад восеньскага ветру, маці ўсё не магла даць веры, што вось так, з адной гітараю, Стах іх адпусціў.

– Можа, калі мы на кухні сядзелі, паклаў табе ў кішэню? Каб мы не бачылі? Сюрпрыз каб зрабіць? Паглядзі, сынок, у кішэнях…

Разам абшукалі, абмацалі кішэні паліто. Пуста! Зрэшты, Пятрок не разумеў матчынай засмучонасці.

– Мама, – радасны, брынькаў на гітары, – чуеш, якія струны тугія? Мяне дзед Аўрам іграць навучыць, калі ў бабы вячоркі будуць…

– Ды якія вячоркі? – адказала маці, думаючы пра сваё. – Даўно ж ужо не збіраюцца. І баба, бачыш, як хварэе…

Ціша (зборнік)

Подняться наверх