Читать книгу Ціша (зборнік) - Андрэй Федарэнка - Страница 4

Ціша
Аповесць
3

Оглавление

Яшчэ баба Домна любіла ладзіць “вячоркі”. Раз у два-тры месяцы ў яе збіраліся такія ж, як яна, пенсіянеры. Прыходзіла сямейная пара – Аўрам з Марыйкаю, Аўрам – у вышытай сарочцы, з баянам, жонка – у белым з чырвонымі пеўнямі фартуху. Адзінокая Марта, хворая на расшырэнне вен, сядзела ў Домны яшчэ з раніцы, чакала; пра яе расказвалі, што яна ўмудрылася за ўсё жыццё ніводнага дня не працаваць, ціхім ходам перажыла многіх здаровых, нават і тых, у каго не было расшырэння вен; зімой чытала кніжкі і глядзела тэлевізар, а ўлетку грэла на сонцы ногі з і праўда выпуклымі, чорнымі, як п’яўкі, венамі. З’яўляўся Зміцер, колішні пастух, мясцовы паэт і спявака, прыгожы статны дзед, з белым кліночкам барады; адзіны на ўсю Слабаду чалавек, які з самага маленства насіў акуляры з круглымі шкельцамі, з пазалочанымі дужкамі; жартавалі, што ён нарадзіўся ў малюсенькіх акулярчыках, якія потым раслі разам з ім, – гэты ніколі не быў жанаты, але, відаць, валодаў нейкай незвычайнай, магічнай сілаю – умеў перадаваць сваю знешнасць на адлегласці, і ў слабадскіх жанчын сяды-тады нараджаліся хлопчыкі, надта ж на яго падобныя. Дапаўняў кампанію яшчэ адзін бабыль, гарбаты Якаў. Гэты прыходзіў з пілой пад пахаю і з лукам, зробленым з сагнутай лазіны, самым звычайным, як дзеці робяць, толькі замест капронавай цецівы ў яго была нацягнута жалезная струна. Петрыка ён называў “унучкам” і любіў гайдаць на назе.

Петрык таксама прымаў пасільны ўдзел у падрыхтоўцы “вячорак”. У яго абавязкі ўваходзіла калоць малатком абрыкосавыя кастачкі і выбіраць адтуль ядры. На іх настойвалася славутая Домніна “абрыкосаўка”.

Рассаджваліся за круглым сталом, з любоўю Домнай сабраным. Усё было акуратна раскладзена па талерачках, прыгожа нарэзана: каўбаса, мяска, гуркі-памідорчыкі, салаты-цыбулькі, яйкі сырыя і вараныя… Урачыстая, радасная, памаладзелая Домна разлівала з графіна ў чаркі залаціста-жоўтую “абрыкосаўку”. Выпівалі, закусвалі. Аўрам чапляў на плячо шлейку баяна. Домна брала бубен. Якаў згінаў пілу – звычайную, якой дровы рэжуць, з паліраванымі ручкамі, і пачынаў вадзіць па белым палатне сваім самаробным “смыкам”. Гучала яшчэ прыгажэй, чым на скрыпцы! Піла то згіналася, то разгіналася, вібрыравала і выдавала такія жалобныя гукі, што заходзілася сэрца. Зміцер пачынаў спяваць, пабліскваючы акулярамі. Да яго далучаліся астатнія. З расчыненага вакна, у якім ветрык пухіром надзімаў фіранку, на ўсю вуліцу неслася зладжаным хорам:

Ой, не пакіну гарэлачку піці,

Бо – салодная!

Ой, не пакіну дзяўчынку любіці,

Бо – лагодная!


Маці позна ўвечары, ці на другі дзень, памагаючы бабулі прыбіраць сляды банкета, бурчала: – Галоўнае, дзе такія песні бяруць… Я колькі жыву, такіх не чула. Абы-што! – Не злуйся, донечка, – цярпліва зносіла папрокі Домна. – І мне ж хочацца трохі радасці… Я ж такое цяжкае жыццё пражыла, адна удавою траіх сыноў выгадавала…

Маці апускала руку з венікам.

– Ды па мне хоць кожны дзень гуляйце! Іграйце хоць на пілах, хоць на сякерах, хоць на балалайках… Тыя ж зноў прыпруцца! Ды пачнуць плявузгаць абы-што.

“Тыя” – значыла начальства, якое сапраўды неўзабаве з’яўлялася як з-пад зямлі. Пад’язджалі, заходзілі ў двор, у дом. І ўжо за ўсё даставалася бабулі! Тут яны ўжо не ўпускалі магчымасці за ўсё адыграцца. Маўляў: – Лёгка жывеш!.. Вядзеш амаральны лад жыцця… П’еш, гуляеш…

Дужа не падабаліся начальству гэтыя падазроныя пагулянкі, зборышчы, такое дэманстратыўнае вяселле. Кабеціна на пенсіі, па-іхняму, выгляд павінна мець скрушны, знясілены, сама павінна быць гарапашнай, сагнутай у крук, прыгнечанай нягодамі, – але разам з там і руплівай, каб увесь астатак жыцця пакласці на дзяцей і ўнукаў.

А Домна проста жыла ў сваю ахвоту. І гром не забіваў яе за гэты грэх на роўнай дарозе, і зямля не правальвалася пад нагамі; наадварот – статная, маладжавая, асабліва пасля пары чарачак “абрыкосаўкі”, босыя ногі ступалі па зямлі лёгка, спіна была разагнутая, вочы маладыя і румянец на шчоках. І вось гэта чамусьці асабліва раздражняла начальнікаў, нават успрымалася імі, як асабістая знявага. Паводзіны Домны абуралі іх не менш, а, бадай, нават і больш, чым перазахаванне Андрэя. Такім жыццём яна збівала з панталыку іншых, з’яўлялася жывым узорам, уводзіла ў сумненне: а раптам сапраўды чалавек створаны для волі? Тады што ж гэта атрымліваецца? Што зусім не абавязкова да пацямнення ў вачах рваць жылы, свету белага не бачыць за працай? Так, чаго добрага, гледзячы на яе, і іншым захочацца такога ж жыцця, усе пачнуць спяваць і ніхто працаваць не будзе.

– …І не сорамна вам, старым? Чаму вы малых навучыце? Дзеці са школы ідуць, чуюць… Які вы прыклад падаеце падрастаючаму пакаленню?

Гэта быў любімы аргумент – “падрастаючае пакаленне”.

– Я вашае пакаленне паганаму не вучу, – звыкла абаранялася Домна. – “Вашае”… Яно такое ж нашае, як і тваё. У цябе ў самой вунь унук – чаму ён навучыцца? Піць, гуляць сярод белага дня? – Хіба па вашых законах песні няможна спяваць? – Зноў – “вашых”… Антысаветчынку разводзіш? Супрацьстаўляеш сябе і дзяржаву? Законы такія ж нашыя, як і вашыя, яны для ўсіх пісаны.

– Адступіцеся! Я ведаю, што вам трэба – Андрэя выкапаць.

– Не выкапаць! Не выкапаць. А культурна, па ўсіх нормах і правілах беражліва перазахаваць. Вось тады будзе іншая справа. Тады ты зноў аўтаматычна станеш заслужанай удавой, і калі ласка – можаш з чыстай душою піць, гуляць, спяваць, – знарок заводзілі Домну. А так чым ты славутая? – нічым. Якія ў цябе заслугі перад грамадствам? – ніякіх.

– Я і так удава франтавіка!

– Франтавікі ўсе ў брацкіх магілах, ці пад помнікамі з зоркамі, а твой Андрэй пад крыжам. Так што афіцыйна ніякая ты не ўдава, няма ніякіх ільгот і правоў – ануліраваны!

Тут не вытрымлівала Петрыкава маці і ўступалася за свякруху. – Ах, бессаромнікі! Чаго вы яе дзяўбеце, як коршакі?! Нявіннага чалавека! Вы ж калі пастаўлены над людзьмі, дык павінны шкадаваць іх! Як гэта так – каб ні каліва шкадавання! Хоць бы падумалі, як ёй адной было траіх дзяцей падымаць; яна ж і праўда – мнагадзетная маці…

Само сабой, даставалася і нявестцы.

– Не выдумляй! Мнагадзетная маці – гэта калі дзеці малыя, а ў вас вунь якія бугаі! – ды яшчэ такія нядружныя… Браты Карамазавы!

Калі канчалася ўсё, уціхамірвалася і адбывала начальства, маці пачынала ўжо ўсур’ёз злавацца – на Домніных сыноў.

– І чаму яны не памірацца ніяк? Што яны ўсё дзеляць? Сорамна на ўвесь горад… Абы-што!

Петрыку вельмі шкада было ў такія хвіліны добрую бабулю, такой няшчаснай яна выглядала. – Ох, донечка, не кажы… Гора проста. Так мучалася з імі, адна гадавала, а яны вунь… Малыя былі, дык золата, а не дзеці, такія дружныя, лагодныя, сам галодны, а брату аддасць… А падраслі – як сурочыў хто, бы які чорны кот паміж імі пабегаў! – І чаго ім не хапае? – хутчэй сама ў сябе, чым у свякрухі, пытала маці. – Асобна жывуць… Я далібог не ведаю, радавацца мне, калі ён прыязджае, ці плакаць, – казала яна, пераскочыўшы ў думках на прыезды свайго мужа Марка.

Ціша (зборнік)

Подняться наверх