Читать книгу Шоўк (зборнік) - Мікола Адам - Страница 11

Насця
Аповесць
10

Оглавление

Мяне прывезлі ў пракуратуру і пасадзілі ў драўлянае крэсла перад такім жа драўляным сталом, папярэдне знялі наручнікі. Я з асалодай пацягнуў рукі і працёр пальцамі зацёкшыя запясці. Са сцяны насупраць на памяшканне пазіраў жалезны Фелікс. Той самы мужчына ў карычневай скуранцы, які дапытваўся ў Насці, чый гераін у яе кватэры, сеў за стол, склаўшы на ягонай паліраванай паверхні рукі. Ён быў падобны знешне на актора Барыса Шчарбакова. Той таксама любіў выконваць ролі капітанаў міліцыі. Мой капітан, відаць, доўга збіраўся з думкамі, каб пачаць размову. Бачна было, што ён вельмі стаміўся і яму не да мяне. Ён хацеў спаць, бо вочы яго набрынялі чырванню бяссонніцы… А мне хацелася курыць, ды толькі я саромеўся папрасіць у яго дазволу. Капітан сам неяк здагадаўся прапанаваць мне цыгарэту, а мо і самому карцела пакурыць. Мы задымілі. Аднак маўчанне працягвалася. Яно павісла над намі цыгарэтным дымам і знікаць не збіралася. Тады капітан адчыніў фортку. Дым, бы шлейф, унёс з сабою маўчанне, ці вецер проста выцягнуў яго, як злодзей, праз адчыненую фортку.

Капітан не сеў за стол, а пачаў мераць крокамі кабінет. Затым спыніўся, прымесціўся на вуглу стала і з цяжкім уздыхам прамовіў, не гледзячы на мяне:

– Адкуль ты ўзяўся на маю галаву і хто ты такі, чорт цябе вазьмі… Усе планы сапсаваў сваім з’яўленнем. Навошта гэта ўсё табе трэба?

Я і сам не ведаў, навошта, але думаць зараз пра тое, што адбылося, не меў ніякага жадання. Што здарылася – тое здарылася. Чаму, навошта – якая розніца? Усё адно ўжо нічога не паправіш. Я маўчаў.

– Дык, можа, пазнаёмімся? – зноў прамовіў капітан, пільна пазіраючы мне ў вочы. Позірк яго быў востры і ўчэпісты, як у беркута. Здавалася, што ён выцягвае мяне з майго ж цела, і я мімаволі апусціў вочы на драўляную падлогу з патрэсканай карычневай фарбай. Але праз імгненне падняў іх і сказаў, што я беларускі пісьменнік Мікола Адам. Ён адразу сеў за стол і зашчоўкаў клавіятурай камп’ютара. Палез у базу дадзеных правяраць, ці праўду я яму сказаў, ці зманіў. Навошта мне маніць? Хаця, калі падумаць, не кожны чалавек, які займаецца літаратурай, вось так проста прызнаецца, што ён пісьменнік…

Капітан адсунуўся ад камп’ютара і расслабіўся, адкінуўся на спінку крэсла. Расшпіліў верхнія гузікі на кашулі, якія душылі яму горла, і сказаў:

– Дык чаму ж вы, культурны чалавек, улезлі ў такое дзярмо?..

Я не стаў адказваць на капітанава пытанне, калі гэтая фраза была пытаннем. Чамусьці не верылася, што капітан лічыць мяне злачынцам, і я прамовіў:

– Мне прыемна, што вы гаворыце са мной на роднай мове.

Капітан прымружыў вочы і раптам спытаў:

– Літаратура – гэта вы?

– Не я адзін, але літаратура – гэта такія, як я. І нас не так мала, як вам здаецца. Сапраўдная літаратура адродзіцца, паверце мне.

– Вы не лічыце, спадар Адам, што занадта амбіцыёзныя?

– Я ведаю пра гэта, але не лічу заганай. Мы павінны выбавіцца з-пад тоны макулатуры.

– А дзе вы працуеце?

– Нідзе.

– А жывяце за што? – Яго, відаць, моцна ўразіла тое, што я нідзе не працую. – Ці ганарары такія вялікія, што вам хапае на ўсё?

– Ганарары – слёзы. Хіба вы не ведаеце, што каб выдаць кніжку, пісьменніку за яе трэба заплаціць. Заўважце, не мне павінны плаціць за тое, што я напісаў, за маю працу, а я павінен за сваю асабістую працу з недаспанымі начамі плаціць грошы.

– Ну, што ж, – паціснуў плячыма капітан, – вы самі, як кажуць, абралі свой шлях, вам і сцяг у рукі.

Але мы адхіліліся ад тэмы. Кім вам даводзіцца Анастасія Мажар?

Я хацеў адказаць адразу і не думаючы; словы ўжо гатовы былі скочыць з маіх губ калабкамі, але нешта стрымала мяне. Я задумаўся: а на самай справе, хто мне Насця? Каханая жанчына? Шлюха на адну ноч? Ці жонка? Хутчэй за ўсё – усе разам, я так адчуваў, аднак як растлумачыць гэта капітану міліцыі? Мініч, Ілля Варанкоў, Андрэй Шакель, ды любы, хто займаецца хоць нейкай творчасцю, мяне б зразумелі з паўслова, а ці зразумее гэты капітан, такі падобны на актора Шчарбакова? Ні ў якім разе я не лічыў яго тупым і недалёкім, толькі ведаў, што ён мяне не зразумее. І тады я сказаў:

– Таварыш капітан, можна пытанне? Ён паціснуў плячыма.

– Вы глядзелі калі-небудзь кінастужку Яна Фрыда «Сабака на сене»? – працягваў я.

– Дапусцім, – хітнуў капітан, але ніяк не мог зразумець, да чаго я хілю.

– Вы добра памятаеце адносіны беднага летуценніка-паэта сакратара Тэадора і яго гаспадыні графіні Дзіяны?

– Угу.

– Цяпер уявіце заміж твараў Баярскага і Церахавай – мой і Анастасіі Мажар, – скончыў я.

– Гм, – памуляў капітан сківіцамі. – Але… – ён яшчэ крыху падумаў, – там была такая фраза, што каханне добра ставіцца да роўных па статусу…

– А хто вам сказаў, што мы з Анастасіяй Мажар не роўныя?

– Гэтага мне ніхто не казаў, – адрэзаў капітан. – І сляпому бачна вашае адрозненне, – дадаў ён. – Што ж, – загаварыў пасля непрацяглай паўзы даўжынёй у падкурванне цыгарэты, я таксама папрасіў агеньчыку, – гэта многае растлумачвае.

Капітан зноў выйшаў з-за стала і сеў побач са мной на яго вугал, склаўшы на грудзях рукі.

– Навошта вы сказалі, што наркотыкі вашы? – знянацку спытаўся ён, гледзячы мне ў вочы. Я не чакаў такога рэзкага пытання, таму ненадоўга разгубіўся, але хутка адказаў:

– А чые ж яны, па-вашаму?

– Верагодна, Анастасіі Мажар? – няўпэўнена вымавіў ён.

– Выключана, – запярэчыў я. – Насця ніколі не ўжывала наркотыкі.

– Колькі гадоў вы знаёмы? – перапыніў мяне капітан.

– Тры тыдні, – ляпнуў я, не падумаўшы.

– Гм, – твар капітана наведала незразумелая ўсмешка, але, нібы цень, тут жа рэтыравалася, – гэта шмат аб чым гаворыць.

– Аб чым? – занепакоіўся я.

– Вы ў курсе, спадар беларускі пісьменнік, што закаханыя, як правіла, сляпыя?

– З чаго вы ўзялі, што я закаханы?

– Ну, як жа, – здзівіўся капітан, – толькі што вы тлумачылі свае адносіны з Анастасіяй Мажар на прыкладзе фільма «Сабака на сене»…

– Я шмат чаго гаварыў, – прамовіў я. – Але гэта не азначае, што ўсе мае словы – ісціна, бо я не Бог.

– З Богам вас ніхто і не параўноўвае, – задумліва прамовіў капітан. Ён зноў сеў за стол, забарабаніў па стрэшцы пальцамі. На дзіва, пальцы міліцыянта нагадвалі жаночыя, зрэшты, як і ў мяне. Такімі пальцамі толькі розных Моцартаў ды Бахаў на піяніне граць. – Вы вельмі супярэчлівы чалавек, – расцягваючы кожнае слова, нібы гуму, адзначыў капітан. – Не баіцеся, што некалі вам давядзецца несці адказнасць за кожнае вымаўленае слова?

– Не, – адказаў я, – толькі таму, што маю праўду, як я яе разумею, можна будзе прачытаць у маіх кнігах.

– А да іх далёка…

– Не зусім. Усяго чатыры кілаграмы гераіну.

– Вы вельмі любіце гуляць у словы, спадар беларускі пісьменнік.

– Прафесія вымушае.

– Што ж, тады падумайце і пагуляйце ў словы на адзіноце, – сказаў капітан і выклікаў вартавога сяржанта.

– Допыту не будзе? – пацікавіўся я.

– Аб чым вас дапытваць? – усміхнуўся капітан. – Тое, што мне было патрэбна ўведаць, я ўведаў.

Мяне зачынілі ў камеры папярэдняга зняволення, і маўклівая цішыня чорным пледам прыкрыла мне плечы. Я адчуў сябе вельмі стомленым за дзень і заплюшчыў вочы, але сон не ішоў. Зрэшты, мне і не хацелася спаць. Я ўспомніў да драбніц кожны эпізод падзей сённяшняга дня, але ні на адным не спыніўся. Навошта? Я спыняўся толькі на вобразе Насці. Яна стала іншай, не падобнай на сябе. Дзе падзелася тая кава, тая багна млявай чысціні ейных вачэй? Заміж яе я ўбачыў шэры попел, зыбучы пясок і халодную сталь стылету. І гэты маскарад… Адкуль ён? Што сталася з маёй Насцяй? Куды яна падзелася? А гераін? Пры чым тут гераін, і што я раблю ў пракуратуры? Мне гэта патрэбна? Такое ўражанне, што я – звычайны абывацель – трапіў у танны галівудскі трылер выканаўцам пасрэднай, але ключавой ролі. Герой, закаханы ў гераіню, які ўвесь фільм недзе швэндаецца і думаць не думае аб дапамозе каханай, раптам у самы цікавы момант з’яўляецца гэтакім джэнтльменам і бярэ ўсю віну на сябе, адпраўляючыся за краты. Каханая дорыць яму мілую ўсмешку і працягвае весяліць гледачоў іншымі прыгодамі. А я… я… пофігу гледачам. Яны папляскалі ў ладкі, здзіўленыя маім высакародствам, падумалі, што я поўны дурань, і забыліся на мяне, як і гераіня. Яе чакае свет, поўны радасці і жыцця. Няўжо я на самай справе такі ідыёт, ці мне толькі здаецца? Мне пляваць, адкуль гэты дзярмовы гераін зваліўся на маю галаву, і адкуль ён узяўся ў Насцінай кватэры, пляваць! Я не ведаю і ведаць не хачу, чым займалася Насця на працягу тыдня – часу, за які я ні разу яе не бачыў. Я толькі аднаго хачу. Вярніце мне Насцю. Маю Насцю, чуеце! Яшчэ ўчора я сумняваўся ў сваіх пачуццях да яе, сёння ўсе сумненні – прэч! Я гатовы закрычаць на ўвесь свет, што кахаю Насцю Мажар і мне без розніцы, хто яна! Графіня, царыца, наркаманка ці русалка! Без розніцы! Як да лямпачкі тое, чым яна займаецца. Мне не патрэбны яе тлумачэнні пра ейны занятак, я хачу ейнага кахання!

Вядома, я эгаіст. А хто не эгаіст? Пакажыце мне яго, тыркніце ў яго пальцам, я хачу памацаць яго навобмацак! Няма неэгаістаў. Альтруісты канулі ў лету! За проста так зараз нічога не робіцца. Нават шклянку вады за проста так сын не прынясе хворай маці. Толькі калі яна паставіць на стол пляшку самагонкі. Я ведаю, што кажу, бо сам з вёскі, бо сам нешта падобнае рабіў, пакуль ува мне не прачнуўся дух паэзіі, які б не прачнуўся ніколі, каб не нарадзіліся Кафка і Дастаеўскі, Мапасан і Бальзак, Булгакаў і Томас Вулф, Фіцджэральд і Джойс, Хэмінгуэй і Борхес, Пруст і Картасар… Я мог бы назбіраць такіх прозвішчаў легіён, але што з яго толку? Хіба ён мне дапаможа ў адносінах з Насцяй?..

Усю ноч мне не давала Насця спакою. Я варочаўся на мулкім ложку, успамінаючы ейнае цела, ейныя дотыкі. Насця залятала ў закратаванае акно камеры Маргарытай на мятле і сціскалася ў куце Марыяй-Магдалінай. Затым проста Насцяй туліла, хавала сарамліва свае грудзі, нямоцна кусаючы вусны, за выратавальную фланэль маёй клятчатай кашулі…

Раніцы я не памятаю.

Памятаю толькі, як адчыніліся дзверы камеры, затым зноў зачыніліся, і мяне прывялі ў той самы кабінет да капітана, так падобнага на актора Шчарбакова, што я ледзь утрымаўся, каб не папытацца, ці сваякі яны. Капітан вачыма паказаў мне на крэсла перад сталом, і я цяжка сеў. Ён моўчкі сачыў за мной, гартаючы нейкія паперы. Сёння ён быў у форме і выглядаў больш суровым.

– Вы вольны, спадар беларускі пісьменнік, – нарэшце вымавіў ён.

– Вы закрылі справу? – не зразумеў я.

– А яе ніхто не адкрываў, – усміхнуўся ён.

– Тады, з якой прычыны…

– Прычына чакае вас у двары пад клёнамі, – перапыніў ён і загадаў сяржанту: – Правядзіце грамадзяніна…

Я нічога не разумеў.

На вуліцы сонца балюча разанула па вачах, і я не адразу прыкмеціў Насцю. Яна стаяла ў трох кроках ад мяне і толькі што шпурнула недакурак у зграйку галубоў, якія зусім не спалохана адскочылі крыху, апроч аднаго. Левая лапка яго была абматана чырвонымі тоўстымі ніткамі.

На нейкае імгненне нашыя з Насцяй позіркі сустрэліся. Я закурыў і рушыў у процілеглы ад Насці бок. Гэта не было ніякім манеўрам. Я не чакаў, што яна кінецца за мной з воплямі дараваць ёй усё, але і сам сябе не разумеў. Нешта знутры загадвала не аглядвацца і ісці ўперад. Толькі хада мая была нейкая запаволеная, як у робата Вертэра з дзіцячага баевіка пра Алісу Селязнёву. Ногі не слухаліся мяне, упарціліся падпарадкоўвацца, ды й сам я ганіў сябе на чым свет стаіць за свой учынак. Але яна магла таксама пайсці, убачыўшы маю абыякавасць. Не, гэтага не можа быць! Чаму не? Я рэзка абярнуўся. Насця стаяла на тым жа месцы, апусціўшы галаву, уся ў чорным, як і ўчора, малюючы нешта нагой на асфальце.

Зноў паволі я рушыў ёй насустрач. Насця прыўзняла галаву. Зрабіла адзін крок наперад, другі… І тут яна кінулася да мяне бегма, я таксама пабег да яе, распасцёршы рукі.

– Мікола, даражэнькі, – прыціскаючыся да мяне ўсім целам, гундосіла Насця, пакрываючы пацалункамі мае вочы, шчокі, лоб, нос, шыю, – даруй мне, калі ласка, дурніцы. Не хацела я нічога дрэннага…

– Гэта ты мне даруй за ўсё, што я зрабіў, – узяў я ейны твар аберуч, углядаючыся ў чужыя вочы, з якіх цяклі слёзы, раз’ядаючы, як серная кіслата, туш і цені, што чорнымі пісягамі закратоўвалі мой любімы тварык. Сказаўшы гэтыя словы, якія мне так цяжка даліся, я моцна пацалаваў Насцю.

– Ты праўда на мяне не сярдуеш? – спыталася Насця, шморгаючы носам і размазваючы чорныя краты па шчоках, як шакалад.

– За што?

Рукі ейныя абвіліся вакол маёй шыі, а вусны нашы закружыліся ў павольным танцы пацалунка.

Краем вока я заўважыў, што з вокнаў пракуратуры павысоўваліся галовы цікаўных міліцыянтаў, як грыбы пасля дажджу. Мы з Насцяй, як я адчуў, былі бясплатным атракцыёнам. Не паспеў я так падумаць, як дзяўчына выцягнула з вачэй лінзы і кінула іх пад ногі, адкрыўшы мне непараўнальную ні з чым каву сваіх вачэй. Услед за лінзамі на асфальт паляцеў і чорны парык. Шыкоўныя Насціны валасы рассыпаліся хвалямі па плячах.

Я падняў яе на рукі і закружыў ад несусветнай радасці, а з вокнаў пракуратуры радаваліся ў маю падтрымку мянты. Капітан, падобны на актора Шчарбакова, усміхаўся, узрадаваны за нас, і махаў рукой.

Сентыментальнасць, як кажуць, ва ўсіх у крыві, і я не выключэнне. На самай справе ўсё адбылося не так. Мяне асудзілі, і я праседзеў пяць гадоў. Насці не ўдалося мяне вызваліць, таму што з ёю ніхто не лічыўся, і ёй давялося выйсці замуж за Мініча, які зіхцеў ад шчасця, як свіны лыч, а крумкачыныя яго вочы наліліся такой крывёй на вяселлі ад колькасці выпітай гарэлкі, што ўсе дзівіліся, як гэта Мінічавы вочы не палопаліся, бы пухіры, так яны выкаціліся з арбіт… А пасля ў іх нарадзілася дачка, ды ніхто не верыў, што дзіця – Мінічава…

Аднак нешта я намарыў не тое, забыўшыся пра сябе…

Шоўк (зборнік)

Подняться наверх