Читать книгу Калі цябе спаткае казка… - Ганна Навасельцава - Страница 5
ЯК ЛІСА, ВОЎК ДЫ МЯДЗВЕДЗЬ ШЧАСЦЕ ЗДАБЫВАЛІ…
ШЭРА-ШЭРАНЬКІ…
Оглавление– Воўк-ваўчок шэранькі! Прыходзь-прыбягай, мяне забірай! Нясі хутка, імчы далёка. У дарозе не спыняйся, людзей не пужайся… Знясі туды, дзе лёс мой чакае!
Чаго? Аж падскочыў з неспадзяванкі. Тое праўда, быў заўсёды шэрым-шэрым. Вочы праніклівыя, кіпцюры жахлівыя. Голас людскі мне чуваць праз лясы-пералескі, шлях аніводны ад мяне ж не схаваецца. Спрытны-хіжы. Усіх палохаю. І ночку цёмную, непраглядную прыношу на сваёй спіне… Слухаю, як моляць пра літасць: «Воўк-ваўчок шэранькі! Не прыходзь, не прыбягай. Мяне ж не чапай! Хадзі далёка, не трапляй на вока». Пра лёс жа і зусім не згадваюць. А вось каб так прасілі… Не памятаю такога, не памятаю. То ж хутчэй бягу глядзець… Нават самога цікавасць узяла.
Бягу. Лясы вялікія мінаю. Праз гушчар глухі, а непраглядны сягаю. Да ракі сінявокай, гуллівай, што хвалямі лёгка пазвоньвае, дападаю. А там на беражочку плача адна горкімі слязьмі ды просіцца:
– Воўк-ваўчок шэранькі! Прыходзь-прыбягай, мяне забірай! Нясі мяне прэч адсюль, каб людзей і зусім не бачыць! Можа, знясеш мяне ад гора самотнага далёка-далёка…
– Што ж за гора ў цябе? – пытаюся, а на вочы пакуль не з’яўляюся, ценем хаваюся.
Нядобра гэта, калі ж мяне людзі бачаць, ведаю даўно. Уцякаюць. Грозяцца. А найболей баяцца, такія палахлівыя. А найболей просяць пра літасць, такія безабаронныя… Аж і ты не хочаш людзей бачыць… З чаго так? З чаго…
– Не церпяць мяне ж людзі! Пагарджаюць. З чараў маіх смяюцца! Не магу такое трываць болей! Знясі мяне на край свету, каб не чуць, не бачыць таго…
– Знясу, калі просіш. Не будзеш чуць горкія праклёны. Як жыцця людскога не схацела, то ж чарадзейнае табе ўсміхнецца… Выбаві з закляцця цёмнага прыгожага каралевіча. Як выбавіш, шчаслівай будзеш. Як не выбавіш, то не жывой і не мёртвай будзеш!
А ты ж сумелася, пачуўшы пра каралевіча. Мабыць, ісці са мною не пажадаеш. Спалохаешся, збяжыш… Гэта ж толькі цяпер удаешся такою смелай!
– Выбаўлю з закляцця цёмнага або не жывой, не мёртвай стану, – мовіла цвёрда.
Вось яно, слова абяцальнае… Нясу цябе, як ноч трывожную, далёка-далёка… Поўня цьміць над няблізкім шляхам. Вецер павеўны сваё дыханне стаіў. А нясу ж цябе праз лясы ды пытаюся:
– Каралевіч закляты ў лясах дрымушчых жыве, сонца цёплага не любіць, дзяньку яснаму не ўсміхаецца. Ці не спалохаешся такога?
– Не, не спалохаюся, – адказваеш. – А ці не ў тых лясах каралевіч жыве, дзе цвіце кветка, якая скарбы множыць?
– Мабыць, у тых… – і далей сабе бягу.
А поўня ў хмары загарнулася. Шлях нябачным удаўся. Яліны высозныя блізка падступілі, шапацяць нешта пагрозлівае, як быццам не вераць табе. Ды не зважаю на тое, нясу цябе праз лясы і яшчэ пытаюся:
– Каралевіч закляты вінаватых не прабачае, а тых, хто яго падманвае, са свету зжывае. Ці ўсміхнешся такому прыязна?
– Усміхнуся, – кажаш. – Буду прыязнай, буду шчырай. А чары вялікія, якімі людзей палохаць ды караць, у яго ж хораме сабраныя?
– Мабыць, у яго… – і далей паспяваю.
Хмары нізка над зямлёю кудзеляцца, як цябе і мяне вітаюць. Лясы дрымушчыя выступаюць насустрач, быццам радуюцца. І толькі я адзін ведаю, што не было, не будзе праз іх шляху. Нясу цябе гушчарамі цёмнымі, нясу ды пытаюся ўжо апошняе:
– Каралевіч закляты дорыць скарбы, дорыць чары тым, хто варты. Ці не возьмеш іх?
– Не, не вазьму скарбаў. Не вазьму чараў, – ды болей нічога не мовіш.
– Чаму гэта? – спыняюся, бо няма ўжо куды бегчы.
А ты з маёй спіны на зямлю саскочыла ды азіраешся сюды-туды, нібы шукаеш каго. Пра тое, дзе ж каралевіч закляты, чакальна кажаш. «Знік, няма яго!» – смяюся здзекліва і пазіраю, што ж ты рабіць будзеш…
Нічога не робіш, адно зноўку слязьмі залілася надрыўна, як быццам і шчырымі. Дзе ўпадзе твая слёзка на зямлю, там кветка сінім агнём успыхне. Як і ты, дзівосная, мілая… А сама наракаеш, за што ж гэта стаць не жывой, не мёртвай… Не выбавіла заклятага каралевіча? Дык жа зрабіці таго не магла, бо зусім не бачыла яго. І думалася табе, што павінна быць справядлівей за такое…
Плачаш уголас, а я ж схаваўся ў нетрах лясных, ляжу ціха, скруціўшыся пад ракітай. Справядлівасць, кажаш… Чмыхнуў носам, лапамі лісця як паболей загарнуў, утульна абвіўся шэрым хвастом. Будзе табе справядлівасць. Хоць і воўк я, дык усё ж…
І сніцца табе сон, што з гушчару ляснога прыходзіць нейкі з шэрымі глыбокімі вачыма, памяркоўны, спагадны. Абліччам гожы, з голасам ціхмяным. Каралеўнай сваёй цябе кліча, застацца з ім у цёмных лясах просіць. Кажа, што гэтак яго адчаруеш, выбавіш, выратуеш…
А ты ж яму ўсміхаешся, кажаш, увесь да сэрца прыйшоўся табе… Застанешся з ім у цёмных лясах, а змрок іх – зусім не цёмны, не страшны… І адчаруеш, выбавіш, выратуеш яго, прыгожага, невінаватага. Адно няхай жа ён ваўка шэрага, дакучлівага са свету звядзе, які цябе палохае ды пагражае гнеўна.
Мінаецца сон, і ты не памятаеш, не ўспомніш нічога-нічога. У невядомы вырай знікаюць сны! А я з-пад ракіты падымаюся, да цябе з’яўляюся і абяцаю ўрачыста, што з’ем цябе, з’ем… Адно сонейка ваўчынага прычакаю, каб смачней ды весялей было! Хочаш плакаць – плач. А ўцякаць уздумаеш – злаўлю! Хто ж у цёмных лясах спрытнейшым за мяне будзе?!
Не плачаш, не ўцякаеш, хоць і чакаю, што птушкай легкакрылай абернешся. Бачу па вачах, што хочацца табе ўзняцца ды паляцець… Кажаш як на тое чынна, міла:
– Не буду ўцякаць, не змагу птушкай свабоднай стацца, у неба падняцца… Горкі мой лёс, ды не падзецца ад яго нікуды! Як вырашыў мяне з’есці, то ж еш… Але перад смерцю хачу пабачыць наяве таямнічага каралевіча, пра якога столькі баек-цудаў!
Ды ўсміхаешся… Ды спадзяешся, што каралевіч звядзе шэрага ваўка са свету. Хто сказаў, што сон лёгка забыць? І што мне рабіці з таго… Гірчу на цябе папраўдзе гнеўна, але ж апошняе жаданне няспраўджаным не пакінеш. Хоць і воўк я, ды ўсё ж…
Яве светлай не давяраючы, як на ўвесь свет зазлаваўшы, зноўку сон на цябе насылаю. І бачыш ты, як ваўчынае сонейка жаўталявае ўзыходзіць, чуеш, як скаланае лясы радаснае выццё… Спяшаешся некуды? Да некага… Я ж твае крокі здалёку пазнаю. А ты рукі цягнеш, а ты просіш:
– Лясы цёмныя, маімі станьце! Сонца ваўчынае, ярчэй мне свяці! Шлях асмужаны, прымройлівы, не хавайся, пакажыся!
Ды не кажаш: «Каралевіч лясны, мне азавіся». Не каралевіча ты шукаеш… Не азваўся табе цёмны лес, не ўсміхнулася ваўчынае сонейка, не паказаўся зманлівы шлях. Някліканы каралевіч з’яўляецца, усміхаецца прыязна, як і раней, просіць яго выбавіць. Выратаваць, бо ты абяцала…
– Не выбаўлю! Не выратую! – узгараешся гнеўна. – Заставайся навек заклятым!
– Закляццё… Нямала часу мінулася, як палоннікам ягоным стаў! А ты з чаго такою нялітасцівай зрабілася? Болей не мілы табе?
– Не выратую, бо не змагу. Воўк мяне з’есць! Вось і ўсё! – ты крыху паспакайнела. – Каб жа можна было мне ваўка таго не баяцца!
– Ды, можа, і не з’есць? – Зазірае табе ў вочы каралевіч. – Мабыць, ён цябе палохае… А сам цешыцца з твайго страху. Змагайся з ім… – ды не кажа, ці то са страхам, ці то з ваўком.
– А мне ўсё роўна, – уздыхаеш стомлена, ціха. – Баюся яго, дужа яго баюся…
– Баішся свайго страху? – хоча насмяшыць цябе каралевіч. – Не ваўка. Калі б ваўка баялася, не дазволіла сябе знесці ў цёмныя лясы… Праўда?
– Можа, і праўда… А ты адкуль ведаеш тое?
– А я ведаю даўно… гэтага ваўка. Не цябе першую ён зносіць. Ды не шукай ім забраных, не пытайся пра іх, не плач… Намарныя такія клопаты. Адно сама не спыняйся… Абяцай, што не спынішся!
– А ты цяпер зусім не мілы. Бязлітасны, як той шэры. Можа, ён і сябра твой? Як воўк, не ведаеш пра дабрыню. І ніколі не быў спагадным…
– Тое праўда, далёка ад людзей быўшы, не меў каму спагадаць, добрае чыніць. А ты сярод людзей жыла. Ведаеш, як балюча можа зрабіцца…
– Ад чаго ж?
– Ад чалавечай хцівасці… Падману. Здрады… Ды ці мала яшчэ ад чаго… Усяго таго, чым людзі жывуць. Ты, прыгожая, ці не з-за гэтага з людзьмі быці не змагла? У цёмныя лясы падалася…
– З-за гэтага ў цёмныя лясы і падалася! – мовіш цвёрда каралевічу.
І спакушальна глядзіць на цябе лясны каралевіч:
– А пра скарбы дзівосныя, пра чары моцныя запытай у шэрага ваўка! – ды знікае, як і не было яго.
Мінае трывожная ноч, знікае няясны дзень. Цямнее таямнічы лес, множыць твае сумненні прымройным пошумам. Спіць шэры воўк, скруціўшыся пад ракітай. На цябе не зважае, хоць і ходзіш вакол, не сунімаешся, ракіту за галінку кратаеш ды просіш:
– Воўк-воўча шэры! Адпусці мяне дадому! Адпусці зусім…
– Дык ідзі! Хіба ж я цябе трымаю… Шлях вяртання знойдзеш проста. Адно шкада, як скарбы не табе дастануцца! А яшчэ ж і чары ёсць… – і смачна пазяхае, прыкрываючы нос лапай.
Пачуўшы такое, як намагаешся пайсці. Ідзеш колькі крокаў. Не вытрымліваеш, вяртаешся. І зноўку непакоіш ракіту:
– Воўк-воўча шэранькі! А ці не будзеш ты мяне есці?
– Цьху! Аб цябе толькі зубы зламаць! Не пакваплюся. Ды і нясмачная, відаць… Адчапіся ад мяне зусім! – і соладка пацягваецца, прыкрываючы нос лапай.
Пачуўшы такое, як быццам крыўдзішся. І зноў намагаешся пайсці. Супыняешся і вяртаешся. Тупаціш знарок моцна, каб ваўка пабудзіць.
– Ваўчок шэранькі! – гукаеш так міла і яшчэ нешта намагаешся казаць.
– Не хоча цябе каралевіч бачыць! І не прасіся! – воўк зіркае на цябе адным вокам.
– А ты адкуль ведаеш, што я пра каралевіча думала?
– А я воўк праніклівы! Не толькі лес навылёт, але і мроі-жаданні тых, хто ў лесе ёсць, як свае, ведаю… – і прыкрывае нос лапай.
– А чаму ж ён мяне бачыць не хоча? – здзіўляешся.
– Мабыць, ад маны тваёй стаміўся, дык і не прыйдзе на спатканне. І не чакай дарэмна!
– Не маніла я каралевічу. Шчырай была… Ён мне мілы, а на цябе, воўча, не хачу нават глядзець! Пагарду тваю здзеклівую слухаць…
– А чаго ж ты хацела? На каралевіча мілага дзень і ноч глядзець? Добрага слова ад яго чакаць?
– Не жадае мяне каралевіч бачыць… Не скажа добрага слова. Не падаруе радаснай усмешкі!
– Не паднясе скарбаў! Не пакіне чараў! Скрушна! Самотна! У-у-у!
– Не! Не кажы так. Не смейся. Я не хцівая… І з чаго ты ўвесь час хаваеш нос пад лапай?
– А гэта не твая справа! Ты лепей скажы мне, што такое спагада? – пазірае воўк-воўча дапытліва. – І якая ж яна, чалавечая дабрыня? Ці не шчырая ж яна? Маўчыш… Дык ці будзеш меці шчасце, лясная каралеўна?
– Ізноў здзекуешся, воўча! Каралеўна ў пакоях багатых жыве, а я ў лесе і зусім замерзла!
– Не сумуй, не журыся! Будуць табе багатыя пакоі…
Ускочыў воўк з-пад ракіты, махнуў хвастом – і змоўк лясны шолах, паплыло некуды хмарнае неба з беднымі іскрынкамі зор. Сцены высокія паўсталі, страшныя, глухія. А на зямлі дываны разаслаліся, а на дыванах быццам жамчужныя слёзы рассыпаліся… Пышна вакол, хораша, вабна. Куфэркі вялізныя сцены падпіраюць, а срэбра ў іх – напоўніцу. Ад бранзалетаў ды завушніц залатых аж вочы разбягаюцца. Толькі… чые ж яны? Ніхто не жыве ў чароўным хораме. Знік і шэры воўк, няма яго нідзе.
Паглядзела вакол дзяўчына, падзівілася. Пахадзіла, паклікала. Не пачула адказу. Стамілася ды зноўку – у слёзы. Як плакаць дык і плакаць, але ж вось цуд – слёзы яе ператвараюцца ў блішчастыя жамчужныя каменьчыкі… Назбіралася тых іскрынак ні многа, ні мала, а невядома колькі, і тады прагучаў ціхі, нібы знаёмы, голас:
– А ў тых лясах каралевіч жыве, дзе кветка цвіце, якая скарбы множыць…
Усхапілася слязлівая, умомант суняўшы голасны плач, узрадавалася ды пытаецца:
– Каралевіч? Выйдзі, пакажыся… Не будзеш болей заклятым… Я цябе ратую, выбаўлю!
– А далей што? Навек застанешся са мною ў цёмным лясным хораме? – пытаецца, але сам на вочы не з’яўляецца, ценем хаваецца. – Я ў лясах дрымушчых жыву, сонца цёплага не люблю, дзяньку яснаму не ўсміхаюся!
– Застануся з табою ў лясным хораме, адно не хавайся!
– А не спалохаешся мяне? Усміхнешся прыязна? – і паказваецца прыгожы.
Чало як зорным святлом аблітае, постаць зграбная, а вочы шэрыя, халодныя. І хочацца сказаць такому: «Ці ж можна спалохацца цябе?» Але нешта пострах бярэ…
Нічога не мовіла, усміхнулася, быццам чарам адгукнулася. Але за чары мацнейшае чалавечае сэрца…
– Выбавіла. Не буду шэрым палоннікам. Маеш шчасце, мая каралеўна. Стануць тваімі цёмныя лясы, будзе ярчэй свяціць ваўчынае сонца. Ніколі не знікне перад табою шлях! Не людское, не самотнае будзе ў цябе жыццё, а прыгоднае, чарадзейнае…
– Адкуль табе вядома былое жаданне маё?
– Хоць прызналася… А я праніклівы! Не толькі лес навылёт, але і мроі тых, хто ў лесе ёсць, як свае, ведаю. Заўсёды быў чуйным да людской маны. І болей табе не давядзецца мне сказаць аніводнага непраўдзівага слова!
– Гэта ж ты…
– Я. І цяпер шчаслівы, бо ты мяне такім зрабіла. Чары вялікія, якімі людзей палохаць ды караць, сабраць усе дапамагла. Дык усміхніся мне прыязна, мая каралеўна! Будзе ў нас з табою цёмная лясная вечнасць…