Читать книгу Прыгоды Шэрлака Холмса (зборнік) - Артур Конан Дойл, Исмаил Шихлы - Страница 5
Скандал у Багеміі
3
ОглавлениеУ гэтую ноч я спаў на Бэйкер-стрыт. Калі мы разбіраліся з кавай і грэнкамі, у пакой заляцеў кароль Багеміі.
– Вы і праўда здабылі яго? – ускрыкнуў ён, хапаючы Шэрлака Холмса за плечы і прагна ўзіраючыся ў яго твар.
– Пакуль не.
– Але надзея ёсць?
– Ёсць.
– Тады хадзем. Я згараю ад нецярпення.
– Трэба злавіць кэб.
– Мой экіпаж нас чакае.
– Гэта спрашчае задачу.
Мы спусціліся і зноў адправіліся на Браяні-Лодж.
– Ірэн Адлер выйшла замуж, – адзначыў Холмс.
– Замуж? Калі?
– Учора.
– За каго?
– За нейкага ангельскага юрыста з прозвішчам Нортан.
– Але яна не магла яго пакахаць.
– Спадзяюся, што пакахала.
– Чаму спадзеяцеся?
– Бо гэта вызваліць вашую вялікасць ад небяспекі турботаў у будучыні. Калі лэдзі пакахала свайго мужа, яна больш не кахае вашую вялікасць. Калі яна больш не кахае вашую вялікасць, няма прычынаў умешвацца ў вашыя планы.
– Так яно і ёсць. І ўсё ж… Эх, як бы я хацеў, каб яна належала да майго кола! Якая была б каралева!
У экіпажы запанавала панылая цішыня, якая не перарывалася, пакуль мы не даехалі да Серпентайн-авеню.
Дзверы Браяні-Лодж былі адчыненыя, і на верхняй пляцоўцы стаяла пажылая жанчына. З сарданічнай усмешкай яна назірала, як мы выходзім з экіпажа.
– Містэр Шэрлак Холмс, калі не памыляюся? – спытала яна.
– Так, я Шэрлак Холмс, – адказаў мой сябар, запытальна і нават здзіўлена гледзячы на яе.
– Значыць, усё правільна. Гаспадыня сказала, што вы можаце завітаць. Сёння ў пяць пятнаццаць яна разам з мужам з’ехала з вакзала Чарынг-Крос на кантынент.
– Што? – Шэрлак Холмс адхіснуўся назад, збляднелы ад прыкрасці і нечаканасці. – Вы хочаце сказаць, што яна пакінула Англію?
– Так. Каб ніколі сюды не вяртацца.
– А што з паперамі? – хрыпла прастагнаў кароль. – Усё страчана!
– Паглядзім, – Холмс праскочыў міма служанкі і кінуўся ў гасцёўню. Мы з каралём рушылі следам.
Мэбля з разабранымі паліцамі і адчыненымі шуфлядамі была абы-як расстаўленая ў пакоі, нібыта лэдзі перад ад’ездам паспешліва яе абшуквала. Холмс падбег да шнурка ад званка, сарваў высоўную дошку, залез рукой у патайнік і выцягнуў адтуль здымак і ліст. На здымку была сама Ірэн Адлер у вечаровай сукенцы, на лісце значыўся адрасат: «Шэрлаку Холмсу, эсквайру. Пакінуць тут да яго прыходу». Мой сябар разарваў канверт, і мы ўтрох пачалі чытаць пасланне. Яно было датаванае мінулай ноччу, і вось пра што ў ім вялося:
«Мой дарагі містэр Шэрлак Холмс!
Вы і праўда цудоўна зрабілі сваю справу. Спрытна ж вы мяне падлавілі. Да самай пажарнай трывогі ў мяне не было і ценю сумневу. Але зразумеўшы, як я сябе выдала, я задумалася. Яшчэ некалькі месяцаў таму мяне папярэдзілі, што калі кароль будзе наймаць дэтэктыва, то яго выбар, безумоўна, спыніцца на вас. Мне далі нават ваш адрас. Але нягледзячы на гэта, вы пра ўсё даведаліся. Нават калі ў маё сэрца закраліся падазрэнні, я ніяк не магла паверыць у злыя намеры такога мілага і добрага старога святара. Але вы ведаеце, што я і сама някепская акторка. Мужчынскі касцюм мне не ў навінку – я часта карыстаюся перавагамі, якія ён дае. Я адправіла Джона, майго фурмана, сачыць за вамі, а сама пабегла наверх, пераапранулася ў касцюм для шпацыру і спусцілася акурат тады, калі вы сыходзілі.
Такім чынам, я ішла за вамі да самых вашых дзвярэй і ўпэўнілася, што сапраўды зрабілася прадметам цікавасці знакамітага Шэрлака Холмса. Тады я досыць неразважліва пажадала вам добрай ночы і рушыла ў Тэмпл да мужа.
Мы пагадзіліся на тым, што, калі мяне пераследуе такі сур’ёўны супраціўнік, лепш за ўсё ўцячы, а таму калі вы завітаеце да мяне заўтра, то знойдзеце гняздзечка пустым. Што да фотаздымка, то ваш кліент можа спаць спакойна. Я кахаю чалавека, нашмат лепшага за яго, і маё каханне ўзаемнае. Кароль можа рабіць што яму заманецца, не баючыся перашкодаў з боку той, з кім ён так жорстка абышоўся. Я пакідаю гэты фотаздымак толькі дзеля ўласнай бяспекі – ён будзе добрай зброяй, што абароніць мяне ад магчымых захадаў супраць мяне ў будучыні.
Я пакідаю іншы здымак, які яму, мабыць, будзе прыемна атрымаць, і на тым, дарагі Шэрлак Холмс, застаюся шчыра вашай
Ірэн Нортан, народжанай Адлер».
– Якая жанчына, Божа мой, якая жанчына! – ускрыкнуў кароль Багеміі, калі мы скончылі чытаць. – Хіба я не расказваў вам, якая яна здагадлівая і рашучая? Хіба не зрабілася б яна цудоўнай каралевай? Як шкада, што яна мне не роўня.
– З таго, што я пабачыў, я і праўда зразумеў, што яна вашай вялікасці зусім не роўня, – холадна сказаў Холмс. – Шкада, што я не змог давесці справу да больш паспяховага заканчэння.
– Наадварот, мой дарагі сэр! – усклікнуў кароль. – Большага поспеху і жадаць немагчыма! Я ведаю, што яе слова непарушнае. Цяпер фотаздымак у такой жа бяспецы, як калі б яна яго спаліла.
– Я рады чуць гэта, вашая вялікасць.
– Я бясконца вам абавязаны. Прашу вас, скажыце, чым я магу аддзячыць. Гэты пярсцёнак… – ён зняў з пальца пярсцёнак у выглядзе змяі са смарагдам і на далоні працягнуў майму сябру.
– У вашай вялікасці ёсць рэч, якая мае для мяне большую каштоўнасць, – сказаў Холмс.
– Толькі скажыце, што гэта.
– Фотаздымак.
Кароль здзіўлена паглядзеў на яго.
– Фотаздымак Ірэн?! – усклікнуў ён. – Калі вы хочаце, ён ваш!
– Дзякую вашай вялікасці. Значыць, у гэтай справе больш нічога не зробіш. І таму я маю гонар пажадаць вам усяго найлепшага.
Холмс пакланіўся, павярнуўся і, не заўважаючы пададзенай яму рукі, разам са мной рушыў у сваю кватэру.
Вось і ўся гісторыя пра скандал, які пагражаў запляміць гонар караля Багеміі, а таксама пра тое, як цудоўныя планы Шэрлака Холмса быў парушаныя здагадлівай жанчынай. Раней мой сябар часта дасціпнічаў на тэму жаночага розуму, апошнім жа часам я не чую ад яго такіх жартаў. І калі ён гаворыць пра Ірэн Адлер ці згадвае пра яе фотаздымак, то заўсёды ўшаноўвае яе тытулам «тая жанчына».
Пераклала Ганна Янкута