Читать книгу Прыгоды Шэрлака Холмса (зборнік) - Артур Конан Дойл, Исмаил Шихлы - Страница 7
Высвятленне асобы
Оглавление– Ведаеце, дарагі мой сябра, – сказаў аднойчы Шэрлак Холмс, калі мы сядзелі па баках ад каміна ў ягонай кватэры на Бэйкер-стрыт, – у жыцці непараўнальна больш дзівосаў, чым здольны вымысліць чалавечы розум. Мы не можам уявіць нават банальных для светабудовы з’яваў. Калі б мы, узяўшыся за рукі, маглі вылецець з акна і лунаць над гэтым вялікім горадам, асцярожна ссоўваючы дахі і зазіраючы ўсярэдзіну, нам адкрыліся б дзівоты, што там адбываюцца, неверагодныя супадзенні, сутыкненні намераў і супярэчнасці, надзвычайная чарада падзеяў, што працінае жыцці пакаленняў і прыводзіць да экстраардынарных вынікаў; і тады ўсе гэтыя раманы з іх умоўнасцямі і прадказальнай інтрыгай падаліся б зусім звычайнымі, не здольнымі выклікаць хоць якую цікавасць.
– Не магу пагадзіцца, – адказаў я. – Справы, пра якія мы чытаем у газетах, як правіла, досыць грубыя і трывіяльныя. У паліцэйскіх справаздачах рэалізм даведзены да скрайнасці, але варта прызнаць, што гэта не надае ім ні прывабнасці, ні мастацкасці.
– Для рэалістычнага эфекту, – зазначыў Холмс, – патрэбны асцярожны і старанны адбор, якога не стае ў паліцэйскіх справаздачах, дзе больш увагі надаецца пошламу маралізатарству, чым дэталям, якія для ўважлівага назіральніка складаюць саму сутнасць справы. Менавіта таму няма нічога больш незвычайнага за банальнасць.
Усміхнуўшыся, я пахітаў галавой:
– Ну, зразумела, чаму вы так думаеце. Безумоўна, вы, неафіцыйны кансультант і памочнік любога чалавека на трох кантынентах, які не можа даць рады заблытанай справе, у сваёй працы сутыкаліся з усімі магчымымі незвычайнасцямі і дзіўнотамі. Але давайце правядзем практычны дослед, – я падабраў з падлогі ранішнюю газету, – на першым загалоўку, які трапіцца. Вось: «Жорсткае абыходжанне мужа з жонкай». Тэкст на палову калонкі, але я і не чытаючы скажу вам, пра што гаворка, бо такое мы бачылі не раз. Нам раскажуць, без сумневаў, пра іншую жанчыну, п’янства, кухталі, сінякі, спагадлівую сястру альбо домаўладальніцу. І апошні пісака не прыдумаў бы нічога грубейшага.
– Ваш прыклад абвяргае вашыя довады, – сказаў Холмс, забіраючы ў мяне газету і зазіраючы ў яе. – Гэта справа пра развод Дандэса, а мне давялося высвятляць некаторыя падрабязнасці, з ім звязаныя. Дык вось, муж алкаголю ў рот не браў, у яго не было іншай жанчыны, а ўсе яго дзеянні, якія выклікалі скаргі, палягалі ў тым, што кожны раз пасля ежы ён даставаў сваю ўстаўную сківіцу і кідаў яе ў жонку. Пагадзіцеся, гэта выходзіць за межы таго, што можа прыйсці ў галаву пасрэднаму пісьменніку. Вазьміце табакі, доктар, і прызнайце, што лік на маю карысць.
Ён падаў мне табакерку колеру старога золата з вялікім аметыстам пасярэдзіне вечка. Гэтая раскоша настолькі не адпавядала ягоным простым і сціплым звычкам, што я не змог утрымацца ад заўвагі пра гэта.
– А, я забыўся, што мы з вамі некалькі тыдняў не бачыліся, – сказаў Холмс. – Гэта невялічкі падарунак караля Багеміі на знак падзякі за маю дапамогу з лістамі Ірэн Адлер.
– А пярсцёнак? – запытаўся я, паказваючы на неверагодны дыямент, што ззяў на ягоным пальцы.
– Ад галандскай каралеўскай сям’і, за тое, што я змог быць ім карысным у адной справе… але яна настолькі далікатная, што я не магу адкрыць яе дэталяў нават вам, нягледзячы на тое, што вы былі так ласкавыя апісаць некалькі маіх невялікіх справаў.
– А цяпер у вас ёсць якая-небудзь справа? – прагна спытаў я.
– Дзесяць ці дванаццаць, але ніводнай хоць крышку цікавай. Яны важныя, зразумела, але цікавасці не выклікаюць. Зрэшты, я даўно заўважыў, што толькі нязначныя справы даюць матэрыял для назірання і аналізу, што і складае чароўнасць расследавання. Буйнейшыя злачынствы звычайна прасцейшыя, бо ў іх, як правіла, больш відавочны матыў. У маіх цяперашніх справах, за выняткам аднаго даволі заблытанага выпадку, у сувязі з якім мне напісалі з Марсэля, няма нічога, што давала б пажытак для ўяўлення. Але, магчыма, літаральна праз некалькі хвілінаў у мяне будзе цікавая справа, бо сюды, калі не памыляюся, ідзе мая будучая кліентка.
Ён падняўся з фатэля і праз шчыліну ў шторах паглядзеў уніз, на цьмяную і пахмурную лонданскую вуліцу. Праз ягонае плячо я ўбачыў, што па супрацьлеглым ходніку крочыць мажная жанчына з пышнай гаржэткай вакол шыі і чырвонымі пер’ямі, што буйнымі завіткамі клаліся на шырокія палі капялюшыка, насунутага на адно вуха ў какетлівай манеры герцагіні Дэваншырскай*. З-пад усёй гэтай амуніцыі яна нервова і няўпэўнена пазірала на нашыя вокны, пагойдваючыся ў бакі і трывожна цярэбячы гузікі на пальчатках. І тут яна зрабіла рэзкі рух, нібы плывец, што адрываецца ад берага, і паспешліва пакрочыла праз дарогу. Праз імгненне да нас даляцеў рэзкі гук званка.
– Такія сімптомы я назіраў і раней, – прамовіў Холмс, кідаючы цыгарэту ў камін. – Ваганні на ходніку заўсёды азначаюць affaire de coeur.[4] Яна хацела б параіцца, але сумняецца, што справу настолькі далікатную можна камусьці даверыць. Але і тут бывае па-рознаму. Калі жанчыну сапраўды пакрыўдзілі, яна ўжо не вагаецца, і вынікам яе рашучасці звычайна стаецца сапсаваны званок на маіх дзвярах. Тут жа відавочная любоўная гісторыя, але паненка не так раззлаваная, як разгубленая альбо засмучаная. Зрэшты, зараз яна сама развее нашыя сумневы.
У гэты момант пачуўся лёгкі стук у дзверы, і хлопчык-пасыльны паведаміў пра прыход міс Мэры Сазэрлэнд. Сама лэдзі ў гэты час маячыла за ягонай тонкай чорнай фігуркай, нібыта вялізнае гандлёвае судна з напятымі ветразямі – за маленечкім лоцманскім катэрам. Шэрлак Холмс прывітаў яе з тою нязмушанай пачцівасцю, якой ён славіўся, зачыніў дзверы і, прапанаваўшы госці крэсла, некалькі імгненняў пільна вывучаў яе, выглядаючы пры гэтым абсалютна безуважным – у манеры, таксама вельмі яму ўласцівай.
– З вашай блізарукасцю не цяжка так шмат друкаваць на машынцы? – спытаў ён.
– Спачатку было цяжка, – адказала яна, – але цяпер я друкую не гледзячы, бо памятаю размяшчэнне літараў…
Тут, цалкам усвядоміўшы сэнс ягоных словаў, яна здрыганулася і ўскінула галаву, гледзячы на Холмса са здзіўленнем і страхам на шырокім дабрадушным твары.
– Вам расказвалі пра мяне, містэр Холмс! – усклікнула яна. – Як іначай вы пра гэта даведаліся?
– Не хвалюйцеся, – засмяяўся Холмс, – прыкмячаць такое – мая прафесія, і, магчыма, я навучыўся бачыць тое, чаго іншыя не заўважаюць. Іначай навошта вам было б да мяне звяртацца?
– Я прыйшла сюды, сэр, бо чула пра вас ад місіс Этэрэдж – вы так лёгка адшукалі яе мужа, калі і паліцыя, і ўсе астатнія аддалі яго на волю лёсу, адмовіўшыся ад надзеі знайсці. О, містэр Холмс, я так хацела б спадзявацца, што вы і мне дапаможаце! Я небагатая, але мне належыць сто фунтаў штогод, не лічачы той дробязі, што я зарабляю машынапісам, і я аддам іх усе, толькі б даведацца, што сталася з містэрам Хосмерам Энджэлам.
– А чаму вы так спяшаліся прыйсці да мяне? – спытаў Шэрлак Холмс, склаўшы разам кончыкі пальцаў і гледзячы ў столь.
І зноў палахлівае здзіўленне прабегла па праставатым твары міс Мэры Сазэрлэнд.
– Так, я выбегла з дому ў спешцы, – сказала яна, – бо мяне вельмі раззлавала лёгкасць, з якой містэр Віндыбэнк (гэта мой бацька) успрымае ўсю гэтую гісторыю. Ён не хоча звяртацца ў паліцыю, і да вас таксама, карацей, ён не хоча рабіць нічога і працягвае настойваць, што ніякай бяды не здарылася. Гэта шалёна злуе мяне, таму я хуценька сабралася і пайшла проста да вас.
– Ваш бацька? – перапытаў Холмс. – Мабыць, айчым, раз прозвішчы розныя.
– Так, айчым. Я называю яго бацькам, хоць гэта і гучыць недарэчна, бо ён усяго на пяць гадоў і два месяцы старэйшы за мяне.
– А вашая маці жывая?
– О так, жывая і ў добрым здароўі. Мяне не надта ўзрадавала, калі яна зноў выйшла замуж так хутка пасля смерці майго бацькі і да таго ж за чалавека, амаль на пятнаццаць гадоў маладзейшага. У майго бацькі была паяльная майстэрня на Тотнэм-Корт-роўд, справы яго ішлі добра, а пасля ягонай смерці мая маці кіравала там разам з містэрам Хардзі, старшым майстрам. Містэр Віндыбэнк настаяў, каб яна прадала справу, маўляў, яму гэта не да твару, ён жа коміваяжор, віно прадае. За нематэрыяльныя актывы і працэнты на капітал яны агулам атрымалі чатыры тысячы семсот фунтаў, што нават блізка не стаяла з той сумай, якую мой бацька змог бы выручыць, калі б быў жывы.
Мне здавалася, Шэрлака Холмса мусіць раздражніць гэты блытаны і недарэчны маналог, аднак, на маё здзіўленне, ён слухаў вельмі ўважліва і засяроджана.
– А ваш невялікі прыбытак – з капіталу вашага бацькі? – спытаў ён.
– Не, сэр, гэта цалкам мае грошы, якія мне пакінуў мой дзядзька Нэд з Оклэнда. Капітал у новазеландскіх паперах, пад чатыры з паловай працэнты гадавых. Там дзве з паловай тысячы фунтаў, але я распараджаюся толькі працэнтамі.
– Мая ўвага таксама ў вашым распараджэнні, – сказаў Холмс. – Без сумневаў, атрымліваючы сто фунтаў штогод і зарабляючы звыш таго, вы можаце крыху падарожнічаць і ўсяляк сябе радаваць. Мяркую, адзінокая лэдзі можа цудоўна пражыць на шэсцьдзесят фунтаў у год.
– Мне хапіла б і меншага, містэр Холмс, але ж вы разумееце, што мне не хочацца абцяжарваць бацькоў, і пакуль я жыву дома, я аддаю грошы ім, яны іх трацяць. Безумоўна, гэта толькі часова. Містэр Віндынбэнк здымае мае працэнты штоквартал і аддае маёй маці. Мне ж дастаткова і таго, што я зарабляю машынапісам. Плацяць мне два пенсы за аркуш, а за дзень я паспяваю надрукаваць ад пятнаццаці да дваццаці аркушаў.
– Вы вельмі ясна абмалявалі сітуацыю, – сказаў Холмс. – Пазнаёмцеся з маім сябрам доктарам Ўотсанам, пры ім вы можаце гаварыць гэтак жа свабодна, як са мной адным. Прашу вас, раскажыце нам цяпер пра вашыя стасункі з містэрам Хосмерам Энджэлам.
На твары міс Сазэрлэнд з’явіўся румянец, а пальцы пачалі нервова перабіраць крысо жакета.
– Мы пазнаёміліся на балі газаправодчыкаў, – пачала яна. – Яны дасылалі запрашэнні бацьку, калі ён быў жывы, а пасля яго смерці не забылі нас і пачалі дасылаць маме. Містэр Віндыбэнк не хацеў, каб мы туды хадзілі. Ён не жадае, каб мы ўвогуле хадзілі куды-небудзь. Ён бы шалёна раззлаваўся, калі б я захацела аж на пікнік нядзельнай школы, падумайце толькі. Але тады я цвёрда вырашыла пайсці і пайшла. Па якім праве ён бы мне забараніў? Ён сказаў, што нам не да твару вадзіць знаёмствы з нізамі, тым часам як там збіраліся ўсе татавы сябры. Яшчэ ён сказаў, што мне няма чаго надзець, хаця ў мяне ёсць чырвоная плісавая сукенка, якая ўвогуле нічога, апроч камоды, не бачыла. Не дабіўшыся свайго, ён узяў і з’ехаў у Францыю па справах фірмы, а мы з мамай і містэрам Хардзі, нашым былым старшым майстрам, пайшлі на баль. І там я пазнаёмілася з містэрам Хосмерам Энджэлам.
– Мабыць, містэр Віндыбэнк, вярнуўшыся з Францыі, быў вельмі раззлаваны тым, што вы ўсё ж пайшлі на баль.
– О не, ён адрэагаваў вельмі міла. Помню, засмяяўся, паціснуў плячыма і сказаў, што калі жанчына штосьці вырашыла, разупэўніць яе немагчыма.
– Зразумела. Значыць, на балі газаправодчыкаў вы пазнаёміліся з джэнтльменам на імя Хосмер Энджэл.
– Правільна, сэр. У той вечар мы пазнаёміліся, назаўтра ён зазірнуў, каб упэўніцца, што мы шчасліва дабраліся дадому, і мы з ім прагуляліся. Трэба сказаць, містэр Холмс, што мы з ім сустракаліся двойчы, гулялі, але пасля вярнуўся айчым, і містэр Энджэл больш не мог да нас заходзіць.
– Не мог?
– Ну, ведаеце, містэр Віндыбэнк вельмі такога не любіць. Ён бы ўвогуле нікога не прымаў у сваім доме, калі б мог, ён пастаянна кажа, што жанчына мусіць знаходзіць шчасце ў сямейным коле. Але ж потым, як я кажу маме, жанчына хоча і ўласнае кола завесці, а ў мяне свайго пакуль няма.
– Дык а што з містэрам Энджэлам? Ён больш не спрабаваў убачыцца з вамі?
– Ну, праз тыдзень айчым зноў збіраўся ў Францыю, і Хосмер напісаў мне, што нам бяспечней не бачыцца, пакуль ён не з’едзе, і што ў гэты час мы можам ліставацца. І ён мне пісаў штодня, містэр Холмс. Лісты штораніцы забірала я, таму айчыму можна было нічога не казаць.
– Вы заручыліся з гэтым джэнтльменам?
– Так, містэр Холмс, мы заручыліся яшчэ падчас нашай першай прагулкі. Хосмер… то бок містэр Энджэл… ён працаваў касірам у нейкай канторы на Лідэнхал-стрыт і…
– У якой канторы?
– Гэта самае кепскае, містэр Холмс: я не ведаю.
– Хм… а дзе ён жыве?
– У яго пакойчык пры канторы.
– Значыць, і адрасу яго вы не ведаеце…
– Не, апроч таго, што гэта Лідэнхал-стрыт.
– А куды вы тады дасылалі свае лісты?
– На пошту на Лідэнхал-стрыт, да запатрабавання. Ён казаў, што калі я буду дасылаць іх проста ў кантору, усе клеркі будуць кпіць з яго – маўляў, лістамі з паненкай абменьваецца. Я прапанавала пісаць яму на друкарцы, як і ён мне, але ён не пагадзіўся і сказаў, што калі я пішу яму, ён адчувае мяне ў гэтых лістах, а калі пачну друкаваць, яму будзе здавацца, што друкарка нас раздзяляе. Уяўляеце, як ён мяне кахаў, містэр Холмс, калі хваляваўся нават пра такія дробязі!
– Гэта шмат пра што сведчыць, – прамовіў Холмс. – Для мяне ўжо даўно аксіёма тое, што менавіта дробязі непараўнальна важнейшыя за ўсё астатняе. Вы не маглі б прыгадаць яшчэ якія-небудзь дробязі пра містэра Хосмера Энджэла?
– Ён вельмі сарамлівы чалавек, містэр Холмс. Ён нашмат ахвотней прагульваўся са мною ўвечары, чым удзень, кажучы, што цярпець не можа, калі на яго вочы ўтаропліваюць. Ён вельмі сціплы і шляхетны быў, містэр Холмс. У яго нават голас быў мяккі, ціхі. Ён мне расказваў, што праз востры танзіліт у яго ў дзяцінстве апухалі гланды, і з таго часу ў яго слабае горла, таму гаворыць ён перарывіста, амаль шэптам. Ён заўсёды добра апрануты, вельмі ахайна і проста, але ў яго, як і ў мяне, кепскі зрок, і ён носіць зацемненыя акуляры – ад яркага святла.
– Добра, і што адбылося, калі ваш айчым містэр Віндыбэнк зноў паехаў у Францыю?
– Тады містэр Энджэл зноў зазірнуў да нас і прапанаваў мне ажаніцца, пакуль ён не вярнуўся. Ён так горача прасіў мяне, нават прымусіў паклясціся на Бібліі, што я заўжды буду яму вернай, што б ні здарылася. Мама сказала, што ён правільна зрабіў, прымусіўшы мяне паклясціся: маўляў, гэта яскрава сведчыць пра ягоную жарсць. Мама адпачатку была да яго надзвычай прыхільная і захаплялася ім нават больш, чым я. Калі яны ўжо планавалі нашае вяселле проста на гэты тыдзень, я спыталася, як быць з бацькам. Але яны абодва загадалі мне гэтым не пераймацца, а проста расказаць яму пасля, а мама паабяцала сама ўсё залагодзіць. Мне гэта не вельмі спадабалася, містэр Холмс. Канечне, смешна, што я пытаюся ягонага дазволу, каб адлучыцца з дому, – ён жа ўсяго на некалькі гадоў за мяне старэйшы, але я не хачу хлусіць пра што б там ні было. Таму я напісала яму ў Бардо, дзе ў іхнай кампаніі французскае аддзяленне, але ліст вярнуўся назад акурат у раніцу майго вяселля.
– Ліст не заспеў яго, так?
– Правільна, сэр. Ён выехаў у Англію перад самым прыходам ліста.
– Вось дык не пашанцавала. Значыць, вашае вяселле было прызначанае на пятніцу. Вянчанне ў царкве планавалася?
– Так, сэр, але даволі сціплае, у царкве Хрыста Збаўцы, побач з Кінгс-Крос. А пасля мы мелі паснедаць у гатэлі Сэнт-Панкрас. Хосмер прыехаў па нас у кэбе, у які селі мы з мамай, а мой жаніх паехаў следам у рамізніцкім экіпажы – адзіным, які апынуўся тады на вуліцы. Спачатку нам трэба было ў царкву, і калі рамізнік пад’ехаў, мы пачакалі Хосмера, каб ён падаў нам руку, але з экіпажа ніхто не выйшаў. Кэбмен спусціўся і зазірнуў усярэдзіну, але там было пуста! Кэбмен сказаў, што не можа ўявіць, куды падзеўся Хосмер, бо на ўласныя вочы бачыў, як той сядаў у экіпаж. Гэта адбылося ў мінулую пятніцу, містэр Холмс, і з таго часу я не пачула і не даведалася нічога, што магло б праліць святло на ягонае знікненне.
– Вас, відавочна, абурыў такі скандал, – заўважыў Холмс.
– О не, сэр! Гэта было з яго боку так па-добраму і так прыстойна – пакінуць мяне такім чынам. Ён жа ўсю раніцу перад гэтым паўтараў мне: што б ні здарылася, будзь верная мне, нават калі штосьці нечаканае разлучыць нас, заўсёды памятай, што паклялася мне, а я рана ці позна запатрабую выканання гэтай клятвы. Дзіўная размова перад вяселлем, я згодная, але тое, што здарылася пасля, надае ёй сэнс.
– Бясспрэчна, так і ёсць. На вашую думку, з ім раптоўна адбылася бяда?
– Так, сэр. Я ўпэўненая, што ён прадчуваў небяспеку, іначай не гаварыў бы мне такога. І я думаю, што прадчуванне ягонае спраўдзілася.
– І вы не ўяўляеце, што з ім магло здарыцца?
– Зусім не ўяўляю.
– Яшчэ адно пытанне. Як гэта ўспрыняла вашая маці?
– Яна раззлавалася і загадала мне больш не ўспамінаць пра гэта.
– А ваш айчым? Вы яму сказалі?
– Сказала. І ён пагадзіўся са мной, што штосьці здарылася і што ён мусіць вярнуцца. Які сэнс прыводзіць дзяўчыну пад самыя дзверы царквы і тут жа кідаць – так ён сказаў. Калі б ён, напрыклад, пазычыў у мяне грошай альбо ажаніўся са мною, каб мае грошы прысабечыць, гэта мела б сэнс, але Хосмер вельмі далікатны што да грошай і ніколі нават шылінга ў мяне не браў. Тады што ж усё-ткі здарылася? Чаму ён не піша? Ох, я проста вар’яцею, пра гэта думаючы, а ўначы вачэй не магу заплюшчыць.
Міс Сазэрлэнд выцягнула з муфты маленькую насоўку і няўцешна ў яе зарыдала.
– Я вазьмуся за вашую справу, – сказаў Холмс падымаючыся, – і не сумняюся, што пэўнага выніку мы дасягнем. Даверцеся мне і не думайце больш пра гэта. І перш за ўсё пастарайцеся зрабіць так, каб містэр Хосмер Энджэл знік з вашай памяці, як ён знік з вашага жыцця.
– Значыць, вы думаеце, што я больш яго не ўбачу?
– Баюся, што не.
– Але што з ім здарылася?
– Дазвольце мне гэта высветліць. Мне спатрэбіцца дакладнае апісанне джэнтльмена і ўсе ягоныя лісты, якія вы зможаце мне даверыць.
– Я давала аб’яву пра яго ў суботняй «Кронікл», – сказала нашая кліентка. – Вось выразка, а вось чатыры лісты ад яго.
– Дзякую. А ваш адрас?..
– Лаян-плэйс, 31, Кэмбервэл.
– І, я так разумею, свайго адрасу містэр Энджэл вам не даваў? А дзе працуе ваш бацька?
– Ён прадае віно фірмы «Вэстхаўз і Мэрбэнк», буйнога імпарцёра вінаў з Фэнчэрч-стрыт.
– Дзякуй. Вы выклалі ўсё вельмі ясна. Пакіньце паперы тут і паслухайцеся парады, якую я вам даў. Няхай усё, што адбылося, застанецца для вас таямніцай. Не давайце гэтаму паўплываць на вашае жыццё.
– Вельмі міла з вашага боку, містэр Холмс, але я так не змагу. Я буду вернай Энджэлу. Ён не расчаруецца ўва мне па вяртанні.
Нягледзячы на недарэчны капялюшык і пуставаты твар, прастадушная вера нашай візіцёркі надавала ёй нейкай высакароднасці, якая міжволі выклікала павагу. Яна пакінула невялікі пачак лістоў на стале і сышла, паабяцаўшы вярнуцца, калі б яе ні паклікалі.
Колькі хвілінаў Шэрлак Холмс сядзеў моўчкі, звёўшы разам кончыкі пальцаў, выцягнуўшы ногі і гледзячы ў столь. Потым зняў з паліцы старую бліскучую люльку, свайго заўсёднага дарадцу, раскурыў яе і, ахутаны шчыльнымі колцамі блакітнаватага дыму, адкінуўся на спінку фатэля з выразам бясконцае стомы на твары.
– Вельмі цікавы экзэмпляр гэтая дзяўчына, – сказаў ён. – Яна нашмат цікавейшая, чым яе маленькая справа – даволі банальная, дарэчы. Вы знойдзеце аналагічныя выпадкі, калі зірняце ў мой каталог: Андовер, 1877 год, штосьці падобнае ў Гаазе летась… Ідэя старая, але тут адна-дзве дэталі былі для мяне нечаканымі. І ўсё адно дзяўчына выклікае больш думак.
– Відаць, вы ўбачылі ў ёй шмат таго, што прайшло міма мяне, – заўважыў я.
– Не прайшло, проста не ўсвядомілася, Ўотсан. Вы не ведаеце, куды глядзець, таму прапускаеце ўсё важнае. Мне ніяк не ўдаецца данесці да вас, як шмат могуць расказаць рукавы, пазногці вялікіх пальцаў і якія важныя сведчанні завязаныя на шнурках у абутку. Давайце падумаем, што можна зразумець, зірнуўшы на нашую кліентку. Апішыце яе.
– Ну, на ёй быў шыракаполы травяніста-зялёны саламяны капялюш з нейкім чырвоным пяром «пад цэглу». Чорны жакет, расшыты чорным бісерам і з устаўкамі з чорнага гагату. Карычневая сукенка, цямнейшая за кафейную, абшытая пурпуровым плісам на каўняры і рукавах. Шэрыя пальчаткі, указальны палец правай працёрты. Абутку не разгледзеў. Яна носіць маленькія залатыя завушніцы ў форме колцаў і ўвогуле ўвасабляе сабою дабрабыт ва ўсёй яго пошласці, міралюбнасці і бесклапотнасці.
Холмс мякка пляснуў у далоні і засмяяўся.
– Клянуся, Ўотсан, вы робіце немалыя поспехі, бо заўважылі вельмі шмат. Так, вы прапусцілі ўсё важнае, але злавілі прынцып. Да таго ж у вас учэпістае вока на колеры. Ніколі не давярайце агульнаму ўражанню, засяроджвайцеся на дэталях. У жанчын я заўсёды спярша гляджу на рукавы (пра мужчыну, магчыма, болей скажа стан нагавіцаў на каленях). Як вы і сказалі, у гэтай жанчыны рукавы абшытыя плісам, на якім лёгка застаюцца разнастайныя сляды. Двайная лінія над запясцем, у тым месцы, якім машыністкі звычайна абапіраюцца аб стол, пазнаецца адразу. Швейная машына ручнога тыпу пакідае падобныя сляды, але толькі на левым рукаве і ў месцы, самым далёкім ад вялікага пальца. У нашай жа кліенткі лінія ідзе па ўсім унутраным баку запясця. Ну і, заўважыўшы след ад пенснэ на яе носе, я насмеліўся выказаць здагадку пра блізарукасць і друкарку, што яе, здаецца, здзівіла.
– Гэта і мяне здзівіла.
– Але ж гэта відавочна. А вось калі я здзівіўся і зацікавіўся: паглядзеўшы ўніз, я ўбачыў, што яе боты, хоць і падобныя паміж сабой, але, тым не менш, не парныя – у аднаго мысок аздоблены, у другога не. Адзін бот зашпілены на два ніжнія гузікі з пяці, а другі – на першы, трэці і пяты. І калі бачыш лэдзі, у астатнім акуратна апранутую, якая выйшла з дому ў няпарным абутку, зашпіленым на палову гузікаў, выснова пра тое, што яна прыбегла сюды ў спешцы, не патрабуе вялікіх разумовых высілкаў.
– А яшчэ што? – спытаў я з гарачай цікаўнасцю, якую заўсёды выклікалі ў мяне вострыя развагі сябра.
– Я мімаходзь адзначыў самому сабе, што яна напісала нейкую цыдулку перад тым як выйсці з дому, але ўжо пасля таго, як цалкам апранулася. Вы заўважылі, што ўказальны палец на яе правай пальчатцы працёрты, але, мабыць, не ўбачылі плямаў фіялетавага атраманту на абедзвюх пальчатках. Яна пісала, вельмі спяшаючыся, і абмакнула ручку ў чарніліцу занадта глыбока. Гэта хутчэй за ўсё адбылося сёння раніцай, іначай пляма на пальцы не была б такой выразнай. Карацей, усё гэта забаўна, хоць і вельмі проста, Ўотсан, але варта вярнуцца да справы. Не маглі б вы зачытаць мне апісанне містэра Хосмера Энджэла, змешчанае ў абвестцы пра знікненне?
Я паднёс да святла вузкую палоску паперы.
«ЗГУБІЎСЯ, – гаварылася ў нататцы, – раніцай 14-га джэнтльмен на імя Хосмер Энджэл. Рост – прыкладна пяць футаў і сем цаляў, целасклад моцны, колер твару жаўтаваты, валасы чорныя, густыя, з невялікай пралысінай на макаўцы, чорныя вусы і бакенбарды. Цёмныя акуляры, лёгкая няправільнасць вымаўлення. Калі яго бачылі апошні раз, быў апрануты ў абшыты шоўкам чорны сурдут, чорную камізэльку з альбертаўскім ланцужком* і нагавіцы з харыскага цвіду* з карычневымі крагамі паўзверх «кангрэсаў»*. Вядома, што працаваў у канторы на Лідэнхал-стрыт. Калі хто-небудзь мае звесткі…»
– Дастаткова, – перапыніў мяне Холмс і, слізгаючы позіркам па лістах, дадаў: – А лісты вельмі банальныя, у іх няма нічога, што паведаміла б нам пра містэра Энджэла, апроч таго, што аднойчы ён працытаваў Бальзака. Зрэшты, ёсць адна асаблівасць, якая, несумненна, кінецца вам у вочы…
– Яны напісаныя на друкарцы, – адзначыў я.
– Не толькі самі лісты – нават подпіс надрукаваны. Паглядзіце на гэтае акуратнае «Хосмер Энджэл» унізе. Яшчэ тут дата, але ніякага адрасу, апроч Лідэнхал-стрыт, а гэта даволі цьмяна. І вось гэтая дэталь выклікае вельмі пэўныя здагадкі, я б нават назваў яе вырашальнай.
– У чым?
– Дружа, толькі не кажыце мне, што вы не бачыце, як цесна гэта звязана з разгадкаю.
– Не ўпэўнены… хіба што ён хацеў, каб у яго была магчымасць не прызнаць свой подпіс, калі будзе распачатая справа пра нявыкананыя абавязанні.
– Не, рэч не ў тым. Карацей, зараз я напішу два лісты, якія ўсё вырашаць: першы ў адну кантору ў Сіці, а другі – айчыму маладой лэдзі, містэру Віндыбэнку, з просьбай прыйсці да нас заўтра а шостай. Нам жа варта паразмаўляць са сваякамі-мужчынамі юнай лэдзі… А пакуль адказы не прыйдуць, нам з вамі, доктар, рабіць няма чаго, таму на пэўны час мы можам адкласці нашую маленькую справу ў шуфляду.
Я так часта бачыў тонкую праніклівасць майго сябра, калі трэба было разважаць, і яго надзвычайную энергію, калі надыходзіў час дзейнічаць, што вырашыў: у Холмса важкія падставы для такой легкаважнай упэўненасці ў дачыненні да дзіўнай таямніцы, якую яго папрасілі раскрыць. Толькі аднойчы ён пацярпеў паразу – у скандале з каралём Багеміі і фатаграфіяй Ірэн Адлер. Але ўспамінаючы таямнічыя падзеі «Знаку чатырох» і дзіўныя абставіны «Эцюду ў пунсовым», я разумею, што клубок таямніцаў павінен быць сапраўды надзвычайным, каб яго не змог разблытаць Холмс.
Ён усё яшчэ пыхкаў сваёй люлькай з чорнай гліны, калі я сыходзіў ад яго, упэўнены, што калі наступнага вечару прыйду зноў, у ягоных руках ужо будуць усе ніткі, якія прывядуць нас да асобы зніклага жаніха міс Мэры Сазэрлэнд.
Уласныя справы на час адцягнулі маю ўвагу, таму цэлы наступны дзень я прабавіў ля ложка цяжка хворага пацыента. Было ўжо амаль шэсць, калі я ўрэшце вызваліўся, ускочыў у двухколку і паехаў на Бэйкер-стрыт, крыху пабойваючыся, што спазніўся і не папрысутнічаю пры развязцы гэтай маленькай таямніцы. Але я заспеў Шэрлака Холмса ў адзіноце і напаўсоннага – яго доўгае худое цела скурчылася ў глыбокім фатэлі. Грозны шыхт колбаў і шклянак і яскравы востры пах салянай кіслаты сведчыў пра тое, што ён цэлы дзень займаўся хімічнымі доследамі, якія так любіў.
– Ну што, атрымалася? – спытаў я, ледзь увайшоўшы.
– Так. Гэта быў бісульфат едкага барыту.
– Ды не, я пра загадку! – усклікнуў я.
– Ах, гэта! А я думаў пра соль, з якой цяпер працую. Ды не было ніякай загадкі ў гэтай справе, проста, як я вам учора казаў, пэўныя моманты мяне зацікавілі. Вось толькі няма, на жаль, такога закону, які мог бы пакараць нягодніка.
– Дык хто ён такі і навошта збег ад міс Сазэрлэнд?
Не паспеў Холмс адказаць, як з перадпакоя пачуліся цяжкія крокі, і ў дзверы пастукалі.
– Гэта айчым маладой лэдзі, містэр Джэймс Віндыбэнк, – сказаў Холмс. – Ён напісаў мне, што будзе а шостай. Прашу!
У пакой зайшоў моцна складзены, сярэдняга росту мужчына гадоў трыццаці, з чыста паголеным жаўтаватым тварам. Манеры яго былі мяккія і прыемныя, а шэрыя вочы глядзелі востра і пранікліва. Ён па чарзе запытальна паглядзеў на нас з Холмсам, паклаў свой бліскучы цыліндр на буфет і, злёгку пакланіўшыся, падышоў да найбліжэйшага крэсла.
– Добры вечар, містэр Віндыбэнк, – прамовіў Холмс. – Думаю, гэты друкаваны ліст з прызначэннем сустрэчы на шостую гадзіну прыйшоў мне ад вас?
– Так, сэр. Баюся, я трохі спазніўся, але вы ж разумееце, я не заўсёды належу сабе. Мне вельмі шкада, што міс Сазэрлэнд патурбавала вас гэтай недарэчнай справай: я ўпэўнены, што не варта сваё смецце на чужы сметнік выносіць. Я быў катэгарычна супраць таго, каб яна звярталася да вас, але, як вы, мабыць, паспелі заўважыць, яна вельмі імпульсіўная і нервовая дзяўчына, і яе цяжка ўтрымаць, калі яна на штосьці наважылася. Безумоўна, супраць вас я нямоцна пярэчыў, бо вы не звязаныя з афіцыйнай паліцыяй, але не вельмі прыемна, калі такое сямейнае гора робіцца вядомым усім. Да таго ж гэта марнаванне грошай, бо, думаю, вы не зможаце адшукаць гэтага Хосмера Энджэла.
– Наадварот, – спакойна адказаў Холмс. – У мяне ёсць усе падставы думаць, што ў гэтым я дасягну поспеху.
Містэр Віндыбэнк моцна здрыгануўся і выпусціў пальчаткі з рук.
– Рады гэта чуць, – сказаў ён.
– Цікавая штука, – заўважыў Холмс. – Шрыфт друкаркі настолькі ж індывідуальны, як чалавечы почырк. Калі выключыць выпадак, што машынкі цалкам новыя, вы не знойдзеце дзвюх, якія друкавалі б аднолькава. Адны літары зношваюцца болей за астатнія, другія – толькі з аднаго боку. У вашым лісце, містэр Віндыбэнк, усе літары «е» расплываюцца, а ў літараў «р» кепска фарбуецца ніжняя частка. Ёсць яшчэ чатырнаццаць іншых прыкметаў, але гэтыя дзве найбольш відавочныя.
– У нашай канторы на гэтай друкарцы пішуцца ўсе лісты, безумоўна, яна крыху знасілася, – адказаў наш госць, уважліва гледзячы на Холмса вузкімі светлымі вачыма.
– А цяпер, містэр Віндыбэнк, – казаў Холмс далей, – я пакажу вам нешта сапраўды цікавае. Я збіраюся напісаць невялічкую манаграфію пра тое, як друкаркі дапамагаюць здзяйсняць злачынствы. Звярніце, калі ласка, увагу… У мяне тут чатыры лісты, дасланыя, як заяўлена, зніклым містэрам Энджэлам. Усе яны напісаныя на друкарцы. І што мы тут бачым? Не толькі расплывістыя «е», не толькі непрафарбаваныя «р». Калі вы скарыстаецеся маёй лупаю, то ўбачыце, што тут прысутнічаюць і астатнія чатырнаццаць прыкметаў, пра якія я згадваў.
Містэр Віндыбэнк ускочыў з крэсла і схапіў цыліндр.
– Я не магу марнаваць час на такія дзіўныя размовы, містэр Холмс, – сказаў ён. – Калі вы можаце злавіць таго чалавека, то злавіце і, калі ласка, паведаміце мне, калі гэта адбудзецца.
– Абавязкова, – адказаў Холмс, робячы крок да дзвярэй і замыкаючы іх на ключ. – Паведамляю: я яго злавіў!
– Што? Як?! – ускрыкнуў містэр Віндыбэнк, збялеўшы як палатно і спалохана азіраючыся, нібыта звер, загнаны ў пастку.
– О, не трэба так, праўда не трэба, – ветліва прамовіў Холмс. – У вас не атрымаецца выкруціцца, містэр Віндыбэнк. Усё, што адбылося, больш чым празрыста, і вы зрабілі мне вельмі кепскі камплімент, сказаўшы, што я не змагу вырашыць такую простую праблему. Вось такія справы. Сядайце і давайце ўсё гэта абмяркуем.
Госць паваліўся на крэсла, смяротна бледны, з кропелькамі поту на ілбе.
– Я… не з-зрабіў нічога незаконнага, – заікаючыся, сказаў ён.
– Так, вельмі баюся, што гэта праўда. Але паміж намі, містэр Віндыбэнк, гэта быў самы жорсткі, эгаістычны і бяздушны фокус – безумоўна, у вашай вагавой катэгорыі, – які я калі-небудзь бачыў. Дазвольце мне прабегчыся па падзеях і папраўце, калі я раптам памылюся.
Віндыбэнк скурчыўся на крэсле, апусціўшы галаву на грудзі, відавочна, цалкам знішчаны. Холмс паклаў ногі на камінную дошку і, адкінуўшыся назад і засунуўшы рукі ў кішэні, пачаў расказваць – здавалася, больш сабе, чым нам:
– Мужчына ажаніўся з жанчынай, нашмат старэйшай за яго, каб займець яе грошы. Таксама ён з задавальненнем карыстаецца даходам сваёй падчаркі, бо яна жыве з імі. Для людзей іхнага класу гэта значная сума, і яе страта адчувальна ўдарыць па іх становішчы. Варта пастарацца, каб гэтага не здарылася, праўда? Падчарка ставіцца да такога стану рэчаў добра і прыязна, але яна па-свойму сентыментальная і чуллівая, таму відавочна, што пры яе прывабных якасцях і наяўнасці невялікага даходу яна нядоўга будзе адна, а яе замуства азначае страту сотні фунтаў у год. Як яе айчым можа гэтага пазбегнуць? Самае лёгкае – трымаць яе дома і забараніць знаёміцца з людзьмі яе ўзросту. Але ён хутка разумее, што гэта працягнецца нядоўга. Дзяўчына пачынае ўпарціцца, настойваць на сваіх правах і ўрэшце паведамляе, што збіраецца пайсці на нейкі там баль. І што ж робіць яе кемлівы айчым? Ён прыдумляе план, які робіць гонар яго розуму, але не сэрцу. З ведама і з дапамогай жонкі ён мяняе выгляд: хавае праніклівыя вочы за цёмнымі акулярамі, наклейвае на твар вусы і пышныя бакенбарды, глушыць свой звонкі голас да мяккага шэпту і, абаронены ад выкрыцця яшчэ і блізарукасцю падчаркі, паўстае перад ёю як містэр Хосмер Энджэл, каб не падпускаць да яе іншых кавалераў, зрабіўшыся такім самому.
– Спачатку гэта быў проста жарт, – амаль прастагнаў наш госць. – Мы і падумаць не маглі, што яна захопіцца да такой ступені.
– Можа, і не маглі. У любым выпадку, маладая лэдзі захапілася моцна, а ўпэўненасць, што айчым цяпер у Францыі, перашкодзіла хаця б на хвіліну западозрыць яго ў падмане. Яна была вельмі ўсцешаная ўвагай джэнтльмена, а гучнае захапленне маці падагрэла яе сімпатыю. Містэр Энджэл пачынае званіць, бо цудоўна разумее, што справа выгарыць, калі рухаць яе ў патрэбным кірунку. Пачынаюцца спатканні, а потым адбываюцца і заручыны, пакліканыя канчаткова адвярнуць дзяўчыну ад каго-кольвек. Але падман не мог цягнуцца вечна, гэтыя фальшывыя паездкі ў Францыю прыносілі шмат нязручнасці. Штука была ў тым, каб скончыць справу вельмі драматычна і зрабіць на маладую лэдзі такое глыбокае ўражанне, каб яна пэўны час і не думала глядзець на кагосьці яшчэ. Адсюль і клятвы вернасці на Бібліі, і намёкі на тое, што проста ў дзень вяселля можа раптоўна нешта здарыцца. Джэймс Віндыбэнк хацеў, каб міс Сазэрлэнд была прывязаная да Хосмера Энджэла і, не ведаючы нічога пра ягоны лёс, прынамсі гадоў дзесяць не звяртала ўвагі на іншых мужчынаў. Ён давёў яе да дзвярэй царквы, але далей ісці не мог, таму без асаблівых цяжкасцяў выпарыўся, выкарыстаўшы стары фокус: зайшоў праз адны дзверы экіпажа, а выйшаў праз іншыя. Думаю, я правільна ўзнавіў хаду падзеяў, містэр Віндыбэнк.
Наш госць тым часам крыху апамятаўся і ўстаў з крэсла з халоднай усмешкай на бледным твары.
– Можа, так, а можа, і не, містэр Холмс, – сказаў ён. – Але калі вы такі ўжо разумны, вы скеміце і тое, што закон тут парушаеце вы, а не я. Я нічога супрацьзаконнага не рабіў адпачатку, а вось вы, замкнуўшы дзверы, даяце падставы для пераследу за гвалт і прымус.
– Так, маеце рацыю, па законе вам нічога не зробіш, – сказаў Холмс, адмыкаючы і расчыняючы дзверы. – Але няма чалавека, які заслугоўваў бы пакарання больш, чым вы. Калі б у гэтай дзяўчыны быў бацька ці сябар, ён мусіў бы добра адхвастаць вас бізуном.
На твары Віндыбэнка праслізнула з’едлівая ўсмешка, і Холмс, убачыўшы яе, успыхнуў.
– Ах вось як, – сказаў ён. – Што ж, гэта не ўваходзіць у мае абавязкі, але паляўнічы бізун так блізка, што я, бадай, зраблю сабе прыемнасць…
Холмс зрабіў два крокі, але не паспеў ён узяць бізун, як цяжкія крокі пагрукалі па лесвіцы, гучна стукнулі ўваходныя дзверы, і мы ўбачылі ў акно, як містэр Віндыбэнк на мяжы сваёй хуткасці збягае ўніз па вуліцы.
– Вось жа бессардэчны нягоднік, – засмяяўся Холмс, зноў сядаючы ў фатэль. – Гэты малойчык будзе ўчыняць злачынства за злачынствам, пакуль не дакоціцца да шыбеніцы. А справа ў нечым не была пазбаўленая цікавасці, трэба прызнаць.
– Я змог прасачыць не ўсе вашыя развагі, – заўважыў я.
– Ну, тое, што ў містэра Энджэла былі прычыны для такіх дзіўных паводзінаў, было зразумела з самага пачатку. Гэтаксама было зразумела, што адзіны, каму ўсё гэта было выгадна, – айчым маладой лэдзі. А тое, што гэтыя двое мужчынаў ніколі не сустракаліся і адзін з’яўляўся толькі тады, калі другі адсутнічаў, кідалася ў вочы. Потым акуляры, дзіўны голас, кусцістыя бакенбарды – усё гэта падказвала думку пра пераапрананне. Падазрэнні пацвярджала ягоная дзіўная звычка друкаваць свой подпіс: гэта дазволіла зрабіць выснову, што почырк яго настолькі знаёмы міс Сазэрлэнд, што яна пазнае яго з першай літары. Як бачыце, усе гэтыя асобныя факты, разам з безліччу драбнейшых, вялі ў адным і тым жа кірунку.
– А як вы іх праверылі?
– Калі ўжо заўважыў, мой дарагі сябра, пацверджанні знайсці няцяжка. Мне знаёмая кантора, дзе працуе гэты джэнтльмен. З апісання зніклага, змешчанага ў газеце, я прыбраў усё, што магло быць вынікам пераапранання – бакенбарды, акуляры, ціхі голас, – і даслаў яго ў кантору, папрасіўшы паведаміць мне, ці адпавядае гэтаму апісанню хто-небудзь з іх супрацоўнікаў. Таксама я заўважыў асаблівасці друкаркі і даслаў ліст у кантору самому Віндыбэнку з просьбай прыйсці сюды. Як я і разлічваў, адказ ён надрукаваў, што дазволіла пабачыць усе гэтыя дробныя, але характэрныя дэфекты. Той самай поштай я атрымаў ліст з «Вэстхаўз і Мэрбэнк» на Фэнчэрч-стрыт аб тым, што маё апісанне да драбніцаў падыходзіць іх супрацоўніку Джэймсу Віндыбэнку. Вось і ўсё.
– А міс Сазэрлэнд?
– Калі б я ёй расказаў, яна б не паверыла. Можа, вы памятаеце старое персідскае выслоўе: «Небяспека чакае таго, хто забярэ ад тыгрыцы яе дзіцяня, роўна як і таго, хто пазбавіць жанчыну ілюзій». У Хафіза не менш здаровага сэнсу, чым у Гарацыя, і гэтак жа шмат ведання жыцця.
Пераклала Кацярына Маціеўская
4
Справы сардэчныя (фр.).