Читать книгу Ціша (зборнік) - Андрэй Федарэнка - Страница 3

Ціша
Аповесць
2

Оглавление

І гэты авальны маршрут аўтобуса, і ўсё, што знаходзілася ўсярэдзіне авала: ціхая, дачная Слабада са сваімі студнямі і пеўнямі, домікі, садзікі, агароды, дарога, лес, поле, краявід горада, і рачулка, якая таксама акружала Слабаду, нібы акальцоўвала яе, – усё было надзвычай талкова прадумана некім. А яшчэ стварала адчуванне ўтульнасці і бяспекі.

Нават тое, што бацька не жыве з імі, амаль не бывае дома, мала бянтэжыла Петрыка. Яму і так някепска жылося. Маці з бабуляй любілі яго, песцілі. Паміж сабой – у адрозненне ад Домніных сыноў – амаль ніколі не сварыліся. Домна звала нявестку “доня”, а нявестка яе – “мама” і на “вы”. Хіба што зрэдку, калі маці прыходзіла з парнікоў асабліва натомленая, а баба Домна, наадварот, кулікнуўшы пару чарачак “абрыкосавай”, была ў прыўзнятым настроі, нявестка магла адпусціць на адрас свякрухі пару з’едлівых – кшталту: “Пры жывым мужы быць саламянай удавой… Усе сем’і як сем’і, а мой – капітан…”

Звычайна бабуля вінавата адмоўчвалася. Толькі прасіла ціха: – Не сварыся, донечка… – Я не сваруся, мама! Я проста так кажу! Былі б грошы – не было б клопату…

Ужо гэтыя грошы! З чаго б маці ні пачынала, абавязкова на іх збівалася. Яна нібы проста так, сама сабе, як бы паміж іншым пачынала ўпікаць бабу Домну, што тая – удава героя вайны, жонка загінуўшага франтавіка, вось цэлых адзінаццаць гадоў не хоча атрымліваць законную грашовую дапамогу, гэтак званыя “ўдовіныя”. – Гэта ж столькі грошай ляснула – падумаць страшна!

І ўсё з-за драбязы (лічыла маці), ад гонару, звычайнага капрызу. Начальства ўсяго толькі хацела перанесці прах Андрэя з слабадскіх могілак ў брацкую магілу каля аэрадрома, а Домна не давала дазволу. Прычым у такой рэзкай форме, што начальству хоць вушы затыкай.

– Адступіцеся! Я не ведаю, каго вы там у вашай братняй магіле пазбіралі ды пазакопвалі! – Не ў нашай, – цярпліва папраўлялі яе. – Не наша яна, а агульная. Гэта народны сімвал.

– Хай сімвал, а я дазволу не даю!

– Ды зразумей ты: мы ж не для сябе – для цябе стараемся, табе дабра хочам, і твайму Андрэю…

– Ён мне не кажа, што яму там кепска! – Ну падумай сама – школьнікаў куды вадзіць на 9 мая? На могілкі? Дзяцей у піянеры прымаць – перад дубовым крыжам?

– Вадзіце куды хочаце. – …А брацкая магіла – гэта ж прыгожа, велічна, культурна… Здалёк відаць. Чыста прыбрана, літары золатам напісаныя… – Хай золатам, хай серабром, а я дазволу не даю. Вам трэба, дык выкопвайце – я рыдлёўку пазычу.

– Глядзі, дажартуешся! – намякалі ёй. – Табе трэба ўвогуле маўчаць, бо, калі на тое пайшло, з гэтай гісторыяй трэба яшчэ разабрацца…

Гісторыя і праўда была няпростая; усяго ў ёй было намешана: супадзенне, неверагоднасць, збег абставін і нават крыху містыкі. Ад першага дня вайны радавы Андрэй, як і ўсе, ваяваў – у сэнсе, адступаў, быў у акружэнні пад Смаленскам, удзельнічаў у абароне Масквы, а ў 43-м, калі вызвалялі Беларусь, так супала, што акурат іхняй дывізіі выпаў гонар ачышчаць ад немцаў родны горад і сваю Чэшскую Слабаду… Як угледзеў салдат знаёмыя краявіды, як забілася сэрца, – так і пабег, не хаваючыся ад куль, што свісталі над галавою, па сваёй вуліцы, ускочыў у двор, прытуліўся да абрыкосавага дрэва… І асеў… Сэрца не вытрымала! Так і памёр на месцы. Аднапалчане, сцягнуўшы пілоткі, пастаялі крыху, паслухалі, як галосіць над нядаўнім іхнім жывым таварышам, а цяпер нябожчыкам, маладзіца-ўдава… Вайна ёсць вайна, яшчэ не такое здараецца, не рэдкасцю было, калі чалавек сярод франтавой віхуры паміраў сваёй смерцю… Але каб вось так, на ганку роднага дома!.. Крышку пастаялі – і далей, трэба было працягваць наступленне, не даваць немцам апамятацца; вызвалены маленькі горад з ваколіцамі быў усяго толькі нязначным эпізодам у грандыёзнай аперацыі. А салдат застаўся ляжаць у роднай зямельцы на мясцовых могілках пад дубовым крыжам. Калі неўзабаве ўзнавіў працу ваенкамат, Домну адну з першых выклікалі туды. Вярнулася жанчына з цэлым багаццем: згушчонка, тушонка, хлеб, селядцы, павідла, а галоўнае, з новенькімі дакументамі, у якіх рашучая пячатка пацвярджала, што яе муж сапраўды “гераічна загінуў пры вызваленні Чэшскай Слабады”, і цяпер яна афіцыйна з’яўляецца ўдавой франтавіка. Неўзабаве аформілі прадуктовыя карткі на дзяцей, потым пенсію, ільготы – усё як належыць, і нават пазней, у сувязі з 10-годдзем, 20-годдзем заканчэння вайны, ці проста на 9 мая яшчэ выклікалі ў гарсабес і ўручалі розныя каштоўныя падарункі або грашовую невялічкую дапамогу. Недзе ў 60-я, калі ўзнікла мода на манументы, брацкія магілы, абеліскі, пастаменты з бетонным салдатам у касцы і з партызанам з гранатай, у Слабадзе таксама заварушыліся, выбралі месца – каля аэрадрома, на высокім пагорку, каб здалёк было відаць, і вырашылі перазахаваць астанкі партызан і падпольшчыкаў у агульную магілу, а над ёй узвесці стандартны мамумент. Вось тут Домна нечакана праявіла ўпартасць: “Не даю дазволу! Ён ляжыць і есці не просіць”.

Начальства ўсіх калібраў: слабадское, гарадское, ваенкаматаўскае, з аддзела культуы і ідэалогіі, з райсабеса – спачатку нават разгубілася. Гэтая Домна проста збіла іх з панталыку, пераблытала планы, паставіла ў няёмкае становішча. Ды яшчэ і ўзнік нейкі ледзь не палітычны аспект, двухсэнсоўнасць, рэлігія – карацей, чорт ведае што.

Спачатку Домну ўпрошвалі. Потым пачалі злавацца, папярэджваць, пагражаць.

– Глядзі! Бо калі на тое пайшло, мы ўміг дакажам, што ён ніякі не герой, а проста памёр сваёй смерцю, без удзелу ў баявых дзеяннях. Каб ён хоць прапаў без вестак, ці хоць сваёй смерцю памёр, але дзесь далёка, не на вачах, і каб пахаваны быў таксама далёка – тады б яшчэ мог лічыцца героем. А так? Па сутнасці? Калі разабрацца? Ні тое, ні сёе, нейкая несуразная смерць… Ужо дакладна – не подзвіг.

А Домна заладзіла сваё: – Адступіцеся! Па дакументах ён франтавік-герой. Вы мне самі дакументы выправілі!

– Як выправілі, так і ануліруем. Дакументы і ануліраваць можна.

– Ануліруйце! Як у вас совесці няма…

Любому цярпенню, нават начальніцкаму, прыходзіць канец. Як ты з намі, так і мы з табою. Калі ў цябе прынцыпы, дык у нас тым больш. Сказана – зроблена. Узялі і сапраўды пазбавілі пенсіі, ільгот – словам, усяго.

– Ануліравана! Цяпер ты не ўдава героя вайны, – цынічна заявілі ёй. – Больш не будзе табе ні грошай, ні льгот, яшчэ і медалі забярэм. – Забірайце! Сабе начапляйце ды насіце! Не трэба мне вашыя медалі і вашыя грошы – абы вы сябе не абдзялілі!

– І яшчэ прымусім вярнуць за ўсе гады, што ты несправядліва атрымлівала. І тушонку вернеш… – Грошы я на дзяцей траціла, а тушонку куплю – ежце! Хай вашы дзеці так наядзяцца мяса, як мае! – дзёрзка адказвала ганарыстая, непакорная ўдава.

Тым больш, што дзеці ў яе да таго часу павырасталі, а Стах і Стэфан дык нават паспелі адслужыць і ажаніцца.

Але ў душы, канечне ж, перажывала. Людзі бачылі несправядлівасць, спачувалі ёй, раілі: – Напішы ў Маскву.

– Не буду я пісаць ні ў Маскву, ні ў Берлін! Хіба ён вінаваты, што загінуў не так, як ім хочацца?

Уся гэтая гісторыя пачалася даўно, калі Марк яшчэ не быў жанаты, а Петрыка нават на свеце не было, цягнулася вось ужо цэлых адзінаццаць гадоў і перыядычна не давала маці спакою.

– Адзінаццаць… ці то ўжо больш, на дванаццаць месяцаў, – пачынала множыць маці, збівалася. – Ды павышэнні кожны год… Кватэру, палац можна было б адбудаваць! Каб хаця палавіну тых грошай – і Марку не трэба было б у заробкі ездзіць, гібець у той Сібіры… Даўно б у мікрараёне жылі… Ці хаця б Петрыку вунь адкладвалі… А так – абы-што! – Не ўбівайся, донечка… Гэта не тыя грошы, якіх шкадаваць трэба.

– Дык крыўдна ж вельмі, несправядліва! Можа, варта было б саступіць? Хай бы перазахавалі… Цела мёртвае, а грошы ж жывыя. Мо і цяпер не позна, калі б вы саступілі, дык і яны за ўсе гады разлічыліся б…

Бабуля Домна падціскала вусны і ўпарта маўчала. Ды і маці казала ўжо без энтузіязму. Яна як хутка загаралася, так і астывала, і ў канцы рабілася поўнай саюзніцай бабы Домны; ужо ёй самой было няёмка, што лішні раз развярэдзіла сямейную драму.

Выліўшы душу, выказаўшыся, яна зараз жа пачынала шкадаваць, апраўдваць свякруху, і вінаваціла ўжо не Домну, а “тых” – маўляў, хоць бы, бессоромнікі, ільготы пакінулі: зубы паставіць, за электрычнасць менш плаціць, у транспарце бясплатна ездзіць, у чарзе не стаяць, ну, мала што. І канчалася ўсё аднолькава – скрушнымі жаночымі ўздыхамі і цвёрдым перакананнем: – Няма справядлівасці на свеце!

Ціша (зборнік)

Подняться наверх