Читать книгу Дудка беларуская - Багушэвіч Францішак - Страница 6

Францiшак Багушэвiч
ДУДКА БЕЛАРУСКАЯ
Мая хата

Оглавление

Бедна ж мая хатка расселася з краю,

Меж пяскоў, каменняў, ля самага гаю,

Ля самага бору, на беражку лесу;

Ніхто тут не трафе, хоць бы з інтарэсу.

Як няма гарэлкі, няма куска хлеба,

Дык які ж інтэрас, каму сюды трэба?

Да хоць няма хлеба, жабраваць не буду,

Пражыву як-кольвек ад працы, ад труду!


Кепска ж мая хатка, падваліна згніла,

І дымна, і зімна, а мне яна міла;

Не буду мяняцца хоць бы і на замкі, —

Калок свой мілейшы, як чужыя клямкі.

На страсе мох вырас, на маху бярозка.

Мільшая мне хатка, як чужая вёска.


Сваталі ж мне ў прыймы у новую хату,

На зямлю ражайну і дзеўку багату;

Буду жыць, казалі, як які пасэсар[21],

Ездзіць парай коні, як сам пан асэсар[22];

Да мне даражэйшы вугал гэты гнілы,

Камень пры дарозе, пясок ля магілы,

Як чужое поле, як дом мураваны! —

Не аддам за сурдут каптан свой падраны.


Клікалі ж у госці і клічуць суседзі —

Не пайду, не трэба, бо, кажуць, заедзі

Ад чужога хлеба губы абсядаюць,

Што чужога прагнуць, то сваё кідаюць.

Я не кіну хаты, хоць вы мяне рэжце,

Не пайду да вас я, хіба у арэшце.

А хоць сілай навет адарвалі б з дому,

Калісьці вярнуўся б, як мядзведзь да лому.


Заваліцца й хата, зарастуць пакосы,

Усё б я вярнуўся, хоць голы да босы!

Насек бы бярвенняў, нацягаў бы моху,

Зноў бы склеціў хату як-кольвек патроху,

Зрабіў бы камору, выкаваў бы жорны, —

Усё ж свой хлеб еў бы, хоць бы сабе чорны!

Ну дык жа адстаньце, нашто я вам трэба:

Ці каб ваш хлеб есці, ці рабіць вам хлеба?


21

Пасэсар – арандатар.

22

Асэсар – станавы прыстаў.

Дудка беларуская

Подняться наверх