Читать книгу Шоўк (зборнік) - Мікола Адам - Страница 3
Насця
Аповесць
2
ОглавлениеКалі я прачнуўся, Насці побач не назіралася. Пра яе прысутнасць нагадвалі толькі невялікія ўмяціны на пасцелі ды цяпло, якое яшчэ не паспела тонкім струменьчыкам, нібы дым, эміграваць у столь. Краёк коўдры з таго боку, дзе спала Насця, загнуўся, нагадваючы распячатаны паштовы канверт, адкрываючы чужому позірку далікатна складзеную бялізну і скамечаны абы-як, відаць, проста кінуты на пасцель, каб пасля прыбраць, халацік. Верагодна, што Насця паехала на заняткі, хаця, дзе дзяўчына вучылася, я не меў ніякага ўяўлення, што мяне балюча ўразіла: не спытаў пра самае галоўнае. Аднак – не страшна. Усё з часам можна выправіць. Я праглынуў набеглую сліну і ўтыркнуўся ў Насціна сподняе, удыхаючы самы патаемны ейны пах.
Пакуль не прыйдзе Насця, пакуль яна не вернецца адкуль-небудзь, таму што я не ведаў, дзе яна падзелася, каб хутчэй мінуў час чакання, я думаў напісаць сёе-тое. Паспеў націснуць толькі адну клавішу на камп’ютары, як на мяне абрынулася столь. Разам з крэслам, сталом і камп’ютарам мяне кінула ў чорнае прадонне, якое ўсмоктвала ў сябе кожную рэч па частках, смакуючы, расцягваючы задавальненне ежай, а я ежай быць не жадаў, ды нічога не мог зрабіць насуперак. Мяне ванітавала, галава расколвалася на запчасткі, нібы гадзіннік, кінуты вобзем. Я яшчэ паспеў набраць 103 і прамямліць адрас, калі прадонне ўхапіла мяне за ногі і пачало ўцягваць ў свой невычэрпных крыніц шлунак.
Ачомаўся ад моцнага гідкага болю ў патыліцы. Здавалася, што гіганцкіх памераў камар аблюбаваў маю галаву як неверагодную прысмаку і ўсадзіў свой танклявы меч у падатлівую вялую плоць, высмоктваючы па сістэме крупінкі мозгу. На самай справе, урач «хуткай дапамогі» ўвёў з дапамогай шпрыца ў мой мозг якісьці антыбіётык.
– Як вы прайшлі? – прамовіў я першую фразу, радуючыся, што магу гаварыць, углядаючыся ў кірпаты малады твар урача з вялікімі акулярамі на маленькім, што кнопка, носе. Сухія танклявыя губы, крыху прыкрытыя, як сарамлівая шлёндра, пледам мяккіх пшанічных вусоў, панура апушчаных да вугалка губ, ветліва і зычліва адказалі, што дзверы не былі замкнутымі, на шчасце, бо іх давялося б выбіваць, што і планавалася зрабіць, таму што на неаднаразовы званок у дзверы не заўважалася ніякая жыццёвая праява.
– Мы думалі, што вы проста п’яны, – дадаў другі, нізенькі, у параўнанні з першым і маладзейшым урачом, відаць, настаўнік стажора, з добрай сеткай маршчын, як пад вачыма, так і на лысеючым карычневым лобе. Тоўстыя губы матлялі ці перакочвалі, нібы хвалю, з вугла ў вугал запалку без сярнічкі. – Але, хоць алкаголь і прысутнічае ў крыві, не ён вінаваты ў вашым стане. Мяне зацікавіла ўмяціна з правага боку вашага чэрапа, умяціна цемянной косткі, прычым даволі мяккая.
– Там на самай справе дзірка, – прамовіў я, – а пад скурай – голы мозг.
– Тады ўсё зразумела, – старэйшы перамяніў адну нагу другой. Ён сядзеў у фатэлі побач з канапай, на якой ляжаў я і сядзеў урач маладзейшы.
– Што менавіта?
– Гэты выпадак страты прытомнасці ў вас першы ці паўтараецца неаднаразова?
Мая памяць зашалясцела, нібы кніга, шукаючы патрэбную старонку з патрэбным тэкстам. Такое ўжо было, прычым зусім нядаўна. Я ехаў у метро. Пад’язджаючы да апошняй станцыі, стаў адчуваць тое самае, што і перад тым сваім станам, пакуль прыехала «хуткая». Я не мог ісці, не тое што не мог, ногі не слухаліся, нібы іх зусім не было, галаву ці мозг свідравалі незразумелыя стрэлы болю і апатыі. Людзі, што праходзілі міма, здаваліся малюскамі, што вельмі павольна праплывалі праз ілюмінатар майго падводнага карабля. Апошняе, што я памятаў перад падзеннем, – моцны боль у патыліцы – вынік удару аб цэментаваную падлогу метро. Самае цікавае, што падаў я і ў першы, і ў другі раз на спіну, хоць цела хілілася ўперад.
Нейкія жанчыны і хлопцы, у якіх яшчэ засталася ў душы міласэрнасць, дапамаглі мне ачомацца, але ўсё адно стаяць, а тым больш ісці, я не мог. Двое маладых міліцыянтаў вельмі здзівіліся, што я цвярозы, а адна з жанчын, якая дапамагала мяне падымаць, аказалася ўрачом унутраных войск і паставіла першы дыягназ, пасля выклікала «хуткую»… Мне параілі не карыстацца метро з маёй траўмай, таму што пад зямлёй павышаецца ціск.
– Вам правільна параілі, – хітнуў, згаджаючыся, урач старэйшы.
– Я разумею, метро, – прамовіў я тады, – а прычым мая кватэра, ці мне і кватэрай перастаць карыстацца?
– Ну, навошта вы так? – усміхнуўся той самы ўрач. – Калі сур’ёзна, то часцей адчыняйце форткі. Прыступ паўтарыўся з-за цяжкага паветра, якім вы дыхаеце, атручанага да таго ж нікацінам.
– Мне кінуць курыць?
– Па-мойму, вас павінны былі папярэдзіць наконт цыгарэт і спіртнога яшчэ тады, калі выпісвалі з бальніцы пасля апрацоўкі раны… Тое, што вы працягваеце сваё, не прыслухоўваючыся да слушнай парады медыкаў, сведчыць не ў вашую карысць. Хто вы па прафесіі?
– Я пішу… ну… ведаеце…
– Што ж, – урач зморшчыў лоб, як бы задумаўшыся, – тады ўсё зразумела.
– Зразумела што? Гэта сказаў не я.
Трымаючы ў адной руцэ поліэтыленавы пакет з выявай бел-чырвонага пачка цыгарэт «Бонд», нечым напакаваны, у другой – зняты з пляча скураны рукзак, Насця ў расхрыстанай куртцы, у маёй фланэлевай сіняй у квадраты кашулі, з-пад якой вытыркаліся сопкі грудак без станіка, насцярожана пазірала ў вочы абодвух урачоў, якія разгублена пераміргваліся.
– Што зразумела? – паўтарыла Насця. Яна паставіла рэчы ля сценкі і прайшла ў пакой, села на другую канапу, не раскладзеную. Гузік на кашулі зверху расшпіліўся, агаліўшы белы выгін Насцінай шыйкі, акупаваны раскіданымі ветрам валасамі.
– Прабачце, а вы… – урач старэйшы прыўзняўся з фатэля.
– Гэта не мае значэння, – апярэдзіла яго Насця. – Растлумачце мне, што здарылася і чым усё можа скончыцца. Проста так, як я разумею, «хуткая дапамога» не ўламваецца ў кватэры.
– Вы ведалі пра хваробу вашага… вашага… – урач замуляў губамі і заёрзаў у фатэлі, нібы сядзеў на агні, не ведаючы, як мяне абазваць.
– …мужа. Задаволены? – выпаліла Насця.
– Гм, – варухнуліся бровы ўрача, і ёрзаць ён перастаў, – амаль задаволены. Дык вы ведалі пра хваробу вашага мужа? Пра траўму, атрыманую, відаць, некалькі год таму?
– Мы пазнаёміліся пазней.
– А сам ён вам нічога не распавядаў?
– Дарагі доктар, – прамовіў я, – пра маю траўму не ведаюць нават бацькі…
– Вельмі дрэнна ў такім разе, – адзначыў урач. – Вы дазволіце, – спытаў ён у мяне, – калі я паразмаўляю з вашай жонкай… гм… сам-насам?
– Калі ласка.
Мне было ўсё адно, як ён будзе з ёю размаўляць, таму што Насця ніколі не была маёй жонкай, і пра што будзе весціся размова. Бясспрэчна, размаўляць яны будуць пра мяне і размаўляць сур’ёзна, але я не адчуваў сябе хворым, каб надаваць нейкаму «вобмараку» значэнне.
Урачы з Насцяй шапталіся на кухні, а я ляжаў на канапе і глядзеў у столь, па якой поўзала першая муха. Верагодна, яна вылецела з акна пасля доўгага сну, і ёй цікава ўсё, што адбываецца вакол, як і мне было, калі я толькі нарадзіўся.
Вярнулася Насця, выправадзіўшы і падзякаваўшы за ўсё «хуткай дапамозе», трымаючы ў руцэ рэцэпт з лекамі. Села на канапу, скінуўшы куртку, побач са мной і правяла рукой па маіх валасах, як па галоўцы кінутага і забытага ўсімі шчаняці.
– Ты ведаў, што ў цябе неўроз? – строга запытала яна.
– А ты жорсткая, – адказаў я, злавіўшы ейную руку з доўгімі пазногцямі колеру марской вады, злёгку сціснуў яе, Насця прыкусіла ніжнюю губку.
– Ты нічога не ведаў? – не верыла яна.
– Не, – прамовіў я і, глыбока зацягнуўшыся паветрам, нібы добрым тытунём, адзначыў: – Мне вельмі хацелася жыць, Насця, таму я набраў 103. Павер, толькі на нумар тэлефона мяне і хапіла. Насамрэч я думаў, што памёр.
– Мне не трэба было пакідаць сёння цябе аднаго.
– Ты б нічога не змяніла.
– Напэўна, але была б побач.
– Ты ідэалістка, Насця.
Мы памаўчалі. Я бачыў, як Насці цяжка размаўляць са мной. Як яна шукае словы, якія б не паранілі мяне, як набрыньваюць ейныя вочы слязьмі і дрыжаць вусны, але плакаць не адважваецца і баіцца, шкадуючы мяне. Толькі шкадаваць мяне не трэба і адпяваць раней часу таксама. Я хацеў вымавіць гэтыя словы ўслых, але тым самым мог глыбока параніць Насцю і ў дадатак пакрыўдзіць, у выніку чаго адбудзецца вывяржэнне вулкана слёз. Ударыць мяне па твары за гэтыя словы Насця пасаромеецца, а таму зачыніцца ў ванным пакоі, сядзе на край ванны і заплача.
– Чаму ты не кінеш курыць? – спытала Насця.
– Навошта? Кафка не піў, не курыў, нават гарбату з кавай не ўжываў, але неўрозу не пазбавіўся.
– Божа мой! – ускрыкнула Насця, ледзь стрымліваючы слёзы. – Адам, ты не Кафка і ніколі ім не будзеш! Чаму ты ўвесь час параўноўваеш сябе з кімсьці?..
– Я не Кафка, Насця, – згадзіўся я, – толькі хвароба, якая падкасіла, у нас з ім аднолькавая.
– Трымай, – працягнула Насця мне рэцэпт, а сама маланкава выбегла з кватэры, на хаду апранаючы куртку.
А я заплакаў.
Біў кулакамі па спружынах канапы, замаскіраваных, як салдаты, пуфам і дэрмацінам, ад свайго бяссілля, і мне не было сорамна. Упершыню я не саромеўся сваіх слёз, палюбіўшы іх, як самога сябе.
Нібы апошні кляновы ліст, на жоўтым паркеце кватэрнай восені сіратліва ляжаў аркуш з рэцэптам маіх лекаў, які я выраніў з рук, і да яго нікому не было справы, таму што ў маю хваробу не верыў ніхто, акрамя Насці. І толькі па гэтай прычыне Насця не магла вытрываць паветра, нашпігаванае, як шампур – мясам, бальнічнымі пахамі, якія незалежна ад сябе пакінулі ўрач «хуткай дапамогі» з памочнікам. Яна выбегла на свежае паветра і атруцілася ім, яно ўдарыла па крыві, што сачылася з падрапанага аб дзверы мезенца, які смакталі пакусаныя з размытай слязьмі памадай, вусны.