Читать книгу Прыгоды Шэрлака Холмса (зборнік) - Артур Конан Дойл, Исмаил Шихлы - Страница 4
Скандал у Багеміі
2
ОглавлениеРоўна а трэцяй я быў на Бэйкер-стрыт, але Холмс яшчэ не вярнуўся. Гаспадыня кватэры паведаміла, што ён сышоў з дому адразу пасля васьмі раніцы. Тым не менш я прысеў ля каміна, збіраючыся чакаць яго да ўпору. Мяне вельмі зацікавіла расследаванне гэтай справы, і нягледзячы на тое, што яна была пазбаўленая вычварнай і злавеснай атмасферы, што атачала абодва злачынствы, апісаныя мной раней, сам яе характар і высокае становішча кліента надавала ёй пэўную незвычайнасць. Да таго ж, калі пакінуць убаку само расследаванне, якое мусіў правесці мой сябар, ужо тое майстэрства, з якім ён завалодваў сітуацыяй, яго востры і дасціпны розум прымушалі мяне з асалодай назіраць за яго працай і імклівымі і спрытнымі прыёмамі, што дапамагалі яму разблытаць самыя невытлумачальныя таямніцы. Я так прызвычаіўся да яго нязменных поспехаў, што мне і ў галаву не магла прыйсці думка пра магчымасць паразы.
Каля чацвертай дзверы адчыніліся, і ў пакой увайшоў п’яны з выгляду конюх, жахліва апрануты, з раскудлачаным чубам, бакенбардамі і пачырванелым тварам. І хаця я прывык да дзівоснай здольнасці майго сябра да пераўвасаблення, мне давялося тройчы ўважліва агледзець Холмса, перш чым я ўпэўніўся, што гэта дакладна ён. Кіўнуўшы мне, ён знік у сваёй спальні, адкуль з’явіўся праз пяць хвілінаў у цвідавым касцюме, акуратны і рэспектабельны, як і заўсёды. Паклаўшы рукі ў кішэні і выцягнуўшы ногі да каміна, ён некалькі хвілінаў ад усёй душы смяяўся.
– Цудоўна, проста цудоўна! – ускрыкнуў ён і зноў пачаў душыцца ад смеху, пакуль марудна і бяссільна не адкінуўся на спінку крэсла.
– Што такое?
– Смех дый годзе! Магу пабіцца аб заклад, што вы ніколі не здагадаецеся, як я прабавіў раніцу і што ўрэшце зрабіў.
– Нават не ўяўляю. Імаверна, вы назіралі за звычкамі міс Ірэн Адлер і, магчыма, за яе домам.
– Усё правільна, і вынікі досыць незвычайныя. Але раскажу па парадку. Я пакінуў дом у пачатку дзявятай у выглядзе беспрацоўнага конюха. У фурманскім таварыстве пануе цудоўны дух разумення і ўзаемадапамогі. Зрабіся адным з іх – і будзеш ведаць усё, што ведаюць яны. Хутка я знайшоў Браяні-Лодж. Гэта проста цацачны асабняк: два паверхі, фасад выходзіць на вуліцу, а ззаду – сад. На дзвярах – замок Чаба*. З правага боку – добра абстаўленая вялізная гасцёўня з доўгімі, амаль да падлогі, вокнамі і такімі недарэчнымі ангельскімі засаўкамі, якія можа адчыніць нават дзіця. За домам нічога асаблівага, хіба што акно галерэі, да якога можна дабрацца з даху карэтнай. Я абышоў яе вакол і ўважліва агледзеў з усіх бакоў, але больш нічога цікавага не заўважыў.
Потым я пабадзяўся па вуліцы і ў завулку, што спускаўся ад садовай агароджы, знайшоў, як і чакаў, стайню. Я дапамог конюхам пачысціць коней, за што атрымаў два пенсы, шклянку портара з элем, дзве порцыі моцнага тытуню і колькі заўгодна звестак пра міс Ірэн Адлер, ужо не кажучы пра паўтузіна яе суседзяў, да якіх мне няма ніякае справы, але чые біяграфіі я быў змушаны выслухаць.
– А што з Ірэн Адлер?
– О, яна завалодала ўвагай усіх мужчынаў таго раёну. Яна самае цудоўнае стварэнне, якое носіць капялюшык на нашай планеце. У серпентайнскіх стайнях так гавораць усе без выняткаў. Яна жыве ціха, пяе на канцэртах, кожны дзень выязджае ў пяць і вяртаецца ў сем – акурат да вячэры. У іншы час выходзіць рэдка, за выключэннем тых дзён, калі выступае. Яе наведвае толькі адзін мужчына, але вельмі часта. Ён брунет, прывабны і энергічны, заходзіць не радзей за раз на дзень, звычайна два разы. Нейкі містэр Годфры Нортан з ІнэрТэмпла. Бачыце, як карысна дапамагаць кэбменам! Яны дзясяткі разоў вазілі яго ад серпентайнскіх стайняў і ведаюць пра яго ўсё. Выслухаўшы іх аповеды, я зноў пачаў прагульвацца ля Браяні-Лодж і абдумваць план дзеянняў.
Відавочна, што гэты Годфры Нортан адыгрывае ў справе важную ролю. Ён юрыст, і гэта гучыць пагрозліва. Што іх звязвае і якая прычына яго частых візітаў? Яна яго кліентка, сяброўка ці каханка? Калі першае, то яна магла аддаць яму фотаздымак на захаванне. Калі апошняе, то наўрад ці. Ад вырашэння гэтага пытання залежала тое, прадоўжу я займацца Браяні-Лодж ці пераключуся на кватэру джэнтльмена ў Тэмпле. Пытанне вельмі далікатнае, а таму я пашырыў поле сваіх росшукаў. Баюся, я стамляю вас такімі падрабязнасцямі, але, каб увесці ў справу, я мушу расказаць пра яе дробныя складанасці.
– Я ўважліва сачу за аповедам, – адказаў я.
– Я ўсё яшчэ ўзважваў у думках гэтую справу, калі да Браяні-Лодж пад’ехаў прыгожы экіпаж, і адтуль выскачыў нейкі джэнтльмен, надзвычай прыгожы, цёмнавалосы, з вусамі і арліным носам, – відавочна, той самы чалавек, пра якога мне расказвалі. Было відаць, што ён вельмі спяшаецца. Ён крыкнуў рамізніку, каб той пачакаў, і праслізнуў міма служанкі, што адчыніла дзверы, з выглядам чалавека, які прыйшоў у свой дом.
Ён заставаўся там дзесьці паўгадзіны, і праз вокны гасцёўні я мімаходзь бачыў, як ён ходзіць туды-сюды, усхвалявана з кімсьці гаворачы і размахваючы рукамі. Яе саму я не бачыў. Урэшце ён выйшаў з дома, яшчэ больш узбуджаны, чым раней. Ускочыўшы ў кэб, дастаў з кішэні залаты гадзіннік і трывожна зірнуў на яго.
«Ганіце што духу! – крыкнуў ён, – спачатку да Гроса і Хенке на Рыджэнт-стрыт, а потым да царквы святой Монікі на Эджвер-роўд. Паўгінеі, калі даімчыце за дваццаць хвілін!»
Яны паехалі, і пакуль я разважаў, ці не варта адправіцца за імі, з завулка выкаціла прыгожае ландо. Плашч фурмана быў зашпілены толькі на палову гузікаў, гальштук завязаны дзесьці пад вухам, а рамяні збруі боўталіся, не замацаваныя спражкамі. Не паспеў ён спыніцца, як з дзвярэй дома выскачыла жанчына і кінулася ў ландо. Я бачыў яе толькі імгненне, але заўважыў, што яна вельмі прывабная – дзеля такога твару мужчыны часта гатовыя памерці.
– Царква святой Монікі, Джон! – крыкнула яна. – Паўсаверэна, калі даедзеце за дваццаць хвілін!
Нельга было страціць такі шанец, Ўотсан. Я абдумваў, пабегчы за ландо ці ўчапіцца за яго задок, калі на вуліцы з’явіўся новы кэб. Рамізнік двойчы паглядзеў на мой памяты твар, але я ўскочыў раней, чым ён паспеў запярэчыць. «Царква святой Монікі! – сказаў я. – Паўсаверэна, калі даедзеце за дваццаць хвілін!» Было без дваццаці пяці дванаццаць, і я, вядома, зразумеў, што ўсё гэта значыць.
Рамізнік гнаў штосілы. Не думаю, што мне даводзілася калі-небудзь ездзіць на большай хуткасці, але тыя двое гналі яшчэ хутчэй. Калі я пад’ехаў да царквы, кэб і ландо з запененымі коньмі стаялі ўжо там. Я заплаціў кэбмену і паспяшаўся ў царкву. Усярэдзіне не было нікога, апроч тых, каго я пераследаваў, а таксама ўбранага для набажэнства святара, які, відавочна, у чымсьці іх пераконваў. Усе трое стаялі на ўзвышэнні перад алтаром. Я пачаў прагульвацца па бакавым нэфе з лянотным выглядам выпадковага наведніка. Раптам, на маё здзіўленне, усе трое павярнуліся ў мой бок, і Годфры Нортан з усіх ног кінуўся да мяне.
– Дзякуй Богу! – ускрыкнуў ён. – Вы нам і патрэбныя. Хадзем! Хадзем!
– Што здарылася? – спытаў я.
– Давай жа сюды, сябра, усяго тры хвіліны, іначай яно будзе несапраўдным.
Мяне амаль пацягнулі да алтара, і, не паспеўшы прыйсці ў сябе, я заўважыў, што мармычу адказы, якія мне падказваюць на вуха, даю паруку за тое, пра што не маю ніякага ўяўлення, і ўвогуле дапамагаю Ірэн Адлер, незамужняй, і Годфры Нортану, халасцяку, узяць законны шлюб. Праз імгненне ўсё скончылася, і вось ужо джэнтльмен дзякуе мне аднаго боку, лэдзі – з другога, а святар ззяе ўсмешкай проста перада мной. Ніколі яшчэ не аказваўся я ў такой недарэчнай сітуацыі і цяпер не магу ўспамінаць яе без смеху. Мабыць, у іх былі нейкія праблемы з ліцэнзіяй, калі святар катэгарычна адмовіўся вянчаць іх без сведкі, і толькі маё шчаслівае з’яўленне ўратавала жаніха ад неабходнасці запрашаць якога мінака з вуліцы. Нявеста дала мне саверэн, і я збіраюся пачапіць яго на ланцужок ад гадзінніка ў памяць пра гэты выпадак.
– Досыць нечаканы паварот падзеяў, – зазначыў я. – А што было далей?
– Я зразумеў, што ўсе мае планы пад пагрозай зрыву. Выглядала на тое, што маладыя збіраюцца адразу ж з’язджаць, а таму я мусіў прыняць неадкладныя і дзейсныя меры. Аднак, пакінуўшы царкву, яны разышліся: ён адправіўся ў Тэмпл, яна вярнулася дадому. «Я выеду ў парк а пятай, як і заўсёды», – сказала яна на развітанне. Больш я нічога не пачуў. Яны раз’ехаліся ў розныя бакі, а я вярнуўся сюды, каб заняцца чымсьці важным.
– Чым жа?
– Халоднай ялавічынай і шклянкай піва, – адказаў ён, пазваніўшы. – Я быў надта заняты, каб думаць пра ежу, і буду яшчэ больш заняты сёння вечарам. Дарэчы, доктар, мне спатрэбіцца вашая дапамога.
– Буду рады дапамагчы.
– Вы не супраць таго, каб парушыць закон?
– Ні ў якім разе.
– Але нас могуць арыштаваць.
– На што не пойдзеш дзеля добрай справы!
– О, справа і праўда цудоўная!
– Тады я да вашых паслугаў.
– Упэўнены, на вас можна спадзявацца.
– Але што я мушу рабіць?
– Калі місіс Тэрнэр* прынясе нам перакусіць, я ўсё вам патлумачу… Цяпер, – сказаў ён, прагна накідваючыся на сціплую ежу, прыгатаваную гаспадыняй, – нам трэба абмеркаваць усё, пакуль я ем. Больш часу ў мяне няма. Цяпер каля пяці. Праз дзве гадзіны мы мусім быць на месцы. Міс Ірэн, а дакладней місіс, вяртаецца дадому ў сем. Мы павінныя сустрэць яе ля Браяні-Лодж.
– І што далей?
– Пакіньце гэта мне. Я ўжо падрыхтаваў тое, што мусіць адбыцца. Я настойваю толькі на адным: не ўмешвайцеся, хай усё ідзе сваім ходам. Разумееце?
– Мне трэба заставацца ўбаку?
– Так, ні ў якім разе нічога не рабіце. Верагодна, чакаецца невялікая непрыемнасць. Але не ўмешвайцеся. Скончыцца тым, што мяне аднясуць у дом. Праз чатыры ці пяць хвілінаў пасля гэтага акно гасцёўні адчыніцца. Вам трэба стаць як мага бліжэй да гэтага акна.
– Добра.
– Назірайце за мной – я буду навідавоку.
– Добра.
– І калі я падыму руку – вось так, – вы ўкінеце ў пакой тое, што я вам дам, і ў той жа момант закрычыце «Пажар!» Вы мяне разумееце?
– Цалкам.
– Тут няма нічога небяспечнага, – сказаў ён, выцягваючы з кішэні скрутак у форме цыгары. – Гэта звычайная водаправодная дымавая шашка*, на абодвух баках якой размешчаныя капсулі самазапальвання. Вось і ўся вашая задача. Калі вы закрычыце «Пажар!», ваш крык падхопяць многія людзі. Пасля гэтага вы можаце адбегчы на канец вуліцы, і хвілін праз дзесяць я да вас далучуся. Спадзяюся, вы ўсё зразумелі?
– Я мушу ні ў што не ўмешвацца, стаяць ля акна, сачыць за вамі і, калі ўбачу сігнал, закінуць гэты скрутак, потым падняць трывогу і чакаць вас на рагу.
– Усё правільна.
– Можаце цалкам мне даверыцца.
– Ну і цудоўна. Думаю, самы час узяцца за падрыхтоўку да маёй новай ролі.
Ён знік у спальні і праз некалькі хвілін з’явіўся ў вобразе прыязнага і прастадушнага святара нонканфармісцкай царквы*. Яго шыракаполы чорны капялюш, мехаватыя нагавіцы, белы гальштук, зычлівая ўсмешка і агульны выраз шчырай і дабрадушнай цікаўнасці былі такія цудоўныя, што зраўняцца з ім мог хіба Джон Хэйр*. Але Холмс не проста пераапрануўся. Здавалася, выраз яго твару, манера трымацца, сама душа майго сябра змяняліся з кожнай яго новай роляй. Калі ён вырашыў зрабіцца дэтэктывам, сцэна страціла ў ім вялікага актора, а навука – праніклівага мысляра.
Мы пакінулі Бэйкер-стрыт у шэсць пятнаццаць і калі апынуліся на Серпентайн-авеню, да сямі заставалася яшчэ дзесяць хвілін. Вечарэла, і пакуль мы прагульваліся перад Браяні-Лодж, чакаючы яго жыхарку, запаліліся ліхтары. Дом аказаўся акурат такім, якім я ўявіў яго з кароткага апісання Холмса, аднак раён быў не настолькі зацішным, як я чакаў. Наадварот – для маленькай зацішнай вулкі там тоўпілася занадта шмат народу: група пашарпанага выгляду мужчынаў смяялася і курыла на рагу, тачыльшчык стаяў са сваім колам, два гвардзейцы заляцаліся да маладой нянькі, а некалькі добра апранутых маладых людзей з цыгарамі прагульвалася туды-сюды.
– Разумееце, – зазначыў Холмс, калі мы праходжваліся перад домам, – гэтае вяселле толькі спрашчае справу. Фотаздымак робіцца зброяй, вострай з абодвух бакоў. Цалкам верагодна, што яна не хоча, каб містэр Годфры Нортан убачыў гэты здымак, як наш кліент не хоча, каб ён трапіў на вочы прынцэсе. Перад намі стаіць пытанне, дзе фотаздымак шукаць.
– І праўда, дзе?
– Непадобна, што яна носіць яго пры сабе. Кабінетны фармат занадта вялікі, каб лёгка схаваць яго ў жаночым плацці. Да таго ж Ірэн ведае, што кароль можа адправіць людзей, якія яе падпільнуюць і абшукаюць. Дзве такія спробы ўжо рабіліся. А значыць, мы можам лічыць, што з сабой яна фотаздымак не носіць.
– І дзе тады яна яго трымае?
– У свайго банкіра ці адваката. Абодва варыянты магчымыя, але ў абодвух я сумняюся. Жанчыны ад прыроды скрытныя і любяць атачаць сябе атмасферай таямнічасці. Навошта ёй аддаваць камусьці фотаздымак? Яна можа даверыцца толькі свайму ўласнаму ўменню захоўваць сакрэты, бо не ўпэўненая, ці зможа яе давераная асоба супрацьстаяць якому-небудзь палітычнаму ці іншаму ўплыву. І, дарэчы, успомніце, што яна плануе найбліжэйшымі днямі выкарыстаць здымак. Значыць, ён мусіць быць пад рукой. І значыць, ён ляжыць у яе дома.
– Але яго два разы абшуквалі!
– Ды глупства! Яны не ведалі, як трэба шукаць.
– Але як будзеце шукаць вы?
– Я не буду яго шукаць.
– А што тады?
– Я зраблю так, што яна сама мне яго пакажа.
– Яна адмовіцца.
– Яна не зможа. Але я чую грукат колаў. Гэта яе экіпаж. Цяпер дакладна трымайцеся маіх указанняў.
Пры гэтых словах на павароце паказалася святло бакавых ліхтароў карэты. Прыгожае маленькае ландо шумна падкаціла да дзвярэй Браяні-Лодж. Як толькі яно спынілася, адзін з абадранцаў, што гультаявалі на рагу, падскочыў да дзверцаў, спадзеючыся адчыніць іх і атрымаць за гэта мядзяк, але яго адапхнуў другі абадранец, што акурат падаспеў з тым самым намерам. Успыхнула жорсткая сварка, да якой хутка далучыліся абодва гвардзейцы, што ўзялі бок аднаго з бадзягаў, і тачыльшчык, які з не меншым палам заступіўся за другога. Потым хтосьці кагосьці ўдарыў, і праз імгненне лэдзі, якая выйшла з экіпажа, апынулася ў самым цэнтры бойкі, аточаная распаленымі задзірамі, што люта малацілі адзін аднаго кулакамі і палкамі. Холмс кінуўся ў гэтую бойку, каб абараніць лэдзі, але, дабраўшыся да яе, закрычаў і паваліўся на зямлю з залітым крывёй тварам. Калі ён зваліўся, гвардзейцы кінуліся ў адзін бок, абадранцы – у другі, тым часам як усе астатнія, прыстойна апранутыя людзі, што назіралі за сутычкай не ўмешваючыся, сабраліся вакол лэдзі, каб абараніць яе і дапамагчы параненаму. Ірэн Адлер, як я буду па-ранейшаму называць яе, узбегла па прыступках і цяпер стаяла перад дзвярыма, азіраючы вуліцу. Яе раскошны сілуэт вымалёўваўся на фоне асветленай вітальні.
– Бедны джэнтльмен моцна пацярпеў?
– Ён мёртвы, – адказала некалькі галасоў.
– Не, не, ён яшчэ жывы! – запярэчыў іншы. – Але памрэ яшчэ да таго, як вы адвезяце яго ў лякарню.
– А ён мужны чалавек, – сказала нейкая жанчына. – Калі б не ён, у лэдзі адабралі б кашалёк і гадзіннік.
Гэта сапраўдная хеўра і да таго ж вельмі жорсткая. Ах, ён пачаў дыхаць!
– Ён не можа так ляжаць на вуліцы. Можна занесці яго ў ваш дом, мадам?
– Канечне. Пакладзіце яго ў гасцёўні. Там вельмі зручная сафа. Калі ласка, сюды.
Марудна і ўрачыста Холмса занеслі ў Браяні-Лодж і паклалі ў гасцёўні. Я тым часам назіраў за ім са свайго паста ля акна. Запаліліся лямпы, але гардзіны яшчэ не былі апушчаныя, таму я цудоўна бачыў Холмса, які ляжаў на канапе. Не ведаю, ці мучыла яго ў той момант сумленне за адыграную ролю, але мне ніколі ў жыцці не было яшчэ так сорамна, як у хвіліны, калі я назіраў за прыўкрасным стварэннем, якому мы ладзілі пастку і якое з такой далікатнасцю і дабрынёй даглядала параненага. Але кінуць справу, давераную мне Холмсам, было б найчарнейшай здрадай. А таму я загартаваў сэрца і дастаў з-пад ольстэра* дымавую ракету. «Самае важнае, – думаў я, – гэта тое, што ёй самой нічога не пагражае. Мы проста перашкодзім ёй пагражаць іншаму чалавеку».
Холмс сеў на канапе, і я ўбачыў, што ён пачаў рабіць сутаргавыя рухі – як чалавек, якому не хапае паветра. Служанка кінулася да акна і расчыніла яго. У тое ж імгненне я заўважыў, што ён падняў руку, і з крыкам «Пажар!» закінуў ракету ў пакой. Ледзь паспела гэтае слова вылецець з майго рота, як увесь натоўп гледачоў – апранутых добра і дрэнна, джэнтльменаў, конюхаў і служанак – падхапіў мой крык. У пакоі клубіўся густы дым і вырываўся праз адчыненае акно. Мімаходзь я заўважыў фігуры, што насіліся ў пакоі, і праз імгненне пачуў голас Холмса, які ўпэўніваў, што трывога была беспадстаўнай. Праслізнуўшы праз натоўп, які ніяк не супакойваўся, я скіраваўся да рога, праз дзесяць хвілін радасна адчуў поціск рукі майго сябра і з палёгкай пакінуў разам з ім месца бурных падзеяў. Некалькі хвілін Холмс ішоў паспешліва і маўкліва, пакуль мы не завярнулі на адну са спакойных вулак, што вяла на Эджвер-роўд.
– Вы цудоўна справіліся, доктар, – зазначыў Холмс. – Лепшага нельга і жадаць. Усё прайшло проста цудоўна.
– Фотаздымак у вас?
– Я ведаю, дзе ён.
– Як вы пра гэта даведаліся?
– Як я і чакаў, яна сама мне паказала.
– Я ўсё яшчэ нічога не разумею.
– Я не збіраюся рабіць з гэтага таямніцы, – сказаў Холмс смеючыся. – Усё вельмі проста. Вы, безумоўна, зразумелі, што ўсе людзі на вуліцы былі маімі хаўруснікамі. Усіх іх я наняў на гэты вечар.
– Так я і думаў.
– Калі завязалася бойка, я трымаў у далоні напагатове трошкі вільготнай чырвонай фарбы. Кінуўшыся ў натоўп і зваліўшыся на зямлю, я выпацкаў фарбай твар, каб выглядаць пацярпелым. Такі вось стары хітрык.
– Я здагадаўся.
– Мяне занеслі ў дом. Яна была вымушаная дазволіць гэта. Што ёй яшчэ заставалася? Прычым занеслі менавіта ў гасцёўню, самы падазроны, як на мяне, пакой. Я вагаўся паміж гасцёўняй і спальняй і вырашыў дакладна разабрацца. Мяне паклалі на канапу, я зрабіў выгляд, што задыхаюся, прымусіўшы іх тым самым адчыніць акно і даць вам мажлівасць выканаць заданне.
– І як гэта дапамагло вам?
– Гэта ўсё і вырашыла. Калі жанчына думае, што яе дом загарэўся, яна інстынктыўна кідаецца да самай дарагой для яе рэчы. Гэты парыў неадольны, і я не раз ім карыстаўся. Ён дапамог мне ў звязаным з падменаю дарлінгтанскім скандале, а таксама ў справе з арнсварцкім замкам. Замужняя жанчына ратуе дзіця, незамужняя – куфэрак з каштоўнасцямі. Зразумела, што на сённяшні дзень для нашай лэдзі ў доме няма нічога даражэйшага, чым тое, што мы шукаем. Яна кінулася ратаваць фотаздымак. Пажарная трывога была проста выдатная. Дыму і крыкаў хапіла, каб пахіснуць нават яе сталёвыя нервы. Адрэагавала яна проста цудоўна. Фотаздымак схаваны ў патайніку за высоўнай панэллю над правым шнурком для званка. Яна ўміг падскочыла да яго, і я паспеў заўважыць, як яна напалову выцягнула сваю каштоўнасць. Калі я закрычаў, што трывога была беспадстаўнай, яна вярнула фотаздымак на месца, зірнула на шашку, выскачыла з пакоя і больш не з’яўлялася. Я падняўся і, выбачаючыся, пакінуў дом. Я вагаўся, ці не паспрабаваць адразу ж забраць фотаздымак, але ў пакой зайшоў фурман. Ён так пільна ўзіраўся ў мяне, што бяспечней было пачакаць. Празмерная паспешлівасць можа ўсё сапсаваць.
– І што цяпер? – спытаў я.
– Справа амаль зробленая. Заўтра мы зойдзем да яе з каралём і з вамі, калі вы захочаце скласці нам кампанію. Нас папросяць пачакаць лэдзі ў гасцёўні, але цалкам верагодна, што калі яна ўвойдзе туды, то не знойдзе ні нас, ні фотаздымка. Яго вялікасці будзе прыемна ўласнымі рукамі вярнуць здымак.
– І калі вы да яе зойдзеце?
– Ранкам а восьмай. Яна яшчэ будзе ў ложку, і мы займеем час для манеўраў. Але трэба спяшацца, бо жаніцьба можа цалкам змяніць і яе жыццё, і звычкі. Трэба не марудзячы напісаць каралю.
Мы дайшлі да Бэйкер-стрыт і спыніліся ля дзвярэй. Холмс шукаў у кішэнях ключы, калі нейкі мінак прамовіў:
– Дабранач, містэр Шэрлак Холмс!
На ходніках у гэты час было некалькі чалавек, але павітаў нас, відаць, хударлявы, апрануты ў ольстэр юнак, які хутка прайшоў міма.
– Гэты голас я ўжо дзесьці чуў, – сказаў Холмс, узіраючыся ў цьмяна асветленую вуліцу. – Хацеў бы я, чорт дзяры, ведаць, хто гэта.