Читать книгу Калі цябе спаткае казка… - Ганна Навасельцава - Страница 3
ЯК ЛІСА, ВОЎК ДЫ МЯДЗВЕДЗЬ ШЧАСЦЕ ЗДАБЫВАЛІ…
ОглавлениеТры казкі
Ці даўно-даўненька, ці ўчора-ўчоранька, ці зусім за сівым часам, але ж вялося на свеце, што падарожнічалі разам ліса, воўк ды мядзведзь. Вандравалі, дзівіліся, справы добрыя рабіць ані забыліся. А яшчэ сябравалі, жартавалі, адно аднаму дапамагалі, каб усім весела было. Так і хадзілі па свеце зімой і летам, вясной і ўвосень.
Дзеелася ўсё зазвычай так… Ліска першай па шляху прымройлівым прабяжыць, усё пабачыць і ўжо ваўку ды мядзведзю скажа, куды пайсці лепей. Падумаюць воўк ды мядзведзь, але разам не пойдуць, воўк як самы хуткі шлях пэўны разведае. А ліска тым часам штонебудзь смачненькае сабе сцягне. Тады ўжо мядзведзь вяльможна абраным шляхам тупаціць, а воўк туды-сюды зыркае, чаго б скрасці… Дык што ж урэшце? Ліса што-небудзь ухопіць, шэра-шэранькі чаго знясе, а мядзведзь без анічога застанецца. І злуе ж тады касалапы! Ужо такімі словамі сяброў сваіх намаўляе, што і слухаць няможна…
Ліска ў адказ не маўчыць, апраўдваецца хітра. Шэранькі ўраз засярдуе, завые-загалосіць з крыўды. А мядзведзь роўма раве! Ведама, каму ж прыемна галодным быць? А тым болей без анічога застацца… Ды нездарма ж кажуць: колькі вяровачцы не віцца, а трэба ў хамут скруціцца. То аднойчы ліса, воўк ды мядзведзь патрапілі ў сапраўдны хамут…
Так ім і трэба! Тым болей, што вінаватая, ведама, ва ўсім ліса. І прыдарылася ж ёй знайсці чарадзейны камень… Дзівосны, мілосны, цягучы, пахучы, жаданы, чаканы, але ж не з’есці яго! З такой бяды паткнулася ў яго ліска сваім цікаўным носам ды пачула акурат:
– Ліска-прыгажуня, не нудзіся, будзеш ты самай шчаслівай! Жаданне сваё таемнае загадай!
Узрадавалася ліса, смутак як назаўжды забыўшы. Пра ваўка падумала і ўсміхнулася здзекліва… Жаданне таемнае загадала!
Так і трэба! Але ж болей за лісу вінаваты воўк. Бяжыць неўзабаве да чарадзейнага каменя, знаўшоўшы яго па ліскіных слядах. Паглядзеў на яго, упадабаў, па баках азірнуўся, увесь схамянуўся, смачна пацягнуўся ды тыцнуў галодным носам. І пачуў жа, пачуў:
– Шэры-хіжы, не злуй, будзеш ты самым шчаслівым! Жаданне сваё таемнае загадай!
Не стаў злавацца шэра-шэранькі. Пра мядзведзя пранікліва падумаў, цепнуўшы насмешліва вачыма… Жаданне таемнае загадаў!
Так і трэба! Але, калі па праўдзе сказаць, болей за ваўка вінаваты мядзведзь! Тэпае паважна да чарадзейнага каменя, ваўчыны след сочыць. Лапамі каменьчык памацаў, падняў, патрымаў, на зямлю паклаў… І зноў абшчапіў лапамі! Ды пачуў у самае вуха:
– Мядзведзік самавіты, не клапаціся, будзеш ты самым шчаслівым! Жаданне сваё таемнае загадай!
Не стаў клапаціцца касалапы. Пра ліску такое падумаў, што як не ўвесь стаў з’едлівай усмешкай! Жаданне таемнае загадаў!
Ад тых жаданняў расквітнеў камень. Так-так, удаўся сапраўднай кветкай. Сярод лясоў-хмызоў непраглядных закрасаваў ды летуценні таемныя спраўдзіў. Тады з лісой, ваўком ды мядзведзем гэтакае ўчынілася…