Читать книгу Прыгоды Шэрлака Холмса (зборнік) - Артур Конан Дойл, Исмаил Шихлы - Страница 3

Скандал у Багеміі
1

Оглавление

Для Шэрлака Холмса яна назаўсёды засталася «той жанчынай». Рэдка чуў я, каб ён называў яе неяк іначай. У яго вачах яна перасягнула і засланіла ўсіх прадстаўніц свайго полу. Не тое каб у яго было да Ірэн Адлер якое-небудзь пачуццё, падобнае да кахання. Любыя пачуцці, і ў прыватнасці гэтае, былі несумяшчальныя з яго халодным, дакладным і надзіва ўраўнаважаным розумам. На маю думку, такой дасканалай машыны, якая мысліць і назірае, свет яшчэ не бачыў, і ў ролі закаханага ён апынуўся б не на сваім месцы. Пра пяшчотныя пачуцці ён заўсёды згадваў толькі са з’едлівасцю і насмешкай. Пяшчотныя пачуцці былі для яго цудоўным аб’ектам для назірання, выключным сродкам сарваць покрыва з чалавечых пабуджэнняў і ўчынкаў. Калі трэніраваны мысляр дазволіць такім пачуццям уварвацца ў свой дакладна і бліскуча ўпарадкаваны ўнутраны свет, яны прынясуць туды бязладнасць, якая паставіць пад сумнеў усе дасягненні яго думкі. Пясчынка, што трапіла ў тонкі механізм, ці трэшчынка на адной з яго моцных лінзаў не зрабіліся б такім бедствам, як вялікае пачуццё для такога чалавека, як ён. І ўсё ж адна жанчына для яго існавала, і жанчынай гэтай была памерлая ўжо Ірэн Адлер – асоба з цьмяным і вельмі сумнеўным мінулым.

Апошнім часам я рэдка бачыўся з Холмсам. Маё вяселле раскінула нас у розныя бакі. Усю маю ўвагу забрала бясхмарнае шчасце і прыемныя хатнія клопаты, якія з’яўляюцца ў чалавека, што першы раз у жыцці робіцца гаспадаром свайго сямейнага агменю. Холмс жа, чыя цыганская душа пазбягала любога таварыства, застаўся ў нашых пакоях на Бэйкер-стрыт, занураны ў свае старыя кнігі, і з тыдня ў тыдзень кідаўся ад какаіну да бурнай дзейнасці, чаргуючы наркатычную дрымоту і ўласцівую яго натуры шалёную актыўнасць. Як і раней, ён быў глыбока захоплены расследаваннем злачынстваў і скіроўваў свае цудоўныя здольнасці і неверагодную назіральнасць на раскрыццё справаў і разгадку таямніцаў, ад якіх афіцыйная паліцыя адмаўлялася як ад безнадзейных. Час ад часу да мяне даляталі цьмяныя чуткі пра яго здзяйсненні: пра паездку ў Адэсу з нагоды забойства Трэпава, расследаванне загадкавай смерці братоў Аткінсанаў у Трынкамалі* і ўрэшце пра вельмі далікатныя і паспяховыя росшукі, праведзеныя на просьбу галандскай уладнай сям’і. Аднак апроч гэтых урыўкавых сведчанняў пра яго дзейнасць, якія я атрымліваў разам з іншымі чытачамі з газет, пра былога сябра і кампаньёна я ведаў мала.

Аднаго вечару, дзесьці ў трэцяй дэкадзе сакавіка 1888 году, я вяртаўся ад пацыента (бо цяпер зноў меў прыватную практыку), і дарога мая ляжала праз Бэйкер-стрыт. Мінаючы незабыўныя дзверы, назаўсёды звязаныя ў маім сэрцы з перыядам жаніхоўства і са змрочнымі падзеямі, апісанымі ў «Эцюдзе ў пунсовым», я адчуў вострае жаданне зноў убачыць Холмса і даведацца, чым цяпер заняты гэты выбітны розум. У пакоі гарэла яркае святло, і калі я зазірнуў у акно, то ўбачыў яго высокую хударлявую фігуру, якая цёмным сілуэтам двойчы прамільгнула за гардзінамі. Апусціўшы галаву і склаўшы рукі за спінаю, ён узбуджана і імкліва мераў крокамі пакой. Я ведаў усе яго настроі і звычкі, а таму карціна гэтая шмат пра што мне сказала. Ён зноў узяўся за працу. Ён строс з сябе наркатычныя мроі і ішоў свежымі слядамі нейкай новай загадкі. Я пазваніў, і мяне праводзілі да пакоя, які калісьці часткова належаў і мне.

Ён сустрэў мяне без бурных эмоцыяў – для яго яны былі рэдкасцю. Тым не менш я думаю, што ён быў рады мяне бачыць. Амаль нічога не кажучы, ён сардэчна запрасіў мяне сесці, падсунуў бліжэй каробку з цыгарамі і паказаў на вінную шафку і газаген* у куце. Потым стаў ля каміна і пачаў уважліва вывучаць мяне сваім незвычайным пранізлівым поглядам.

– Сямейнае жыццё пайшло вам на карысць, – зазначыў ён. – Думаю, Ўотсан, што з моманту нашае апошняе сустрэчы вы паправіліся на сем з паловай фунтаў.

– На сем, – паправіў я.

– Усё ж мяркую, што трошачкі больш. Зусім крышку. Вы, як бачу, зноў практыкуеце. Але вы не казалі, што плануеце ўпрэгчыся ў працу.

– Як вы пра гэта даведаліся?

– Я бачу гэта, я раблю высновы. Вось як я даведаўся, што днямі вы моцна вымаклі і што вашая служанка страшэнна няўмелая і няўважлівая?

– Дарагі мой Холмс, – сказаў я, – гэта ўжо занадта. Пару стагоддзяў таму вас проста спалілі б на вогнішчы. Я і праўда быў у чацвер за горадам і вярнуўся дадому ўвесь выпацканы, але цяпер на мне зусім іншая вопратка, і я не ўяўляю, як вы гэта вылічылі. Што да Мэры Джэйн, то яна насамрэч безнадзейная, і мая жонка паведаміла ёй пра звальненне, але я зноў жа губляюся ў здагадках, адкуль вы гэта ведаеце.

Холмс ціха засмяяўся і задаволена пацёр доўгія нервовыя рукі.

– Няма нічога прасцейшага, – сказаў ён. – Мае вочы падказваюць мне, што з унутранага боку вашага левага чаравіка, акурат там, куды падае святло каміна, па скуры праходзіць шэсць амаль паралельных драпінаў. Відавочна, хтосьці няўмела скроб край падэшвы, счышчаючы з абутку высахлы бруд. Адсюль я раблю падвойную выснову пра тое, што вы выходзілі ў кепскае надвор’е і што ў вас працуе самы зласлівы абутканенавіснік сярод усёй лонданскай прыслугі. Што да вашай практыкі, Ўотсан, то калі ў мой пакой уваходзіць джэнтльмен, ад якога за мілю патыхае ёдаформам, на чыім правым пальцы бачная чорная пляма ад ляпіснага алоўка*, а пукатасць з правага боку цыліндра сведчыць пра тое, што там схаваны стэтаскоп, то я буду сапраўдным дурнем, калі не пазнаю ў ім дзейнага прадстаўніка медыцынскай сябрыны.

Слухаючы, з якой лёгкасцю ён патлумачыў свае высновы, я не мог утрымацца ад смеху.

– Калі я чую вашыя тлумачэнні, – сказаў я, – мне ўсё здаецца такім да смешнага простым, што я мог бы і сам лёгка здагадацца, хаця ў кожным наступным выпадку вашыя разважанні зноў ставяць мяне ў тупік, пакуль вы іх не патлумачыце. Аднак я думаю, што мой зрок не горшы за ваш.

– Так яно і ёсць, – пагадзіўся ён, запаліўшы цыгарэту і плюхнуўшыся ў фатэль. – Вы бачыце, але не заўважаеце, а гэта вялікая розніца. Вось, напрыклад, вы часта бачылі прыступкі, якія вядуць з вітальні ў гэты пакой?

– Часта.

– Як часта?

– Ну, разоў сто, не менш.

– І колькі іх там?

– Колькі? Адкуль мне ведаць?

– Вось яно! Вы не заўважаеце, хаця і бачыце. Гэтым мы з вамі і адрозніваемся. Я ведаю, што прыступак сямнаццаць, бо я не толькі глядзеў, але і звяртаў увагу. Дарэчы, калі ўжо вы цікавіцеся рознымі дробнымі праблемамі і нават ласкава апісалі маё сціплае расследаванне адной ці дзвюх з іх, то гэтая таксама можа вас зацікавіць, – і ён кінуў мне аркуш шчыльнай ружовай паштовай паперы, які ляжаў на стале. – Гэта прыйшло з нядаўняй поштай. Прачытайце ўголас.

На цыдулцы не было ні даты, ні подпісу, ні адрасу.

«Сёння вечарам, без чвэрці восем, – гаварылася ў ёй, – вас наведае джэнтльмен, якому неабходна кансультацыю па адной вельмі сур’ёзнай справе атрымаць. Паслуга, якую вы нядаўна зрабілі аднаму з уладных дамоў Еўропы, даводзіць, што вы акурат той чалавек, якому можна спакойна даверыць справу, чыю важнасць нельга пераацаніць. Такі водгук пра вас мы з розных бакоў атрымалі. Будзьце ў гэты час дома і не зразумейце няправільна, калі ваш госць будзе ў масцы».

– Гучыць і праўда вельмі загадкава, – заўважыў я. – Як вы думаеце, што ўсё гэта значыць?

– Пакуль у мяне няма інфармацыі. А тэарэтызаваць, нічога не ведаючы, – вялікая памылка. У такім выпадку пачынаеш незаўважна падганяць факты пад тэорыю, замест таго каб падганяць тэорыю пад факты. Але вернемся да цыдулкі. Якія высновы вы можаце зрабіць?

Я ўважліва агледзеў сам ліст і паперу, на якой ён быў напісаны.

– Аўтар паслання, імаверна, досыць заможны, – адзначыў я, спрабуючы пераняць прыёмы майго сябра. – Такая папера каштуе не танней чым паўкроны за пачак. Яна надзвычай шчыльная і моцная.

– Надзвычай – гэта вы правільна сказалі, – пагадзіўся Холмс. – Гэта ўвогуле не ангельская папера. Паглядзіце на яе супраць святла.

Я так і зрабіў і ўбачыў на паперы вялікую літару «Е» і маленькую «g», а далей – вялікія «Р» і «G» і маленькую «t», уплеценыя ў фактуру паперы.

– Якую выснову вы можаце зрабіць? – спытаў Холмс.

– Гэта, несумненна, імя вытворцы, а дакладней, яго манаграма.

– Вы памыляецеся. Вялікая «G» і маленькая «t» – гэта скарачэнне ад «Gesellschaft», што перакладаецца з нямецкай як «кампанія». Гэта звычайнае скарачэнне, якое адпавядае нашаму «К°». «Р», безумоўна, абазначае «Papier», то бок «папера». Цяпер «Eg». Давайце зірнем у наш «Геаграфічны даведнік Еўропы», – ён зняў з паліцы цяжкі карычневы фаліянт. – Элгаў, Элганіц*… А вось і тое, што трэба: Эгер*. Гэта ў нямецкамоўным раёне, Багеміі, непадалёк ад Карлавых Вараў. «Вядомы як месца смерці Валенштайна*, а таксама дзякуючы шматлікім гутам і папяровым фабрыкам». Ха-ха, мой хлопча, якія высновы можаце вы зрабіць? – яго вочы заблішчэлі, і ён пераможна выпусціў з цыгарэты вялікае блакітнае воблака.

– Папера зробленая ў Багеміі, – сказаў я.

– Менавіта. А аўтар цыдулкі – немец. Вы звярнулі ўвагу на незвычайную будову сказа «Такі водгук пра вас мы з розных бакоў атрымалі»? Француз ці рускі такога б не напісаў. Толькі немцы могуць абыходзіцца з дзеясловамі так непачціва. А таму нам засталося толькі даведацца, чаго гэты немец, які піша на багемскай паперы і лічыць за лепшае хаваць свой твар пад маскай, ад нас хоча. А вось, калі я не памыляюся, і ён сам. Ён і адкажа на ўсе нашыя пытанні.

На гэтых словах мы пачулі рэзкі стук конскіх капытоў і грукат колаў, што зачапілі ходнік, а потым – не менш рэзкі гук званка. Холмс прысвіснуў.

– Парны экіпаж, мяркуючы па гуках, – сказаў ён і, выглянуўшы з акна, працягнуў: – Так і ёсць. Багатая карэта і пара прыгажуноў, сто пяцьдзясят гінеяў за кожнага. На благі канец, Ўотсан, справа будзе прыбытковая.

– Думаю, Холмс, мне лепей сысці…

– Ні ў якім разе, доктар. Заставайцеся на сваім месцы. Куды я без майго Босуэла*? Да таго ж справа абяцае быць цікавай. Будзе шкада, калі вы яе прапусціце.

– Але ж ваш кліент…

– Нічога страшнага. Мне можа спатрэбіцца вашая дапамога, і яму таксама. А вось і ён. Сядайце ў гэты фатэль, доктар, і аддайце нам усю вашую ўвагу.

Цяжкія марудныя крокі, чутныя на лесвіцы і ў калідоры, спыніліся перад самымі нашымі дзвярыма. Потым пачуўся гучны і ўладны грук.

– Заходзьце! – сказаў Холмс.

Увайшоў чалавек геркулесаўскага целаскладу, ростам наўрад ці ніжэйшы за шэсць футаў і шэсць цаляў. Апрануты ён быў так багата, што ў Англіі багацце гэтае прыпісалі б кепскаму густу. Закаўрашы і адвароты яго двухбортнага паліто былі аблямаваныя цяжкім каракулем, а накінуты на плечы цёмна-сіні плашч гарэў ярка-чырвонай аксамітнай падкладкай і мацаваўся на шыі спражкай з прыўкраснага берылу. Халявы ботаў, якія даходзілі да сярэдзіны лытак, былі аздобленыя шыкоўным карычневым футрам, што дапаўняла ўражанне варварскае раскошы, якое стварала ўсё яго аблічча. У руках ён трымаў шыракаполы капялюш, а ўсю верхнюю частку твару да самага нізу скулаў хавала чорная маска, відавочна, толькі што надзетая, – бо калі ён увайшоў, рука яго ўсё яшчэ была паднятая. Ніжняя частка твару выдавала чалавека з моцным характарам, а тоўстая выпукленая губа і доўгае прамое падбароддзе сведчылі пра цвёрдасць, што межавала з упартасцю.

– Вы атрымалі маю цыдулку? – спытаў ён рэзкім і нізкім голасам з моцным нямецкім акцэнтам. – Я папярэдзіў, што наведаю вас, – ён пераводзіў позірк з мяне на Холмса, не ведаючы, да каго звяртацца.

– Сядайце, прашу вас, – сказаў Холмс. – Гэта мой сябра і кампаньён доктар Ўотсан, які час ад часу дапамагае мне ў расследаванні. З кім маю гонар размаўляць?

– Можаце называць мяне графам фон Крамам, багемскім арыстакратам. Я правільна разумею, што гэты джэнтльмен, ваш сябар, – чалавек гонару і разважнасці, і я магу давяраць яму ў гэтай надзвычай сур’ёзнай справе? Калі не, я палічыў бы за лепшае перагаварыць з вамі сам-насам.

Я падняўся, каб сысці, але Холмс схапіў мяне за руку і пхнуў назад у фатэль.

– Мы слухаем вас альбо разам, альбо ніяк, – сказаў ён. – У прысутнасці гэтага джэнтльмена вы можаце расказваць усё, што сказалі б мне сам-насам.

Граф паціснуў шырокімі плячыма.

– Тады я пачну з таго, – сказаў ён, – што вазьму з вас слова трымаць усё ў таямніцы два гады – пасля справа страціць сваё значэнне. Але я з поўнай упэўненасцю магу сказаць: цяпер яна такая сур’ёзная, што можа паўплываць на ўсю еўрапейскую гісторыю.

– Я даю слова, – сказаў Холмс.

– І я.

– Прабачце мне маю маску, – працягнуў дзіўны госць. – Найсвятлейшая асоба, што адправіла мяне да вас, пажадала, каб яе давераны застаўся невядомым, і мушу адразу ж прызнаць, што тытул, якім я назваўся, не зусім належыць мне.

– Я зразумеў, – суха зазначыў Холмс.

– Абставіны справы такія далікатныя, што не варта грэбаваць любымі мерамі, каб пазбегнуць страшэннага скандалу, які можа моцна скампраметаваць адну з уладных сем’яў Еўропы. Бо, шчыра кажучы, справа датычыць вялікага дому Армштайнаў, спадчынных каралёў Багеміі.

– Гэта я таксама зразумеў, – прамармытаў Холмс, выгодней уладкаваўшыся ў фатэлі і заплюшчыўшы вочы.

Госць з непрыхаваным здзіўленнем паглядзеў на марудлівага лянотнага чалавека, якога, без сумневу, адрэкамендавалі яму як самага праніклівага мысляра і самага энергічнага ў Еўропе дэтэктыва.

Холмс марудна расплюшчыў вочы і нецярпліва зірнуў на свайго волата-наведніка.

– Калі вашая вялікасць зробіць ласку і раскажа пра сваю праблему, – сказаў ён, – мне будзе нашмат прасцей нешта параіць.

Госць ускочыў з крэсла і пачаў мераць крокамі пакой, не могучы стрымаць хваляванне. Потым адчайным жэстам сарваў з твару маску і шпурнуў яе на падлогу.

– Вы маеце рацыю, – усклікнуў ён, – я кароль! Навошта было гэта хаваць?

– І праўда, навошта? – ціха прамовіў Холмс. – Вашая вялікасць не сказала яшчэ і слова, як я ўжо зразумеў, што перада мной Вільгельм Готсрайх Сігізмунд фон Армштайн, вялікі герцаг Касель-Фельштайнскі і спадчынны кароль Багеміі.

– Але вы ж разумееце, – сказаў наш дзіўны наведнік, зноў сеўшы і правёўшы рукой па высокім белым ілбе, – вы разумееце, што я не прывык сам займацца такім. Аднак справа такая далікатная, што я не магу даверыцца нікому, не рызыкуючы трапіць пад чужую ўладу. Я прыбыў з Прагі інкогніта, каб папрасіць у вас парады.

– Калі ласка, прасіце, – сказаў Холмс, зноў заплюшчваючы вочы.

– Карацей кажучы, рэч вось у чым: гадоў пяць таму падчас доўгага візіту ў Варшаву я пазнаёміўся з добра вядомай авантурысткай Ірэн Адлер. Імя гэтае, несумненна, вам вядомае.

– Прашу вас ласкава пашукаць яе ў маёй картатэцы, доктар, – ціха сказаў Холмс, не расплюшчваючы вачэй.

Шмат гадоў таму ён завёў сістэму рэгістрацыі ўсіх фактаў, датычных розных людзей і рэчаў, а таму цяпер складана было знайсці штосьці, пра што ён не змог бы адразу здабыць інфармацыю. Я адшукаў біяграфію, заціснутую паміж біяграфіямі габрэйскага рабіна і аднаго каменданта штабу, які напісаў працу пра глыбакаводных рыбаў.

– Так-так, паглядзім, – сказаў Холмс. – Хм… Нарадзілася ў Нью-Джэрсі ў 1858 годзе. Кантральта, хм… «Ла-Скала», хм… Жыве ў Лондане – усё правільна! Як я разумею, гэтая маладая асоба зацягнула вашую вялікасць у пастку, вы напісалі ёй некалькі лістоў, якія могуць вас скампраметаваць, і таму прагнеце вярнуць іх сабе?

– Усё менавіта так, але якім чынам…

– Вы прабраліся таемным шлюбам?

– Не.

– Ніякіх дакументаў ці сведчанняў?

– Ніякіх.

– Тады я вашую вялікасць не разумею. Калі гэтая маладая асоба наважыцца шантажаваць вас ці яшчэ што, як яна давядзе іх сапраўднасць?

– Мой почырк.

– Глупства! Фальшыўка.

– Мая прыватная папера.

– Скрадзеная.

– Мая пячатка.

– Падробленая.

– Мой фотаздымак.

– Куплены.

– Мы фатаграфаваліся разам.

– О, а вось гэта кепска. З боку вашай вялікасці гэта было неасцярожным учынкам.

– Я звар’яцеў, страціў розум!

– Вы сур’ёзна сябе скампраметавалі.

– Тады я быў толькі кронпрынцам. Я быў малады. Мне і цяпер усяго трыццаць.

– Фотаздымак трэба вярнуць.

– Мы спрабавалі – не атрымалася.

– Вашая вялікасць мусіць заплаціць. Купіце яго.

– Яна не хоча прадаваць.

– Тады трэба скрасці.

– Мы зрабілі пяць спробаў. Нанятыя мной узломшчыкі двойчы абшуквалі яе дом. Падчас яе падарожжа мы правяралі яе багаж. Двойчы ладзілі на яе пастку. Ніякіх вынікаў.

– Ніякіх слядоў здымка?

– Ніякіх.

Холмс засмяяўся:

– Нічога сабе задачка!

– Але для мяне гэта вельмі важна! – усклікнуў кароль з дакорам.

– Не сумняюся. Што яна плануе рабіць са здымкам?

– Знішчыць мяне.

– Якім жа чынам?

– Я збіраюся жаніцца…

– Я чуў пра гэта.

– …з Клатыльдай Лотман фон Саксэн-Менінген, другой дачкой скандынаўскага караля. Магчыма, вы чулі пра строгія прынцыпы яе сям’і. Дый Клатыльда – сама чысціня. Нават цень сумневу адносна майго мінулага можа прывесці да разрыву.

– А што Ірэн Адлер?

– Пагражае, што адправіць ім фотаздымак. І яна гэта зробіць! Зробіць, я ўпэўнены! Вы не ведаеце яе – у яе сталёвыя нервы. Самы прыгожы жаночы твар і самы разважлівы мужчынскі розум. Яна не спыніцца ні перад чым, каб не даць мне ажаніцца з іншай жанчынай. Ні перад чым!

– І вы ўпэўненыя, што здымак яшчэ не дасланы?

– Упэўнены.

– Чаму?

– Бо яна сказала, што вышле яго ў дзень афіцыйнага абвяшчэння заручынаў. У наступны панядзелак.

– Ага, значыць, у нас засталося тры дні, – сказаў Холмс пазяхаючы. – Гэта радуе, бо пакуль у мяне засталіся адна-дзве важныя справы, якія патрабуюць тэрміновага развязання. Вашая вялікасць, безумоўна, яшчэ застанецца ў Лондане?

– Канечне. Вы зможаце знайсці мяне ў гасцініцы «Лэнгхэм» пад імем графа фон Крама.

– Тады я перадам вам цыдулку – раскажу, як ідзе справа.

– Вельмі вас папрашу. Я буду нецярпліва чакаць.

– А што наконт грошай?

– Даю вам карт-бланш.

– Абсалютна?

– За гэты фотаздымак я гатовы аддаць любую з правінцыяў майго каралеўства!

– А на бягучыя выдаткі?

Кароль дастаў з-пад плашча цяжкі замшавы мяшэчак і паклаў яго на стол.

– Тут трыста фунтаў золатам і семсот асігнацыямі. Холмс чыркануў распіску на старонцы са свайго нататніка і перадаў яе каралю.

– Адрас мадэмуазэль? – спытаў ён.

– Браяні-Лодж, Серпентайн-авеню, Сэнт-Джонс-Вуд. Холмс запісаў адрас.

– І яшчэ адно пытанне. Фотаздымак кабінетнага фармату*?

– Так.

– Тады дабранач, вашая вялікасць, я спадзяюся, што хутка ў нас будуць для вас добрыя навіны. Дабранач, Ўотсан, – дадаў ён, калі грукат колаў каралеўскага экіпажа пачаў аддаляцца. – Калі вы зазірняце да мяне заўтра а трэцяй, я ахвотна абмяркую з вамі гэтую справу.

Прыгоды Шэрлака Холмса (зборнік)

Подняться наверх