Читать книгу Ціша (зборнік) - Андрэй Федарэнка - Страница 5

Ціша
Аповесць
4

Оглавление

Прыезды Марка былі хоць і рэдкія, затое ўсе незабыўныя. Каму-каму, а Петрыку ўражанняў хапала. Пачаць хоць бы з таго, што бацька блытаўся ў сынавым узросце. Заўсёды ў яго з падарункамі атрымліваліся казусы. Калі Петрыку было два гады, бацька прывёз яму новенькі школьны ранец, набіты кедравымі шышкамі з карычневымі арэхамі, такімі цвёрдымі, што нават дарослыя з цяжкасцю раскусвалі іх. Зярняты не хацелі вылузвацца, ліплі да зубоў разам з шкарлупкаю, а збянтэжаны бацька пераконваў усіх, што яны проста “недасушаныя”, а так – вельмі ж карысныя па колькасці вітамінаў. Маці толькі ўздыхнула: – Вітамінаў, – і схавала ранец у шафу.

У чатыры гады – сын ужо ганяў па двары мячык і ўмеў чытаць і пісаць друкаванымі літарамі – бацька аб’явіўся з прыгожым пакункам. Там ляжалі былі ніколі тутэйшым людам не бачаныя памперсы, паўзункі, пінеткі… “Соску не забыў?” – спытала маці, а ён, збянтэжаны, кашляючы, апраўдваўся: – Фінскі камплект! Вельмі дорага каштуе…

Ён кожны раз бянтэжыўся.

Затое ў пяць гадоў атрымаўся перабор: бацька прыехаў сапраўды з мехам за плячыма, толькі замест грошай там было адзенне: унты, кажух і вялізная пухнатая вушатая шапка са скуры невядомага звера; калі бацька пачаў яе на Петрыку мерыць, той схаваўся ледзь не да пояса.

У свой апошні прыезд, гэтым летам, Марк падараваў сыну пісталет, які страляў струменямі вады, акрамя таго аб’явіў, што больш нікуды не паедзе, ні ў якую Сібір, а застанецца назаўсёды дома.

– Усё! Хопіць! – казаў цвёрда, рашуча. – Падурэў, Марка, і годзе! Колькі можна людзей смяшыць… Пара, пара за розум брацца. На роднай зямліцы… Дзе нарадзіўся, там і згадзіўся. Вось так яно, брат Пятрок! Цяпер мы з табою зажывем! – казаў абміраючыму ад шчасця сынку, які круціў у руках свой пісталет, прыціскаў яго да грудзей.

Пакуль бацька раскладваўся, сын не адліпаў ад яго. У пакоі пахла мужчынскім духам, віном, тытунём, ветрам… Бацька быў рослы, дужы, складны. Загарэлы абветраны твар. Барада кольцамі з адлівам сівізны. Куртка-штармоўка. Моцныя рукі. У Петруся засталося ў памяці, як зусім маленькага бацька саджаў яго да сябе на калені, напінаў мускул рукі, даваў сыну памацаць і, задаволены, казаў: “Бачыш, які я дужы? Я магу на нашым аэрадроме самалёты з далоні запускаць”, – і Петрык верыў.

У доме панаваў непрывычны гармідар. Бацька быў вясёлы, узбуджаны, на сябе не падобны. І ўсім перадавалася яго радасць. Маці ззяла, Домна мітусілася.

– Вось і добранька… І правільненька… Паплаваў – і годзе, пара прычальваць… Ты ўжо не малады, вунь барада, як у Зміцера, сівая…

Бацька выходзіў на двор. Пятрок, як зачараваны, ішоў следам. Бацька набіраў у грудзі паветра, азіраўся: – Якая прырода! Якая прыгажосць! – казаў узбуджана. – А вось і ты, мой абрыкосік! Колькі я гэты ствол адпаліраваў, па ім лазячы! Кожны сук ведаю… Неяк маці папрасіла абрыкосаў нарваць, дык я ўсе абарваў, і спелыя, і зялёныя… Смех і грэх! Тваіх гадоў быў, такі ж малы, неразумны… Вось тут во стол стаяў. Вячэралі за ім… Сёрбаем зацірку з аднаго чыгунка… Вясна, абрыкос цвіце, вечар, прыцемкі, а пчолы гудуць над галавой!.. Уяўляеш – яшчэ не спяць! Такое не забываецца. Вучыся, сынок, працавітасці ў пчол.

Памацаў шурпатую кару камля, дзелавіта адзначыў: – Пабяліць трэба было б, каб не шэрхла.

А калі вярталіся ў дом, заключыў: – Прырода – вялікая рэч! Запомні, сын. Заўсёды любі і беражы родную прыроду.

Усё гэта страшэнна падабалася Петрыку. Асабліва тое, як прыгожа, паэтычна бацька ўмее казаць пра будзённыя рэчы.

Калі селі за стол – не пад абрыкосам, а ў пакоі – бацька, адкаркоўваючы пляшку, лёгка абыйшоўся без нажа, скалупнуў адным пазногцем вялікага пальца. Затым устаў з поўнай чаркай у руцэ і нізка, так, што гарэлка з чаркі закапала на падлогу, пакланіўся Домне.

– Дзякую, матуля, дарагая-каханая, што нарадзіла мяне, выхавала, дала шчасце бачыць усю прыгажосць свету і зямелькі роднай…

– Ай, адступіся! – махнула рукой Домна, саромеючыся клаўнады, якая адбывалася ў кожны сынаў прыезд. – Скажы лепш, што з братамі думаеш рабіць? Калі вы мірыцца будзеце? – З братамі? – Бацька выпіў, выцер рот. – Гэта яшчэ тыя браты… Яны мне во з такіх гадоў (правёў далонню ніжэй калена) у пячонках сядзяць. Раз сказаў – нагі маёй не будзе ні ў таго, ні ў другога. Маё слова цвёрдае. – Але чаму? – шчыра не разумела маці. – Павінна ж быць прычына!

– Паэзіі няма ў душах. Палёту думкі. Паэзія, каханне, прыгажосць для іх – пустыя гукі. – Сыночак, – пачынала прасіць Домна, – памірыцеся! Няможна так жыць, сорамна. Пра сына падумай, як яму жыць, як такое слухаць? У школу пойдзе, дражніць будуць, хто за яго заступіцца?

– За яго? – бацька прысеў, паклаў сыну далоні на плечы. – Вось за гэтага?

Петрык аддана глядзеў яму ў вочы. – Думаеш, яму прыемна будзе слухаць, што вас братамі Карамазамі дражняць?

– А ці ведаеш ты, што такое браты Карамазавы? – спытаў Марк у сына.

Петрусёк ведаў: па-мясцоваму “карамазы” азначала стракаты, рознакаляровы, а яшчэ – нягеглы, абы-які. Бацька засмяяўся, лёгка пстрыкнуў яму па носе.

– Глыбока памыляешся! Гэта твор найвялікшага пісьменніка, ураджэнца нашай шчодрай на таленты непаўторнай матухны-радзімы Беларусі. Вось так. Каб ведаў. Твор, браце мой, настолькі геніяльны і тоўсты, што ніводзін чалавек пакуль не адужаў дачытаць яго да канца. Так што калі пойдзеш у школу, будзеш добра вучыцца – можа, ты дасягнеш такіх вышынь, што дачытаеш. Так і запомні!

На другі дзень пасля абеду бацька павёз Петрыка купляць яму новую кашулю і сандалі. Зайшлі ў парк. Быў выхадны, працавала “чортава кола”, арэлі, карусель у выглядзе звяроў. Пакуль Петрык катаўся на шыі лебедзя, бацька купіў білет на экскурсійна-прагулачны цеплаходзік па Сожы. – Не забывай любавацца краявідамі, – нагадаў бацька сыну перад тым, як ступіць на палубу. – Больш запамінай малюнкаў прыроды.

А краявіды і праўда былі прыгожыя. Вачам адкрываліся такія далі, што дух займала. Цеплаходзік плыў па сярэдзіне Сожа, левы бераг быў нізкі, роўны, бы засланы зялёным шаўкавістым абрусам, а правы – адвесны, стромкі, магутныя дрэвы стаялі на самых кручах і трымаліся на адным толькі карэнні! Бацька перыядычна спускаўся з верхняй палубы на ніжнюю, дзе быў буфет, прыносіў сыну цукеркі, шакалад ці марожанае, і з кожным разам усё мацней любаваўся роднымі мясцінамі, голасна, на ўсю палубу прапаноўваў тое самае рабіць сыну і незнаёмым пасажырам.

– Якая багатая нашая матухна-радзіма! Што там твая Сібір, што Швейцарыя! – і Пятрусь бачыў, што пасажырам таксама перадаецца яго ўзнёслы настрой, яны часцей усміхаюцца і з падзякай, прыязна глядзяць на бацьку. І сам Петрык міжволі пачынаў адчуваць гонар за бацьку, і шчымлівую радасць, што нарадзіўся ў такіх чароўных мясцінах.

А бацька падміргваў сыну, складваў рупарам далоні, аддаваў каманды нябачнаму капітану: – Кінь права! Мель па курсе!

Нарэшце супакоіўся, яны прыселі на лаўку. Петрык даведаўся многа цікавага; напрыклад, што звычайны бакен паказвае мель, а паласаты – бела-чорны ці бела-чырвоны, азначае рэзкі паварот фарватэру; што розніца паміж прагулачным цеплаходзікам і “Ракетай” у тым, што “Ракета” ляціць на крылах амаль у паветры, а “наш ціхаход мае асадку ”, але калі “Ракета” спыніцца, асадка ў яе.

Калі на беразе траплялася маленькая прыстань, бацька ўсклткваў: “О, яшчэ дэбаркадэр!”

Таксама сын папоўніў свае веды наконт таго, што дызель “Ракеты” – турбіна – заводзіцца сціснутым паветрам, 3 балоны па 150 атмасфер, а пасля матор пераходзіць на самаабслугоўванне: паветра ў цыліндры пампуе турбіна, а яе круцяць выхлапныя газы.

Петрыку надзьмула ветрам вочы і нос, ён аб’еўся марожаным, аж горла аблажыла, але ўсё адно быў шчаслівы і мог бы так плаваць цэлы дзень. Каля ўніверсама бацька зноў таямніча падміргнуў сыну, знік. Увечары, на пытанне маці: “А дзе кашуля? Сандалі купіў?” – бацька зрабіў вінаваты і разам з тым хітры твар. – Не, не сандалі. Вось!

Урачыста падаў маці прадаўгаваты футарал. – Што гэта? – Паглядзі.

У футарале аказаўся залаты гадзіннік у форме сэрца на ланцужку.

– Вешаюць на грудзі, – патлумачыў бацька.

– Тры, – сказала маці. – Трэці гадзіннік дорыш. Куды мне іх чапляць? Куды я спяшаюся, што мне трэба пазіраць на іх? І так ты хочаш з’эканоміць, назбіраць, накапіць грошай? Што толку ад тваіх заробкаў? Чацвёрты год, чацвёрты сезон… Сын без цябе вырас, а ты без сына і жонкі… Дома седзячы, больш зарабіў бы. Тут жа горад, працы хапае. Хоць бы ў нас у парніках… Ці на аэрапорце, як Стэфан… Ці як Карл Капора, на трактары… І ездзіць нікуды не трэба, ні на якія заробкі, ні ў якую Сібір – сядзіць дома, а ўжо кааператыў гатовы, ды які – харомы, палацы!

Бацька хмурыўся.

– Капора… А што ён ведае, акрамя свайго трактара? Хіба ён бачыў калі, як усход ружавее? Як распускаецца першая кветка? Дыхаў водарам тайгі? Начаваў каля начнога вогнішча з рыбакамі? Жыве кратом і памрэ як крот.

– Хай крот, а багацейшы за нас.

– У матэрыяльным плане – але не ў духоўным! І ўсё ж бацька скіс.

– А можа і праўда… Не йдуць грошы да рук… Можа і праўда тут, на зямліцы роднай… Я ж што хочаш умею, я табе не Капора! Магу хоць бы капітанам на цеплаходзе прагулачным… Па рацэ… Лёгка і грашова, і, галоўнае, прырода…

– Прырода, – уздыхала маці.

Потым бацька выпіў ад засмучэння. Плакаў, цалаваў маці рукі і ўсё паўтараў: “Я сваё шчасце, лепшыя гады праплаваў! Нічога лепшага не бачыў за гэта вось, за нашу Слабодку, нікога лепш за цябе…” – І я за цябе лепшага не бачыла. І я цябе кахаю і шкадую.

Бацька станавіўся на калені перад маці і цалаваў ёй рукі.

– Як правільна! – усклікваў ён. – Машыну купім, кватэру ў цэнтры… З братамі паміруся, у мяне цудоўныя браты! А то што ж гэта, на самай справе! Жывем нядружна, як няродныя… Нельга так! Трэба ўсё мяняць, усё ў волі чалавека… Хопіць! Вось толькі грошай каб падкапіць… Мне абяцалі… Да зімы…

Назаўтра раніцаю не было ні чамадана, ні бацькі.

– Але ж і сын у вас! – толькі круціла галавою маці. – Ты мне ўжо, донечка, даруй… Я ж сама думала, ён перабесіцца, перакруціцца ды прыбяжыць дамоў. А ён чым далей, тым горай. Гэта людзі такія. Пасадзі яго на адно месца – счэзне, захварэе, ссохне, прападзе, памрэ… Такі ўжо характар. Няма ў чалавека прывязкі. Хіба што паміраць сюды прыпаўзе, як прыцісне… Такія ўсе паўзуць дамоў. Цябе вось толькі шкода! Сэрца збалелася… Хіба ты такога вартая? Такая маладая, спрытная, ладная… Кідай ты яго, не мучся!.. – а сама запытальна і разам з тым умольна глядзела на нявестку.

– Кідай, – уздыхала маці.

Тады і Домна таксама ўздыхала – з палёгкай, з непрыхаванай радасцю. – Не кідай, донечка! Прападзе ён без цябе! А ў яго душа добрая, чыстая… Хоць і без цара ў галаве…

– Я ведаю.

Ведаў і малы Петрык – бачыў, як маці ажывае, харашэе, дабрэе пасля бацькавых наездаў.

І ён пачынаў здагадвацца, што справа тут, відаць, не ў мяху з грашыма, а ў тым, што мужчына, які не саромеецца плакаць перад жанчынай, станавіцца на калені і цалаваць ёй рукі, хутчэй за ўсё сапраўды валодае нейкім, можа быць, яшчэ большым за грошы, багаццем.

Ціша (зборнік)

Подняться наверх