Читать книгу Дудка беларуская - Багушэвіч Францішак - Страница 5

Францiшак Багушэвiч
ДУДКА БЕЛАРУСКАЯ
Воўк і авечка

Оглавление

Злавіў воўк ягнятка

І панёс жывое!

Плачуць сын і матка,

Як бабры, абое.

Воўк над маткай злітаваўся,

Як які аконам,

У аўчынку перабраўся

Ды ідзець з паклонам.

«Прыйшоў, – кажа, – я здалёчку

Расказаць пані авечца

Добру вестку аб сыночку, —

Як яму цяпер жывецца.

Не пазнала б ты ніколі,

Такі стаў дасужы

І жывець сабе на волі,

Без бяды, без нужы.

Зубы выраслі з клыкамі,

І адпалі рожкі,

Ножкі цяпер з пазурамі,

Хвост даўжэйшы трошкі.

І ўжо воўка не баіцца,

Ў хлеў ніхто не гоне;

Мае чым абараніцца

І другіх бароне!

Прыйдзі, імасць, да нас ў госці,

Справім сабе вечарынку:

Будзе мяса, будуць косці,

Будзем есць без адпачынку!»

«Дзякуй, дзякуй, ягамосці,

За весці такія!

Няхай прыйдзе сын у госці,

Пагляджу, ці вые?

Бо, кажуць, меж вамі

Трэба выць ваўкамі.

Я ж па-воўчу не умею

Ні выць, ні есці, ні лгаць.

Ды скінь скурку, дабрадзею,

Бо зубкі відаць».


І авечка, хоць дурная,

А воўка ж пазнае!


Дудка беларуская

Подняться наверх