Читать книгу Дудка беларуская - Багушэвіч Францішак - Страница 2
Францiшак Багушэвiч
ДУДКА БЕЛАРУСКАЯ
Дурны мужык, як варона
ОглавлениеВесь свет кажыць, б'ець у звона:
«Дурны мужык, як варона!»
Гэта тыкі справядліва:
Ён дурнейшы ад вароны,
І не дзіва – было б дзіва,
Каб мужык ды быў вучоны.
Дык крычыце ж, біце ў звона:
Дурны мужык, як варона!
Да навукі ён не браўся,
Закасіўся, заараўся;
Дурнем умрэ, як радзіўся,
Сам сабой дурным зрабіўся,
Ведама, мужык – хамула —
Ад навукі адвярнула!
Дык крычыце ж, біце ў звона:
Дурны мужык, як варона!
Ці ж не дурань мужык гэта:
Гарэ, сее усё лета,
А як прыйдуцца дажынкі,
Няма збожжа ні асьмінкі,
А даждаўшы на Каляды,
Мужыкі мякінцы рады.
Дык крычыце ж, біце ў звона:
Дурны мужык, як варона!
Усю зіму возам цягне
Да вакзалу ружнэ збожжа,
Ногі змерзнуць, сам засмягне,
А на хлеб кажух заложа,
Каб дажыць як да крапівы,
Абы ў поле выйшаў жывы.
Дык крычыце ж, біце ў звона:
Дурны мужык, як варона!
Ад Пятра і да Якуба[2]
Ён касой махаў ад рання:
Наклаў стагоў, людзям – люба,
Ў хаце ж сена – анізвання;
Равець з голаду скаціна,
Хоць кінь, бяжы за вачыма!
Дык крычыце ж, біце ў звона:
Дурны мужык, як варона!
Глядзі, касцёл аж да неба,
Воласць бляхамі пакрыта!
Срэбрам скрые, калі трэба,
Бо за гэта яго біта,
А сам жывець ў мокрай яме,
Дзверы заткнуў анучамі!
Дык крычыце ж, біце ў звона:
Дурны мужык, як варона!
З камаровы нос сякерку
Сцісне, крэкне, замахае, —
Зробе пушчу, як талерку,
Свет дрывамі закідае!
А у хаце – зварыць страву,
Пашчапае стару лаву!
Дык крычыце ж, біце ў звона:
Дурны мужык, як варона!
Глядзі! горы паразрыты,
А чугункай свет абвіты:
Ўсё з мужыцкай цяжкай працы,
Усе едуць у палацы;
Ў мужыка ж няма білета!
Ці ж не дурань мужык гэта?
Дык крычыце ж, біце ў звона:
Дурны мужык, як варона!
2
Ад Пятра да Якуба – з 29 чэрвеня да 25 ліпеня (н. ст.).