Читать книгу Калі цябе спаткае казка… - Ганна Навасельцава - Страница 2
СМЯХОТНАЯ (НЕ)БЫЛІЧКА ПРА ЧАРАДЗЕЯЎ НЕВЯЛІЧКІХ…
ОглавлениеПаслухайце, падзівіцеся, людцы добрыя! Ладна ды згодна жылі сваякі-суседзі, Саўка Саўчыкаў ды Грышка Грынчыкаў. Паважаныя, шанаваныя, працавітыя, ашчадныя, старанныя… аж праз меру. Абодва заўзятыя аматары рыбаліць. Хоць, як вядома, меры тут і няма… Нідзе няма: ні як старанным ды працавітым быць, ні як вуду трымаць. Хоць і таптуху шанавалі… Але ж усялякае здаралася!
Дык вось я пра што! Сябравітыя, значыць, суседзі, адна і загана, што любяць хваліцца. Ды не так самі сябе, як адзін аднаго… А ўжо калі пачнуць хваліць – не нахваляцца! Як яно зазвычай бывала… Прыйдзе Саўка ў які гурт, памаўчыць важна ды і завядзе простую гаворку:
– А ў Грышкі ж карова не карова, а проста золата!
– Што, малаком хоць заліся? – у яго пытаюцца.
– Куды там! На малако – як тая каза… Затое ж разумная! Разумней, чым Грышкава жонка!
– Як гэта так?
– А што вы думаеце! Іду надоечы праз сваю палоску, мы ж разам косім лазнянскі лужок, дык бачу зусім парадак. Сена і скошана, і высушана, на сене ж ляжыць Грышкава…
– Жонка?
– Куды там! Карова! Сена на ўсю ляпу хапае як не падавіцца! А побач стаіць…
– Грышка?
– Грышкава жонка! Каровы не ганяе, сена ў валок заграбае! Ты, Грыпіна, кажу, карову пужні, каб не рабіла шкоды. А яна мне кажа, не карова, зразумела, а жонка: «Не буду каровы гнаць! Яна мне сказала, што ёй Грышка дазволіў!»
– Га-га-га! Карова сказала, што ёй Грышка дазволіў есці летам сена! Карове, не жонцы…
– А можа, і жонцы, – разважліва цягне Саўка. – Грышка ж не скупы, самі ведаеце!
– Ды ведаем! Сваёй шыкоўнай трохі палапленай світкай сёмы год хварсіць! А боты ж, боты! Падаб’е каторы раз жалеззем – і як новыя! А шапка! І зімовая, і летняя. Вось які наш Грышута! Самы-самы…
– А і зусім у яго карова чарадзейная! – запэўнівае ўсіх Саўка. – Не вераце?
– Верым! Бо размаўляе!
– І-і-і! Не толькі размаўляе! Сама на пашу ходзіць, сама з пашы вяртаецца. Мне Грыпіна так і казала: «Я з каровай толькі дзеля добрай кампаніі хаджу! Лепей, чым з Грышкам».
– Вось яно, сямейнае шчасце!
– Э-э-э! Не кажыце! Мне Грышка сам надоечы дзейкаў, што, маючы такую чарадзейную карову, – шчаслівы… І жонкі яму не трэба! Самы-самы…
– А ты, Саўка, шчаслівы? – спытаюцца ў яго. – Калі ж надумаеш жаніцца?
– Ды дзе ж тое шчасце падзелася, – цяжка ўздыхне той. – Не ведаю…
Колькі часу мінецца, а з суседзямі, са сваякамі, з суседскімі сваякамі дойдзе тая гамонка да Грышкі. Дык той, як гэта кажуць, не чакаючы зімы, ідзе ў які, малы ці вялікі, гурт… Пра нейкую драбязу запытае, уздыхне ды скажа самае галоўнае:
– А ў Саўкі ж конь проста залаты, проста чарадзейны!
– Што, лётае, нібы вецер? Дужы, нібы асілак?
– Куды там! Валюхаецца, нібы качка! Недакормленая… Але ж разумны! Разумней за Саўку!
– Як гэта так? – у яго запытаюцца.
– А што вы думаеце! Іду надоечы праз сваю палоску, мы ж разам косім лазнянскі лужок, дык бачу, як Саўка сена возіць… Воз кладзе ды ў каня пытаецца, ці трэба болей класці, ці ж не… Конь, праўда, яму нічога не адказвае.
– Чаму гэта? Відаць не такі чарадзейны, як твая карова, што добра гаворыць…
– Ды не! Ганарысты, мабыць, аж болей за самаго Саўку, які, ці ведаеце, самы ганарысты!
– Як гэта так?
– А вось так! Едзе ўранні на сваім кані, седзячы задам наперад. Відаць, каб не вітацца… І не вітаецца! Нос угору, хвост трубой…
– Конь нос угору? А Саўка…
– Не! Саўка нос угору! А каніска яго чарадзейны хвост трубой! Відаць, каб хвост па носе не даставаў! Во як бывае…
– А Саўка ж наш, Саўка! Як з яго не цешыцца!
Усе ведаюць, што Саўка на язык лоўкі, Грышка – не надта каб… Таму ж Грышку як могуць дапамагаюць. Пытаюцца прыязна, заклапочана:
– Што ж яшчэ той конь чарадзейны робіць?
– А ўсё! Працавіты, шэльма, не тое, што ягоны гаспадар…
– Ты ж казаў, што ён быццам худая качка?
– Дык праўду казаў! Ад таго і худы, што спрацаваўся. Саўка на возе спіць, а конь воз цягне. У канаву… Саўка прачнецца, пасварыцца і далей храпе. А конь зноў воз цягне. З канавы ў лес…
– А з лесу дадому?
– А з лесу ў возера! І паплыло сянцо! А Саўка зноў за касу бярэцца…
– Го-го-го! Працавіты наш Саўка! Гаспадарлівы! Дбайны! Самы-самы…
– Сам казаў, – паважна ўздыхае Грышка, – што, маючы такога цудоўнага каня, нікога ў гаспадарцы трымаць не трэба! Дык і не трымае! Адно сена косіць як на тры каровы… Якіх не мае.
– Шчаслівы чалавеча! Ведае, што яму трэба! А ты, Грышка, ведаеш? – спытаюцца ў яго.
– Эх! Каб ведаў, у золаце хадзіў бы! – цяжка ўздыхне той.
І зноў суседзі намаўляюць, сваякі гукаюць, а Саўка ды Грышка адзін аднаму зусім па-сяброўску ўсміхаюцца. Радуюцца. Вітаюцца прыязна, хоць злыя языкі патроху плявузгаюць, што пры гэтым хвігу ў кішэні хаваюць… Нагаворваюць, вядома, тое, чаго няма, зайздроснікі. Не языкі, іх гаспадары, якія занадта ж языкатыя.
А Саўка ды Грышка адзін да аднаго і зусім зычлівыя. Прыйдзе Саўка да Грышкі ў хату і папросіць: «Падары, суседзе, мне свайго ката. Такі ён у цябе дабрэнны, такі хвацкі!» «А бяры, суседзе, – скажа яму Грышка, – мне ж для цябе нічога не шкада. Відаць, усяго цябе мышы апанавалі». І падасць яму ката. Назаўтра гром грыміць, маланка ляціць, дождж лье як з вядра, а Грышкаў кот сядзіць на Саўкавай страсе. Няйначай, чаруе. Злавесна хмары хвастом гоніць… Ці не? Так сабе забаўляецца, пад дажджом мокне.
Бяжыць Саўка да Грышкі ў хату, крычыць, злуе, сварыцца: «А твой жа кот дожджу нагнаў, сена ўсё памачыў, каб на яго балесь!» «Ну і няхай балесь на тваё сена», – спакойна пагодзіцца разважлівы Грышка, а Саўка аж закіпіць ад такога. «Ты не клапаціся, мой котка перуноў не баіцца», – яшчэ дадасць гаспадар, і дождж запар тры дні ідзе, дапамагае сушыць сена.
Мокры Саўка зусім занудзіцца, але ж і Грышку мокра. Дык прыйдзе Грышка да Саўкі ў хату і папросіць: «Падары, суседзе, мне свайго чырвонага пеўня. Няхай гэта і адзінае, што ў цябе ёсць у гаспадарцы, акрамя каня. Такі ён у цябе хвацкі, такі дабрэнны. Певень, а не конь». «А бяры, суседзе, – скажа яму Саўка, – мне ж для цябе нічога не шкада. Відаць, усяго цябе макрынь апанавала». І падасць яму чырвонага пеўня. Назаўтра сонца пячэ, на небе ані хмаркі, гарачынь душыць, хоць ад калодзежа не адыходзься, а чырвоны певень на Грышкавай страсе сядзіць. Няйначай, чаруе. Злавесна вятры-сухавеі крыламі гоніць… Ці не? Так сабе забаўляецца, пад сонцам пячэцца.
Бяжыць Грышка да Саўкі ў хату, крычыць, злуе, сварыцца: «А твой жа певень гарачыні нагнаў, хоць задыхніся, хай на яго балесь». А Саўка паважна ўсміхнецца: «Ты не клапаціся, майго пеўня ніякая хмара не прагоніць». «Цмока на яго паклічу», – грозіцца Грышка, на што Саўка нічога не адказвае, мусіць, певень той цмока ўсё ж баіцца.
Адным словам, сябруюць Саўка ды Грышка, адзін аднаго ані баяцца. Не баяцца, кажу, адзін аднаму радзіць, а то і дапамагаць з мілай душой… Жне Грышка з Грыпінай сваю пшанічку, а Саўка тут як тут. Усміхнецца з хітрынкай ды скажа, што рана яны жнуць, колас яшчэ не ўвесь саспелы. Ды і заломіць залом на яшчэ нязжатым, каб спела зернетка хутчэй. Падзякуе Грышка і далей сабе працуе. Жне ды жне, жне ды жне, ужо і жонка, насварыўшыся, дадому пабегла, а Грышка ўсё жне. Так цяжанька сярпок падымаецца, за каласы чапляецца, працаваць зусім не хоча… Залом жа стаіць, сілу чарадзейную трымае, палетак за палеткам зжынаць не пушчае… Дык і праўда, пакуль Грышута цяжка так гаруе, то і колас даспявае. дзякуй добраму суседу!
А вось і Саўка жне сваё жытцо, спелае, наліўное. Золата, а не жыта. Ці срэбра… Дык Грышка тут як тут, усміхаецца з хітрынкай. Гаворыць, што дапаможа жыта ў гумно звезці. «Не трэба, суседзе, – скажа яму Саўка, – маю ж чарадзейнага каня, сам неяк упраўлюся». «Э-э-э, ды што твой чарадзейны конь. Я вось маю чарадзейную карову, дык гэта ж справа. Яна ўраз снапам рады дасць. Ты не турбуйся». Як пад вечар пойдзе Саўка дадому, а на яго поле чарадзейная Грышкава карова – шась. Ды шастае туды-сюды, змяркання чакаючы. А тады ж сноп рагамі ўгору як падкіне – і паляцела жыта ў неба, так што і не відаць яго ў цьмяна-сіняй вышыні. І другі, і трэці, і пяты, і дзясяты, і так усё поле пакідае, а неба пасля зорнае-зорнае. Як срэбрам пасыпанае. Дык Саўка апасля клопату не мае. Дзякуй, дзякуй добраму суседу!
Ды не, усё ж мае Саўка адзін клопат. Гоніць да Грышкавай пшанічкі свайго чарадзейнага каня. Конь ляціць наўскапыццё, храпе, вачамі зыркае. Віхурай на тую пшаніцу набяжыць і панясе далёка-далёка, ніводнага каласка не пакінуўшы. Падзене немаведама дзе, адно налета ідуць дажджы, буйныя, цёплыя, светлыя, а што ні кропля, то як пшанічнае зернетка.
Апасля і Саўка, і Грышка на зіму ў суседзяў пазычаюць, лета цалюткае ім за пазыку адрабляюць, хоць тыя суседзі не маюць ні чарадзейнай каровы, ні чарадзейнага каня. Так і жывецца, так і вядзецца. Як старыя кажуць, куды ні кінь – усюды клін. Што ж тут рабіці будзеш? Выйдзе ўранні Саўка на шырокі прастор, з сонцам ласкава вітаецца, як з роўняй, руку падае ды жаліцца:
– Сонца маё, сонейка, зычліва свет сузіраеш, высокае, прамяністае, і мне ж паспрыяй, дапамажы ласкава. Грышкавы грады і зусім спалі, каб там анічога не вырасла!
– Не буду Грышкавы грады паліць! – капрызліва кажа сонейка. – Ты ўчора Грышку пужаў, кажух навыварат надзеўшы, рогі з галля на галаву начапіўшы. Гаўкаў, як чорт сапраўдны, хоць чорт і не гаўкае. Як ты чортам задарма ўдаешся, а чэрці і мяне ў багну зацягнуць жадаюць, то не буду з табой сябраваць, не буду табе дапамагаць!
Заплача Саўка ды і пойдзе сабе, нічога не думаючы. А Грышка ўвечары змяркання чакае, як маладзічок з-за хмар выгляне, вітаецца з ім, як з роўняй, ды просіць:
– Месячык мой, месячык, зычліва свет сузіраеш, высокі, ясны, і мне ж дапамажы, паспрыяй ласкава. Няхай Саўкаў лужок русалкі здратуюць, каб там анічога не вырасла!
– Не буду русалак пускаць, не буду Саўкаў лужок дратаваць! – капрызліва мовіць маладзічок. – Ты ўчора Саўку пужаў, з сонцам ласкава вітаўся, а я ж тых, хто сябруе з сонцам, і зусім не люблю!
Заплача Грышка ды і пойдзе, нічога сабе не думаючы. Але вы не кажыце, што Саўка ды Грышка адзін да аднаго не надта каб прыязныя. Як бачыце, і сяброўскія, і прыязныя, а ўжо шчырыя-шчырыя… Тут і гамонкі аніякай няма!
Глядзяць на іх сваякі, суседзі, суседскія сваякі ды мяркуюць сабе пакрыху:
– А наш жа Грышка, відаць, моцны чараўнік! Ці не праўда?
– Ды не! Гаротны ён. І які ж гэта чараўнік будзе такім бедным?
– А, мабыць, і так…
Зноў глядзяць на іх суседзі, сваякі, суседскія сваякі, зноў мяркуюць пакрыху:
– А наш жа Саўка, відаць, моцны чараўнік! Ці не праўда?
– Ды не! Які гэта чараўнік будзе гаротным, бедным ды яшчэ і нежанатым?
– А так!
А Саўка ды Грышка як такую гаворку пачуюць, то, нібы ў вялікім клопаце, бегма бягуць насустрач. Пра крыўды ранейшыя не ўспамінаюць, але пытаюцца, спрачаюцца, адзін аднаму не вераць, хоць адзін пра аднаго ведаюць усё дазвання.
– Ці ты, Саўка, моцны чарадзей, а ці не? – пытаецца ў яго Грышка.
– Ды які з мяне чарадзей, – адмаўляецца Саўка. – А ты, Грышута, добра варожыш?
– Зусім з варажбой не знаюся, – упэўнена мовіць той.
– А ты ж, Саўка, з сонейкам вітаешся, – разважае гэты.
– А ты ж, Грышка, з маладзічком вітаешся, – задуменна кажа Саўка.
– А ты адкуль тое ведаеш? – гэта Грышка.
– А ты адкуль тое ведаеш? – гэта Саўка.
– А я ж сам з сонейкам вітаўся, – прызнаецца Грышка. – Яно мне сказала…
– А я ж сам з маладзічком вітаўся, – прызнаецца і Саўка. – Ён мне сказаў…
– Не веру табе! – тупне правай нагой адзін.
– Не веру табе! – тупне левай нагой другі.
– Невялікі ты чарадзей! – вырашае Грышка.
– Ды і ты не надта каб варажбіт важнецкі, – упэўніцца і Саўка.
– Да чорта схадзі, ён табе дапаможа мне кепствы строіць!
– Сам у яго дапамогі прасі! Ты ж мне заўжды зайздросціш!
– Сам ты чорт! – губляе цярпенне Грышка.
– Ад рагатага чую! Бо як маеш жонку, то маеш і рогі! – кіпіць і Саўка.
І ў аднаго, і ў другога вочы поўныя-поўныя ад такой шчырасці… Сэрцы ж не каменныя, а жывыя, трапяткія. Сонцу адгукаюцца, маладзічку адкрываюцца, чары і прыгажосць вакол сябе бачаць, дык сказаць нельга, што зусім не спагадныя. Як быццам і адзін, і другі хочуць пакінуць сварку, але ж нешта ім замінае. Відаць, замова нейкая. Пакуль тое ды другое вялося, сурочылі іх суседзі, сваякі, суседскія сваякі… І прызнае Саўка, што Грышка чарадзей не цёмны… А і Грышка Саўку назаве светлым. Можа, што і пагодзяцца? Усялякае здараецца!
– А ведаеш, Саўка, – мовіць урэшце Грышка, – раскажу я табе не казку, а праўду. Адно слухай!
– І я ж, Грышута, ні словам табе не зманю, а казку распавяду!