Читать книгу Ціша (зборнік) - Андрэй Федарэнка - Страница 8

Ціша
Аповесць
7

Оглавление

Пятрусь піхнуў дзверы, уваліўся ў пакой.

Грозны! – штонікі на гумцы, сандалікі, шапачка круглая, надзетая брылём назад і ад таго падобная на ярмолачку. І з месца ў кар’ер: – Ад каго мой бацька?!

А баба Домна стаіць перад ім, маўчыць, і ўсміхаецца светла. Паддаценькая, добрая. Шчочкі румяныя, зубкі цэлыя, вочы лагодныя.

– Я твой дом спалю, і цябе разам!

– На, палі.

Дастала з прыпечка карабок сернікаў, пашамала, а ў рукі не дала, хітрая.

Ахайны пакойчык. На тумбачцы тэлевізар, закрыты вышытай сурвэткай. Графінчык “абрыкосаўкі” на адкідной крышцы серванта, вакол графінчыка – рассыпаныя цукеркі. На стале букет у слоіку. Букеты яна ставіла круглы год – зімою проста галінкі смародзіны або маліны, яны хутка распускаліся, зялёнымі лісткамі маладзілі пакой, і моцна пахлі вясною. Цяпер стаялі стаўбункі ледзь-ледзь распукнутага сіняга лубіну. Пятрусь заўсёды збіваў палкаю яго галоўкі, лічыў пустазеллем, і нават не здагадваўся, што звычайны лубін, пастаўлены ў слоік, можа быць такім прыгожым.

– Ад каго мой бацька? – ужо не так агрэсіўна спытаў унук.

– Ад дзеда Андрэя – ад каго ж. На, сам паглядзі…

І зняла са сцяны рамку, дзе пад шклом – пажоўклае фота з зубчыкамі па краях. Малады, вельмі сур’ёзны твар, засмучаны прадчуваннем хуткай смерці. На ўсіх без выключэння даваенных здымках такія твары – нават у тых, каму наканавана выжыць.

– Бачыш, які падобны? Усе ад Андрэя – і бацька твой, і дзядзькі. Усё ён паспеў. І сыноў нарадзіць, і дом гэты зрабіў, і печ склаў, і грубку… Тут усё яго рук. І вішні на двары пасадзіў, і абрыкос…

– Абрыкос? Дзед Андрэй?

Аргумент з абрыкосам падзейнічаў. Прамільгнула думка, што цяпер і яму, Петрыку, будзе чым хваліцца; Галя Капора скажа: мой тата, мой тата, а ён ёй – а вось мой дзед Андрэй!.. І зараз жа ўспомнілася, што расказваць больш няма каму, цяпер яны з Галькай ворагі.

– Ну, бачыш, ад каго твой бацька? Ад найбольшага героя! – А чаму ён не ў брацкай магіле каля аэрапорта, як усе?

– Бо ён такія подзвігі рабіў, што яго асобна пахавалі. Хто ў брацкай магіле, той меншы герой, а хто ў асобнай – той большы.

Пятрусь слухаў з недаверам, але бабуля казала так упэўнена, пераканаўча, што ён быў зусім супакоіўся. Але тут зноў крыўда нахлынула.

– А яны дражняцца! Кажуць, што я… – і зноў не адважыўся вымавіць уголас, азірнуўся, як і з маці, і пачырванеў, і паманіў бабу, каб нахілілася. Прашаптаў ёй на вуха.

Бабуля выпрасталася, стала строгай, урачыстай.

– Ніколі больш такога не кажы! І не паўтарай! Ні ў голас, ні сам сабе не кажы, бо гэта самае брыдкае, самае страшнае слова, якое толькі можа вымавіць чалавечы язык!

– Горш за мацернае? – прашаптаў Петрык, у якога аж мурашкі па спіне папаўзлі ад яе біблейскага тону.

– Горш! І таго, хто гэта кажа, у турму пасадзяць, і Бог на небе пакарае так, што язык адсохне, і рукі-ногі паадсыхаюць!

– А Галька сказала, – заміраючы ад страху, прашаптаў Петрык. – Не пабаялася… І што ёй за гэта будзе?

– Бог пакарае.

– Калі?

– Ну, не адразу… Трошачкі пасля таго, як сказала. – Тут бабуля прыслухалася, прыпала да вакна: – Нехта ідзе да нас…

Але дзверы ўжо стукнулі. Петрыку і соладка было, і страшна, і так шкада Гальку! А раптам у яе язык адсохне? Ці рукі адымуцца? Яна такая прыгожая… Жывая, жвавая… Пругкая, як ікрынкі мойвы. І Петрыку было заўсёды прыемна, калі яна мерылася ростам і прыціскала яго да грудзей. Ах, што ж яна сама сабе нарабіла, дурніца! Цяпер ён і рады быў бы памагчы, ды ўжо, відаць, ніяк.

– А яны яшчэ дражнілі мяне разумным, – ні з таго ні з сяго ўспомніў ён.

– А ты не паказвай крыўду. Бо яны толькі таго і чакаюць. І калі ты злуешся, дык яшчэ больш будуць дзяўбаць. Яны табе – разумны, а ты адказвай – яшчэ і які разумны, разумнейшы, скажы, за вас! Я, скажы, такі разумны, як Брэжнеў.

– А яны крычалі, дзеўкі ў мяне не будзе, – адно за адным прыгадваў Петрык.

– А ты скажы – мае дзеўкі яшчэ не нарадзіліся, яны не роўня вашым, мае, скажы, дзеўкі будуць з чыстага золата!

Параўнанне не вельмі спадабалася ўнуку – лепш было б, каб яго дзеўкі былі жывыя і цёплыя, як Галька, а не з мёртвага халоднага золата. Але ўсё адно яму прыемна было слухаць, і лягчэй рабілася на сэрцы. Ён бачыў, што бабуля шкадуе яго, хоча абараніць, і таму знарок перабольшвае.

– Яшчэ казалі, што ў армію не возьмуць…

– А ты скажы – і возьмуць, і выберуць у генералы, і я буду ў сухім штабе сядзець, а вы ў акопах мокнуць, – мякка слала баба Домна.

А сама цукеркі падсоўвае, і ўсё свеціцца дабром. Кошачка падыйшла, стала ласціцца аб ногі. І сцены добрыя тут, і тэлевізар добры, і так прыемна пахне абрыкосавай настойкаю…

– Ну, бабулечка, я цябе так любіць буду, не ведаю як!

Радасны, супакоены – з такой навукай не прападзе цяпер! – пабег Петрык на веранду. А там Галькін бацька, трактарыст Карл Капора. Сядзіць за сталом і есць мойву. – … А я бачу, нешта не так. Пцьфу-пцьфу… Галя ледзь не плача. Што такое? Я пытаю – маўчаць. Я за папругу – маўчаць. Я здымаю папругу… Тут Тамаш прызнаўся. Галя, кажа, дражніцца! Петрыка, кажа, задражніла. А яна перажывае, во яно як… Ну, думаю, раз так – схаджу, гляну. Думаю, трэба схадзіць, глянуць. Пцьфу! Схаджу, думаю, адведаю, – усё паўтараў Капора, відаць, ставіў сабе ў заслугу свой прыход.

– Не плюйся… Усе дзеці спрадвеку дражняцца.

Маці наклала на талерку рыбы, зверху лусту хлеба, падала сыну: – Бабулі аднясі… Бо яна ганарыстая, сама не прыдзе, – патлумачыла Капору. – Пакрыўдзілася, што я мо не так сказала пра яе ўчарашнія гулі.

Петрык аднёс і хуценька назад – паслухаць.

– …Дык я думаю, гляну. Як хлопцу пасля таго, як яго пакрыўдзілі. Наўрад ці яму соладка на душы, – разважаў Капора. – Няможна такім словам дражніць чалавека. Калі ўжо так не церпіцца, ну, скажы, дапусцім, яўрэй. Чалавек жа не вінаваты, што яўрэй, правільна? Што ж тады, не жыць? – Абы-што ты плявузгаеш! – злавалася маці. – Чалавека ніяк не трэба дражніць! Ніякім словам! Ды не плюйся ты!

Капора меў дурную звычку – казаць перыядычна “пцьфу-пцьфу”. Праўда, сліна не ляцела, але было непрыгожа, непрыемна, бо здавалася, што вось-вось сліна выляціць. А так як заходзіў ён часта, любіў пасядзець, і чалавекам лічыўся важным, патрэбным са сваім трактарам і сваімі ўмелымі рукамі – такога не выганіш, дык, бывала, маці, стаміўшыся рабіць яму заўвагі, дэманстратыўна прыносіла і расцілала на падлозе каля яго ног газету.

Цяпер маці марна старалася змяніць тэму.

– Усё! Каб больш не вучыў гэтаму сваіх дзяцей. На гурка вазьмі.

– Гурка папрэбую… Смачны, салодкі… Пцьфу!.. Чаго ўжо тут… Так ужо атрымалася… Трэба выгляду не паказваць… Трэба цярпленне… Я вось з адным служыў, дык у яго было прозвішча Яблонскі… – І што?

– Цярпеў. Тут толькі адно – цярпленне і яшчэ раз цярпленне…

– Ну, вушы проста ад цябе вянуць! – не вытрымлівала маці.

– Ты вунь якая ладная, русая, прыгожая… Гарна маладыця! А Пятрок, бачыш, не ў цябе ўдаўся… Бывае… Я Гальцы гэта ўмазгую. Папруга паможа… Калі ўжо так закарцела, язык свярбіць, дык можна ж якое іншае слова знайсці… Сказаць – рускі, ці паляк, ці чэх… – Я табе соты раз паўтараю – ніяк не трэба дражніцца!

– Мы мо і ёсць якія чэхі. Нездарма ж так назвалі – Чэшская Слабодка… Проста так не назавуць. Людзі калі ўжо даюць назву, дык ведаюць, што да чаго. Калі б тут жылі, дапусцім, яўрэі, была б, можа, Яўрэйская Слабодка… Альбо каб жылі славакі – Славацкая Слабодка…

Капора марудна набліжаўся да высвятлення ісціны. Гаварыў з задавальненнем, было відаць, што падабаецца яму тут. Гаворачы, ён адначасова еў мойву, гурок, а найбольш – маці вачыма. – Абрыкосам пахне, – нюхаў чарачку, разглядваў на святло. – А калі б жылі рускія – звалі б Руская Слабодка… Пцьфу… – Не магу я больш слухаць! – зусім раззлавалася маці. – Як веснічкі целяпаюцца, дык хоць бы хто памог… А ты спаць ідзі – даўно пара! – на сына.

Петрык пайшоў, распрануўся, акуратна склаў на табурэтку штонікі, кашулю, зверху кепачку. За вакном было зусім цёмна. Лёг у ложак і накрыўся коўдраю. І адразу ж перад вачамі паплылі зялёныя і жоўтыя плямы, чамусьці падумалася, што ствол абрыкоса так і не пабялілі…

Маці ціха прыйшла ў цемры. Пачала абдымаць яго. – Ах ты мой дурненькі, я ж цябе так люблю… Ты ж сам сябе не можаш бачыць збоку, а ты такі спрытненькі, ладненькі, прыгожанькі… Добры, ціхі… Самы разумны ў мяне!

А ён выкручваўся, не даваўся ў рукі, мармытаў: – Не хачу быць разумным… – Ты ж толькі калі вырасцеш, дзеўку палюбіш, не забывай пра матку, добра? Бо дзеўка скажа, нашто нам матка – старая, нягожая… Не ўсе нявесткі свякрух любяць…

– Не хачу расці! – шыўся ён пад коўдру.

– А што ты хочаш?

– Вось тут з табою жыць, і на вуліцу не выходзіць!

Маці весела смяялася, і Петрык таксама супакоіўся – ён успомніў, што цяпер у яго ёсць навука бабы Домны і яму больш няма чаго баяцца. Раніцай ён выйшаў на вуліцу, па звычцы прытрымліваючы веснічкі дзвюма рукамі. Але яны ўжо не калываліся, клямка сядзела надзейна. Каля Капорынага дома стаяў матацыкл з каляскаю. Дзядзька Карл дзелавіта піхаў палачку ў бак – правяраў, колькі бензіну. Побач стаяла Галька ў бялюткай, адмытай-адпрасаванай спаднічцы і трымала ў руках самы сапраўдны матацыклетны шлем! Пятрок адвярнуўся, раздумваючы, ці не шмыгнуць назад у двор. Але Галька ўбачыла яго і ўзрадавана махнула яму рукой. Яна была вясёлая! Яна клікала яго, каб ён падыйшоў. Ён марудзіў. Яна сама падбегла. – А мяне сабака ўкусіў! – пахвалілася. – Чый?!

– Наш.

– Калі?! – Учора ўвечары, позна, калі тата ад вас вяртаўся.

Пятрусь стаяў аслупянелы. Вось дык падзеі! Як хутка прыйшла кара! Злачынства – і імгненна пакаранне… Але ж ён не хацеў гэтага! Цяпер Галька ўзненавідзіць яго, падумае, гэта ён на яе кару напусціў… Ён ужо сабраўся ўсё растлумачыць, сказаць, што не ён вінаваты – ён ніколечкі не крыўдуе! – а слова, якое нельга вымаўляць чалавечаму языку, але тут Галя сказала: – Нага сіняя, як неба! Хочаш, пакажу? – і задрала спаднічку.

Нага была не як неба, а хутчэй як вясёлка на небе: сіняк, густа змазаны ёдам і зялёнкаю, і ад таго рознакаляровы, і на сіняку – чорныя, заманлівыя сляды дзірачак ад зубоў, зверху і знізу.

– З сабакі поўсць стрыглі, палілі і попелам замазвалі…

– Навошта?

– Каб не заікалася. І яшчэ доктар прыязджаў. Цяпер мяне будуць вазіць у паліклініку на ўколы.

Сколькі навін! Петрык аж пазайздросціў.

– А ты ў шлёме будзеш ездзіць?

– Канечне! Гэта ж горад; там без шлёма нельга, адразу арыштуюць.

Не – усё ж такі Галька здораўская! Вунь колькі прыгод, і як прыгожа ўмее расказваць – “нага сіняя, як неба!”..

Ціша (зборнік)

Подняться наверх