Читать книгу Ціша (зборнік) - Андрэй Федарэнка - Страница 7

Ціша
Аповесць
6

Оглавление

Аднойчы ў красавіку, пад вечар, Пятрусь з сябрам-аднагодкам Тамашам Капорам гулялі каля аўтобуснага прыпынку ў “цір” – шпурлялі каменьчыкі ў шыльду “Чэшская Слабада”.

Выйшла з дому Галька, старэйшая Тамашава сястра, у белай спаднічцы, у белых калготках. Галя вучылася ў школе, ёй было ажно 9 гадоў. З імі, малымі, яна не цырымонілася. Любіла мерацца ростам, падцягвала за вуха блізка, праводзіла далонню па макаўцы – і Тамаш, і Петрык даставалі ёй толькі да грудзей.

Галька агледзелася, пазяхнула. Ёй было сумна. – Што вы тут робіце? Яшчэ вочы сабе не павыбівалі. Хадзем лепш пад грушу траву есці, – загадала яна камандзірскім тонам.

І яны пайшлі вузкай сцяжынкай на поле пад грушу. – Усё гэтае поле наш тата засеяў, – як бы між іншым паказвала вакол рукой Галька.

Поле зелянела маладым жытам. Пасярод поля ўзвышаўся пагорак, парослы дзікай травой і жоўтымі дзьмухаўцамі – у зялёным моры маленькі востраў, з пахіленай грушай замест пальмы.

– Грушу хацелі спілаваць, але тата не даў.

Адсюль, з пагорка, на ўсе чатыры бакі адкрываўся іхні родны краявід. Зялёная рунь пагранічнай паласой аддзяляла горад ад Слабады. Там, адкуль яны прыйшлі, у Слабадзе, няспешна цякло сваё жыццё. А наперадзе поле ўпіралася ледзь не пад самыя вокны белых гарадскіх пяціпавярховак, новенькіх і яшчэ недабудаваных. Сонца заходзіла ў тым баку, адбівалася ў шыбах, свяціла ў вочы.

Цікава было вось так стаяць на мяжы горада і сяла, узвышацца над гэтым, ды яшчэ і мець волю: хочаш – вяртайся дамоў, у Слабаду з яе домікамі, садамі, рэчкай, лесам, хочаш – ідзі ў горад з яго спакусамі.

– Ву-у-нь у тым доме, – не прамінула пахваліцца Галька, – мы будзем жыць. Татка кватэру там будуе.

Карл Капора быў майстар на ўсе рукі. І блізка нельга было ставіць Петрусёвага бацьку з механізатарам Карлам Капорам. Тое, што Марк толькі збіраўся зрабіць, дзядзька Карл ужо рабіў. Ён паспяваў зарабляць грошы, будаваць кватэру, на сваім трактары са зменным абсталяваннем араў поле, засяваў, жаў, малаціў; акрамя таго быў галоўны над чысцінёй у Слабадзе – звозіў смецце з бакаў на прыпынку, узімку чысціў вуліцы ад снегу касым нажом-адвалам, а ўлетку адмятаў іх круглым жорсткім венікам-валам, прычэпленым ззаду да трактара. Што і казаць – гэта табе не “капітан дальняга плавання”…

– А цяпер давайце есці траву. Без каманды не рабіць нічога! – папярэдзіла Галя.

Елі лежачы на жыватах. Трава сакавітая, сціснеш у пальцах, аж пырскае з яе. Есці трэба было так, як вучыла Галя: асцярожна цягнуць, тады травінка з ледзь чутным прыемным скрыпам выходзіць з сустава – кончык белы, і яго можна есці – салодкі, смачны… Калі ж падняліся – выкачаныя, выпэцканыя ў жоўтыя і ў зялёныя плямы, – Галька агледзела сваю спаднічку і калготкі і ледзь не заплакала. Але стрымалася. Будучы камандзіршай, бесклапотна сказала: – А-а, памыюцца! Давайце далей ляжаць! – і зноў плюхнулася на жывот; маўляў, мне ўсё роўна.

Ляжалі на цёплай траве ўкруг, цесненька, блізенька, галава да галавы, ногі ўраскід, падобныя на маленькіх маляроў, і шэпатам абмяркоўвалі важную, надзённую тэму: што будзе, калі Брэжнеў памрэ? І ці могуць такія людзі наогул паміраць?

– Брэжнеў ніколі не памрэ, – упэўнена сказаў Пятрок. – Яму вучоныя дадуць такі ўкол, ад якога ён памаладзее. А потым пастарэе – а яму зноў укол…

Гальцы і без таго было прыкра за спаднічку і калготкі, а тут яшчэ так яўна забіралі яе камандзірскія паўнамоцтвы. – А Леніну чаму не далі? – Вучоных не было. Таму Леніна і не закопваюць у магілу. Ён ляжыць у маўзалеі і чакае, пакуль вучоныя прыдумаюць такі ўкол, і ён ажыве.

– Усё ты ведаеш! Што ні спытай! І адкуль ты такі разумны ўзяўся? – ветлівенька, салодзенькім, як трава, галаском пачала Галя.

– Баба Домна расказвала.

– Баба, баба, – перадражніла Галька. – Можна падумаць, нейкая баба больш ведае, чым у школе вучаць! Хочаш, я скажу, чаму ты такі разумны?

– Ну, чаму?

Але яна марудзіла. Азірнулася. Пачырванела.

– Дай вуха. Ты таму такі разумны, бо ты… І выдыхнула яму ў вуха слова.

Каб яна проста сказала, уголас, без гэтых таямнічых падрыхтовак, Петрусёк бы ўвагі не звярнуў. Падумаеш – чуў ён сто разоў яшчэ і не такое. Ён дасюль нават не ведаў, што гэта кепскае слова. Але, мяркуючы па тым, як пачырванела Галька, як яна азіралася, перш чым гэтае слова прашаптаць, было тут несумненна штосьці нядобрае, брыдкае, саромнае, абразлівае.

– Няпраўда! – ускочыў ён на ногі.

– А вось і праўда! Ты не такі, як мы, а чарнявенькі і лупаценькі… Як і твой бацька…

Гэта ашаламіла яго. Раней ён ніколі не задумваўся, чаму ў чалавека такая, а не іншая знешнасць, яго не цікавіла, які ў каго нос, рот, губы, падбародак, яму было ўсё роўна, якога памеру вушы, кучаравыя валасы ці прамыя і тырчаць пасмамі.

Усё гэта было так нова, так дзіка, так нечакана, што ён проста разгубіўся. Галоўнае, за што?!

Яго гарманічны сусвецік, дзе ўсе людзі летуценныя паэты, добрыя, шчырыя, разбіваўся цяпер адным гэтым словам, як шкло жалезным малатком. – А скажы мне! – хныкаў Тамаш, цярэбячы Гальку за выпэцканыя калготкі. – Я таксама хачу пачуць!

Галька і яму прашаптала на вуха. І яны ўжо абое захіхікалі, брат з сястрою.

У Петрыка яшчэ больш сцялася ўсё ў сярэдзіне. Вочы ў яго пачалі налівацца слязамі. Ён хацеў крыкнуць, але замест гэтага толькі прашаптаў: – Дык і што з таго?

– А тое, што ў армію цябе не возьмуць! – заявіла бязлітасная Галька. – і ў школу не прымуць, і дзеўкі ў цябе ніколі не будзе!

Яна яшчэ і языком пацвяліла.

Пятрусь нічога лепшага не прыдумаў, як падцягнуць штонікі на гумцы – і наўцёк! Пабег па зялёным жыце не разбіраючы дарогі.

А ўслед яму неслася: – І бацька ў цябе!.. І дзед твой не герой!.. І дзядзькі твае!..

Петрык бег з усіх ног, спатыкаючыся.

Дзверы ў веранду былі насцеж.

Маці смажыла на пліце мойву. На стале стаяла міска з мукою і пляшка алею. Шквырчала патэльня, пырскалася гарачым алеем, тоўстыя доўгія рыбкі, абваленыя ў муцэ, з аднаго боку ўжо былі падрумяненыя, карычневыя, у некаторых з жыватоў выпірала жоўценькая ікра, падсмажвалася – самае смакоцце!.. Петрык заўсёды любіў вылушчаваць гэтыя прадаўгаватыя долькі, што так прыемна лопаюцца на зубах, калі іх жуеш. Іншым разам ён так парадаваўся б такому святу!

Але цяпер ён уляцеў у веранду з выглядам чалавека, у якога здарылася вялікае гора. – Мама! – крыкнуў адчайна. – Мама, я… Я… – Што?

Тут Пятрок прыкусіў язык. Ён чамусьці таксама пабаяўся сказаць тое слова ўголас, а зрабіў усё па-Гальчынаму. Спачатку азірнуўся, потым пачырванеў, і толькі тады прашаптаў маці на вуха: – Галька сказала, што я… – Усё?

– Усё.

– Дык што ж тут такога? – сказала маці. Яна была занятая, да таго ж яўна не ў гуморы. – Хоць бы і так. Ты і праўда падобны. Вунь які чарнявенькі, лупаценькі, вушаценькі… Рыхтык бацька.

Пырснуў алей на руку, і маці войкнула.

– Не стой пад рукою! – Гэтак ты за мяне заступаешся?! – ужо з непадробным адчаем, не ведаючы, што ж гэта ў свеце робіцца, усклікнуў Пятрок. – Ну, калі той бацька яшчэ раз прыедзе! Я яму, калі вырасту… Я… – А пры чым бацька? Яго ж твая любімая баба Домна нарадзіла. Дык ідзі спытай, ад каго ён. Мо ад Якава?

Маці знарок казала гучна, каб бабуля магла чуць, бо яе пакойчык быў блізка ад веранды. Бабуля Домна не выходзіла. Якраз учора ў яе была пенсія, трохі пагулялі, паспявалі, і цяпер яна, як заўсёды ў такіх выпадках, адчувала сябе вінаватай, старалася лішні раз не трапляцца на вочы і на язык нявестцы.

– Яна нікому не кажа, а ты спытай – табе мо скажа.

– Я да яе ніколі ў жыцці не пайду! – і зараз жа пабег да бабы Домны.

Ціша (зборнік)

Подняться наверх