Читать книгу Ні на небе, ні на зямлі - - Страница 5
Рускія
Каша з сякеры
ОглавлениеСтары салдат ішоў на пабыўку. Стаміўся ў дарозе, есці хочацца. Дайшоў ён да вёскі, пастукаўся ў першую хату:
– Пусціце адпачыць падарожнага чалавека!
Дзверы адчыніла старая.
– Заходзь, салдат.
– А ці няма ў цябе, гаспадынька, паесці чаго?
У старой усяго ўдосталь, а салдату пашкадавала, прыкінулася ўбогаю.
– Вой, добры чалавек, і сама сёння нічога не ела: няма.
– Ну, няма дык няма, – кажа салдат.
Ды тут ён заўважае сякеру пад лаваю.
– Калі няма нічога іншага, то можна зварыць кашу і з сякеры.
Гаспадыня ажно рот разявіла.
– Як гэта з сякеры кашу зварыць?
– А вось так, давай чыгунок.
Старая прынесла чыгунок, салдат сякеру памыў, паклаў у чыгунок, наліў вады і паставіў на агонь.
Баба на салдата глядзіць, вачэй не зводзіць.
Узяў салдат лыжку, памешвае варыва, каштуе.
– Ну, як? – цікавіцца старая.
– Хутка будзе гатова, – адказвае салдат, – шкада толькі, няма чым пасаліць.
– Дык соль у мяне ёсць, пасалі.
Салдат пасаліў, зноў пакаштаваў.
– Смаката! Каб сюды яшчэ жменьку крупаў! Баба замітусілася, прынесла аднекуль мяшэчак крупаў.
– Бяры, насыпай колькі трэба.
Паклаў салдат у варыва крупы і далей варыць, памешвае, каштуе. Глядзіць старая на салдата на ўсе вочы, адарвацца не можа.
А салдат аблізваецца:
– Ну і смачная каша! Вось каб сюды яшчэ трошкі масла, дык увогуле цудоўна было б.
Знайшлося ў бабы і масла, якім кашу засмажылі.
– Ну, старая, цяпер нясі хлеб ды бярыся за лыжку: будзем кашу есці!
– Вось жа не думала, што гэткую добрую кашу можна з сякеры зварыць, – здзіўлялася баба, калі яны ўдваіх кашу елі.
А потым яна запыталася:
– Салдат! Калі ж сякеру будзем есці?
– Ды, бачыш, яна не ўварылася, – адказаў салдат, – дзе-небудзь па дарозе давару і паснедаю!
Прыхаваў ён сякеру ў свой ранец, развітаўся з гаспадыняй і пайшоў у іншую вёску.
Вось так салдат і кашу з’еў, і сякеру займеў.