Читать книгу Дудка беларуская - Багушэвіч Францішак - Страница 3

Францiшак Багушэвiч
ДУДКА БЕЛАРУСКАЯ
Як праўды шукаюць

Оглавление

Як простая праўда згінула у свеце,

Дык праўды і з свечкай шукаюць,

І золатам маняць, і людзей склікаюць,

І Бога цалуюць, – а ўсё-такі прэце[3],

Як камень у воду, так праўда прапала!

Судоў нарабілі, начальстваў ці мала:

Пасрэднік і воласць, сынод і санаты,

Прысуцтва і вокруг, управы, палаты.

А найбольш міравых, участковых і з'ездаў,

Што ў полі камення, што гвездаў[4]!

Затое ж жыццё цяпер труднае стала,

У сведкі улезці, ні села – ні пала,

Ад суду да суду праз лета цягацца

Так лёгка, што навет не трэба старацца!


Раз еду я ў Вільню адведаць сынка,

Ажно пры дарозе пасецца кабыла,

Стаіць чалавек якісь ля млынка,

За млынам сука там брахала ці выла,

І гдзесьці «ратуйце» крычала кабета,

А мостам ляцела якаясь карэта.

І што ж тут такое было? Мне здаецца:

Хто едзе, хто вые, хто, можа, смяецца…

(А мельнік стаяў у дзвярах і смяяўся.

Чаго ён смяецца? – дык я ж не пытаўся!)

Мінуўшы я млын той, еду ўжо лесам, —

Ляжыць чалавек пад кустом ля дарогі

Без шапкі і босы, так шталтам убогі[5];

Але я еду з сваім інтарэсам,

Мне няма дзела больш ні да кога;

Ляжачага ж люду усюды ёсць многа!

Я аглянуўся, аж гоніцца хтосьці,

Кліча: «Пастой жа для Боскай мілосці!..»

Стаў я, чакаю, аж ён і пытае:

Хто я, адкуль ёсць і хто мяне знае?

І кажа вярнуцца мне аж да млыну,

Сведкам ураднік зве на гадзіну.

Вярнуўся, гляджу, аж карэта у рэчцы,

Мельнік цяпер ужо не смяецца,

Кабылу сотнік цягне да стану,

Цырулік[6] кроў кінуў абмокшаму пану,

Дзюра на мосце так, як на хату,

Два хлопцы ловяць сучку кудлату;

Баба стаіць у парванай спаднічцы,

І кроў ёй цячэ па руцэ і па лытцы.

Вязуць і труп той зараз на возе,

Што я то відзеў, лежачы пры дарозе.

Пытаецца ратнік[7] мяне ды за сведка:

Ці мельнік цкаваў, ці крычала кабетка?

Ці сучка парвала? А сучку ці білі?

Ці відзеў, што ў мосце масціны пагнілі?

Ці відзеў, як мельнік смяяўся?

Як пан з фурманом у карэце купаўся?

Як фурман ўтануў, а як пан ратаваўся?

Як злодзей цікаўся з-пад млыну да коні?

Як свіснуў кабылу і ляцеў на Рыконі[8]?

Ці знаю, хто то забіты валяўся?

І кім забіты, ды каб я прызнаўся,

Ці не я яго вёз ды после уклаў?

Можа, меў грошы, можа, я іх забраў?

(І дух мне заняў, сказаць слова не мог!

Вот напасць на мяне, чысты крыж паслаў Бог!)

Чаму я не хацеў ратаваць фурмана?

Чаму майстра таго не лавіў ля млына?

Чаму сучкі ад бабы куслівай не гнаў?

Чаго я ўцякаў, што ледзь соцкі нагнаў?..

Пратрымаў ён мяне цэлы дзень.

А бадай ты прапаў! Яшчэ даў я рубель,

Ён так спрытна яго запусціў у кішэнь.

Я паехаў сабе! Аж у восем нядзель

Соцкі прэць мне павестак і шмат:

Ў першай сведкам – як мельнік цкаваў,

Ў другой сведкам – што мост без прыгат[9],

Ў трэцяй сведкам – як коні хтось краў,

Ў чвартай сведкам – як пан заваліўся,

Як выплыў наверх, а фурман як заліўся,

Ў пёнтай сведкам – што труп пры дарозе

Быў убіты, а двое людзей уцякалі,

І што я даганяў тых людзей ды на возе,

А яны праз ламы[10] удваіх паскакалі!

Аж на шостай ужо дык я стаў вінават,

Што ратунку не даў, як карэта плыла.

Як я стаў па павестках хадзіць ад Каляд,

Дык асеўся якраз, як Пакрова[11] была!..

І не сеяў, не жаў, не касіў сенажаць,

У арэнду аддаў, бо не мог дадзяржаць.

І што меў, то прадаў, пераеў,

Па судах агалеў, як шэсць разы згарэў;

І ў казе[12] адсядзеў нядзель шэсць,

За няяўку плаціў, можа, трэйчы і штраф.

Як на тое ж і праўда схавалася гдзесьць,

А шукаўшы яе, і мне здарыўся траф[13].


3

Прэце (польск. przecie) – аднак, але; тут у значэнні дарма, дарэмна.

4

Гвезды – зоркі.

5

Шталтам убогі – на выгляд убогі.

6

Цырулік – лекар.

7

Ратнік – ураднік

8

Рыконі – мястэчка Рукойны (Рукайняй), непадалёку ад Вільні; у Рукойненскім касцёле хрысцілі паэта.

9

Без прыгат – без парэнчаў.

10

Ламы – завалы з галля і сухастою ў лесе.

11

Пакрова – Пакровы, рэлігійнае свята 1 кастрычніка.

12

Каза – астрог.

13

Траф – выпадак, здарэнне.

Дудка беларуская

Подняться наверх