Читать книгу Дудка беларуская - Багушэвіч Францішак - Страница 4

Францiшак Багушэвiч
ДУДКА БЕЛАРУСКАЯ
У судзе

Оглавление

Давялося ж і мне быць на велькім судзе,

На акружным судзе, гдзе усе ў грамадзе:

Мужыкі і паны, маскалі і жыды,

Хто у чым, як папаў, – ўсё туды ды туды.

Тут кажух, і шынэль, і бурнос, лапсардак,

І сурдут, і мундзер… а адзін быў і храк

(Так як куртка з хвастом), і брадзяжка[14] была…

Прыйшлі ўсе, і Пантурчыха навет прыйшла…

Быў тут ксёндз, быў і поп, быў і рабін жыдоў,

Толькі наш аліндар[15], той чагось не прыйшоў.

Самы суд за шырокі сеў стол ўпяцярох,

Шосты ходзе сабе, – ўсе ў залатых каўнярох[16],

Як дукат на дукат, так на іх зіхаціць.

(Каб я быў так багат – не хацеў бы судзіць.)

Па аднэй старане душ чтарнасця сядзіць,

Па другой – арыштант, той, што будуць судзіць,

А прад ім – без палы, толькі хвосцік вісеў —

Адвакат, што то меў бараніць, той сядзеў.

Арыштантам тым быў наш Пятрук Пантурок,

Што у пушчы гдзесь меў патайны браварок.

А акцызнік[17] Яськоў браў з яго кубана[18],

Дый данёс, дый злавіў, як той воўк барана.

І акцызнік той быў, прысягаўся і ён,

Як яму хтось данёс, як сачыў ён пяць дзён,

Як кацёл там кіпеў, як гдзе брага была,

Як Пятрук не паспеў уцячы ад катла…

А брахаў дык брахаў і сябе ўсё хваліў,

А таго ж не сказаў, як Пантурку даіў.

Потым нас па адным сталі ў суд выклікаць.

Прысягаўшы на тым, трэба ж праўду казаць!

Тут пытаюць мяне, а тут жаль Петрука;

І мая ж у яго там прапала мука,

І я думаў сабе выгнаць водкі з вядро

На васэле дачкі (вот было бы дабро),

Ды завёз Петруку дзве асьміны мукі,

Дык якраз на той час наляцелі ж «крукі»,

Ды мяне ж павялі у той лес панятым,

Каб ім дна не было і акцызнікам тым!

Як спыталіся ўсіх, – прачыталі той «а х»,

Што злавіўся Пятрук (а набрэхана ж – страх).

Там такое стаіць, што і ў думцы няма:

Паравік, змеявік і якаясь шляма[19]

Прачыталі ото і яшчэ там папер;

Пагляджу ж, кажу я, што-то будзе цяпер?

Прасцідацель сказаў: «Пяць мінут перарыў!»

І ў каморку шмыгнуў, толькі ксёнжку закрыў.

І усе паднялісь і пайшлі хто куды;

Я застаўся сядзець, усё роўна з нуды.

Як вярнуліся зноў, дык адзін той устаў,

Што сядзеў на канцы і найболей пытаў;

Паглядзеў на усіх, як узяўся за стол,

Як зачаў ён крычаць: «Прытакол, прытакол!»

І казну спамінаў, і трубу, і кацёл,

І муку, і мяшок… ды усё – «прытакол!».

Я сяджу і дрыжу, каб мяне не назваў;

Калі – бразць! і я тут! – А бадай ты прапаў!..

Але хвале мяне, справядлівым заве,

На Пантурку ж зіркне, – як скаціна, раве:

«Вінават, вінават, няхай плаце казне,

І ў турму, і ў Сібір!» – і яшчэ кудысь пхне…

Гаварыў, гаварыў, ажно піць захацеў,

Так, як бульбу, Пятра пасаліўшы ды з'еў.

А сказаць бы, за што? – За сваё за дабро.

Чалавек захацеў зрабіць водкі з вядро;

Што за наўда[20] яму, каб ён свету не знаў,

Ці Пантурка з'еў блін, ці гарэлкі нагнаў?

Потым стаў вылічаць свае страты акцыз:

Той дык так бы зубамі Пантурку загрыз!

Налічаў, налічаў – і двайну і трайну,

Як шынкар у карчме тваю чарку адну.

І начынне забраць, і худобу прадаць,

Што ў казну, то ў казну, і яшчэ камусь даць,

Тысяч тры там, ці што, налічыў ён пяні.

(У Пятра ж каб хоць грош, не то што, ў кішані.

Смачны жабе гарэх, да зубоў Бог не даў —

Каб акцыз тое меў, што ў Пантуркі забраў;

Дзве казы прадалі, ды сярмягу, ды воз,

І то брат адкупіў, а назаўтра адвёз.)

Аж не сцярпеў той пан, што у куртцы сядзеў;

Петруку штось сказаў, акуляры надзеў.

Калі ж крыкне-зыкне, аж затросся той суд.

«Гдзе тут, – кажа, – віна, чым Пятрук вінен тут?

Што скацінку карміў працаваным дабром,

Насіў брагу з двара на насідлах вядром?

Тут турму, тут і штраф для акцыза схаваць…»

Як зачаў гаварыць, як зачаў бедаваць,

Дык Пятрук і не гнаў, і у лесе не быў,

А то я вінават, я сам гнаў, і падбіў,

І данёс на яго… Вінават я увесь!

А бадай ты прапаў, а бадай цябе рэзь!

Як ката дагары, так ён дзела скруціў:

На мяне набрахаў, Пантурка зашчыціў.

Я гляджу, што тут куц, – прападу, як сука,

Бо мяшок тыкі мой, ды мая ж і мука!..

Калі дзверы «скрыпель»,

а я – «шусць» праз людзей,

Ды на двор, ды ў карчму, да кабылы бардзей;

Прыляцеў аж у дом, бурачкоў трохі з'еў,

Сказаў жонцы: «Маўчы ж!» Сам у лес паляцеў:

На тым мейсцы, гдзе быў браварок Пантурка,

Дай садзіць дзераўца, аж самлела рука.

Сцежку мохам заклаў і след той так закрыў,

Што ніхто б не пазнаў, гдзе і бровар, ці быў.

Ды ізноў аж на суд, а суда ўжо няма,

Толькі плача, клянець Пантурчыха сама.

Пантурка адвялі-тыкі зараз ў астрог;

Той куртаты зашчыт, як кадзідла, памог.

Я ж якосьць уцалеў ад суда на той час.

Каб жа Бог не давёў на той суд другі раз!


14

Брадзяжка – валацуга; бяспашпартная.

15

Аліндар – арандатар.

16

Усе ў залатых каўнярох – у аўтографе: усе ў адных каўнярох.

17

Акцызнік – службовец акцызнай установы, якая збірала падатак за выраб і продаж гарэлкі.

18

Кубан – хабар.

19

Шляма (польск. szlam) – шлам; ціна, асадак (у паравых катлах пры адстойванні ці фільтрацыі).

20

Наўда – карысць.

Дудка беларуская

Подняться наверх