Читать книгу Прыгоды Шэрлака Холмса (зборнік) - Артур Конан Дойл, Исмаил Шихлы - Страница 2
Працяг непазбежны
ОглавлениеАгульнавядома, што Шэрлак Холмс (каля 1854 – пасля 1923) свайму стваральніку надакучыў даволі хутка: напісаўшы два дзясяткі апавяданняў і дзве аповесці, Артур Конан Дойл вырашыў, што час заняцца сур’ёзнымі раманамі, зрабіцца другім Вальтэрам Скотам, а дрындушку, якая немаведама з чаго займела шалёную папулярнасць, прыгожа патапіць, напрыклад, у вадаспадзе на фоне швейцарскіх пейзажаў. Але было запозна: нешта не заладзілася ў Холмса з занадта чалавечай смяротнасцю, і ён выплыў, каб расследаваць яшчэ каля сарака справаў (гэта, безумоўна, толькі апісаных ягоным «асабістым Босуэлам»), сысці на спачынак гадаваць пчолаў, паставіць рэкорды па экранізацыях твораў пра сябе і ўвогуле зажыць спакойным і няспешным жыццём звычайнага міфа.
Можна, канечне, скінуць віну на ангельскую каралеву, якая, кажуць, за Холмса вельмі хвалявалася, намякала, што здагадваецца пра «хітры ход аўтара», і – хто ведае – можа, нават пагражала рыцарскім званнем. Але як бы там ні было, варта прасякнуцца ўдзячнасцю да будучага сэра Артура: тое, што місія па забойстве нахабы невыканальная і ніякай «апошняй справы Холмса» ўжо ніколі не будзе, ён зразумеў з першага разу.
Міфы цалкам натуральна пачуваюцца, існуючы ў безлічы версіяў, і Холмс не адстае. Знакамітыя словы пра гарышча мозгу, на якім варта захоўваць толькі неабходнае, а таму не ведае ён, Холмс, што Зямля круціцца вакол сонца, абвяргаюцца яшчэ да канца аповесці, у якой прагучалі: раптам аказваецца, што тыпус з нулявымі, паводле рэестру доктара Ўотсана, ведамі ў літаратуры і філасофіі разумее лацінскія выразы без перакладу, вольна цытуе Шэкспіра, Гётэ, Флабэра (побач з «Я раманаў не чытаю»), ды і Хафіза з Гарацыем не забывае. Меркаванне пра неабходнасць ведаў па ўсіх астатніх астраноміях Холмс мяняе як Галілей – пра цэнтр Сусвету, толькі добраахвотна. Да таго ж гэты «здольны выканаўца і кампазітар немалога таленту» («Саюз рудых») аднойчы расчысціў гарышча мозгу аж для «старажытнай корнскай мовы» («Д’яблава нага»), але ці ж нам ведаць, што можа спатрэбіцца дэтэктыву ў расследаванні заблытаных і таямнічых злачынстваў? Слухаем Холмса: «Злачынствы здараюцца часта. Логіка сустракаецца рэдка» («Лясныя Букі»), – і спакойна чытаем далей: так і задумана.
Не кожнае даследаванне зможа ахапіць усё, што напісалі, намалявалі і знялі па слядах Шэрлака Холмса, які ў гэтых пераасэнсаваннях шмат разоў мяняў аблічча, пол, біялагічны від, характар і эпоху. Ды што там казаць, нават геніяльнасцю мяняўся з Ўотсанам (глядзі фільм «Без адзінага доказу» з Майклам Кейнам і Бэнам Кінгслі) і нават гэта перажыў. Які Райхенбах? Гэтага і постмадэрнізм не бярэ.
Вечны супергерой велізарнай шэрлакіяны высілкамі многіх дзясяткаў стваральнікаў атрымаўся абсалютна антыбронзавым, пазбегнуўшы небяспекі, якая так часта пагражае героям і класікам. З Холмсам можна рабіць што заманецца, а міфу гэта толькі на карысць пойдзе. Хіба што спыніць ці стрымаць нельга.
Увогуле, для інтэрактыўнай гульні з чытачом-гледачом усё ёсць ужо ў Дойла: гэтая блытаніна з ведамі, здольнасцямі, уменнямі і нават самім холмсаўскім метадам, які, здаецца, і дэдукцыя, але, можа быць, індукцыя, а можа быць, абдукцыя… Прыняўшы Ўотсана за ненадзейнага апавядальніка, можна – выкарыстоўваючы хоць дэдукцыю, хоць індукцыю з абдукцыяй, а хоць спірытызм, так любімы бацькам Шэрлака Холмса, – доўга і радасна ламаць галаву, спрабуючы зразумець, як жа ўсё было насамрэч і што гэты доктар недагаворвае.
У апошнім (на сёння) фільме Гая Рычы пра Холмса «Гульня ценяў» гэты самы Холмс пасля словаў «The End» ставіць у рукапісе доктара Ўотсана шматабяцальны пытальнік. У далёкім ад Холмса 2014 годзе ў Лондане адкрываецца выстава пад назвай «Чалавек, што ніколі не жыў і ніколі не памрэ». Холмсу і яго храністу ставяцца помнікі ў Англіі, Расіі, Швейцарыі і хто ведае дзе яшчэ. Кожны пяты брытанец думае, што Шэрлак Холмс насамрэч жыў калісьці на Бэйкерстрыт, 221б. Возьмем на сябе смеласць сцвярджаць: астатнія чатыры пятыя ўпэўненыя, што жыве і цяпер.
Кацярына Маціеўская